Ксенія ГАЛЕЦКАЯ: “Лёгка спяваць, жыць і сябраваць”

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Спяваць, танцаваць, перамагаць у конкурсах, адначасова працаваць на тэлебачанні, вучыць тры замежныя мовы, маляваць, аказваць першую медыцынскую дапамогу — усё гэта з лёгкасцю і радасцю можа рабіць 11-гадовая Ксенія Галецкая. Менавіта яна ў хуткім часе прадставіць Беларусь на дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”. Ёсць у Ксеніі правіла — без перамог і прэмій з конкурсаў не вяртацца. Віцебскі фестываль не павінны стаць выключэннем — энергіі і аптымізму ў юнай артысткі хапае, моцы ў голасе таксама, песні яскравыя, гучныя і рытмічныя. Застаецца пажадаць толькі ўдачы!

/i/content/pi/cult/750/16258/9.JPG— Табе хутка толькі 12 гадоў, а за плячыма ўжо сапраўдная творчая біяграфія — ёсць пра што расказаць, чым пахваліцца. Давай ад самага пачатку!

— Калі мне было шэсць гадоў, мама пачула, як я чысценька спяваю, і вырашыла далучыць мяне да музыкі, адвяла ў студыю Палаца культуры чыгуначнікаў у Гомелі. Мама таксама звязаная з мастацтвам — яна прафесійны харэограф. У Палацы культуры маім першым педагогам была Ларыса Пятроўна Гаравенка. Потым я трапіла ў тэлепраект “Я пою”, і вось з яго ўсё і пачалося па-сур’ёзнаму: пайшлі запрашэнні на канцэрты, паездкі на міжнародныя конкурсы, узнагароды, Гран-пры. А недзе год таму наша сям’я пераехала ў Мінск, і я пачала займацца ў дзіцячай студыі мастацтваў Malinovka by Spamash прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”.

— Хто найбольш цябе падтрымлівае ў імкненні спяваць?

— Канешне ж, мая сям’я. Гэта і мая падтрымка, і мае галоўныя фанаты. У мяне два браты, сястра, папа, мама. Старэйшаму брату Вове 20 гадоў, сястры Машы 18. А маленькаму браціку Арсенію хутка будзе два гады. Калі я абіраю нейкую новую песню, рыхтуюся нешта вучыць, недзе ўдзельнічаць, мы збіраемся ўсёй сям’ёй і абмяркоўваем, раімся што ды як.

— Можаш згадаць — мо, было якое яскравае ўражанне — што першае з музыкі пачало цябе натхняць на ўласныя спевы?

— Калі я толькі пайшла займацца ў студыю, то зусім маленькай яшчэ не надта ўсведамляла, што раблю. Любімыя артысты і песні з’явіліся з цягам часу. Напрыклад, калі я пачула Уітні Х’юстан, Крысціну Агілеру, мне захацелася спяваць так, як яны. Гэта і зараз мае любімыя спявачкі, асабліва Уітні Х’юстан. А з маладзейшых — Арыяна Грандэ, напрыклад. Кажуць, каго ты слухаеш, да таго твой голас і робіцца падобным. Так мне казалі старэйшыя вакалісткі, і я сама ўжо ў гэтым пераконваюся. Я хачу, каб у мяне быў моцны, прыгожы і глыбокі голас, як у артыстак, якіх я згадала.

— А што, напрыклад, зараз у цябе ў плэеры?

— Я слухаю і класічную музыку, час ад часу нават оперу, і папулярныя песні — самае рознае. Але вось зараз песня, якая ў мяне пастаянна гучыць — пад любы час дня, пад любы настрой, і вельмі мне падабаецца — “Кучаравая”, з якой Ваня Зданюк будзе ўдзельнічаць у дарослым конкурсе фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.

/i/content/pi/cult/750/16258/10.JPG— У цябе надзвычай насычанае жыццё, ці бывае яшчэ вольны час?

— Асабліва ўсё закруцілася пасля таго, як я прайшла адбор на “Славянскі базар у Віцебску”. Да конкурсу мяне рыхтуе прадзюсарскі цэнтр “Спамаш”, і ў графіку многа канцэртаў, фотасесій, рэпетыцый, інтэрв’ю, я пачала многа працаваць у студыі гуказапісу,
займаюся танцамі ў стылі хіп-хоп. Нядаўна мы знялі кліп на конкурсную песню і ўжо прэзентавалі яго. А так я яшчэ і на тэлебачанні працую ў Гомелі — вяду перадачу ў пары з адным хлопчыкам, перыядычна езджу на здымкі: мы там размаўляем з гасцямі, расказваем цікавыя факты. У вольны час люблю чытаць — самыя любімыя ў мяне кнігі пра Гары Потэра. Яшчэ трохі малюю.

— Табе падабаецца жыць у такім тэмпе? Трэба ж яшчэ і ў школе вучыцца.

— Так, мне вельмі падабаецца, калі многа канцэртаў, рэпетыцый. І ў мяне атрымліваецца сумяшчаць усё са школай, таму што я разумею, што і тое, і тое важна. Канешне, здараецца, прапускаю заняткі, але педагогі ідуць насустрач, тым больш, што я вучуся добра. Зараз канікулы, і стала трохі лягчэй. Я скончыла шосты клас лінгвістычнай гімназіі. Зараз вучу тры мовы: спачатку была толькі англійская, а вось у апошні год дадаліся яшчэ французская і кітайская. Самая складаная мова, канешне, кітайская. Мне ўсё гэта цікава, дадатковыя веды — чаму б і не? Калі вырасту, хачу ездзіць выступаць у розныя краіны, удзельнічаць у фестывалях. І гэта ж будзе выдатна, калі я прыеду ў Кітай і буду ведаць мову, на якой там размаўляюць.

— У цябе ёсць і яшчэ адно нестандартнае захапленне…

— Штогод праходзіць Рэспубліканскі злёт юных ратавальнікаў-пажарных, і я выступаю за каманду ліцэя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Спачатку ў гэтых злётах мая сястра прымала ўдзел, а потым і я далучылася. Мне вельмі падабаецца, таму што там бывае многа цікавых конкурсаў, мы
займаемся страявой падрыхтоўкай, вучымся аказваць першую медыцынскую дапамогу: усё па-сур’ёзнаму — з бінтамі і хлоргексідзінам, з правіламі штучнага дыхання. Мой самы любімы конкурс — медыцынскі. Старэйшыя за мяне дзеці займаюцца і пажарна-выратавальным спортам, але ў мяне гэта яшчэ наперадзе.

— У цябе было ўжо нямала фестываляў і конкурсаў. Якія самыя запамінальныя? І няўжо заўсёды толькі ўзнагароды і прэміі, а правалаў не было?

— Правалаў не было, дакладна. З конкурсаў звычайна я вяртаюся з якой-небудзь узнагародай. Самым цікавым для мяне быў, канешне ж, тэлепраект “Я пою”. Там я пазнаёмілася з іншымі таленавітымі юнымі артыстамі, потым мы паехалі з канцэртамі ў тур па Славакіі. Калі ўсё скончылася — развітваліся і плакалі, але ж зараз перыядычна сустракаемся на канцэртах ці конкурсах. Яшчэ фестываль у Маскве вельмі запомніўся — “Созвездие юных талантов”. Калі мы ўсе ўжо стаялі на сцэне, абвяшчаліся лаўрэаты — трэцяя прэмія, другая, першая — мяне так і не назвалі, і я думала — вось і ўсё! І толькі калі падышла чарга майго выступлення ў канцэрце разам са спявачкай Ірынай Шведавай, раптам абвясцілі: “А Гран-пры конкурсу атрымлівае Ксенія Галецкая!” Я выбегла на сцэну ўся ў слязах, шчаслівая. А потым яшчэ і ў дуэце са старшынёй журы Ірынай Шведавай добра выступіла.

— Мабыць, і пасля “Славянскага базару ў Віцебску” ты не спыніш сваё конкурснае жыццё, бо ёсць жа яшчэ столькі цікавага?

— Канешне, мая наступная мара — “Дзіцячае Еўрабачанне”! Яшчэ мне падабаецца конкурс “Новая волна”. Сёлета я ўдзельнічала ў адборы, і досыць паспяхова — трапіла ў лік двух прэтэндэнтаў на паездку ў “Артэк” на конкурс разам з Яраславам Саколікавым. Для выступу з нас дваіх абралі Яраслава, але я была ўжо блізкая да фіналу. На наступны год ізноў паспрабую. Дарэчы, Яраслаў на “Новой волне” нядаўна атрымаў пачэсную другую прэмію.

— Зараз вельмі папулярныя тэлешоу-конкурсы — адразу вялікая аўдыторыя, дый жарсці там бываюць зусім недзіцячыя. Хацела б трапіць на тэлешоу?

— Некалькі гадоў таму я ездзіла на ўкраінскі “Голас краіны”, прайшла праслухоўванні, але на этапе адбору ў каманды членаў журы ўжо не дачакалася свайго выступлення, бо скончыліся месцы ў камандах. На наступны год мы проста не паехалі, бо так склаліся сямейныя абставіны. А ўвогуле я б з задавальненнем
паўдзельнічала, напрыклад, у амерыканскіх тэлешоу.

— Ці была ў цябе такая гісторыя, што, дзякуючы сваім спевам і таму, што стала артысткай, ты змагла пазнаёміцца з чалавекам, аб сустрэчы з якім марыла?

— Была! Маленькай я вельмі хацела сустрэцца з Ксеніяй Сітнік: бачыла яе выступленне на “Еўрабачанні” і загадала сабе жаданне пазнаёміцца з ёй. І вось яна прыехала на пяты канцэрт праекта “Я пою”, выйшла на сцэну, і я доўга-доўга яе абдымала, рыдала — такая была шчаслівая!

— А ты вельмі хацела трапіць на “Славянскі базар у Віцебску”? Чым будзеш радаваць публіку?

— Канешне, вельмі хацела. Глядзела і дзіцячы, і дарослы конкурсы, уяўляла сябе на гэтай сцэне. У Віцебску я буду выконваць дзве песні. Першая Back in the U.S.S.R групы The Beatles — тая ж, што была і на адборы ў Оршы. Але ў цікавай версіі, дзе можна і вакал паказаць, і характар, і дзе можна будзе патанцаваць. Другая песня новая — яна называецца “Грай”. Музыку і словы напісала кіраўнік студыі Malinovka by Spamash Анастасія Марчук, а аранжыроўку зрабіў мастацкі кіраўнік ансамбля “Песняры” Раман Козыраў. Самае цікавае, што ў мяне на сцэне будзе падтрымка, са мной выступіць юная цымбалістка Насця Ванеева — тая, што ўдзельнічала ў тэлешоу “Лучше всех” і вучыла Максіма Галкіна правільна называць нашу краіну Беларусь. Калі мне сказалі, што яна выступіць разам са мной, я вельмі ўзрадавалася. Насця такая таленавітая, і на рэпетыцыях нумару ў нас з ёй вельмі добра ўсё атрымліваецца. А ў запісе песні партыю цымбал выканаў знакаміты беларускі музыкант Міхаіл Леончык, які гастралюе па ўсім свеце.

— Песня “Грай” пра цымбалы?

— І пра цымбалы, і пра нашу краіну ўвогуле, пра тое, як здорава ў ёй жыць: “Лёгка тут спяваць, жыць і сябраваць, у марах добры лёс маляваць…” Гэта адпавядае мне, майму настрою, мне вельмі падабаецца такое спяваць. На сцэне ў Віцебску я буду дзяліцца з усімі радасцю і добрым настроем.