Праз поціск рукі ад Пэна

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

У ноч з 30 красавіка на 1 мая 2019-га пайшла з доўгага і плённага для мастацтва Беларусі жыцця Ганна Рыгораўна Герштэйн — сціплы беларускі тэатразнаўца. Дыягназ — узрост. 16 верасня ёй споўнілася б 96.

/i/content/pi/cult/751/16283/26.JPGЯк багатым самі сабою ў кішэню лезуць грошы, так і да мяне — тэмы аўтарскіх фільмаў. У “закадравых” размовах нехта возьме ды й падкажа нешта цікавае — і з’яўляецца жаданне, так бы мовіць, капнуць глыбей.

Неяк у 2013-м сустрэў я школьнага таварыша Барыса Крэпака — неўтаймаванага даследчыка беларускага мастацтва. І ў гутарцы ён назваў зусім невядомае мне імя віцебскага мастака, забітага ў 1937-м: Юдэль Пэн. І заклікаў: “Вось табе тэма для фільма!” Тут жа ён узгадаў сваячку мастака — Ганну Рыгораўну Герштэйн.

/i/content/pi/cult/751/16283/28.JPGІмя гэтае мне было добра і здавён вядомае.

— А ці яна… жывая?

Маё асцярожнае пытанне мела падставу: апошнім разам я бачыў яе на здачы спектакля “Выбрыкі Ханумы” ў Рускім тэатры — мо каля дзясятка гадоў таму. І ўжо тады яна была пенсіянеркай з “салідным” стажам.

Даўным-даўно, у далёкія 1950 — 1970-я, Міністэрства культуры БССР месцілася ў правым крыле Дома Урада, на трэцім паверсе. У 20-метровым пакоі за сталамі працавалі рэдактары: літаратар Пётр Андрэевіч Харкоў, які сачыў за ўсімі друкаванымі, вымаўлянымі і спяванымі словамі артыстаў філармоніі, Леаніда Вітальеўна Доўнар-Запольская, якая курыравала выкананне і аплату твораў беларускіх кампазітараў, Фруза Леанідаўна Бондарава, якая апекавала і накіроўвала нацыянальны кінематограф, і Ганна Рыгораўна Герштэйн, якая дапамагала фарміраваць рэпертуары ўсіх тэатраў рэспублікі.

І дзякуючы гэтым чатыром чыноўнікам вельмі паспяхова развівалася тады наша мастацтва. Бо былі яны вельмі талковымі і дасведчанымі.

Я меў зносіны з імі ўсімі, бо і здымаў, і пісаў.

Ганна Рыгораўна, скончыўшы прэстыжную ВНУ ў Ленінградзе, вярнулася на радзіму, у Мінск. Згаданую пасаду яна займала з 1948-га і да 1984-га — да пенсіі. А пасля яшчэ не раз была ганаровым гледачом спектакляў мінскіх тэатраў.

Я паглыбляўся ў вывучэнне творчасці Пэна — выпускніка Санкт-Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Побач вучыліся Міхаіл Урубель, Валянцін Сяроў, Ілля Рэпін… Пэн з імі быў на роўных. Акадэмія выхоўвала чулую творчую асобу, здатную вобразна ўспрымаць і перадаваць у сваіх творах думкі і пачуцці.

Я зразумеў: мастак, якога запрасіў у Віцебск тамтэйшы губернатар Левашоў, знайшоў там тое, чаго не знайсці было ў Пецярбургу: свет яўрэйскага побыту. Гэта і стала для Пэна асноўнай тэмай творчасці на ўсё жыццё — і тэмай майго будучага фільма.

Уключыў у яго ўспаміны вучня Пэна Заіра Азгура: “Ён казаў: “Наш Віцебск адрозніваецца ад усіх гарадоў сваім абліччам. Ён лепшы за іншыя — ну, хаця б таму, што тут жыву я”.

І — пайшло-пацякло, як багатым грошы!

Віцебскі Мастацкі музей акрамя экспазіцыі адкрыў мне запаснікі і стэрыльную прыцемненую майстэрню, дзе рэстаўравалі палотны Пэна.

/i/content/pi/cult/751/16283/27.JPGУ Дзяржаўным кінаархіве ў Дзяржынску знайшліся 20 хвілін невядомай раней стужкі без гуку з хронікай Віцебска 1930-х гадоў.

Непадзельны з Віцебскам, вялікі знаўца яго гісторыі Аркадзь Шульман пераслаў мне паштоўкі з краявідамі старога горада і фотаздымкі віцяблян — магчымых тыпажоў карцін Пэна.

У будучым фільме-дылогіі Ганна Рыгораўна адзначыць тэматыку яго твораў (усе тэксты даслоўна спісаныя з фанаграмы фільма):

/i/content/pi/cult/751/16283/29.JPG— Ён шмат пісаў яўрэяў-майстроў. І пекары, і майстры гадзіннікаў, і шаўцы, і краўцы, і шкляры — увесь побыт яўрэйскага народа. Ён жыў і тварыў у шматнацыянальнай рэспубліцы — у Беларусі.

З кнігі Марка Шагала “Маё жыццё”: “Вам няма патрэбы ісці ў поле, не трэба шпацыраваць па горадзе, звяртаць увагу на людзей, ісці ў тэатр, у царкву, у сінагогу. Вы ўсё гэта маеце перад сабой, усё стогне, плача на карцінах Пэна”.

Я высветліў: унучатая пляменніца Юдэля Пэна Ганна Рыгораўна — апошні ў свеце чалавек, які добра ведаў мастака, меў з ім стасункі і можа падзяліцца ўспамінамі. І ў 2013-м прыехаў у яе двухпакаёўку на бульвары Шаўчэнкі ў Мінску.

І вось, я трымаю руку Ганны Рыгораўны — а яна ж рукалася з Юдэлем Майсеевічам. Значыць, ад легендарнага мастака я ўсяго ў адным поціску рукі!

Да месца ўзгадваю: я ў Кіеве ў двары дома па Андрэеўскім схіле трымаў руку 80-гадовай Іны Васільеўны Лістаўнічай — дачкі “Васілісы”, гаспадара дома, дзе жыла сям’я Булгакавых. У Ляхавічах неаднойчы паціскаў я руку “дзядзькі Паўла” Мілюка, героя майго фільма “Настаўнік” — а ён таварышаваў са сваім родзічам Якубам Коласам і з фундатарам Чырвонага Касцёла Эдвардам Вайніловічам — значыць, і ад іх я праз адзін поціск рукі. Які кароткі ланцужок, якая відавочная сувязь часоў!

/i/content/pi/cult/751/16283/30.JPGГанна Рыгораўна доўга не згаджалася здымацца, усё ўздыхала:

— Уладзімір Аляксандравіч, я нічога не памятаю!

— Вы ведалі мяне юнаком, заўсёды называлі Валодзем…

— Але вы цяпер знакаміты рэжысёр! І я нічога не памятаю!

— Аднак учора вы ўсё так падрабязна апісвалі: у якім пакоі пэнавай майстэрні якая карціна вісела.

— Я дрэнна выглядаю: мне дзевяноста.

Наступным разам прыехаў да яе з жонкай Тамарай — і толькі яна як жанчына жанчыну запэўніла Ганну Рыгораўну, што тая выглядае… бадзёра.

Бацькі яе — акцёры Яўрэйскага тэатра. Тата Рыгор — пляменнік Пэна. Калі тэатр гастраляваў у Віцебску, усе Герштэйны падоўгу жылі ў пакоях мастака.

— Гэта быў верасень 1931-га года, — згадвала яна. — Мы тады прыехалі ўпершыню, з’явіліся позна ноччу. Я думала, што мы патрапім у кватэру мастака, дык тут па сценах будуць развешаны адна — дзве карціны. Насамрэч усё было зусім іначай: карціны займалі ўсе сцены ад падлогі да столі!

Нават у тыя цяжкія галодныя часы Пэн не распрадаваў свае творы. Жыў бедна, харчаваўся бульбай, грэчкай, цыбуляй. Такія стравы бачым і на яго карцінах: на сталах перад персанажамі, на аўтапартрэце.

— Аднойчы мая маці не сцярпела ды запытала: “Юрый Майсеевіч, чаму вы не прадаяце свае работы? Гэта ж магло б значна палепшыць ваша становішча”, — згадвала спадарыня Ганна. — І вось, мама сядзела на крэсле сярод пакоя, ён абышоў яе некалькі разоў, потым нахіліўся і сказаў: “Дзетачка, я не гандлюю сваім натхненнем”.

З пачаткам НЭПа навуковыя і культурныя ўстановы ўлада перавяла на мясцовае фінансаванне. Па сутнасці, на самавыжыванне. Мастак і выкладчык жывапісу апынуўся на мяжы голаду.

Аркадзь Шульман распавядаў мне: “Ведаеце, як Пэн харчаваўся? У панядзелак ён варыў сабе кашу. Паколькі ў аўторак не было часу ды й лянота займацца “гаспадаркай”, ён рэшткі той кашы заліваў цёплай вадой — і атрымлівалася вадкая каша. У сераду трэба было нешта гатаваць, але часу на гэта шкада. Ён дадаваў яшчэ вады — атрымліваўся суп. І такой ежы яму хапала на тры — чатыры дні”.

Маладая савецкая ўлада яшчэ не вызначыла свае адносіны да мадэрнізму — не да таго ёй было. Аднак з часам стала відавочна, што палосы і квадраты Малевіча не здолеюць выканаць задачы партыі: услаўляць перамогі на працоўным фронце, пісаць парсуны перадавікоў, правадыроў ды герояў Грамадзянскай вайны.

Але савецкай уладзе таксама непатрэбныя былі і аголеныя прыгажуні Пэна і ўжо тым болей — яго майстры гадзіннікаў, шаўцы, краўцы, пекары ды шкляры.

У 1924-м у стане дэпрэсіі ён піша містычную карціну “Аўтапартрэт з Музай і Смерцю”. Але гэты твор не выстаўлялі: беспрасветны песімізм.

З ліста Пэна: “Адчуваю сябе вельмі дрэнна, як маральна, так і матэрыяльна. Ужо некалькі месяцаў няма замоў на партрэты. У Механічным тэхнікуме атрымліваю 7 рублёў 23 капейкі ў месяц. Вось і ўсё. Адным словам, нядобра нашаму брату”.

Пэн разумеў, што ягоная творчасць не ўпісваецца ў сфармуляваныя ўжо каноны сацыялістычнага рэалізму, але здрадзіць сабе не мог. Або не хацеў. Пры тым, гараджане паважалі старога майстра.

Аркадзь Шульман распавядаў: “Старыя віцябляне, якія тады былі малечай, узгадвалі, як па нядзелях іхнія бацькі выпякалі нейкі торт ці пірог, бралі іх за рукі і вялі да Пэна — проста каб паказаць самога мастака са словамі: “Глядзі, гэта — славутасць горада!” І пакідалі пірог у майстэрні”.

Ды і вучні не забываліся на настаўніка. Пасылкі прыходзілі ажно з Парыжа.

Ганна Герштэйн патлумачыла: “Прысылаў іх Шагал. Але не ад сябе: ад яго такую пасылку ніколі б не прынялі і не перадалі: ён, эмігрант, быў у Савецкім Саюзе персонай non grata. Прысылаў іх нейкі мастак, сябра Шагала з Рыгі. І мне часам перападалі слодычы з тых пасылак”.

У 1927-м годзе ў крытычным аглядзе карцін Пэна прагучала недвухсэнсоўная, амаль абвінаваўчая фармулёўка: “Яскрава выражаны яўрэйскі шавінізм”. Гэта было ўжо сур’ёзнае папярэджанне. Але стары майстар не мог і не хацеў мяняцца.

У 1928-м горад, які стаў Пэну родным, рыхтаваўся адзначыць 40 гадоў творчага жыцця майстра ў Віцебску.

Са звароту Віцебскага акруговага камітэта КП(б) Беларусі ў ЦК: “Каб
надыходзячы юбілей Ю.М. Пэна быў адзначаны як свята ўсебеларускага масштабу, хадайнічаем аб прызначэнні Пэну персанальнай пенсіі, а таксама звання Народнага мастака Беларусі”.

Трэба заўважыць, што гэта — першае такое прадстаўленне ў асяроддзі мастакоў рэспублікі.

Самога ж юбіляра турбавалі зусім іншыя праблемы: “Я нічога не меў бы супраць, калі б мяне пакінулі ў спакоі. Мне ад іх нічога не трэба. Адзінае жаданне: каб мае карціны, над якімі працаваў 50 гадоў, не затоптваліся пад нагамі, каб мелі свой прытулак і ўмовы для агляду публікай”.

Ганна Рыгораўна Герштэйн — адзіная сведка апошняга перыяда жыцця Пэна. Памяць падлетка захавала дакладнае, да падрабязнасцяў размяшчэнне карцін у кватэры на рагу вуліц Гогаля і Замкавай:

— Памятаю, быў там стары майстар гадзіннікаў, побач з левага боку — пекар…

Пекар, які пазіраваў Пэну — сапраўдная асоба: Арон Левін. Мастак штодня купляў у яго свежы хлеб, проста з печы, з драўлянай лапаткі. Дарэчы, унук Арона — артыст Віцебскага драмтэатра Барыс Левін.

— …далей карціна: стол святочны, з чаго ясна, што гэта субота. На стале фаршыраваная рыба, тушаная морква, кавалачкі свежага белага хлеба — так званая хала.

І гэтак Ганна Рыгораўна апісала ўсе сцены ўсіх трох пакояў!

У фільм увайшлі некалькі фотаздымкаў кватэры-майстэрні. У інтэр’еры няма, як кажуць, “жывога месца” — спрэс карціны. Рознага памеру, але на адну з трох нязменных тэм: віды Віцебска, рамеснікі, гарадскія прыгажуні.

Мастаку ўжо пад 80, а ён працягвае актыўна працаваць.

— У яго кватэры з 1931 па 1936 гады мы
падоўгу жылі чатыры разы, — успамінае Ганна Герштэйн. — І кожнага разу з’яўляліся новыя карціны. Напрыклад, жанчына, якая ляжала на тахце, і чыё цела пакрытае празрыстай тканінай. Я, нахабніца такая, спытала: “Хто гэтая дама?” Ён пасміхнуўся і адказаў: “Гэта праезджая актрыса”.

І ў 80 гадоў ён паводзіў сябе па-рыцарску: рэпутацыя жанчыны — перш за ўсё.

Апошнім разам пляменнік Пэна акцёр Рыгор Герштэйн з жонкай-актрысай Эмай Капчэўскай і 12-гадовай дачкой Ганначкай прыехалі ў Віцебск на гастролі ў 1936-м — менш чым за год да забойства. Пасяліліся, як заўсёды, у кватэры на рагу Гогаля і Замкавай

— Мы прыбылі туды ў апошнія дні красавіка, — згадвае Ганна Герштэйн. — Убачылі дзве новыя карціны: стаяла на крэсле “Жанчына ў сіняй сукенцы”, а побач невялікі партрэт “Жанчына ў бэзавым” — прычым яна сядзела на тым жа драўляным крэсле.

Ні Пэн, ні яго мінскія родзічы не ведалі, што гэтая сустрэча — апошняя.

17 лютага 1937 года Камісія па справах мастацтваў пры Саўнаркаме БССР склала спіс твораў 83-гадовага жывапісца, якія ён меў намер падарыць Віцебску: пейзажы, партрэты рамеснікаў і мясцовых прыгажунь… Агулам — 772 работы, зробленыя за доўгае жыццё. Гэты дарчы акт — бы творчы запавет. Але дакумент яшчэ не быў падпісаны мастаком. Ён цяпер — у следчай “Справе”, якую я паказаў у фільме.

Праз дзесяць дзён Юдэля Пэна знайшлі забітым. Бязмоўна глядзелі з партрэтаў на акрываўленага мастака яго аголеныя музы.

Увечары 27 лютага суседка-пакаёўка, як заўсёды, прынесла Пэну вячэру, запаліла ў міноры суботнія рытуальныя свечы — і заўважыла ў мастака невядомага чалавека: смуглявага, высокага.

А раніцай 1 сакавіка іншая жанчына, малочніца, убачыла, што ў Пэна расчыненыя дзверы. На яе покліч і прывітанне ён не адгукнуўся.

— Побач са скрываўленым целам ляжала маленькая сякерка, залітая крывёю, — распавядала мне Ганна Герштэйн. — Забойца паводзіў сябе вельмі вольна, нават, можна сказаць, цынічна, таму што пры выхадзе з кватэры ён яшчэ вымыў рукі, і на рукамыйніку засталіся сляды.

Фотаздымак сякеркі з выгнутай ручкай — у следчай справе № 9122.

Следства выйшла на падазроных: забілі далёкія родзічы-суседзі, як быццам у пошуках грошай. Аднак з майстэрні нічога не знікла. Дзікунскае злачынства выглядала бессэнсоўным і загадкавым.

Хто ж займеў выгоду ад забойства старога? Хто забойца?

Версій матываў загадкавага забойства ўсплыла шмат, але ніводная з іх не была пераканаўчай.

Адно вядома дакладна: стары мастак вельмі даражыў сваімі жывапіснымі працамі і непакоіўся аб іх далейшым лёсе.

Адсюль і яшчэ адна версія — яна ўсплыла проста падчас здымак, з расповеду сваячкі.

— Ён казаў: “Не дай Божа, карціны запакуюць і змесцяць у архіў!”, — успамінала яна. — Гэта ён лічыў абсалютна недапушчальным, бо творы пакрыюцца пылам і стануць нікому зусім нецікавымі.

Тады, у 2013-м, 90-гадовая ўнучатая пляменніца Пэна ўрэшце вырашыла расказаць пра апошнія намеры мастака:

— Юрый Майсеевіч запрасіў майго бацьку да сябе ў жылы пакой для прыватнай размовы. І сказаў яму наступнае: ён мае задуму перадаць усе-усе свае карціны за мяжу, бо ў Віцебску гэта захавана не будзе.

Сапраўды, мастак не бачыў тут месца сваім працам. Да таго ж, у Парыжы жыве Шагал, які здолее дапамагчы настаўніку. У майстэрні Пэна заставаліся некалькі ранніх прац Марка, якія таксама неяк патрэбна пераправіць у Францыю.

Захаваўся ліст Пэна яго вучаніцы Алене Кабішчар: “Ад Шагала атрымаў ліст — ён таксама раіць ехаць і захапіць з сабой яго працы, якія я выратаваў ад рук вандалаў. Ён хоча са мной памяняцца: узяць Віцебск і аддаць мне Парыж. Ці варта памяняцца з ім?”

Аб намерах Пэна дазналіся ў Мінску.

— Бацька мне потым расказваў, як сустрэў у Мінску на вуліцы Карла Маркса мастака Бразэра, — згадвае Ганна Герштэйн. — Бразэр быў вучнем Пэна, а ў гэтым, 1936-м, годзе
займаў адказную пасаду ў кіраўніцтве Саюза мастакоў. І ведаючы пра нашы сваяцкія сувязі, ён вельмі прасіў бацьку, каб той паехаў у Віцебск, супакоіў Пэна і сказаў, што так дзейнічаць нельга. І Пэн потым цалкам памяняў сваё рашэнне.

Аніводная праца мастака так і не сплыла з радзімы. Ён вырашыў перадаць іх гораду.

Значыць, матыў, звязаны з намерам Пэна вывезці карціны за мяжу, адпадае.

І тады зноў: якая ж мэта забойства?

Не засталося сведкаў, зніклі рэчавыя доказы… Ці магчыма сёння даследаваць гэтую справу?

— Версій шмат, — кажа Аркадзь Шульман. — Але не хапае фактаў, каб спыніцца на чымсьці адным і з пэўнасцю сказаць: “Было так”. Да гэтай пары да канца не зразумела, што ж здарылася і хто забойца. І я таксама не магу адказаць на гэтае пытанне. Думаю, ніхто не зможа адказаць...

Забойству мастака наступствавала і яго забыццё. На доўгія гады, ажно да цяперашняга часу.

— Замоўчванне Пэна звязанае і з яго нацыянальнасцю, і з творчасцю, — лічыць намеснік дырэктара Віцебскага мастацкага музея Валерый Шышанаў — Прыхільнасць уладаў была да рэалізма: каб выяўляліся маладыя, здаровыя, моцныя людзі, якія гатовыя на бой, на працу, на будоўлю новага ладу.

Куды ж было старамоднаму Пэну з яго тэматыкай у ззяючы сацыялізм!

Прысутнічаць на прэм’еры фільма “Класік з Віцебска. Жыццё і смерць Юдэля Пэна”, якая адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі 2 ліпеня 2014 года, Ганна Рыгораўна не змагла фізічна — яна пазней паглядзела яго па канале АНТ. Але калі я неўзабаве прыехаў і падрабязна расказаў пра імпрэзу, слухала з вялікай цікавасцю. Нават прасіла ўдакладніць ход абавязковага пасляпрэм’ернага застолля.

Усе наступныя гады я завітваў да яе калі-некалі, але тэлефанаваў рэгулярна.

Зноў перабіралі яе архіў: калі для “Культуры” рыхтаваў артыкул пра Яўрэйскі тэатр; калі па просьбе архівістаў з Дзяржынска прывёз іх да Ганны Рыгораўны — ім трэба было ўдакладніць, хто з артыстаў таго няшчаснага тэатра выяўлены на дзвюх сотнях старых фотаздымкаў.

8 сакавіка гэтага года павіншаваў яе па тэлефоне з жаночым святам.

Зрабіўшы ўрэшце фота, дзе мая жонка зняла некалі Ганну Рыгораўну са мной, змясціў яго ў рамку і прывёз ёй — на памяць. Было гэта недзе 20 красавіка. Яе толькі што прывезлі са шпіталя.

Яна расчулілася. Усе паўгадзіны, што я ў яе прабыў, Ганна Рыгораўна трымала рамку з фота, прыціснуўшы яе да сябе бы ікону, і з падзякай глядзела на мяне.

Спадзяюся, гэта адна з добрых спраў, якія мне залічыцца — потым, там…

А праз некалькі дзён яе не стала.

Ганна Рыгораўна была, бадай, апошнім чалавекам, які памятаў, што мяне калісьці даўно называлі яшчэ не Уладзімірам Аляксандравічам, а проста “Валодзем”.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр