У тэатральным эпізодзе ў асноўным прыме ўдзел моладзь. Агулам — каля паўтары тысячы чалавек.
— Хлопцам і дзяўчатам па 16 — 17 гадоў. Сёння вельмі важна, каб маладыя людзі памяталі пра подзвігі сваіх дзядоў — гэта самае важнае, што можа быць, — разважае заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь Мікалай Дудчанка. — Бо без вызвалення Беларусі не было б у нас цяпер ні незалежнасці, ні спакойнага жыцця, ні Еўрапейскіх гульняў... Гэтую патрыятычную ідэю памяці мне і хочацца данесці да нашага маладога пакалення.
Тэатральны эпізод распавядзе пра гераічныя старонкі гісторыі Беларусі — лаканічна, вобразна і эфектна.
— У нас усяго 12 хвілін, — дадае рэжысёр-пастаноўшчык, — таму да дзеяння мы далучаем відэапраекцыі. Трошкі раскрываючы інтрыгу, дадам, што адным з галоўных вобразаў стане “Партызанская мадонна” з твораў Міхаіла Савіцкага.
Музыку да тэатральнай міні-пастаноўкі напісаў малады кампазітар Дзмітрый Пенкрат. Яго ролю Мікалай Дудчанка адзначае асабліва:
— Гэта была нялёгкая задача, і Дзмітрый справіўся з ёю бліскуча. Яго музыка падказвае пластычныя вобразы, натхняе і вядзе за сабой. Яна вартая сімфанічнага ўвасаблення.
Каханне, Вайна, Змаганне, Перамога — такімі будуць галоўныя вобразы тэатральнага дзеяння. “Мне хацелася б наблізіць да маладых людзей боль і радасць ваеннага пакалення”, — рэзюмуе Мікалай Рыгоравіч.
“Беларусь гераічная” стане не адзінай адметнасцю ўрачыстацяў. Падрабязнасці святочнай праграмы раскрыла на прэс-канферэнцыі кансультант галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры краіны Іна Адамовіч.
Распачне шэраг святочных падзей урачысты сход і вялікі канцэрт “Вызваленне”, якія пройдуць у Палацы Рэспублікі 2 ліпеня. Кіраўніцтва дзяржавы, вэтэраны вайны і працы, замежныя госці, прадстаўнікі творчай і спартыўнай эліты Беларусі, таленавітая моладзь стануць гледачамі вялікай імпрэзы, у якой будзе раскрыты вобраз краіны і яе гісторыі.
— У канцэрце плануюцца выступленні лепшых прадстаўнікоў беларускай эстраднай сцэны — Ядвігі Паплаўскай, Анатоля Ярмоленкі і ансамбля “Сябры”, Алены Ланской, Вікторыі Алешка, Пятра Ялфімава, Анжалікі Агурбаш, — распавяла Іна Адамовіч.
Таксама ў канцэрце задзейнічаны салісты Вялікага тэатра Беларусі, удзельнікі тэлепраектаў “Талент краіны” і “Голас” і канкурсанты Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску — 2019” Ваня Зданюк і Ксенія Галіцкая. Асаблівасцю сёлетняй праграмы стане ўдзел рэгіянальных калектываў з усіх абласцей краіны.
— Гэта будзе яскравая і дынамічная дзея, у якой выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхнічныя сродкі. Вельмі шырока задзейнічаны кінаматэрыялы. Кожны нумар займее моцную відэападтрымку, — распавяла Іна Адамовіч. — Рэжысёрам імпрэзы ў Палацы Рэспублікі выступіць Ніна Осіпава.
А вось за рэжысуру яшчэ аднаго афіцыйнага мерапрыемства, прымеркаванага да знакавай даты, адказвае Аляксандр Вавілаў.
3 ліпеня ў 10.00 на праспекце Незалежнасці праграму ўрачыстацяў адкрые патрыятычнае шэсце “Беларусь памятае!” Яно стане фінальным мерапрыемствам аднайменнай рэспубліканскай акцыі, якая стартавала ў маі — напярэдадні Дня Перамогі.
Адмыслова для працэсіі будзе выраблена гірлянда даўжынёй 16 метраў з вялізным надпісам “1941 — 1945 год. Беларусь памятае” — яе будуць несці вайскоўцы з роты ганаровай варты. У шэсці прымуць удзел прадстаўнікі БРСМ, а таксама 24 ветэраны, што будуць ехаць у калоне ў аўтамабілях у суправаджэнні сваіх праўнукаў і маладых людзей, якія ўзялі шэфства над сталымі людзьмі.
Дарэчы, на сёння ў Мінску жывуць 1732 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Самым маладым з іх — каля 90 гадоў. 95 і 102 гады двум Героям Савецкага Саюза — Івану Куставу і Вячаславу Мічурыну.
Канцавой кропкай маршруту працэсіі стане манумент Перамогі, да якога ўскладуць гірлянду, вянкі, кветкі.
Сёлета ваенны парад, які адкрые пралёт авіяцыі, пачнецца ў незвычайны час — 21.00. Тэатральны эпізод “Беларусь гераічная” стане яго кульмінацыяй. Аднак своеасаблівай кодай свята можна назваць акцыю “Спяем гімн разам!”, якая адбудзецца па завяршэнні дзеі.
А ля абеліска “Мінск — горад-герой” прадоўжыць праграму гала-канцэрт. Святочны салют 3 ліпеня адбудзецца ўжо пасля 22.00 з шасці агнявых пазіцый.