Віцебск. Першае Гран-пры — наша!

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

11 ліпеня ўрачыста адкрыўся 28-мы Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. І адразу з асабліва прыемных для нас навін.

/i/content/pi/cult/753/16301/1.jpgПрэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў спецыяльнай узнагародай “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” народную артыстку Украіны Таісію Павалій. За некалькі гадзін да гэтага на плошчы лаўрэатаў перад амфітэатрам была адкрыта яе зорка. Паводле традыцыі, Кіраўнік дзяржавы ўручыў таксама Гран-пры Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск — 2019”. Да вялікай радасці, яго ўладальніцай стала менавіта наша канкурсантка — 11-гадовая Ксенія Галецкая (гл. “К” № 25).

/i/content/pi/cult/753/16301/2.JPGУ дзіцячым конкурсе, які праходзіў з 8 ліпеня, удзельнічалі прадстаўнікі 21 краіны, прычым з Вялікабрытаніі, Індыі і Ірландыі — упершыню. Яшчэ крыху статыстыкі — за 27 гадоў існавання фестывалю на ім адбылося амаль дзве з паловай тысячы мерапрыемстваў. Сёлета гэтыя лічбы значна павялічацца: зараз у Віцебску адзначаны ажно 23 фестывальныя пляцоўкі, на якіх пройдуць 192 фестывальныя падзеі. “Славянскі базар у Віцебску” выйшаў на 85 адсоткаў самаакупнасці, на яго канцэрты прададзена больш за 67 тысяч квіткоў.

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар адзначыў, што фестываль заслугоўвае, каб ацаніць яго на навуковым узроўні: “Славянскі базар” змог захаваць сваю актуальнасць, бо ягоны вопыт асэнсоўваўся і трансфармаваўся ў новыя формы развіцця”.

Учора на фестывалі быў традыцыйны Дзень Саюзнай дзяржавы, які завяршыўся гала-канцэртам да 50-годдзя “Песняроў” і 20-годдзя самой Саюзнай дзяржавы. Паводле традыцыі, былі ўскладзены кветкі да Вечнага агня, адбылася паездка ў Здраўнёва, дзе, да ўсяго, прайшла медыя-сесія “Саюзная дзяржава: як перадаць моладзі наш культурны код”. Напярэдадні ж дэлегацыя на чале з Дзяржаўным сакратаром Рыгорам Рапотам пабывала ў пасёлку Балбасава, дзе наведала мульцімадальны вытворча-лагістычны комплекс “Брэміна-Орша”.

Пры ўсім захаванні традыцый неаднаразова падкрэслівалася, што фестываль набывае новы фармат. Насамрэч, больш правільна было б гаварыць пра новыя фестывальныя праекты, некаторыя з якіх, дарэчы, з’яўляюцца добра забытымі старымі. Так, чатыры ночы запар у Міжнародным прэс-цэнтры будзе праходзіць джазавы марафон. Канешне, ён адбудзецца ў новым фармаце, але падобны джаз-клуб дзейнічаў яшчэ на першых фестывалях і выклікаў тады неверагодны ажыятаж.

Значна павялічылася колькасць канцэртаў у зале “Віцебск”, затое сёлета там не праходзяць спектаклі традыцыйнага праекта “Тэатральныя сустрэчы”. Цалкам знікла кіно. Але ўпершыню прадстаўлены такі від мастацтва на мяжы са спортам, як балет на ільду: “Лебядзінае возера” і “Папялушка” з Санкт-Пецярбурга.

Увогуле, танцавальных імпрэз становіцца больш: дырэктар фестывалю, генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Глеб Лапіцкі і іншыя арганізатары ўпэўнены, што фестываль можа быць не толькі вакальным, але і танцавальным. І ўсё больш маладзёжным!

Традыцыйны Дзень моладзі сёлета працягнецца два дні — 12 і 13 ліпеня. А некаторыя яго праекты і ўвогуле ахопяць ледзь не ўвесь фестывальны тэрмін: open air на плошчы Перамогі будзе доўжыцца пяць дзён — з 11 да 15 ліпеня. Сярод новаўвядзенняў — сённяшняя ранішняя вялікая зарадка на той жа пляцоўцы, дзе плануецца сабраць каля тысячы чалавек.

/i/content/pi/cult/753/16301/3.JPGТэндэнцыю да вядзення здаровага ладу жыцця адчулі на сабе і журналісты. Традыцыйны келіх шампанскага, якім нават у спякоту звычайна суправаджалася адкрыццё прэс-цэнтра, сёлета, нягледзячы на халоднае надвор’е, замянілі марозівам. Затое якім! Нашумелым “Белы полюс. Валошка” — блакітным ад валошкавых пялёсткаў, з насеннем лёну і ў вафлевым кубачку з жытнёвай мукі. Такім, якім некалькі дзён таму частавалі іншаземцаў у сталічным аэрапорце.

Дарэчы, пра замежных турыстаў “Славянскі базар у Віцебску” таксама паклапаціўся: па прыкладзе ІІ Еўрапейскіх гульняў на фестывалі быў уведзены бязвізавы рэжым — з 1 па 20 ліпеня. Каб скарыстацца ільготай, дастаткова прад’явіць квіток хаця б на адзін з фестывальных канцэртаў. Ну, а ў тым, што на Віцебшчыне не засумуеш, пераконваць не трэба: гасцей гатовы прыняць і Полацк, і Орша, дый на Браслаўскіх азёрах — адпачынак незабыўны.

Невыпадкова сёлета і канкурсантам арганізавалі цікавыя экскурсіі. Удзельнікі дарослага конкурсу (іх, дарэчы, засталося 16, бо прадстаўнікі Кубы і Славакіі спаборнічаць не будуць) наведалі Палац Незалежнасці ў Мінску. А дзеці адпачывалі цэлы дзень — акурат пасля выканання абедзвюх песень, напярэдадні заключнага гала-канцэрта конкурсу. Спачатку іх павезлі на знакамітую віцебскую фабрыку “Віцьба”, дзе яны ўявілі сябе кандытарамі і, вядома, пачаставаліся прысмакамі. А потым быў Полацк са сваімі славутасцямі — і, натуральна, знакамітым Сафійскім саборам, дзе спецыяльна для юных музыкантаў правялі арганны канцэрт.

Павялічваецца колькасць турыстаў і ўласна ў Віцебску. Многія мінчукі і іншыя жыхары Беларусі з’язджаюцца сюды нават не дзеля ўлюбёных зорак, а каб проста паблукаць у фестывальныя дні па горадзе. Заклаў гэту новую традыцыю “Славянскага базару” фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, які сёлета святкуе свой першы юбілей — праходзіць у пяты раз. З куды большым размахам і адметнай арганізацыяй. Не верыце? Прыязджайце і паглядзіце!

Больш падрабязна пра конкурсы і іншыя падзеі “Славянскага базару — 2019” чытайце ў наступных нумарах “К”.

Фота Сяргея СЕРАБРО