Навошта? Бо нас гэта хвалюе

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Тэатр можа быць інструментам для сацыяльных змяненняў. Зразумела, асобны калектыў татальна не паўплывае на працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. І ўсё ж спектакль можа загучаць так, каб хаця б нейкая частка гледачоў змяніла погляд на рэальнасць і змагла адчуць важнасць праблем, пра якія гавораць са сцэны, выпрацавала сваё актыўнае стаўленне да гэтых болевых кропак паўсядзённасці.

/i/content/pi/cult/750/16256/5.JPGРэч у сабе?

На працягу сезона, што падыходзіць да свайго завяршэння, мне даводзілася неаднойчы задавацца пытаннем, навошта рэжысёр абірае да пастаноўкі пэўную тэму, якая, здаецца, ніякім чынам не суадносіцца са светаадчуваннем сучасных гледачоў. Прэм’ер у сталічных і не толькі афішах шмат, вось толькі далёка не ўсе даюць нагоду для разваг. Яшчэ менш — адгукаюцца на актуальныя тэмы, што паўсюдна, толькі не са сцэны абмяркоўваюць людзі. І колькі б спецыялісты ні казалі, што нельга выводзіць на першы план адно забаўляльную функцыю, для шэрагу пастаноўшчыкаў тэатр працягвае быць рэччу ў сабе, існаванне якой ніяк не суадносіцца з жыццём па-за сценамі ўстановы.

Пры лішку легкаважкіх сюжэтаў у айчыннай мастацкай прасторы ўзнікае заканамернае пытанне: магчыма, тэатр — гэта не тая пляцоўка, дзе можна ўздымаць сур’ёзныя пытанні пра тут і зараз? Рэжысёрка Лабараторыі сацыяльнага тэатра Eclab Валянціна Мароз упэўнена: любую тэму можна вынесці на сцэну. Толькі ў кожным канкрэтным выпадку трэба знайсці спосаб, як пра гэта гаварыць.

— На мінулым тыдні ў нашай Лабараторыі адбылася прэм’ера, — распавядае рэжысёрка. — У спектаклі “Нам тут жыць” мы разважаем пра сацыяльную, матэрыяльную, гендарную і іншыя формы няроўнасці ў Беларусі. Калі нашы акцёры распавялі пра будучую пастаноўку бацькам, то большасць з іх са здзіўленнем запыталіся, а навошта пра гэта гаварыць. “У нас усё добра”, — рэфрэнам гучала ад дарослых людзей. Моладзь жа бачыць непрыемныя і нават непрымальныя сацыяльныя працэсы, якія не даюць магчымасці нашаму грамадству развівацца. Навошта мы бярэм такія складаныя тэмы? Бо нас гэта хвалюе.

Чаму нават прапанова паслухаць пра выпадкі дыскрымінацыі на рабоце, школьны булінг, эйджызм, матэрыяльную няроўнасць выклікае адкрытае непрыняцце? Чаму людзям прасцей у соты раз абсмактваць перыпетыі сямейных драм ці міждзяржаўныя калізіі ў папулярным серыяле, чым шчыра прызнацца сабе, што названыя вышэй праблемы існуюць і сутыкнуцца з імі можа кожны (калі ўжо сам не пабываў у скуры ахвяры)?

/i/content/pi/cult/750/16256/6.jpg— Нават у акцёраў бывае супраціўленне на першым этапе абмеркавання будучага спектакля. Маўляў, навошта лезці ў складаную тэму. Зараз я разумею: калі людзі адмаўляюцца пра штосьці разважаць, то гэтыя паводзіны і выдаюць болевую кропку соцыуму, — дзеліцца назіраннямі акцёр Лабараторыі сацыяльнага тэатра Eclab Павел Андрэеў. — Гэткая рэакцыя ў нашых суразмоўцаў падчас нарыхтоўкі матэрыялу часцяком тлумачыцца трыгерам: некаторыя баяцца, што ўспаміны могуць выклікаць паўторнае перажыванне псіхалагічнай траўмы. І тут мы імкнёмся ўпэўніць суразмоўцу, што прагаворванне болевых пытанняў само па сабе не з’яўляецца траўматычным, аднак можа некаму сапраўды дапамагчы перажыць сваю няпростую сітуацыю.

Адзін у полі, а ўсё ж воін

Сацыяльны тэатр адрозніваецца ад традыцыйнага ўжо ў спосабе стварэння спектакля. Тут няма прызвычаенай мадэлі: канкрэтная п’еса — рэжысёр і яго бачанне абранага матэрыялу — акцёры як выканаўцы зададзеных пастаноўшчыкам схем. Спадарыня Мароз тлумачыць: іх тэатр — даследчы, таму кожны спектакль стварае сукупнасць людзей з аднолькавым мастацкім густам і ўзаемнай зацікаўленасцю.

— На гэтым полі мы пакуль адны, — адзначае Валянціна Мароз. — Лабараторыя ўзнікла ў 2016 годзе на базе выпускнікоў канцэнтрацыі Eclab “Сучаснае мастацтва і тэатр”. Са студэнтамі на занятках мы праходзім увесь шлях дакументальнага тэатра. На пачатковым этапе нават вучым іх браць інтэрв’ю. Ім трэба скіроўваць суразмоўцу пытаннямі так, каб гісторыя станавілася больш канкрэтнай і падрабязнай. Пасля запісы апрацоўваюцца, трансфармуюцца, аб’ядноўваюцца. На гэтым этапе мы ідзем да драматургаў. У нас ужо быў вопыт узаемадзеяння з Канстанцінам Сцешыкам, Лёхам Чыканасам. У працу над “Нам тут жыць” таксама ўключылася драматург і наша актрыса Кацярына Чакатоўская. Аўтары дапамагаюць стварыць агульны тэкст умоўнай п’есы. А што рабіць з атрыманым матэрыялам далей — ужо справа рэжысёра.

Жывыя гісторыі ад людзей, што існуюць з табой побач — сапраўдная знаходка для адлюстравання рэчаіснасці ў тэатры. Але з падобнымі тэкстамі ўсё проста толькі на першы погляд.

— Многія асцерагаюцца брацца за дакументальны матэрыял: ён шмат дае, але ў многім і абмяжоўвае, — тлумачыць Павел Андрэеў. — Калі кіруешся дакументам, то цяжка выходзіць за яго рамкі. Таму наша каманда сыходзіць у бок спалучэння жанраў нон-фікшн і ігравога тэатра. Мы імкнёмся ўскладніць самім сабе спосаб існавання на падмостках.

Акцёр Багдан Хмяльніцкі падкрэслівае, што пошук донараў — людзей, якія гатовыя распавесці свае гісторыі для з’яўлення іх у будучым на сцэне — ажыццяўляецца пад канкрэтныя задумы. Шукаюць праз знаёмых, праз сацсеткі, у якіх прапаноўваюць звяртацца да любога з прадстаўнікоў каманды. На гэтым этапе таксама ўзнікаюць нечаканасці.

— Са здзіўленнем пабачыў сярод тых, хто адгукнуўся на мой заклік, свайго прыяцеля, — кажа артыст. — У асабістых размовах ён ніколі не прызнаваўся, што сутыкнуўся з дыскрымінацыяй.

Ад пачатку пастановачная каманда вызначае для сябе, якія вектары праблемы хоча раскрыць. Аднак даследчы праект сам па сабе дапускае, што канчатковая версія спектакля будзе адрознівацца ад задумы. Бывае, не здараецца выразнай размовы, каб яе можна было так ці інакш убудаваць у сцэнічную тканіну. Ці інтэрв’ю моцнае, але яно выпадае па стылістыцы.

— Да спектакля пра хатні гвалт “Родныя людзі?” дзеля аб’ектыўнага раскрыцця праблемы мы планавалі дадаць мужчынскіх гісторый, — расказвае Валянціна Мароз. — Некалькі хлопцаў папярэдне пагадзіліся на сустрэчу, аднак у апошні момант адмовіліся ад гутаркі. У прэм’ерным “Нам тут жыць” адзін з блокаў прысвечаны школьнаму булінгу. Аднак раней мы і не здагадваліся, што цкаванне падчас вучобы — такая татальная праблема! Яна закранула нават многіх з удзельнікаў нашай каманды.

Самацэнзура супраць сіндрому

Чалавеку лёгка даверыць самае патаемнае незнаёмцу. У выпадку размовы пад дыктафон з акцёрам Лабараторыі сацыяльнага тэатра, якога бачыш па сутнасці ўпершыню, таксама можа спрацаваць вядомы сіндром выпадковага спадарожніка. Але ці гатовыя гэтыя людзі да таго, што іх таямніцы будуць з нейкай перыядычнасцю трансліравацца аўдыторыі са сцэны?

Спадар Андрэеў тлумачыць, што тут ужо працуюць этычныя законы сацыяльнага тэатра. Пастановачная каманда павінна акуратна абыходзіцца з матэрыялам, памятаць, што ў іх рукі трапляе траўматычны для канкрэтнага чалавека досвед. У працэсе мантажу тэксту важна не нашкодзіць донару, аднак у той жа час паўнавартасна раскрыць тэму.

— Мы не маем мэты пагладзіць па галоўцы, пашкадаваць ахвяру, але мусім ставіцца да чалавека з павагай, таму канчатковы тэкст для пастаноўкі абавязкова высылаем суразмоўцу на зверку, — тлумачыць Павел Андрэеў. — Хтосьці крыху падпраўляе, а іншы пачынае крэсліць шмат. Для мяне вельмі паказальным была праца над спектаклем пра тэракт у мінскім метро “11 красавіка”. Па патрабаваннях донараў мы выдалялі цэлыя кавалкі, прычым, досыць нечаканыя моманты, якія ў нас саміх не выклікалі ніякіх сумненняў. На жаль, у многіх спрацоўвае самацэнзура.

Пасля таго, як гісторыя прайшла праверку донарам, тэкст ідзе ў працу ці архівуецца.

— Вектар працы Лабараторыі можа змяняцца, — адзначае Багдан Хмяльніцкі. — Калі інтэрв’ю па нейкай прычыне на падышло да дадзенага праекта, яно ўсё адно захоўваецца, каб пры першай неабходнасці яго можна было актуалізаваць. Калі матэрыял спатрэбіцца, каб раскрыць тэму ўжо ў іншым ракурсе, мы маем магчымасць звязацца з донарам і развіць інтэрв’ю, знайсці новыя дэталі.

Прынцыпова важнымі для ўдзельнікаў Лабараторыі з’яўляюцца абмеркаванні, што ладзяцца пасля кожнага паказу. Валянціна Мароз называе такія гутаркі другім актам спектакля. На “11 красавіка” і на “Родныя людзі?” прыходзілі ў тым ліку донары — глядзелі на свае гісторыі. Для іх гэта было моцнае перажыванне, своеасаблівая арт-тэрапія.

— Удзельнікі Лабараторыі імкнуцца да гарызантальнага ўзаемадзеяння, каб разам ствараць канчатковы
прадукт. Мы наводзім мост паміж першакрыніцамі гісторый і тымі, хто слухае, — дадае Багдан Хмяльніцкі. — Дыскусія з гледачамі дазваляе нам перайсці на гарызантальны ўзровень у нашай камунікацыі. Тады мы разумеем, што атрымалася, а чаго не змаглі пакуль дасягнуць. Мы даем магчымасць людзям прагаварыць пэўныя моманты і такім чынам нешта для сябе вырашыць.

Змяніць сябе і свет вакол

Распрацоўка хайпавых тэм у няўмелых руках можа ператварыцца ў спекуляванне на эмоцыях. Задача рэжысёра, драматургаў, акцёраў у тым, каб крыху захаваць дыстанцыю для рэфлексіі, дайсці да сутнасці праблемы. Так, яны паказваюць рэальныя выпадкі з жыцця рэальных людзей, але з дапамогай мастацкіх хадоў выходзяць на глабальны ўзровень, візуалізуюць розныя пункты гледжання на праблему і прапануюць задумацца, чаму адбываецца менавіта так.

— Па маім адчуванні, сацыяльны тэатр — гэта яшчэ інструмент і для асабістых змяненняў, — гаворыць Павел Андрэеў. — Магчымасць перажыць чужы досвед з’яўляецца даволі моцным сродкам для пэўнай унутранай трансфармацыі. Тыя ж абмеркаванні часам дапамагаюць адкрыць у сабе новыя перспектывы.

Багдан Хмяльніцкі лічыць, што місія сацыяльнага тэатра заключаецца ў тым, каб рабіць нябачныя моманты бачнымі, даваць магчымасць выказацца людзям са сваімі няпростымі гісторыямі і быць пачутымі.

— Для мяне як для выканаўцы гэта яшчэ частка сацыяльнай адказнасці, — кажа артыст. — Я адчуваю, што ўласнымі дзеяннямі магу
нейкім чынам паўплываць на сітуацыю ў грамадстве.

Наколькі дзейнасць аднаго тэатральнага калектыву можа змяніць сітуацыю ў цэлым? Ці дапаможа слова, сказанае са сцэны, паўплываць, напрыклад, на вяртанне заканатворцаў да разгляду пытанняў па супрацьдзеянню хатняму гвалту ці распрацаваць больш дзейсныя механізмы па прадухіленні любога з відаў дыскрымінацыі?

— Зразумела, тэатр не можа ставіць перад сабой такую мэту, як уплыў на заканатворчасць, — падсумоўвае Валянціна Мароз. — Аднак тэатр можа сваім спектаклем задаць пытанне, паразважаць на абраную тэму такім чынам, каб той, у каго ёсць паўнамоцтвы, змог зрабіць крок у кірунку, які чакае грамадства.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"