Лета з балетам

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Учора пачаўся Шосты міжнародны фестываль “Балетнае лета ў Вялікім”. Яго адкрыў Вечар прэм’ер трох прэм’ераў Марыінскага тэатра — заслужаных артыстаў Расіі Ігара Колба, Данілы Карсунцава і Яўгена Іванчанкі — праект Dance. Dance. Dance.

23 і 24 чэрвеня фестываль “Балетнае лета ў Вялікім” працягнуць тры спектаклі ўнікальнага тэатра Раду Паклітару “Кіеў Мадэрн-балет”. У першы вечар — 23 чэрвеня вядучы харэограф сучаснасці прадставіць свой погляд на казку пра Спячую прыгажуню. Спектакль “Уверх па рацэ” на музыку Аляксандра Родзіна беларускі глядач убачыць 24 чэрвеня. У гэты ж вечар Раду запрашае публіку і на “Доўгі калядны абед” — аднаактовы балет-роздум аб хуткаплыннасці жыцця на музыку Антоніа Вівальдзі.

— Раду Паклітару — самабытны талент. Ён ні ў каго нічога не пераймае — у яго ўласны, лёгка распазнавальны харэаграфічны почырк. І ён апынуўся цудоўным кіраўніком, — падкрэсліў мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Валянцін Елізар’еў. — Паклітару ўсім сэрцам любіць Беларусь. І я вельмі хачу, каб наша супрацоўніцтва выйшла на іншы ўзровень: спадзяюся, Раду паставіць спектакль на нашай сцэне.

25 чэрвеня “Балетнае лета” працягне прэм’ера гэтага тэатральнага сезона — харэаграфічная легенда Вячаслава Кузняцова “Анастасія” ў пастаноўцы Юрыя Траяна. Загалоўную ролю станцуе Ірына Яромкіна. 26 чэрвеня галоўныя партыі ў казачнай гісторыі Пятра Чайкоўскага “Лебядзінае возера” выканаюць артысты Музычнага тэатра імя Канстанціна Станіслаўскага і Уладзіміра Неміровіча-Данчанкі — Эрыка Мікірцічава і Дзяніс Дзмітрыеў. 27 чэрвеня — новая аўтарская рэдакцыя балета Сяргея Пракоф’ева “Рамэа і Джульета” ад Елізар’ева.

А завершыцца “Балетнае лета” 28 чэрвеня Гала-канцэртам з удзелам знакамітых зорак. Свой удзел у ім пацвердзіў Мікалай Цыскарыдзэ. Рэктар Акадэміі рускага балета імя Агрыпіны Ваганавай не ўпершыню становіцца ганаровым госцем Вялікага тэатра, але, мабыць, упершыню беларускі глядач убачыць выбітнага танцоўшчыка сучаснасці ў такім вобразе — удавы Сымоны ў вясёлай сцэне з балета “Марная засцярога”.

На беларускую сцэну таксама выйдуць прымы і прэм’еры вядучых тэатраў свету: Наталля Мацак і Сяргей Крываконь (Нацыянальная опера Украіны), Мэцью Голдзінг (Баварскі дзяржаўны балет), Дзяніс Клімук (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр балета імя Л. Якабсона), Ксенія Аўсянік і Дзяніс Віейра (Берлінская дзяржаўная опера), Анастасія Лімянько і Сяргей Мануйлаў (Музычны тэатр імя Канстанціна Станіслаўскага і Уладзіміра Неміровіча-Данчанкі), Іван Васільеў (Міхайлаўскі тэатр).

Дарэчы, Іван Васільеў адмовіўся ад свайго ганарару за выступ на карысць харэаграфічнага каледжа — у навучальнай установе, якую скончыў Васільеў, з’явіцца новая балетная падлога.

Алена БАЛАБАНОВІЧ