Першая, уступная частка экспазіцыі, прысвечана дзвюм вайсковым аперацыям, якія пачаліся ў чэрвені 1944 года на ўсходнім і заходнім франтах Другой сусветнай вайны адпаведна — “Баграціён” і “Оверлорд”. Пачатак заключнага этапу вызвалення Беларусі прыкладна супаў у часе з адкрыццём другога фронту і высадкай саюзнікаў у Нармандыі, якая адбылася 6 чэрвеня 1944 года. Такі паралельны паказ аперацый, якія адбываліся на ўсходнім і заходнім франтах, дазваляе гледачу шырэй пазнаёміцца з міжнародным кантэкстам падзей.
Але асноўная частка экспазіцыі распавядае ўсё ж менавіта пра вызваленне Беларусі, таму пабудаваная перадусім на матэрыялах, звязаных з выбітнымі ўдзельнікамі аперацыі “Баграціён” — ад ваеначальнікаў да простых салдат. Між іншага, тут можна пабачыць ліст камандуючага 1-м Беларускім фронтам маршала Канстанціна Ракасоўскага да яго сям’і, дасланы з фронту 1 ліпеня 1944 года, альбо ліст дзяцей з Туркменскай ССР да Ракасоўскага.
Ёсць на выставе і незвычайны экспанат, звязаны з іменем камандуючага 3-м Беларускім фронтам генерала Івана Чарняхоўскага — у музеі ёсць сальніца, якую захаваў на памяць аб сустрэчы з ваеначальнікам жыхар вёскі Карцаўшчына Лаг ойскага раёна Міхаіл Лойка, бо ў яго хаце Чарняхоўскі спыняўся падчас вызвалення Беларусі. Прадстаўленыя на выставе і іншыя асабістыя рэчы — камбінезон камандуючага 2-м Беларускім фронтам Георгія Захарава, фуражка і папка камандуючага 1-м Прыбалтыйскм фронтам Івана Баграмяна, фуражка, паліто і аўтамат камандзіра Мінскага партызанскага злучэння Іосіфа Бельскага.
Асобная інсталяцыя прысвечаная “мінскаму катлу”. У чэрвені 1944 года на ўсходзе ад Мінска была акружаная і разбітая вялізная групіроўка нямецкіх войск. На выставе можна пабачыць археалагічныя знаходкі з месцаў баёў — зброю, каскі. Дапаўняе інсталяцыю прысвечаная гэтым падзеям карціна мастакоў Мая Данцыга і Абрама Кроля “Капітуляцыя пад Мінскам”.
Адна з асаблівасцяў аперацыі “Баграціён” у тым, што вялікую ролю ў ёй адыграла ўзаемадзеянне рэгулярных войск з партызанамі. На выставе паказваюцца фота і дакументы, якія распавядаюць пра заключны этап аперацыі “Рэйкавая вайна”, пра ўдзел партызан у вызваленні беларускіх гарадоў. Завяршае экспазіцыю аповед аб партызанскім парадзе, які адбыўся ў Мінску 16 ліпеня 1944 года — тут змешчаныя не толькі фотаздымкі, але і карціна “Парад партызан у Мінску”, напісаная ў 1947 годзе мастаком Яўгенам Зайцавым, які прысутнічаў там асабіста.
Часовая экспазіцыя “Подзвіг у імя вызвалення” будзе дзейнічаць у музеі да 20 жніўня.