Сляды вайны на мірных вуліцах

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Набліжаецца 75-я гадавіна вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі. У такія даты часцей гучаць згадкі пра тагачасныя падзеі і рэаліі. Больш увагі да сябе прыцягваюць мясціны, звязаныя з гісторыяй вайны — абеліскі з Вечным агнём, мемарыяльныя шыльды, помнікі салдатам, партызанам і падпольшчыкам. Безумоўна, гэтыя месцы, належным чынам пазначаныя і занесеныя ў адпаведныя спісы, не застануцца без увагі — тут з’явяцца кветкі, сюды прыйдуць школьнікі ці работнікі прадпрыемстваў, якія апякуюцца тым ці іншым памятным знакам. Але багата вакол нас і іншых слядоў вайны — непазначаных, і таму не такіх заўважных. Недасведчаны чалавек пройдзе міма і нават не задумаецца, што з тым ці іншым будынкам звязаная гераічная ці трагічная гісторыя. Жывых сведкаў з кожным годам усё меней, і захоўваць памяць усё цяжэй. Але такія незаўважныя сляды вайны ёсць, бадай, у кожным горадзе і нават вёсцы. Заклікаючы памятаць пра жахі акупацыі і радасць вызвалення, лагічна перадусім паклапаціцца пра тыя месцы і будынкі, якія захоўваюць памяць аб днях вайны, з’яўляюцца яе нямымі сведкамі. І сведкі гэтыя могуць загаварыць — трэба толькі звярнуць на іх увагу.

/i/content/pi/cult/751/16272/8.JPGПамяць пра знішчаны горад

Сёння шмат дыскутуюць пра тое, наколькі захавалася забудова беларускіх гарадоў пасля вайны, і якія страты нанеслі ваенныя разбурэнні нашай архітэктурнай спадчыне. Ці не наймацней пацярпела сталіца — Мінск. Яшчэ ў першыя дні вайны немцы зруйнавалі “дывановымі” бамбардзіроўкамі цэлыя кварталы мураваных будынкаў у цэнтры горада, а пажары, якія пачаліся ад запальных бомб, знішчылі вялізныя прасторы драўлянай забудовы на левым беразе Свіслачы.

Пазней акупанты самі прыйшлі да высновы, што разбурэнні, нанесеныя іх авіяцыяй Мінску, былі празмернымі і неапраўданымі. Але афіцыйна нацысцкая прапаганда сваіх злачынстваў не прызнавала, і таму распаўсюджвала плёткі, нібыта горад спалілі пры адступленні “бальшавікі” — гэтыя “звесткі” патрапілі ўвосень 1941-га нават у амерыканскую прэсу.

Так ці іначай, немцы сцвярджалі, што Мінск улетку 1941 года быў знішчаны на 80 працэнтаў, а страты жылога фонду ацэньваліся імі ў 65 працэнтаў. А горад жа бамбілі і пасля 1941-га — савецкая авіяцыя штурмавала нямецкія ваенныя аб’екты ў акупаваным горадзе, а ў 1944-м потым немцы некалькі разоў рабілі налёты на ўжо вызвалены Мінск... Многія пашкоджаныя вайной будынкі зносілі ўжо ў пасляваенны час, бо лічылі, што прасцей збудаваць наноў, чым аднаўляць старое.

Але ўсё-такі сляды даваеннай забудовы ў Мінску засталіся. І тым больш яны каштоўныя сёння — не ў апошнюю чаргу акурат таму, што захоўваюць памяць пра ваенныя падзеі. Нават калі не на кожным такім будынку ёсць памятныя шыльды, яны ствараюць разам з ваеннымі мемарыяламі адзінае асяроддзе памяці пра вайну ў гарадской прасторы, на іх звяртаюць увагу даследчыкі і экскурсаводы. Ля гэтых сцен гісторыі з успамінаў і падручнікаў ажываюць, робяцца больш асязальнымі, блізкімі і зразумелымі, мацней кранаюць і ўражваюць.

/i/content/pi/cult/751/16272/9.JPGВа ўніверсітэце — лазарэт

Гісторыя часам бліжэй, чым нам падаецца. Выходжу з рэдакцыі на сталічны праспект Незалежнасці. Побач — Дом друку, збудаваны ў 1935 годзе. Гэта тут падчас акупацыі дзейнічалі адразу некалькі груп падполля, адсюль выносілі шрыфты і фарбу для патаемных друкарняў і бланкі дакументаў, а часам тут жа, пад носам у акупантаў, нават набіралі лістоўкі, якія заклікалі да барацьбы.

Насупраць Дома друку праз вуліцу Сурганава, у двары — будынак політэхнічнага каледжа, дзе падчас вайны размяшчаўся нямецкі механізаваны корпус, а побач — збудаваны захопнікамі бетонны дот. На супрацьлеглым баку праспекта — будынкі Акадэміі навук, узведзеныя да 1939 года: тут падчас акупацыі былі вайсковая частка і лазарэт, а побач — могілкі, дзе немцы хавалі сваіх салдат, якія знайшлі сабе смерць на нашай зямлі.

Пойдзем крыху далей па праспекце ў бок цэнтра — і вось перад намі комплекс карпусоў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Будынкі збольшага пасляваенныя, але галоўны корпус паўстаў яшчэ да вайны, а пасля толькі рэканструяваўся. Менавіта ў ім у першыя дні акупацыі немцы адкрылі лазарэт для параненых савецкіх ваеннапалонных, якіх пасля накіроўвалі ў лагеры на здзекі і галодную смерць. У лазарэце адразу з’явіліся адны з першых у Мінску падпольныя групы, якія дапамагалі салдатам уцячы і пазбегнуць лагераў.

На чале адной з іх стаяла Вольга Шчарбацэвіч, у групу ўваходзілі таксама яе сястра і сын. Яны дапамаглі збегчы з лазарэта 18-ці савецкім афіцэрам. Але сярод ваеннапалонных аказаўся здраднік, які выдаў падпольшчыкаў немцам. Сям’ю Шчарбацэвічаў і іншых удзельнікаў групы павесілі 26 кастрычніка 1941 года — гэта было першае публічнае пакаранне смерцю ў акупаваным горадзе.

Тут пачыналася мінскае падполле

На месцы гібелі патрыётаў стаяць памятныя знакі — на Кастрычніцкай вуліцы, дзе павесілі Валодзю Шчарбацэвіча, і ў скверы на Кастрычніцкай плошчы, дзе загінула яго маці Вольга. А зусім недалёка ад Аляксандраўскага сквера ў дварах затаіўся непрыкметны будынак, пра які ведаюць нават не ўсе карэнныя мінчукі. Ягоны адрас — праспект Незалежнасці, 27А, але некалі гэта былі два дамы, якія стаялі шчыльна адзін ля аднаго на дарэвалюцыйнай яшчэ вуліцы Юр’еўскай — яна ішла паралельна цяперашнім праспекту і Інтэрнацыянальнай вуліцы, ад сучасных Леніна да Янкі Купалы.

Акурат у адным з гэтых дамоў і жыла сям’я Шчарбацэвічаў, тут хаваліся палонныя чырвонаармейцы перш чым выправіцца да партызан. Дзіўна, але сёння пра гэта тут нішто не нагадвае — няма нават мемарыяльнай шыльды. А ў пачатку 2000-х дом пазбавіўся і статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Дужа шкада — бо будынак гэты, як бачым, мае багатую і гераічную гісторыю. Ён варты таго, каб і далей захоўваць памяць пра першыя старонкі змагання з захопнікамі ў сэрцы сталіцы.

Бетонныя гнёзды, што не ўратавалі акупантаў

Яшчэ адзін забыты след вайны ў самым цэнтры Мінска — таксама непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы, за Домам афіцэраў. Увосень 1944-га ў вызваленым горадзе на гэтым месцы зладзілі выставу трафейнай нямецкай зброі. Тут стаялі танкі, гарматы, самалёты, але бадай самым незвычайным экспанатам быў нямецкі дот. Неўзабаве выстава скончылася, тэхніку прыбралі, навокал збудавалі новыя дамы — а бункер так і застаўся ў двары на галоўным сталічным праспекце. Сёння яго можна пабачыць ля сцяны будынка з адрасам Карла Маркса, 43 — бетонная скрыня ледзь вызірае з зямлі.

Яшчэ восенню 1943 года акупанты пачалі будаваць у Мінску ўмацаванні, спадзеючыся абараніцца ад наступу савецкай арміі. Бетонныя доты і бункеры дагэтуль стаяць у розных месцах горада — на праспекце Пераможцаў ля будынка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на беразе Свіслачы ля скрыжавання вуліц Камуністычнай і Старажоўскай, у двары на скрыжаванні вуліц Кальварыйскай і Дразда, на вуліцы Чарнышэўскага... Гэтыя доты не дапамаглі акупантам — Мінск яны здалі ў ліпені 1944-га амаль без бою. На сценах умацаванняў нельга пабачыць такіх пашкоджанняў, як на дотах Мінскага ўмацаванага раёна, якія супрацьстаялі захопнікам у 1941-м.

І сёння гэтыя доты — напамін пра саманадзейнасць акупантаў і імклівае вызваленне горада. Пэўна, менавіта ў такой якасці яны і заслугоўваюць быць захаванымі.

Першыя і апошнія бомбы

Мінск амаль не зведаў вулічных баёў — напачатку вайны немцы імкліва яго захапілі, а напрыканцы акупацыі гэтак жа імкліва з яго ўцяклі. Асноўны ўрон гораду прычынены бамбардзіроўкамі. А галоўнай іх цэллю былі, вядома, аэрадромы і вакзалы — праціўнік перадусім імкнуўся паралізаваць рух па чыгунцы і знішчыць савецкую авіяцыю. Пэўна, ні на адзін аб’ект у Мінску не было скінута столькі бомбаў, як на аэрапорт у раёне вуліцы Чкалава. Менавіта з атакі на яго і пачаліся бамбардзіроўкі горада — ужо на другі дзень вайны.

Потым, падчас акупацыі, там размяшчаліся часткі люфтвафэ — і іх бамбіла ўжо савецкая авіяцыя. А апошнія нямецкія налёты аэрапорт зведаў ужо пасля вызвалення горада, у ліпені 1944 года — і акурат тады бомба моцна пашкодзіла даваенны будынак аэравакзала, які мае цяперашні адрас вуліца Караткевіча, 9А.

На жаль, дом значна пацярпеў і быў перабудаваны, таму ў 2011 годзе, калі даваенная забудова вуліцы Караткевіча атрымала статус каштоўнасці, колішняму аэравакзалу такога гонару не дасталося. Але памяць пра ваеннае ліхалецце яго сцены захоўваць і сёння, калі навокал уздымаюцца шматпавярховыя гмахі новых жылых кварталаў на месцы старога аэрапорта. Бомбы з часоў вайны падчас земляных работ тут знаходзяць і ў нашыя дні. Апошняя такая знаходка адбылася сёлета 16 сакавіка на вуліцы Аэрадромнай.

З іх абясшкоджаннем даюць рады сапёры ды адпаведныя службы. А непадалёк чакаюць іншыя знаходкі, таксама непарыўна звязаныя з гісторыяй вайны — забытыя адрасы і месцы пакутаў, змагання і перамог. Адшукаць іх у цяперашнім гарадскім ландшафце часам складана, але яно таго варта.