Іскры ды танцы ў “Ночы”

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

На мінулым тыдні ў Мінску распачаліся здымкі новага кліпа да песні “Ноч” гурта ili-ili. Карэспандэнт “К” напрасіўся паўдзельнічаць у іх і ўжо спяшаецца распавесці, як гэта — стаць часткай масоўкі ў музычным роліку.

/i/content/pi/cult/753/16304/9.JPGГурт ili-ili быў створаны ў 2011 годзе. Касцяк калектыву складаюць яго заснавальнікі — акцёры Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч. Зараз у складзе групы таксама — артыст аркестра тэатра Эрык Арлоў-Шымкус, бубнач Ігар Юшкевіч ды гукарэжысёр Віталь Кулеўскі. Для апісання творчасці ili-ili лепш за ўсё падыходзіць тэрмін “інды-рок”. Некалькі месяцаў таму выканаўцы прэзентавалі новую песню “Ноч”. Твор выклікае ўражанне нечага вельмі інтымнага і пяшчотнага, распавядае пра блізкасць і каханне ў начным горадзе. Цікавы трэк, аднак, яшчэ не мае відэаінтэрпрэтацыі.

Тым часам у прыватнай кінашколе Андрэя Палупанава правялі конкурс для навучэнцаў па курсе “Кліпмэйкер”. Так сталася, што акурат песня “Ноч” і перамагла ў своеасаблівым тэндэры — сямі рэжысёрам-пачаткоўцам было прапанавана зрабіць кліп (кожнаму адводзіцца па 30 секунд хронаметражу). Настаўнікі і галоўныя памочнікі на здымачнай пляцоўцы — рэжысёр Андрэй Грынько, які вядомы як суаўтар першага беларускага слэшэра “Крывасмокі” (яшчэ не выйшаў у пракат) і аператар Аляксандр Алейнікаў.

/i/content/pi/cult/753/16304/10.JPGДакладна перадаць сюжэт відэа складана. Надта асацыятыўным будзе аповед! Тым больш канцэпцыя, па словах адной з рэжысёрак Ксеніі Сярогінай, пакуль увесь час змяняецца і набывае новыя сэнсы. З упэўненасцю можна сказаць, што нас чакае нешта вельмі цікавае. Каб пранікнуць у прыроду кахання, паказаць складанасць і неадназначнасць гэтага пачуцця, па словах аўтараў, яны паспрабуюць выкарыстаць усе магчымыя выразныя сродкі кіно. Трэба дадаць, што самі музыкі ў роліку не здымаюцца.

Такім чынам, нашы героі — дзяўчына і хлопец — па сцэнарыю павінны першы раз сустрэцца на начной тусоўцы. Менавіта ў эпізодзе, які здымалі першым, — пакуль толькі позіркамі, але паміж імі запальваецца іскра. Эпізод з дыскатэкай стане скразным, да яго часта будзе вяртацца аповед. І менавіта на яго здымкі, што праходзілі на Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, я і патрапіў у ліку іншых “акцёраў масавых сцэн”.

На пляцоўцы цемра, адзіныя асвятляльныя прыборы — даўгія лямпачкі кіслотных тонаў: чырвоныя і блакітныя. Яны ствараюць эфект неонавага святла і час ад часу мігацяць. Быццам у сапраўдным начным клубе. Пасля працяглай настройкі апаратуры нас запрашаюць у цэнтр светлавога відовішча, каб стварыць вакол актрысы (Евы Анікей) жывую сцяну з калідорам для аператара.

— Стоп! — спыняе нашы перасоўванні рэжысёр Андрэй Грынько. — Мужчына, вы занадта яркая пляма! Вельмі вылучаецеся сярод астатніх! — звяртаецца ён да адзінага ў нашай кампаніі сталага чалавека з сівой галавой. — Станьце сюды, калі ласка.

“Танцуем!” — крычыць аператар. Вакол нас з’яўляецца штучны дым, уключаецца хуткая электронная музыка, і ўсе разам пачынаюць ліхаманкава дрыгацца пад яе. Трэба рухацца ненатуральна хутка, каб потым усё выглядала праўдападобна: камера здымае ў рэжыме запаволенага часу. Спачатку заданне выклікала цяжкасці, тым больш што нас прасілі паднімаць рукі ўгору “і каб была пластыка”. Але ва ўсіх атрымалася.

Дык вось, пакуль мы танцуем, гераіня звяртае ўвагу на хлопца ў зале (Сяргей Хадзькоў). Гульня ў позіркі. Сыход дзяўчыны ў цемру. Герой страчвае прытомнасць, а мы ўсё… “Танцуем!” Затым, быццам ствараючы паэтычны кінематограф, калыхаем хлопца на руках. Тым часам за межамі кадра:

— О, Міхаэль! — на пляцоўку завітвае з кубачкам гарбаты ў перапынку паміж рэпетыцыямі Міхась Зуй.

— Кава з вяршкамі! Кава з вяршкамі! — таксама з рэпетыцыі пачаставаць артыстаў прыходзіць і Дзмітрый Есяневіч.

Бо і ў нас таксама перапынак — здымкаў на сёння ўжо хопіць. Рукі баляць, пот ліецца. Хаця тое, што здымалі некалькі гадзін, на экране мусіць пераўтварыцца ўсяго ў некалькі секунд.

Як хутка па завяршэнні працы над астатнімі эпізодамі адбудзецца прэм’ера кліпа, група яшчэ не вызначылася. Аднак пасля ўдзелу ў працэсе ў мяне ёсць упэўненасць, што глядзець кліп будзе не сумна, бо і само відэа ствараецца ў атмасферы лёгкасці, весялосці і творчай еднасці. Карацей, чакаем!

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Ганны ШАРКО