Аўтобус да гаючай крыніцы

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

У дзень, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, 22 чэрвеня, Літаратурны музей Петруся Броўкі — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — зладзіў традыцыйны ўжо праект-падарожжа пад назвай “1.1.1”, прысвечаны тром беларускім творцам са званнем “народны” — Петрусю Броўку, Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну. Усе яны — родам з Ушацкага раёна. Натуральна, “К” не магла не далучыцца да паездкі музейшчыкаў па знакавых для кожнага беларуса мясцінах.

/i/content/pi/cult/752/16295/pages-10-11-copy-2-S.jpg

У рэжыме нон-стоп

“Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем”… Не варта і казаць, што гэтыя радкі Рыгора Барадуліна мне ўспаміналіся падчас вандроўкі неаднойчы. І сапраўды, у Год малой радзімы, амаль у той дзень, калі адзначалася і 95-годдзе Васіля Быкава, самы час быў здзейсніць паломніцтва да тых вытокаў, адкуль пайшлі народныя пісьменнікі Беларусі.

Належны настрой, які дазваляў глыбей спасцігнуць іх лёс і творчасць, быў створаны супрацоўнікамі Літаратурнага музея Петруся Броўкі яшчэ ў двухпавярховым аўтобусе, у якім ехала мінская дэлегацыя. Усю дарогу да Ушачаў і падчас пераезду паміж населенымі пунктамі раёна, у рэжыме нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў гучалі вершы Рыгора Барадуліна і Петруся Броўкі, а таксама дзе шчымлівыя, а дзе і бязлітасна-шчырыя радкі з апошняй прыжыццёвай кнігі Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”.

Першы прыпынак наш аўтобус зрабіў каля невялікай, але знакавай крыніцы, якую хто-ніхто з беларускіх літаратараў у свой час нават называў “броўкавай”.

— З успамінаў пра Петруся Броўку вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну, каля крыніцы непадалёк ад рэчкі Эса, на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся сам народны паэт, — адзначыла загадчыца Літаратурнага музея Петруся Броўкі Наталля Мізон. — Гэтую ж добрую традыцыю класік перадаў іншым вядомым беларускім паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі тым самым шляхам дадому, — Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну... Пагадзіцеся, гэта проста выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”, таму не спыніцца тут мы проста не маглі.

Па словах суразмоўцы, сёння з мясцовымі ўладамі прапрацоўваецца пытанне пра тое, каб адзначыць гэтую крыніцу памятным знакам. Сюды плануюць прывезці вялізны валун, на якім так і напішуць: “Крыніца паэтаў”. Так што, магчыма, у самым хуткім часе яшчэ адна цікавостка — так бы мовіць, турыстычна-паэтычная, — з’явіцца на карце Лепельскага раёна, дзе і знаходзіцца ўпадабаная Петрусём Броўкам крынічка.

Сустракае дзядзька Рыгор

Па прыездзе ва Ушачы, пра сферу культуры якой “К” пісала ўжо неаднойчы, мы завіталі ў дом, дзе жыў Рыгор Барадулін. Не ведаю, як каму, а мне часам здавалася, што хутка да гасцей выйдзе сам дзядзька Рыгор, як яго ласкава называюць музейшчыкі, стане пад знакаміты бацькоўскі вяз — дрэва, пасаджанае паэтам яшчэ ў дзяцінстве разам з татам, — ды запросіць падарожных у хату, каб папіць вады ці чаю з доўгай дарогі.

На жаль, сэрца народнага паэта перастала біцца яшчэ пяць гадоў таму. І цяпер у доме, дзе жыў знакаміты пісьменнік, наведвальнікаў сустракаюць толькі рэчы, якімі карыстаўся Рыгор Барадулін, ягоныя кнігі ды стол, за якім, відаць, напісалася не адна сотня паэтычных радкоў.

Дарэчы, дом гэты сёння з’яўляецца ўласнасцю ўдавы паэта Валянціны Міхайлаўны, і толькі з яе дазволу вандроўныя могуць наведаць тое месца, дзе кожная рэч памятае пра слыннага ўраджэнца багатай на таленты ўшацкай зямлі.

— На жаль, мы не можам зрабіць тут музей Рыгора Барадуліна, бо сваякі паэта пакуль што не згаджаюцца з гэтай ідэяй, — кажа Наталля Мізон. — Разам з тым, заў-
сёды можам разлічваць на іх спрыянне і дапамогу: для арганізаваных груп дзверы дома Рыгора Барадуліна заўжды адчыненыя.

На ганку дома з уступным словам пра Рыгора Барадуліна выступіла намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч, а працягнула гаворку пра паэта журналіст Беларускага радыё Галіна Шаблінская, якая ведала творцу асабіста па шматлікіх сумесных інтэрв’ю. А пакуль чыталіся вершы ды спяваліся беларускія народныя песні (накшталт жартоўнай “Пасылала мяне маці па белую гліну, я ж ёй прынесла малую дзяціну”), я завітаў у хату дзядзькі Рыгора.

І быў здзіўлены яе звычайным, быццам вясковым, інтэр’ерам, маленькімі пакойчыкамі на другім паверсе, куды кожны ахвотны ўздымаўся па стромкіх драбінах, а таксама тым, што слынны паэт зачытваўся Джэймсам Хэдлі Чэйзам, Дэшылам Хэметам і іншымі аўтарамі дэтэктыўнага жанру. Дэтэктывы я, дарэчы, таксама люблю, таму пасля ўбачанага ў хаце паэта неяк нанова адчуў і яго самога. Больш блізка, больш знаёма, больш жыва…

Да слова, на кніжнай палічцы знайшоўся нават размоўнік — на беларускай, нямецкай, англійскай, іспанскай, французскай, італьянскай і рускай мовах. Што яшчэ раз нагадала, які ўважлівы быў паэт да Слова ва ўсіх яго праявах. Не верыце — дык адкрыйце ягоны выдатны дыялектны зборнік “Вушацкі кнігазбор”, дзе літаральна на кожнай старонцы можна спатоліць смагу па жывым, вобразным, багатым народным слове. Скажам, па-вушацку, згодна з Барадуліным, “швэд” — гэта шашаль, “кукулка” — зязюля, “калядоўка” — Каляды, а “яджгур” — гэта маленькая рыбка ёрш…

У згаданай мной кнізе сабрана амаль усё, пачынаючы ад традыцыйных “вушацкіх” імёнаў да падрабязнага апісання страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных свят і гэтак далей. А яшчэ — адметныя фразеалагічныя і фальклорныя (замовы, песні, прыпеўкі) тэксты ды больш за 70 старонак прыкладаў вуснага маўлення мясцовых жыхароў. Так што ўнёсак паэта ў мовазнаўча-дыялектную скарбонку беларускай мовы — бясцэнны і непаўторны.

Многае са слоўніка паэт узяў ад сваёй маці — Акуліны Андрэеўны, якая, па словах самога Рыгора Барадуліна, “была самым вялікім філолагам, ва ўсякім разе для мяне”. Любоў да маці пісьменнік пранёс праз усё жыццё, і быў пахаваны побач з ёй, на мясцовых могілках, куды таксама завітала наша дэлегацыя.

Талакой для земляка

Дарога ад Ушачаў да Бычкоў — прыемная, асфальтаваная. Да таго ж, з указальнікамі да музея і нават вялізным білбордам “Васіль Быкаў — гонар зямлі ўшацкай” непадалёк, у суседнім Селішчы. Карацей кажучы, цікаўны чалавек, які захоча завітаць на малую радзіму сусветна вядомага пісьменніка, даедзе сюды без асаблівых перашкод.

Акцэнтую на гэтым увагу таму, што так было не заўсёды. Скажам, яшчэ ў 2010 годзе, калі я прыязджаў сюды з сябрамі, да Бычкоў цяжка было праехаць на габарытным турыстычным аўтобусе, а ўказальнікаў і білборда проста не было.

Усё змянілася дзякуючы неабыякавым людзям. У першую чаргу — мясцовым уладам ды старшыні Кубліцкага сельскага савета Марыі Ярмош.

— Мы, можна сказаць, талакой сабралі грошы на гэты білборд, — кажа руплівая жанчына — колішняя настаўніца беларускай мовы і літаратуры ды дырэктар школы ў Кублічах. — Дапамаглі спонсары, мясцовыя гаспадаркі і, канешне, жыхары Бычкоў ды навакольных паселішчаў. Само ўсталяванне білборда каштавала больш за тры тысячы рублёў. Натуральна, у сельсавета такіх грошай проста не было. Ды і ўказальнікі таксама былі зроблены за кошт спонсарскага фінансавання.

Але на гэтым добрыя справы землякоў па ўшанаванні памяці Васіля Быкава не скончыліся. І летась, і сёлета ішло актыўнае добраўпарадкаванне тых мясцін, дзе колісь нарадзіўся і жыў знакаміты пісьменнік: выразаліся старыя або падразаліся маладыя дрэвы, кустоўе, касілася трава. Усё гэта рабілі мясцовыя жыхары, прычым, на добраахвотных пачатках.

— Я лічу, што ў гэтай пачэснай і талакоўскай працы вельмі вялікая заслуга Марыі Ярмош, — адзначыла ў гутарцы з “К” намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч. — Дзякуючы яе высілкам, мы змаглі зладзіць усе запланаваныя мерапрыемствы на малой радзіме Васіля Быкава і правесці іх на добрым арганізацыйным узроўні. У тым ліку — і ключавую падзею Літаратурнага тыдня, прымеркаванага да юбілею нашага земляка, якая адбылася ў Бычках 19 чэрвеня — канцэртную праграму з элементамі тэатралізацыі “На сцяжынцы жыцця”.

/i/content/pi/cult/752/16295/pages-10-11-copy-S.jpg

Свята для Быкава. І не толькі

Згаданы мной Літаратурны тыдзень быў сапраўды насычаны падзеямі. Прычым яго разнастайныя імпрэзы адбываліся не толькі ў Бычках, але і ва Ушачах ды і па ўсім раёне. Распачаўся ён на Кубліччыне, на роднай для Васіля Быкава зямлі, дзе невялікая сельская бібліятэка носіць імя пісьменніка.

Сельская “кніжніца”, дарэчы, падрыхтавала ў гонар юбілею адмысловую выставу, а побач з установай падчас святочных дзён размясцілі экспазіцыю, якую зрабіў Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Лабанка. На ёй, як расказала мне загадчыца ўстановы Наталля Бугай, можна было пабачыць здымкі з сямейнага архіва пісьменніка, яго франтавыя лісты, узнагароды, а таксама графічныя работы: як вядома, Васіль Быкаў меў не толькі літаратурныя, але і мастацкія здольнасці.

— У нашых планах добраўпарадкаваць крынічку, што месціцца тут непадалёк, і да якой заўсёды хадзіў па ваду Васіль Быкаў, — распавяла падчас экскурсіі Наталля Бугай. — Але ж пакуль што ўсё ўпіраецца ў брак неабходных фінансаў.

Таксама ў рамках Літаратурнага тыдня на Ушаччыне на пляцоўцы каля Кубліцкага СДК адбыўся раённы конкурс вакальных калектываў “Спявай, душа!”, трансліраваліся відэаролікі і мультымедыйныя слайды пра жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава, працавала літаратурная гасцёўня ды праходзілі іншыя акцыі.

 — У рамках падрыхтоўкі да юбілею Васіля Быкава за кошт сродкаў раённага бюджэту мы паставілі тут, у Бычках, новую музейную агароджу, — кажа Алена Пашковіч. — Як бачыце, гэта акуратны драўляны штакетнік, яго мы зрабілі з такім разлікам, каб ён упісаўся ў агульны аўтэнтычны матыў сядзібы ў цэлым.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Літаральна перад нашым прыездам у Бычках быў таксама ўсталяваны вялізны валун з памятнай дошкай “На гэтым месцы стаяла хата, у якой нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў”. Сённяшняя сядзіба, як вядома, была ўзноўленая па ўзоры старой, а ў яе экспазіцыі прадстаўлены прадметы хатняга ўжытку сям’і Быкавых, а таксама дакументы, фотаздымкі, аўтабіяграфічныя матэрыялы ды шматлікія літаратурныя выданні пісьменніка.

Адкрыў сядзібу для гасцей пляменнік Быкава Мікалай Харак, які працуе наглядчыкам музея, пераняўшы гэту пасаду яшчэ ад сваёй маці — Антаніны Быкавай. Так што розных цікавостак у Бычках пра жыццё пісьменніка можна наслухацца не толькі ад музейшчыкаў, але нават і ад родзічаў Васіля Уладзіміравіча.

Натуральна, музей Быкава ў Бычках, як і многія літаратурныя музеі, размешчаныя далёка ад раённых цэнтраў, не можа пахваліцца тым, што сюды штодня едуць дзясяткі турыстычных аўтобусаў. Ра-
зам з тым, план платных паслуг ва ўстанове ніхто не адмяняў.

— Уваходны білет сюды каштуе для школьнікаў 20 капеек, а для шараговага наведвальніка — 40 капеек, — кажа Наталля Бугай. — Але напружаная сітуацыя з выкананнем плана платных паслуг паўстала не тут, а ў саміх Ушачах — наш Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Лабанка (куды білеты каштуюць столькі ж) цяпер на рамонце, таму, натуральна, у нас скарацілася колькасць наведвальнікаў. Вырашаем праблему праз павелічэнне колькасці мабільных выстаў, выязных экскурсій, але ж, зразумела, вельмі чакаем завяршэння рамонтных работ ва ўстанове.

Планы і грошы

У кіраўніцтва Ушацкага райвыканкама ёсць і больш маштабныя задумы па далейшым увекавечанні памяці слынных майстроў беларускага слова.

— Можа, зарана пра гэта казаць, але маем планы зрабіць ва Ушачах “Алею знакамітых землякоў”, — распавяла “К” Алена Пашковіч. — На гэтай алеі будуць размешчаны скульптурныя выявы Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Петруся Броўкі ды іншых творцаў. Праўда, казаць пра канкрэтны час рэалізацыі пакуль што не буду. Разам з тым, адзначу, што сёння мы працуем над зборам сродкаў пад гэтыя мэты ад арганізацый-спонсараў ды зацікаўленых асоб.

Як бачна, на Ушаччыне ўспамінаюць пра сваіх славутых паэтаў і пісьменнікаў не толькі падчас нейкіх юбілейных дат, але пастаянна дбаюць пра тое, каб імёны майстроў беларускага Слова гучалі і праслаўлялі родны край. І, натуральна, прыцягвалі сюды як беларусаў, так і замежных турыстаў. Бо што ні кажы, а фігуры ўсіх пералічаных народных творцаў знакавыя не толькі для нас, але і для ўсяго літаратурнага свету.

Раённая сфера культуры ў гэтым плане не застаецца ўбаку. Па словах той жа Алены Пашковіч, бібліятэкары Ушацкага раёна здаўна шчыруюць над увекавечаннем памяці знакамітых людзей свайго краю. Прычым часам гэта адбываецца і за кошт уласных сродкаў. Так, сёлета ў сакавіку на 90-годдзе Еўдакіі Лось у вёсцы Старына быў усталяваны памятны інфармацыйны стэнд з партрэтам, біяграфічнымі звесткамі і нават вершамі знакамітай паэтэсы. Паўстаў ён на ахвяраванні супрацоўнікаў Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

А яшчэ раней тыя ж бібліятэкары парупіліся аб тым, каб падобны інфармацыйны стэнд з’явіўся ў вёсцы Глыбачцы на магіле Фелікса Тапчэўскага. Гэта, так бы мовіць, пасільны ўнёсак супрацоўнікаў ЦБС у раённы праект “Мая радзіма — Ушаччына”, які ажыццяўляецца ўжо другі год запар і працягнецца нават у 2020 годзе.

Да слова, менавіта за гэты ўнёсак Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма была не так даўно ўзнагароджаная ганаровай граматай райвыканкама. Думаю, не памылюся, калі скажу, што ўшацкія бібліятэкары заслугоўваюць не толькі гэтай падзякі, а і шматразовага згадвання на старонках рэспубліканскага друку.

Суп ад Петруся ці ад Сыса?

Апошнім, але самым важным для супрацоўнікаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі пунктам падарожжа была вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі. Сёння тут поўняцца людскімі галасамі ўсяго пяць жылых хат. Але ж хата-музей Петруся Броўкі працуе спраўна: прымае гасцей і наведвальнікаў, арганізоўвае экскурсіі і выставы.

— Мемарыяльны музей у Пуцілкавічах быў заснаваны яшчэ ў 1980 годзе, — адзначыў загадчык установы Міхаіл Сыс. — Пяць гадоў ішла праца па зборы неабходных звестак для аднаўлення роднага дома паэта, які ў гады вайны спалілі гітлераўцы. А сама хата-музей была адкрыта праз пяць гадоў — у ліпені 1985 года.

Дом быў адноўлены на месцы сядзібы сям’і Петруся Броўкі, якая жыла там яшчэ з 1925 года. У новай хаце, па сваіх памерах значна большай за аўтэнтычную, размешчана экспазіцыя, што складаецца з дзвюх частак — мемарыяльнай і літаратурнай. Там сабраны рэчы, якія адлюстроўваюць сялянскі побыт — у тым ліку, натуральна, і сям’і Броўкі — пачатку XX стагоддзя, а таксама шматлікія копіі рукапісаў, выданні, унікальныя фотаздымкі, этнаграфічныя матэрыялы і мемарыяльныя рэчы паэта, датычныя яго жыцця ў вёсцы і ранняга перыяду творчасці.

Натуральна, гасцей у Пуцілкавічы завітвае не так ужо і шмат, асабліва ў зімовы перыяд. І гэта зноў усё тая ж праблема літаратурных музеяў, пра якую я ўжо згадваў у Бычках. Іншая справа, што Хата-музей Петруся Броўкі з’яўляецца не філіялам раённай установы, а рэспубліканскай — Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Таму фінансаванне ўстановы ў Пуцілкавічах адбываецца без асаблівых перашкод за кошт бюджэтных сродкаў.

— Летам справы ідуць добра, літаральна кожны дзень сюды прыязджае турыстычны аўтобус, — кажа Міхаіл Сыс. — Напрыклад, пару дзён таму ў мяне была экскурсія з Ушачаў, сёння вы прыехалі, а заўтра едзе вялікая турыстычная дэлегацыя з Мінска, якая менавіта ад Пуцілкавічаў пачне свой шлях па ўсім Ушацкім раёне.

Побач з домам — вялізная стэла, што ўсталявана на месцы хаты, дзе жыла маці Петруся Броўкі Алена Сцяпанаўна. Яна загінула ў 1943 годзе ў нацысцкім Асвенцыме, ахвяраваўшы сябе за 14-гадовую зямлячку Ніну Волах, якую ў той страшны дзень павінны былі весці на спаленне ў печ.

— Жанчына, якая стаяла побач, адштурхнула мяне і заняла маё месца, — перадавала словы Ніны Волах падчас расповеду пра гэтае здарэнне Наталля Мізон. — Маўляў, табе яшчэ рана паміраць, а я ўжо сваё пажыла. Пазней у барак жанчына ўжо не вярнулася, а Ніна Волах толькі праз шмат гадоў пасля вайны даведалася, што яе выратавала маці Петруся Броўкі.

Супрацоўнікі Літаратурнага музея прывезлі ў Пуцілкавічы новую выставу — фотаздымкі Броўкі і Быкава, сяброўства якіх зарадзілася толькі ў апошнія гады жыцця паэта. А для гасцей тут яшчэ і зладзілі святочную вячэру, якую падрыхтаваў гаспадар музея Міхаіл Сыс. Суп па-ўшацку, бульба ў мундзірах, бярозавы квас з журавінамі ды ўшацкі хлеб — што яшчэ трэба, каб адчуць, як жыў ды харчаваўся ў дзяцінстве Пятрусь Броўка? Выдатная музейная традыцыя, за ўдзел у якой любы заезджы турыст з лёгкасцю аддасць не адну “капейчыну” ў бюджэт установы.

Па словах Наталлі Мізон, літаратурнае падарожжа “1.1.1.” ладзіцца ўжо ў чацвёрты раз і заўсёды выклікае цікавасць у мінчан і гасцей беларускай сталіцы. Мяркуецца, што гэты праект будзе доўжыцца і надалей — балазе, ахвотныя павандраваць па родных мясцінах Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Петруся Броўкі знаходзяцца штогод.

— Галоўная наша мэта — пашырыць кола тых людзей, якія будуць ведаць пра славутыя літаратурныя мясціны Ушацкага краю, пра тое, што ў Пуцілкавічах існуе хата-музей Петруся Броўкі, — кажа Наталля Мізон. — І, натуральна, гэткім чынам мы рэкламуем дзейнасць свайго музея, спрыяем таму, што пра Петруся Броўку ды іншых творцаў Ушаччыны даведваюцца ўсё больш і больш людзей. Таму гэты праект абавязкова будзе працягвацца кожнае лета, у бліжэйшую суботу да 25 чэрвеня — дня нараджэння Петруся Броўкі.

Што ж, як па мне, дык рэалізаваны праект — цалкам варты свайго працягу. Бо, мяркую, нават тым людзям, якія з’яўляюцца літаратарамі, літаратуразнаўцамі ды музейшчыкамі, было цікава завітаць у гэты дзень на Ушаччыну і даведацца пра тыя цікавыя факты аб народных пісьменніках, якія не заўсёды лёгка адшукаць нават у спецыялізаванай літаратуры. Што ж тады казаць пра студэнтаў ці людзей, знаёмых з беларускай літаратурай толькі па школьнай праграме? Ды і план платных паслуг літаратурных музеяў, пра якія я ўжо згадваў, таксама без рэкламы і без адпаведнай раскруткі ды згадкі музейных цікавосткак у СМІ, на радыё і тэлебачанні, проста так не выканаеш. Таму жыццёвасць праекта “1.1.1.” для мяне не мае ніякіх сумненняў. Хай так будзе і надалей, а космас малой Бацькаўшчыны трох народных пісьменнікаў Беларусі жывіць усіх вандроўных, бы тая гаючая крыніца на лепельскай трасе…

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"