Фэст на ўсю краіну

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Эпіцэнтрам ІІ Еўрапейскіх гульняў, натуральна, стане Мінск, дзе праходзяць асноўныя падзеі. Але не будзем забывацца і на ўсю краіну — нашы рэгіёны, нашы вобласці, раёны, аграгарадкі і вёскі, таксама гэтымі днямі хварэюць за Беларусь. Арганізатары парупіліся, каб мультыспартыўны форум стаў святам усіх і кожнага.

/i/content/pi/cult/750/16250/2.JPGУ Мінску ўжо пачалі працаваць тры афіцыйныя фан-зоны. Свята ля Палаца спорту гудзіць да апоўначы, а ў дні адкрыцця і закрыцця — ледзь не да ранку. Люду паўнютка, атмасфера — самая што ні ёсць добразычлівая. Кожны вечар сваю культуру тут будзе прадстаўляць адна з краін-удзельніцаў Еўрагульняў. Песні, танцы, стравы, рамёствы… Кожны будзе шукаць свае разыначкі, каб пераканаўча распавесці пра ўласныя адметнасці. Прыкладам, Грузію прадставіць знакамітая Ніно Катамадзе, а брытанцы інтрыгуюць выступам валыншчыкаў каралеўскага ірландскага палка.

Натуральна, цэнтральная сцэна стане добрай магчымасцю і нам распавесці пра сябе. Арганізатары абяцаюць шыкоўную ў сваёй разнастайнасці культурную праграму. Зразумела, яна ўключае цэлы россып зорак нашай эстрады — але не толькі. Музычны дыяпазон куды шырэйшы — ад знакамітых акадэмічных калектываў да модных сучасных электроншчыкаў. Асобная пляцоўка прызначаная для дзятвы, і таму сюды можна прыходзіць цэлымі сем’ямі.

На пляцоўцы ля “Мінск-Арэны” будуць транслявацца на вялікі экран спартыўныя спаборніцтвы. А ў перапынках паміж імі на сцэну выйдуць знакамітыя нашы артысты — ад Аляксандра Саладухі да ансамбля “Свята”. Нямала ўвагі, без сумневу, прыцягнуць і майстар-класы па танцах ад сапраўдных профі сваёй справы. Зрэшты, ахвотныя здолеюць паварушыць не толькі канечнасцямі, але і глуздамі — у праграме пазначаны інтэлектуальныя гульні. Увечары ж гэтая пляцоўка будзе пераўтварацца ў модную сучасную дыскатэку.

Трохі больш сціплая, але таксама насычаная праграма разгорнецца і каля “Чыжоўка-Арэны”. Што цікава, дык гэта смелае спалучэнне размаітых стыляў. Прыкладам, “Стары Ольса”, які выкарыстоўвае выключна сярэднявечныя інструменты, будзе суседнічаць у адным блоку з эстраднымі гуртамі.

Зрэшты, гэтымі трыма фан-зонамі тэрыторыя фэсту ў Мінску не абмяжуецца. У Верхнім горадзе пройдуць тэатральныя перформансы ў рамках праекта No stage і фестываль вулічнай музыкі “Месца пад сонцам” і Дні культуры Вялікабрытаніі. Шматлікія выставачныя праекты падрыхтавалі нашы музеі і галерэі. А ў парку Dreamland ладзяцца штодзённыя канцэртныя праграмы з удзелам многіх топавых айчынных выканаўцаў.

Сотні кіламетраў адлегласці ад пячаткі бутсаў ці маршчынак на ўспацелай далоні любімага спартсмена не стануць перашкодай для тысячаў аматараў спорту па-за межамі Мінска. Для іх ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, а таксама ў Бабруйску і Маладзечна, арганізаваныя адмысловыя фан-зоны. Гэта цудоўная магчымасць не толькі пазаўзець за нашых, але і пашырыць свае культурныя далягляды. Балазе, канцэртныя праграмы ў рэгіёнах таксама радуюць сваёй разнастайнасцю. Прыкладам, у Віцебску пройдзе адкрыты маладзёжны харэаграфічны фестываль, а ў Гомелі чакаюць шыкоўнае фаер-шоу.