“Полымя міру”, што запаліла Беларусь

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Учора ўвечары на сталічным стадыёне “Дынама” ўрачыста і вельмі эфектна адкрыліся ІІ Еўрапейскія гульні. Свята, якое надоўга запомніцца мінчукам і гасцям сталіцы, напоўніўшы гэтыя спякотныя дні і ночы мноствам яскравых падзей — не толькі спартыўных, але і культурных. А запаліла гэтае мора зіхоткіх агнёў “Полымя міру”, дастаўленае ў Мінск здалёк.

/i/content/pi/cult/750/16248/1.jpgГалоўны сімвал Еўрапейскіх гульняў прайшоў доўгі шлях. 3 мая паходня была запаленая ў рымскім комплексе Ara Pacis Museum. Затым яна ўзнялася на найвышэйшую кропку Еўропы — гару Манблан, перасекла вышыні і ўпадзіны Славеніі, Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і Польшчы і нарэшце шчасліва дабралася да нашых краёў, дзе пабывала ў кожнай з беларускіх абласцей.

У Мінску факел II Еўрапейскіх гульняў быў перададзены старшыні гарвыканкама Анатолю Сівакову, выканаўцу абавязкаў першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктару Лукашэнку і міністру спорту і турызму Беларусі Сяргею Кавальчуку. Агонь быў запалены ў спецыяльнай чары на плошчы Дзяржаўнага сцяга, а потым трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе, удзельнік эстафеты Алімпіяды-80 Аляксандр Мядзведзь перадаў паходню прадстаўнікам сучаснага пакалення беларускіх спартсменаў: самбісту Сцяпану Папову, бягунні Эльвіры Герман і марафонцы Вользе Мазуронак.

“Полымя міру” асвятліла знакавыя аб’екты сталіцы, пакінула водблескі на тварах многіх нашых славутых сучаснікаў — тых людзей, якія дасягнулі перамог у сваёй справе. У іх ліку — і знакамітыя дзеячы культуры: Аляксандр Яфрэмаў, Уладзімір Гасцюхін, Анатоль Ярмоленка, Валерый Дайнека, Ядвіга Паплаўская…

Народны артыст СССР і Беларусі Валянцін Елізар’еў прыняў эстафету на прыступках Вялікага, мастацкім кіраўніком якога ён з’яўляецца. Паходня была ўрачыста вынесеная на сцэну знакамітага тэатра, дзе акурат ішла рэпетыцыя оперы “Яўген Анегін”. Як адзначыў маэстра, пры ўсёй сваёй рознасці, мастацтва і спорт, усё ж, маюць шмат падобнага. Бо галоўнае тут — несупыннае памкненне да новых вышыняў.