Апошні гітарыст мулявінскіх “Песняроў”

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Свет пакінуў Аркадзь Іваноўскі. Знакаміты беларускі музыкант, апошні гітарыст ансамбля “Песняры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна. У жніўні ён збіраўся адзначаць 60-гадовы юбілей, аднак у панядзелак 24 чэрвеня загінуў падчас купання ў рацэ.

/i/content/pi/cult/751/16271/opt.jpegУ 1996 годзе Аркадзь Іваноўскі прыйшоў у “Песняры”, і калі ў легендарным ансамблі здарыўся раскол і падзел на два калектывы, застаўся працаваць з Мулявіным. Але і да “Песняроў” гітарыст-віртуоз працаваў у славутых калектывах і са славутымі артыстамі. Ён атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі — у Мінскім радыётэхнічным інстытуце і ў Мінскім інстытуце культуры. Яго музычны талент ацанілі ў ВІА “Тоніка” пад кіраўніцтвам Віктара Вуячыча, у ансамблі песні і танца Узброеных Сіл Беларусі, у Дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

У пасляпесняроўскі перыяд Аркадзь Іваноўскі супрацоўнічаў са многімі калетывамі, іграў джаз у групе Vip Jazz Андрэя Славінскага, знайшоў сваё прызванне і ў якасці педагога — выкладаў на кафедры мастацкай творчасці і прадзюсарства Інстытута сучасных ведаў ім. А.М. Шырокава, дзе вёў курсы па аранжыроўцы музычных твораў, па камп’ютарных тэхналогіях у музыцы і гэтак далей. Студэнты на старонцы Аркадзя Іваноўскага ў сацсетках пішуць, што гэта быў цудоўны педагог і бліскучы музыкант, адзін з лепшых выкладчыкаў.

Рэдакцыя “К” смуткуе з прычыны смерці выдатнага музыканта і выказвае свае спачуванні родным і блізкім Аркадзя Іваноўскага.