Ці прыйдзе час для кнопкі BY?

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Ці павінны сайты дзяржаўных устаноў, у тым ліку сферы культуры Беларусі, мець дзве версіі ды размяшчаць інфармацыю не толькі на рускай, але і на беларускай мовах? Як аказалася, на гэтае даволі простае, здавалася б, пытанне адназначнага адказу пакуль няма. Між тым, згодна з Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 23 кастрычніка 2017 года № 797, з 1 студзеня гэтага года дзяржаўныя органы і арганізацыі абавязаны дубліраваць на дзвюх дзяржаўных мовах асноўную інфармацыю на сваіх афіцыйных сайтах.

/i/content/pi/cult/751/16273/_1112-790_opt.jpegБеларуская ці English?

Амаль усе сталічныя музеі-“флагманы” маюць не дзве, а тры моўныя версіі сваіх старонак у Сеціве — з разлікам на замежных турыстаў, якія карыстаюцца англійскай. У Нацыянальнага гістарычнага іх наогул чатыры — пра яго працу могуць пачытаць і тыя, хто звыклы да кітайскіх іерогліфаў.

Прычым дзяржаўнае дзвюхмоўе на сайтах буйных устаноў культуры Беларусі — справа даўняя і, можна сказаць, традыцыйная. Напрыклад, як распавяла “К” загадчыца сектара інфармацыйнай падтрымкі інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Якавенка, на сайце nlb.by такі падыход практыкуецца ўжо з дзясятак гадоў. З таго часу практычна ўся інфармацыя, якая з’яўляецца на інфармацыйным партале галоўнай “кніжніцы” краіны, дубліруецца па-беларуску, па-руску і па-англійску. Высокі статус Нацыяналкі да гэтага шматмоўя проста абавязвае.

Іншая справа, што гэтае дубліраванне прадугледжвае шматлікія рэсурсы. Прычым, не толькі фінансавыя, але і чалавечыя. Напрыклад, у Нацыянальнай бібліятэцы сёння ёсць цэлы штат супрацоўнікаў, якія аператыўна могуць перакладаць тэксты з беларускай на рускую ці англійскую і наадварот. Гэтыя ж супрацоўнікі пастаянна “сёрфяць” па сайтах СМІ ды інфармацыйных агенцтваў, адшукваючы цікавосткі як бібліятэчнага, так і культурнага жыцця Беларусі і замежжа. Ці ж могуць такімі высокакваліфікаванымі спецыялістамі — і, да таго ж, у неабходнай колькасці — пахваліцца ў рэгіёнах? Пытанне, падаецца, рытарычнае.

Вось чаму, напрыклад, сайт Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — нагадаю, адной з найбольш старых музейных устаноў Беларусі — мае сёння толькі рускую і англійскую версіі. Як адзначыла ў размове са мной дырэктар музея Аксана Торапава, у тыпавым штатным раскладзе не прадугледжаны адзінкі перакладчыкаў для сайта. Таму беларускамоўнай версіі пакуль што ў іх няма.

Разам з тым, суразмоўца звярнула ўвагу на тое, што інфармацыя, якая размяшчаецца на рускамоўнай старонцы музея, часам бывае і па-беларуску. Акрамя таго, да канца года, па словах Аксаны Торапавай, плануецца мадэрнізацыя музейнага сайта, пасля чаго інфармацыю пра дзейнасць Гомельскага палацава-паркавага ансамбля можна будзе пачытаць не толькі па-руску ці па-англійску, але таксама і па-беларуску.

І яшчэ. Сёння, каб перайсці з рускай на англійскую (ці наадварот) версію музейнага сайта, наведвальніку трэба націснуць выяву сцяжка Вялікабрытаніі або Расійскай Федэрацыі. Між тым, руская ці англійская мовы з’яўляюцца дзяржаўнымі не толькі ў гэтых краінах, але і ў многіх іншых дзяржавах свету. Таму, як на мой погляд, варта было б замяніць сцягі гэтых краін на словы “РУС” і “ENG” (а пазней, пасля мадэрнізацыі, і на “БЕЛ”). Так было б і больш карэктна. Аксана Торапава з гэтай прапановай, да слова, пагадзілася. Што ж, будзем чакаць новай версіі сайта Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і спадзявацца, што ўсе хібы старой у ёй абавязкова будуць улічаны і выпраўлены.

Мадэрнізацыя не за гарамі?

З сайтамі бібліятэчных устаноў у абласных цэнтрах — падкрэслю, толькі ў абласных! — “моўных” пытанняў на сёння практычна няма. Амаль усе гэтыя “кніжніцы” маюць як рускамоўныя, так і беларускамоўныя версіі сваіх інтэрнэт-старонак.
Праўда, на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна для пераходу на адпаведную мову таксама чамусьці трэба націснуць дзяржаўныя сцягі Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Вялікабрытаніі — што, як ужо адзначалася, не зусім слушна.

А Магілёўская абласная бібліятэка імя таго ж самага правадыра ўсіх народаў пакуль што беларускамоўнай версіі наогул не мае. Па словах дырэктара ўстановы Ілоны Сарокінай, яна абавязкова з’явіцца ў Сеціве да канца гэтага года — як таксама і версія інтэрнэт-старонкі для слабых на зрок людзей.

Што да раённых “кніжніц”, дык як з беларускай, так і з іншамоўнымі версіямі тут усё зусім не так добра — калі не сказаць болей. Напрыклад, па словах той жа Ілоны Сарокінай, з 21 ЦБС Магілёўшчыны дзве сваіх сайтаў не маюць дасюль. Астатнія ж распрацаваны на рускай мове, але часам змяшчаюць інфармацыю таксама і па-беларуску.

Падобная бязрадасная сітуацыя назіраецца і ў іншых абласцях Беларусі. Скажам, няма сваіх беларускамоўных старонак у Кобрынскай ЦБС — як і ў Палаца культуры Кобрына. Зрэшты, начальнік аддзела культуры мясцовага райвыканкама Надзея Жук запэўнівае, што беларускамоўныя старонкі гэтых устаноў неўзабаве ў інтэрнэце з’явяцца, бо працу над мадэрнізацыяй сайтаў плануецца правесці на Кобрыншчыне самым бліжэйшым часам.

Таксама няма сваёй беларускамоўнай старонкі ў Сусветным павуцінні і ў Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі. Як кажа дырэктар Пінскай гарадской ЦБС Дзіна Лагодзіч, яны толькі нядаўна абнавілі сайт, які запрацаваў у новым фармаце з гэтага месяца, таму ўводзіць беларускую мову бліжэйшым часам не плануецца.

Між тым, для горада, які сёлета, нагадаю, з’яўляецца Культурнай сталіцай Беларусі, можна і варта было б
падумаць не толькі пра беларускамоўную, але і англамоўную старонкі ў Інтэрнэце. Як-ніяк, а замежныя госці сюды завітваюць рэгулярна. Хоць бы на тыя ці іншыя буйныя культурныя імпрэзы, якіх сёлета ў Пінску ладзіцца не адзін дзясятак. У тым ліку, дарэчы, — і ў бібліятэчнай сферы.

Да таго ж, у мясцовых бібліятэкараў ёсць перад вачыма крэатыўны прыклад калег з Пінскай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц. Іхні сайт, як расказала дырэктар установы Алена Анташук, мае магчымасць перакладу інфармацыі на дзясятак моў свету, уключна з беларускай. Чаму б такім самым чынам не зрабіць і ў гарадской бібліятэцы сталіцы Заходняга Палесся? Тым больш, значных фінансавых укладанняў гэта не запатрабуе. А імідж бібліятэкі як культурнага цэнтра горада гэтая невялікая мадэрнізацыя ўздыме на новы, больш высокі ўзровень.

Прымус ці не прымус?

Як бачна, сітуацыя з беларускамоўнымі і іншамоўнымі старонкамі сайтаў устаноў культуры, асабліва ў рэгіёнах, пакідае жадаць лепшага.

— Але тут нічога не паробіш — прымусіць рабіць падобныя старонкі, у прыватнасці, на замежных мовах, мы нікога не можам, — патлумачыла “К” начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская. — Не сакрэт, што вырашэнне гэтага пытання часцяком упіраецца ў наяўнасць або адсутнасць неабходных фінансавых сродкаў, у тэхнічныя магчымасці ўстаноў культуры і гэтак далей.

Таму, кажа суразмоўца, некаторыя ўстановы сёння гэтую справу робяць, а іншыя пакуль адкладаюць яе на будучыню.

— Абнаўленне і мадэрнізацыя сайтаў адбываецца за кошт дзяржаўных сродкаў, якія выдаткоўваюцца на ўтрыманне бібліятэк, — нагадвае Наталля Задзяркоўская. — Таксама гэтую справу можна рабіць і за кошт пазабюджэтных сродкаў. Але ж, натуральна, гэта адбываецца па жаданні кіраўніка той ці іншай установы культуры Беларусі.

Як лічыць Наталля Задзяркоўская, паступова шматмоўных сайтаў устаноў культуры на прасторах інтэрнэту будзе станавіцца ўсё болей. І для гэтага ёсць шэраг аб’ектыўных прычын.

— Наяўнасць старонак на дзяржаўных і замежных мовах станоўча ўплывае на імідж той ці іншай установы культуры, паказвае, ці жыве яна згодна з сённяшнім днём, — мяркуе прадстаўнік Міністэрства культуры Беларусі. — Ды і ІІ Еўрапейскія гульні, што цяпер з поспехам праходзяць у Беларусі, іншыя буйныя міжнародныя мерапрыемствы, якія ладзяцца і будуць ладзіцца ў нашай краіне, яскрава дэманструюць усім, што важная інфармацыя, якая змяшчаецца ў інтэрнэце, павінна быць не толькі на дзяржаўных мовах Беларусі, але і замежных — напрыклад, англійскай, кітайскай і гэтак далей. Паступова, як я бачу, усё да гэтага ідзе і менавіта так калі-небудзь і будзе. Але ж, натуральна, на ўсё патрэбны час.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"