“Лістапад” чакае заявак

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

26-ты Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, што сёлета пройдзе з 1 па 8 лістапада, аб’явіў прыём заявак на ўдзел у фестывалі.

/i/content/pi/cult/752/16287/logo-S.jpgФільмы можна падаваць на ўдзел у шасці конкурсах: асноўны конкурс ігравога кіно, конкурс ігравога кіно “Маладосць на маршы”, асноўны конкурс дакументальнага кіно, конкурс нацыянальных кінашкол (дакументальнае кіно), конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”, Нацыянальны конкурс. Ад аўтараў чакаюцца поўнаметражныя стужкі, створаныя за апошнія паўгады. Дырэкцыя “Лістапада” звяртае ўвагу, што кароткаметражныя работы могуць прымаць удзел толькі ў Нацыянальным конкурсе і Конкурсе нацыянальных кінашкол.

Заяўкі прымаюцца да 31 жніўня 2019 года на адрас дырэкцыі.

— Штогадова ў фестывалі ўдзельнічае каля 150 фільмаў з больш чым 50 краін, ладзяцца больш за 200 паказаў на пяці пляцоўках сталіцы, — нагадваюць пра маштаб мінскага кінафоруму арганізатары. — Дэманстрацыі стужак суправаджаюцца абмеркаваннем гледачоў з аўтарамі ў фармаце Q&A. Вялікую праграму дапаўняюць майстар-класы і рэтраспектыўныя паказы. “Лістапад” штогод наведваюць да 40 000 гледачоў і больш за 100 гасцей з усяго свету.

У фокусе асноўных конкурсаў ігравога і дакументальнага кіно — фільмы краін СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, кінематаграфіі дзяржаў былога сацыялістычнага блока.

У конкурс першых і другіх работ “Маладосць на маршы”, конкурс нацыянальных кінашкол і конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” адбіраюцца лепшыя стужкі апошніх гадоў з усяго свету.

Праграма пакуль фарміруецца, але ўжо вядома, што плануецца паказ дзвюх нашумелых карцін, якія прынялі ўдзел у сёлетнім Канскім кінафестывалі: нечаканая, зусім не ў звыклым для аўтара стылі чорная камедыя румынскага рэжысёра Карнэліу Парумбою “Свістуны”, а таксама новы фільм “вундэркінда кіно” канадца Ксаўе Далана — “Маціас і Максім”. Гэтай навіной падзяліўся на адмысловай сустрэчы “Канскі фестываль: вялікі і жудасны” праграмны дырэктар “Лістапада” Ігар Сукманаў.

Заснавальнікамі ММКФ “Лістапад” з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар — Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"