Адкрыццё саміх сябе?

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Урачыстае адкрыццё ІІ Еўрапейскіх гульняў маглі бачыць не толькі тыя, хто сабраўся на стадыёне “Дынама”, але і шматлікія тэлегледачы. А ўлічваючы, што цырымонія транслявалася на многія краіны, гэта была цудоўная магчымасць распавесці пра Беларусь усяму свету.

Якой жа паўстала наша краіна ў гэтай магутнай прэзентацыі? Рознай — але, што вельмі важна, з багатай уласнай мінуўшчынай і шматлікімі “перагукамі” з еўрапейскай даўніной. Былі сабраны самыя разнастайныя гістарычныя ніці, якія вялі нават да антычнасці.

Так, Беларусь была апошнім усходнім прытулкам Рэнесансу, і пра антычнасць даведалася акурат у гэты час. Але многія нашы абрады і звычаі дахрысціянскіх часоў маюць прамыя паралелі з язычніцтвам іншых народаў. Пра гэта нагадаў эфектны выезд Алены Ланской і Пятра Ялфімава. Звязанае з нашым Купаллем, тое з’яўленне вядомых салістаў адначасова асацыявалася з антычнай міфалогіяй. Або — паводле менавіта “карцінкі”, а не ўласна музыкі, — з пышнай пастаноўкай барочнай оперы (тыя, дарэчы, часцяком ствараліся на міфалагічныя сюжэты).

Былі паралелі і з нашай батлейкай, пра якую нагадвалі роставыя лялькі з батлеечнымі рухамі і “тварамі”-маскамі. А наколькі яркім і запамінальным аказалася сумеснае выступленне завадатара “Троіцы” Івана Кірчука і маладой опернай салісткі Маргарыты Ляўчук, якая ўвасабляла маці, што распавядае дзецям старадаўнія паданні! Змест тых балад можна было не пачуць (словы папраўдзе “глыталіся” так, што зразумець хаця б штосьці бадай не ўяўлялася магчымым), а менавіта ўбачыць — як добра зладжаную тэатралізацыю.

Ужо праз гэты баладны складнік былі закрануты ўзоры не толькі сялянскага фальклору, але і багатай шляхецкай культуры. Вельмі важна, што перад гледачамі з’явіліся тыя асобы розных стагоддзяў, якія зрабілі вялізны ўнёсак у нацыянальную і сусветную гісторыю. Вядома, іх шэраг можна і трэба было пашырыць, згадаўшы тых жа Васіля Быкава і Святлану Алексіевіч. Але ўражвае ўжо сам падыход і тое, што Беларусь была паказана не толькі праз звыклыя “лапці”.

Можна многа гаварыць пра разнастайныя спецэфекты, пра “электроннае вымярэнне” відовішча (каб убачыць шматлікія віртуальныя выявы, гледачы павінны былі спампаваць на свае смартфоны спецыяльнае прыкладанне). Але справа тут не адно ў тэхналогіях, але і ў самасвядомасці. У тым, як мы ўяўляем саміх сябе — і як пазіцыянуем.

Прыслоўе пра тое, што Беларусь — у цэнтры Еўропы, патрабуе не адно механічных паўтораў, бы нейкае магічнае заклінанне, а штодзённага пацвярджэння. І не толькі “для гасцей”, з разлікам на еўрапейскую супольнасць, якая сабралася на буйныя спартыўныя спаборніцтвы, але і для саміх сябе.

Такі падыход вымусіць звярнуць увагу грамадскасці не толькі на сучасныя эстрадныя падзеі — ад “Еўрабачання” да “Славянскага базару ў Віцебску”, але і на наша акадэмічнае мастацтва, якое насамрэч мае куды больш сапраўдных сусветных заваёў, застаючыся больш вядомым знаўцам, чым шырокай аўдыторыі. Давайце ганарыцца не толькі сваёй старадаўняй гісторыяй, але і сучаснымі здабыткамі! Пэўна, менавіта гэтая выснова стала для мяне вельмі важным акцэнтам ва ўсёй урачыстай цырымоніі адкрыцця.

А яшчэ падумалася пра тое, што збегам абставін ІІ Еўрапейскія гульні супалі па тэрмінах з ХVI Міжнародным конкурсам імя Пятра Чайкоўскага. Ці шануем мы сваіх лаўрэатаў мінулых гадоў гэтага найпрэстыжнага творчага спаборніцтва так, як яго амерыканскага пераможцу Вана Кліберна? Да прыкладу, піяніста Андрэя Паначэўнага, віяланчэліста Івана Карызну — і многіх іншых, хто ўслаўляе Беларусь сёння і зараз. Але, пэўна, гэта тэма ўжо для іншай размовы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"