“Той леў мне нават сніўся”

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Упершыню пра Алену Кіш загаварылі ў 1970-я гады, дзякуючы высілкам славутага беларускага графіка і земляка мастачкі Уладзіміра БАСАЛЫГІ: ён шукаў яе сваякоў, збіраў і рэстаўраваў дываны, ладзіў першыя выставы. Чаму яму з дзяцінства сніліся львы, а найлепшым падарункам на вяселле магла стаць толькі маляванка, на старонках “К” распавядае сам мастак.

/i/content/pi/cult/751/16275/11.JPG“Яшчэ не ведаў, што гэта творы мастацтва”

— Маё дзяцінства праходзіла пад яе дыванамі, — кажа Уладзімір Самойлавіч. — Я родам са Случчыны, як і Алена Кіш. Мой бацька загінуў напрыканцы вайны (мастак нарадзіўся ў 1940 годзе — “К”), таму мама гадавала нас траіх сама — маю сястру Ніну, брата Міхася і мяне. На лета адпраўляла на вёску да бабулі з дзядулем, бо ў іх і малако, і сыр, і хлеб — было чым падсілкавацца. І вось там, у Забалаці, я ўпершыню і ўбачыў тыя дываны — адзін вісеў у хаце над ложкам, а другі — у сенцах. Як цяпер памятаю: кладуся спаць і разглядваю, а ўсё такое каляровае! Ці забягаю ў сенцы — а там жа адразу цёмна, ніякіх лямпачак — і гэты дыван быццам зіхаціць.

То бок, першае, з чым я хоцькі-няхоцькі сутыкаўся, калі прыходзіў з вуліцы дадому ці прачынаўся — гэта творы Алены Кіш. Толькі тады я быў яшчэ маленькім хлопчыкам і нават не ведаў, што перада мной менавіта творы мастацтва. Хаця, канечне, цікавіўся, што гэта і адкуль. Цётка Варвара мне расказала: раней па вёсках хадзіла жанчына і дзе за мех бульбы, а дзе за якія іншыя харчы малявала дываны. Па адным — два такіх віселі і ў хатах усіх нашых цётак.

Потым, гадоў у сем — восем, я трапіў “у рукі” аднаго мастака — Уладзіміра Сцяпанавіча Садзіна, які адкрыў у слуцкім Доме піянераў гурток малявання. Займаўся там гадоў да 13 — 14. За гэты час я ўжо чамусьці навучыўся, нешта пачаў разумець пра мастацтва і вызначыўся з прафесіяй — у хуткім часе паступіў у вучылішча, затым у інстытут, які скончыў у 1967-м. Цяпер нават не магу дакладна сказаць, якім чынам і калі дайшло да мяне, што гэта ж таксама мастачка была — тая жанчына, якая дываны рабіла. Спачатку мне проста яны падабаліся: прыдумаць такога льва не так лёгка, каб і хацеў. Я ж спрабаваў. Намалюю штосьці, а далей не ідзе. Падглядаю, які ён на дыване, а самому паўтарыць немагчыма. Той леў мне нават сніўся.

“Што ты надумаў? Збіраеш анучы старыя”

— Гэта ўжо нашмат пазней я зразумеў, што ўсё гэта рабіла таленавітая асоба са сваёй бліскучай выяўленчай мовай. А першым часам я проста з цікаўнасці распытваў тую ж цётку Варвару: як звалі мастачку, дзе яна жыла. Маці параіла звярнуцца ў царкву, дзе служыў брат Алены Кіш. Там мне далі адрас, толькі яго ўжо не было ў жывых. Затое яго жонка тое-сёе мне распавяла, падказала, у якіх вёсках можна яшчэ папытацца. Аказалася, што ў многіх хатах дываны захаваліся.

Пачаў ездзіць і па сваіх сваяках. Цётка Ганна казала: “Што гэта ты сабе надумаў? Збіраеш анучы старыя. — Цётухна, вось будзе ў мяне вяселле, і калі захочаш зрабіць мне падарунак, калі ласка, аддай гэтыя дываны. — А ты возьмеш? — З задавальненнем. — Я запомню. Толькі бяры добрую дзеўку — і атрымаеш”. Ну і атрымаў жа.

/i/content/pi/cult/751/16275/12.jpgПачаў іх збіраць далей. Не ўсе згаджаліся аддаваць. Адна жанчына, ужо ва ўзросце, сказала: “І мне варта іншым разам на нешта прыгожае глянуць”. Мяне ажно скаланула. Я лічыў, што больш ніхто не бачыць гэтага хараства. Але вось таксама чалавек — поле, буракі… — тымі маляванкамі захоплены. Хаця ў іншых людзей дыван карову ад свіней у хляве адгароджваў.

Усяго назбіраў я 12 дываноў. Яны гадоў 20 да таго часу ўжо правіселі і страцілі свой першапачатковы колер, але былі яшчэ “жывыя”. Мая жонка Валянціна дапамагала мне іх рэстаўраваць — большасць жа латаныя-пералатаныя былі, а яна мадэльер, зрабіла ўсё па-людску. Я сам абнавіў фарбу.

“Было страшна, што нас не зразумеюць”

— Яшчэ ў інстытуце пазнаёміўся з мастаком Аляксеем Марачкіным, мы разам вандравалі па Беларусі. Ён таксама збіраў дываны, шукаў работы Язэпа Драздовіча. З намі ездзіў яшчэ адзін аматар народнага мастацтва — Яўген Кулік.

Мы разумелі: трэба тыя дываны паказаць, зрабіць выставу. Але было страшна, што нас не зразумеюць, бо ўжо і так казалі, што мы не тым займаемся — нейкімі качкамі ды лебедзямі. Але я ўжо сам адчуваў: раблю штосьці сур’ёзнае, на што варта траціць час. І мы арганізавалі выставу ў Палацы мастацтва (Першая Рэспубліканская выстава народных маляваных дываноў у 1978 годзе — “К”). Сталі прыходзіць людзі і пытацца — што, адкуль, чаму. Канешне, творы дзівілі — ну дзе Алена Кіш магла бачыць львоў ці жырафаў, якіх малявала? Выстава мела поспех, нам казалі: маўляў, як так — знайшлі, дык чаму маўчалі? А як не маўчаць, калі спачатку ганьбаванне ды нават зайздрасць ішлі ад некаторых мастакоў — чаму ж гэта менавіта я ўбачыў і адкрыў тую Кіш.

А можна ж было і сапраўды міма прайсці, бо ў гады майго маленства ўжо новая мода пайшла — на цыратах маляваць, якіх было поўна на рынку ў Слуцку. Паўсюль вывешвалі тых дзяўчат з букетамі ды лодкі з паненкамі, а маляваныя дываны ўжо адышлі. Толькі ў Алены Кіш былі свае лодкі, свае паненкі, усё сваё — яна не падраблялася ні пад каго.

І пасля выставы стала зразумела, што гэта адчуваю не толькі я. Пачалася работа, якая ўслаўляла маю Алену — размовы з мастацтвазнаўцамі, мастакамі, дырэктарамі музеяў, якім я тлумачыў сваю пазіцыю. Я расшукаў яе сваякоў, каб здабыць нейкія звесткі пра жыццё мастачкі.

“Можа, я вам што лепшае намалюю?”

— Алена нарадзілася ў пасёлку Раманава, які потым перайменавалі ў Леніна. Яна жыла там з бацькам і вялікай сям’ёй — пасля брата была старэйшай з шасці сясцёр. Малявала з дзяцінства, але ніхто на тое не звяртаў увагу — абы дзяўчо не плакала. Пасталеўшы, не кінула гэты занятак. Не ведаю, чым гэта можна растлумачыць, але жанчыну зачаравала маляванне, і яна, узяўшы торбу ды нейкія прымітыўныя фарбы, пайшла ў людзі. Забалаць, Прошчыцы, Радзішча, Бокшыцы, Васілінкі — гэта ўсё вёскі вакол Слуцка, па якіх яна хадзіла і прапаноўвала маляваць дываны для хат. Але ў людзей тады былі зусім іншыя клопаты: трэба працаваць, трэба штосьці пасадзіць і вырасціць, каб есці, выгадаваць дзяцей. А пра тое, каб мець у хаце нейкі дыван прыгожы, у 1930 — 1940-я гады мала хто задумваўся.

Алена бралася за розную работу. Дзесьці і плот фарбавала, а дзесьці і дываны ў яе бралі. Дамаўлялася з гаспадарамі, што будзе ў іх жыць, пакуль не скончыць працу. Грошы рэдка хто мог заплаціць. Разлічваліся тым, што было — бульба, капуста, буракі. Бацька ці брат прыязджаў на возе і забіраў усё гэта. Такім чынам яна зарабляла і дапамагала сваёй сям’і.

Яна не мела ніякага трафарэту, малявала тое, што на душу ляжа. Тэм пяць — шэсць у яе было, якія яна сама называла “Дзева на водах”, “Рай”, “Русалкі”, “Ліст да каханага”, “У райскіх кушчах”. Калі яна ў адной хаце намалявала дзеву на водах, то ўжо, канечне, і ў іншых прасілі ў яе такую ж самую прыгажосць. Але Алена не любіла паўтарацца, казала: “Можа, я вам што лепшае намалюю?” Гэта бачна нават па захаваных дыванах. Нават калі сюжэты на іх адны і тыя ж, то ўсё адно ўвасобленыя яны па-рознаму, іншымі фарбамі.

На адзін дыван у яе сыходзіла два — тры дні. Алена рабіла так: на двары ці ў хаце расцягвала халсціну, якую ёй шылі з трох саматканых палос. Забівала цвічкі ў зямлю ў кожным з куточкаў. Малявала хімічным алоўкам, апырсквала палатно вадзічкай і потым ужо расфарбоўвала. Выкарыстоўвала некалькі колераў — жоўты, блакітны, чырвоны, чорны, белы, аранжавы таксама.

Асаблівы попыт яе работы займелі па сканчэнні вайны. Многім маладым дзяўчатам пра каханне можна было толькі марыць: шмат хлопцаў загінула. Таму іх захаплялі Аленіны сюжэты. Так мастачка і зарабляла, пакуль не скончыла сваё жыццё ў мястэчку Грозава, дзе яе малодшая сястра Ніна мела хату. Легенда хадзіла такая, што Алена ўтапілася ў рэчцы. Але я не магу сцвярджаць, праўда гэта ці не.

“Яшчэ невядома, каму з нас болей пашанцавала”

— Увогуле, цяжка штосьці дакладна сказаць пра яе жыццё. Калі я распытваў потым вяскоўцаў ці сваякоў, не ўсе пагаджаліся пра яе гаварыць. Яшчэ з настаўнікам можна было гаварыць ці з якім адукаваным міліцыянерам. А так: “Што ты прыбіўся да гэтай вар’яткі? Вось мастачку знайшоў. Ну птушку намалявала…” Дый і сама Кіш, пэўна, нават не ведала, што яна мастачка. А я лічу гэта дарам Божым… Гэта і маё шчасце, і яе, што лёс нас сутыкнуў. Так адбылося невыпадкова. Я ж мог прайсці міма. Цёткі маглі не захаваць дываны. А ўсё супала такім чынам, што… Яшчэ невядома, каму з нас болей пашанцавала — мне ці ёй.

Карацей, з часам пра Алену Кіш загаварылі. Яе імя з’явілася ў энцыклапедычным слоўніку. Потым я паехаў у Югаславію і наведаў музей інсітнага мастацтва. Там акурат збіраліся выпускаць даведнік. Адправіў некалькі фотаздымкаў з дыванамі Кіш — імі зацікавіліся і ўключылі ў альбом, які потым абышоў увесь свет. Напрыклад, Грузію там прадстаўляў Ніко Пірасмані, Украіну — Марыя Прымачэнка, а Беларусь — Алена Кіш. Гэта быў мой поспех, і мяне ўжо ніхто больш не чапаў. Далей я хацеў выпусціць кнігу, таму напачатку 1990-х прадаў 12 дываноў Заслаўскаму музею. Але з-за дэвальвацыі грошай не хапіла нават на паперу. Потым мне ўдалося ўключыць маю Алену ў нейкія выданні, але кнігу пра яе ў сваім разуменні я яшчэ не выдаў, хаця не пакідаю надзею зрабіць гэта. Толькі б спонсара знайсці.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"