Цвіль крэатыўнага класа

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Калі ўваходзіш у вялізную прастору былога завадскога цэха, цябе сустракаюць два вялізныя банеры з выявамі аўтараў выставы. Глядач ідзе насустрач мастакам, чый позірк скіраваны наўпрост на яго. У размаітай палітры падзей фестывалю “Арт-Мінск” выстава Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна стала доказам таго, што сучаснае мастацтва здольнае не толькі патрабаваць да сябе ўвагі, але і прывабліваць ды падабацца.

/i/content/pi/cult/751/16279/18.JPGЦуд у летнюю ноч

Без сумневу, публіка ў нас паступова пачынае ўспрымаць і хадзіць на contemporary art — хай сабе і зусім не так актыўна, як за мяжой. Зрэшты, апошняе вытлумачальна: няма неабходнай адукацыі, і прагалы ў гісторыі сучаснага мастацтва ХХ і ХХІ стагоддзяў запаўняюцца цікаўным рэцыпіентам хіба самастойна. У выніку, не выпадае здзіўляцца, калі для “мінакоў” пасланні і мова сучасных мастакоў аказваюцца незразумелымі і чужымі. Дый часам падаецца, што той самы “выпадковы” глядач ужо нават не бярэцца аўтарамі ў разлік — тыя ад пачатку разлічваюць адно на кола экспертаў.

Фестываль “Арт-Мінск” усведамляе сваёй місіяй гэтую заганную сітуацыю змяніць. І прапаноўвае мінскай публіцы цэлы шэраг разнастайных мастацкіх праектаў — ад масавых да “тусовачных”, ад “папсовых” да экзатычных. Але ідэя арганізатараў амаль па Джэймс Бонду “ўзбоўтаць усё, але не перамешваць” дасюль толькі выкрывала брак належнай інфраструктуры і куратараў. Сапраўднага адкрыцця не хапала.

Але нарэшце яно здарылася. Выстава Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна, якая працуе ў прасторы культурнага хаба Оk16, прыйшлася даспадобы і мастацкай супольнасці, і гледачу. Праца з месцам, інтэракцыя, глыбокі мэсэдж ды абаянне саміх мастакоў — якім, відавочна, неабыякавы дыялог з публікай, — усё спрацавала такім чынам, што сцяна адчужанасці ў дачыненні да contemporary art растаяла ў паветры тых самых былых завадскіх цэхаў, што ператварыліся ў выставачную пляцоўку.

“Змяняцца самім”

Чаму так адбылося? Перш-наперш таму, што мастакі зрабілі праекты, у якіх хацелася ўдзельнічаць.

Інсталяцыя “Сацыяльная роля” Міхаіла Гуліна апрыёры мела на ўвазе момант уключэння гледача ў акцыю. У адным з былых цэхаў Мінскага станкабудаўнічага завода мастак зрабіў невялікую майстэрню. Не па вырабе дэталяў, як вы маглі б падумаць, а па пераўвасабленні ў прадстаўніка рабочага класа. Мадэль магчымых паводзінаў Міхаіл Гулін прадэманстраваў ва ўласным перформансе на адкрыцці праекта: на вачах публікі ён ператварыўся ў рабочага. Апрануў каску, камбінезон, намазаў твар мазутам… Прычым пакрокавыя змены ў яго абліччы фіксаваліся на фота і відэа. Пасля ўласнага пераўвасаблення зрабіць падобны жэст ён прапанаваў усім прысутным. І ахвотныя знайшліся.

Куды сыходзіць той клас, які працаваў у вялізных індустрыяльных гмахах? Што адбываецца сёння з былымі завадскімі памяшканнямі, якія яшчэ маюць прыкметы былой цывілізацыі? Добра гэта ці дрэнна, калі прадстаўнікі крэатыўных індустрый спрабуюць пераўтварыць цэхі заводаў у выставачныя залы і хабы? Ужо на этапе пераапранання артыста станавіліся зразумелымі шматлікія сэнсы, закладзеныя ў перформанс.

Аднак яшчэ больш пластоў праекта адкрылася вашай пакорнай служцы, калі я прыняла прапанову Міхаіла Гуліна стаць на некалькі хвілін завадской дзяўчынай. Узяўшы ў рукі цяжэзны молат, адразу прыйшлося ўзгадаць пра фізічную падрыхтоўку рабочых — колькі ж гэта трэба сіл, каб махаць ім восем гадзін? А калі болей? Якая ўтопія рухала тымі людзьмі, і якая ідэя цяпер аб’ядноўвае сучаснае грамадства? Ці нават так: а як можна ахарактарызаваць той клас, што прыйшоў на змену пралетарыяту ў інфармацыйную эпоху?

І самае цікавае: калі здымаеш рабочую куртку і каску — а значыць, вызваляешся і ад пэўнай сацыяльнай ролі — з чым, урэшце, застаешся? Якая “мая” сацыяльная роля? І наколькі яна ўплывае на мой лад жыцця? Вось які ланцужок рэфлексій запускае такі, здавалася б, даволі просты праект, як майстэрня-фотастудыя.

— Я гатовы да таго, што хтосьці ўспрыме яго выключна ў забаўляльным ключы, — каментуе сваю работу Міхаіл Гулін. — Сфатаграфуецца ў форме рабочага, выкладзе ў сацыяльных сетках… Дый я адмыслова падрыхтаваў “Дошку гонару” для фатаграфій гледачоў. Буду рады любой рэакцыі. Хтосьці, магчыма, знойдзе сваю інтэрпрэтацыю ўбачанага, а хтосьці — як, напрыклад, мастак Сяргей Гудзілін — нават можа пераасэнсаваць месца акцыі. Для мяне важна, каб гэты кантакт мастака і гледача адбыўся.

Міхаіл прызнаецца, што яму бліжэй па духу менавіта амерыканскі contemporary art: “У нашай мастацкай суполцы больш прынята захапленне нямецкай школай мастацтва, але мяне прывабліваюць метады амерыканскіх мастакоў з іх іроніяй і апрабацыяй усяго. Я прытрымліваюся падобных метадаў”.

“Сачыць за зменамі”

Рушым далей — у залу, дзе размешчаны праект Антаніны Слабодчыкавай “На белым лепш за ўсё бачны бруд”. Вось тут, вяртаючыся да тэмы інтэракцыі, хочацца дадаць: за гэтымі творамі хочацца сачыць.

У зале — вялізны стол, накрыты шкляным стэлажом. На ім — прыгатаваны пачастунак выключна ў белых танах: тваражок, малако ў белых кубках, белы хлеб, кабачок, каляровая капуста, шампіньёны, яйкі… Гледачу даецца ўнікальная магчымасць назіраць, як у гэтым белым валадарстве на працягу некалькі тыдняў з’яўляецца бруд і цвіль. Паўплываць на тыя працэсы мы не ў стане, але вось сачыць за імі — калі ласка.

Атачаюць галоўную інсталяцыю два відэа ў асобных пакоях. Дзве гераіні распавядаюць пра свой асаблівы шлях змагання за чысціню — і гэта зусім не побытавыя парады. Пачынае інсталяцыю арт-аб’ект — альбом, прысвечаны Першай Камуніі, якая атаясамліваецца з далучэннем да ідэалу. І дакрануцца да альбома няпроста — толькі ў адмысловых пальчатках.

Што ёсць бруд і што ёсць чысціня ў нашым жыцці? Ці магчыма першае без другога? Ды ўвогуле, што такое нашы сувязі ў грамадстве? Той самы бруд, цвіль на тле чагосьці створанага да нас? Альбо мы — асобныя ўтварэнні? Ці можа стэрыльнасць гарантаваць шчасце? І ў які момант бруд можна назваць брудам? Праект папросту заварожвае, адкрываючы новы погляд на знаёмыя рэчы.

Але паспрабуем звязаць усё ў адзінае цэлае. Ці не з’яўляецца сучасны крэатыўны клас той самай цвіллю, якая дае другое жыццё тым грамадскім формам, што знікаюць? Поле для інтэрпрэтацый тут вялікае — мастачка наўмысна не прыводзіць выказванне да адной роўніцы.

Варта дадаць, што першы раз праект Антаніны Слабодчыкавай “На белым лепш за ўсё бачны бруд” выстаўляўся ва Уроцлаўскім музеі сучаснага мастацтва. Тут, у сценах Оk16, ён атрымаў дадатковую вагу і лакальны кантэкст.

У гэтым плане асабліва цікава было пачуць лекцыю архітэктара Георгія Заборскага, прымеркаваную да выставы. Ён разглядаў “мастацкі захоп” прасторы Оk16 з біялагічнага ракурсу, знаходзячы цалкам нечаканыя паралелі паміж крэатыўным класам і грыбамі. Апошнія, як вядома, з’яўляюцца на аджылых сваё арганічных формах, ствараючы на “закінутых тэрыторыях” новыя праявы жыцця. “Што, калі мы і ёсць тыя самыя грыбы-намады, якія з’явіліся на заводзе, адкрываючы для яго новы этап жыцця?” — выказаў здагадку архітэктар.

Разважаючы ў такіх катэгорыях, Антаніна Слабодчыкава і Міхаіл Гулін зрабілі з закінутым заводам тое, што, напэўна, даўно хацелася. Яны прывялі ў яго “грыбнікоў” — прыхільнікаў сучаснага мастацтва. Сустрэча адбылася: мастакі, гледачы і новая прастора цалкам нечакана, але плённа знайшлі сябе ў новай якасці, адкрыўшы новыя спосабы ўзаемадзеяння. Пэўна, гэта і можна без перабольшвання назваць сацыяльнай роллю мастацтва.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"