DEE TREE: “музыка бацькоў” і соўл XXI стагоддзя

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Мінскую групу Dee Tree называюць піянерам новага беларускага соўла. Першыя трэкі адразу выклікалі ажыўленне ў стане меламанаў — маўляў, такога ў нас яшчэ не было. Хоць стыль і не новы, але з імпэтам адгукнулася на яго і маладая публіка. Дэбютны альбом з назвай All is 111, што выйшаў гэтым летам, спраўдзіў чаканні, а канцэрт-прэзентацыя ў культурным цэнтры “Корпус” прайшоў з аншлагам і зорнымі гасцямі: на сцэне былі знакамітыя джазавыя музыканты, Валерый Дайнэка і госпел-хор. Сам альбом выдадзены лэйблам Івана Дорна Masterskaya. Тое, што пачыналася з джэмаў для ўласнага задавальнення, ужо выйшла на прафесійныя рэйкі. Не толькі голас, але і душа соўл-групы — вакалістка Валерыя ДЭЛЕ. Яе тэмбр, стыль і харызма — ледзь не палова поспеху Dee Tree.

/i/content/pi/cult/752/16297/DSC_5093-S.jpg— Гісторыя вашай групы пачалася з джэм-групіроўкі By Soulfam. Што гэта такое — джэм-групіроўка?

— Сутнасць гэтай з’явы ў тым, што пэўная колькасць людзей, якія мелі патрэбу ў самавыяўленні і вольным музіцыраванні, знайшлі такую магчымасць у адным канкрэтным месцы. Ля вытокаў стаяў Дзяніс Бародзіч, які потым стаў першым гітарыстам Dee Tree. У 2016-м ён працаваў арт-дырэктарам у бары “Ў” і вырашыў запрашаць музыкаў іграць разам, джэмаваць. Але яго джэмы адрозніваліся ад звыклых усім джазавых, дзе ўдзельнікі звычайна ўжо ведаюць кампазіцыю, форму і проста па чарзе саліруюць са сваімі імправізацыямі. Дзяніс жа хацеў іншага — каб музыка нараджалася менавіта тут і зараз, каб яна была цалкам імправізацыйнай і атрымлівалася досыць меладычнай, утульнай. Такім чынам, музыканты проста прыходзілі на гэтыя джэмы і ігралі разам для свайго задавальнення. У нейкі момант у By Soulfam склаўся ўжо практычна пастаянны склад: спевакі, духавікі, клавішнікі, гітарысты — агулам 11 чалавек. І мы выступалі нават на Mirum Music festival, на Freaky Summer Party. Карацей, узроўню By Soulfam дасягнула сур’ёзнага.

— У вас як у спявачкі была ўжо нейкая музычная гісторыя да By Soulfam і групы Dee Tree?

— Спевамі я займалася з самага ранняга ўзросту — у маёй гімназіі было музычнае аддзяленне. Але вышэйшую адукацыю вырашыла атрымаць у галіне бізнес-адміністравання, бо не хацела быць прафесійнай артысткай: мне здавалася, што ўсе музыканты вельмі няшчасныя і заўсёды без грошай. Пакуль вучылася ў БДУ, паралельна атрымала адукацыю перакладчыка, паспяхова працавала лагістам. І ўсё ж музыка нікуды не знікла, і ў мяне з’явілася група Dzie mora?, у якой мы ігралі бразільскую ды ўвогуле лацінаамерыканскую музыку. Вельмі файны быў калектыў, назаўсёды застанецца ў маім сэрцы.

— Вы аматар менавіта лацінаамерыканскіх рытмаў? Я чула вашы боса-новы — вельмі стыльна атрымліваецца.

— У школе я ў асноўным слухала англамоўную поп-музыку кшталту Джасціна Цімберлэйка, The Black Eyed Peace... Проста пайшла зай-
мацца капаэйрай, а гэтае бразільскае баявое мастацтва ўключае ў сябе і танец, і музыку, і акрабатыку. У нейкі момант склалася музычная група, аказалася, што мне вельмі падабаецца такое спяваць. Кажуць, што атрымліваецца вельмі натуральна, здараецца, нават думаюць, што я маю бразільскія карані. Але не — мой бацька паходзіць з Эфіопіі.

— А потым вы далучыліся да By Soulfam…

— Так, аднойчы трапіла на джэм і засталася, бо была проста ў захапленні. А праз пэўны час Юра Звераў — адзін з музыкантаў By Soulfam і зараз бубнач Dee Tree — сказаў: “А давайце не толькі імправізаваць, давайце фіксаваць нашу музыку, запісваць кампазіцыі, бо ў нас жа ўсё так крута атрымліваецца!” Так гісторыя Dee Tree і пачалася, а я тады легкадумна ўяўляла, што будзе проста вясёлае жыццё, што ўсё так прыкольна! Карацей, у мяне быў настрой go with the flow — плыць па цячэнні: у мяне ёсць работа, я няблага зарабляю, а будзе яшчэ і група. І ўсё ж прыйшоў момант, калі я стала менавіта музыкантам, а не лагістам — звольнілася. Адразу з’явіліся розныя цікавыя прапановы — то ў рэкламе зняцца, то яшчэ дзе, то вакал для кагосьці запісаць.

— Я думаю, вы разумееце, што маглі пабудаваць кар’еру і на сваёй знешнасці.

— Я ніколі не рабіла стаўкі на знешнасць і заўсёды рыхтавалася карыстацца менавіта інтэлектам. У школе была выдатніцай, шмат чаму вучылася. Нават не разглядала магчымасць стаць мадэллю.

 — Дзеля якой музыкі сабралася група Dee Tree?

— Мы хацелі іграць тое, што называем “музыкай бацькоў” — соўл, неасоўл, фанк, дыска. Усе гэтыя стылі неяк побач знаходзяцца, у тым ліку і ў часе. Былі такія выдатныя музыканты, як Джэймс Браун, Дзі Анджэла, Кёрціс Мэйфілд, Бары Уайт ды іншыя, якія рабілі не проста шыкоўную, але і вельмі прыемную на слых музыку. Гэтым мы натхняліся і хацелі, каб у нашых творах на першым месцы была музыка, каб яна была насычанай, выкшталцонай, менавіта “музыканцкай”. Каб у тэксту не было занадта вялікай ролі, як прызвычаіліся на нашай тэрыторыі. Бо ў еўрапейскай ці амерыканскай поп-музыцы змест песні можа быць зусім простым, словы мінімальнымі, аднак дзякуючы мелодыі, гукавой карціне, гармоніям, майстэрству выканаўцаў атрымліваюцца сапраўдныя мастацкія творы і нават шэдэўры. Хаця як аўтар тэкстаў я ўсё роўна выкладваюся па поўнай, не магу пазбавіцца звычкі ўкладаць у словы многа сэнсу. Тым не менш, мы стараемся рабіць акцэнт на музыцы.

— А ці шмат у Беларусі соўл-музыкі?

— Думаю, няшмат. Вось ёсць наша група, можа, яшчэ нехта. І гэта, канешне, творчасць ужо XXI стагоддзя, неасоўл з больш актуальным гучаннем. Затое я магу сказаць, хто бацькі музыкі соўл у Беларусі — гэта “Песняры”. Калі прыслухацца да аранжыровак, паслухаць жывыя выступленні — яны рэальна стваралі проста прарыўную па тым часе для Беларусі музыку. Мы вельмі паважаем “Песняроў” — і за работу з этнічным матэрыялам, што я асабіста вельмі цаню, і за іх фанк і соўл. Менавіта таму з вялікім трымценнем запрасілі паўдзельнічаць у нашым канцэрце Валерыя Дайнэку. Аказалася, што неяк ён нават лайкаў нашы запісы ў сацсетках, пакідаў прыязныя каментарыі. Для сумеснага выканання мы абралі песню “Зачараваная” Ігара Лучанка і Генадзя Бураўкіна, бо гэта самы сапраўдны соўл. Наша версія, што прагучала на канцэрце, бліжэй да неасоўла. Я прыдумала бэк-вакалы, але Валерый на рэпетыцыі сказаў: “Зашмат унісону, давай зробім цікавей”. І ў адно імгненне напісаў новыя, багатыя і насычаныя партыі. Ён вакаліст найвышэйшага ўзроўню, было вельмі прыемна з ім працаваць.

— А для іншага канцэртнага нумару вы цэлы госпел-хор запрасілі…

— Гэтая кампазіцыя пра шчаслівы Новы год даўно-даў-
но чакала свайго часу. Калі пісала яе, адразу ўяўляла сабе госпел-хор. Пачала гугліць, але высветлілася, што ў Мінску такога няма, і я ажно на некалькі гадоў адклала ідэю. А потым у сацсетках нам падказалі, што з’явіўся госпел-хор, і галоўны ў ім Павел Шведаў! Падрыхтаваць усе вакальныя партыі і для мяне, і для хору аказалася даволі складанай задачай, але ў выніку нумар атрымаўся вельмі ўдалы. Песня не ўвайшла ў наш дэбютны альбом, але мы збіраемся абавязкова яе запісаць.

— Дэбютны альбом называецца All is 111, выйшаў ён на лэйбле Івана Дорна Masterskaya, што можна лічыць несумненным поспехам для дэбютантаў. Такім чынам, група Dee Tree стала трэцім беларускім праектам, з кім гэты ўкраінскі лэйбл супрацоўнічае. Што гучыць на плытцы?

— Як я казала, “музыкай бацькоў” мы натхняліся, але ў нас атрымаўся, канешне, ужо сучасны соўл з электроннымі барабанамі, з актуальным гучаннем, бо мы ж не збіраліся рабіць рэтра. Гэта проста зборнік нашых работ, што адлюстравана ў назве пласцінкі — All is 111. Лічбы азначаюць тое, як на самым пачатку называюцца любыя трэкі, калі падпісваюцца выпадковым чынам, наборам нейкіх знакаў. Спачатку ёсць толькі грув, гармонія і працоўная назва. А ў выніку з’яўляецца песня. У прынцыпе, усё набывае нейкі сэнс толькі пасля таго, як ты напоўніш гэто сваёй працай, сваім натхненнем, эмоцыямі. Песні па рытмах даволі розныя, але дзякуючы мастэрынгу добра аб’ядналіся ў адзін альбом. Ён гучыць цэласна.

— Альбом цалкам на англійскай мове, а песні па-беларуску ў яго чамусьці не ўвайшлі.

— Думаю, у нас будзе і цалкам беларускі альбом, зараз ужо ёсць асобныя кампазіцыі. На рускай нешта зусім не пішацца, а па-беларуску атрымліваюцца гранічна рамантычныя і своеасаблівыя творы. Я, па-першае, вельмі цаню і люблю нашу народную музыку. Беларуская спеўная традыцыя мне падаецца проста ўнікальнай і неверагодна цікавай. Па-другое, падабаецца злучаць беларускую мову і з боса-новамі, і з іншымі стылямі. Будзем над гэтым працаваць.

— Калі вы пачыналі праект з канцэпцыяй музыкі соўл і з англійскай мовай, то, мабыць, разумелі, што бярэцеся за вельмі складаную і не надта модную ў сучасных варунках тэму, што з гэтым складана будзе выйсці з андэграунда і стаць папулярнай камандай.

— Мы не ў андэграундзе — мы лічым сябе першапраходцамі. У нас ёсць свая аўдыторыя, і яна імкліва пашыраецца. Да таго ж, не даводзіцца казаць пра тое, што наша музыка камусьці незразумелая. Наадварот, яна вельмі даступная — проста не самая звыклая для беларускага шырокага слухача, трохі дзіўная. І пакуль што нам няма на што скарадзіцца — альбом выйшаў на паважаным лэйбле, першы сольны канцэрт мы адыгралі па білетах, прычым білеты скончыліся — было больш за 500 чалавек. Зараз пачынаюцца канцэрты — бліжэйшыя ў Кіеве і Маскве, у Эстонію таксама плануем з’ездзіць.

У сучасным свеце многае вырашае менеджмент, як ты сябе прасоўваеш у публічнай прасторы. Бо па вялікім рахунку тое, што ты напісаў, патрэбнае толькі табе. А калі хочаш, каб гэта слухалі іншыя людзі, трэба займацца маркетынгам. У Беларусі пакуль можна абыходзіцца малымі высілкамі ў гэтым сэнсе, а ва ўсім свеце проста немагчыма ўявіць нейкі поспех у музыцы без граматнага падыходу, без піяра, SMM і ўсяго такога. Наш бубнач Юра па сумяшчальніцтве і менеджар, і вялікі стратэг — плануе наперад усе крокі. Усё аказваецца не так проста, як мы разлічвалі, але мы набіраемся вопыту. Masterskaya дапамагае з прасоўваннем альбома, з арганізацыяй канцэртаў — у нас усё атрымаецца, проста трэба працаваць.

/i/content/pi/cult/752/16297/dee-tree-S.jpg