Якім будзе працяг?

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Добраўпарадкаванне Вайсковых могілак у Мінску камунальнымі службамі пачалося год таму, але напрыканцы мінулага лета работы былі спыненыя па патрабаванні Генеральнай пракуратуры, пра што ўжо неаднаразова пісала “К” (№ 26, 28, 30 за 2018 год). Праца мусіць быць працягнутая, толькі ўжо згодна з канцэпцыяй, зацверджанай упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 10 чэрвеня валанцёры і адмыслоўцы, якія выступаюць за захаванне гістарычнага ландшафту Вайсковых могілак у Мінску, сустрэліся на прэс-канферэнцыі і падзяліліся прапановамі, што хацелі б унесці ў канцэпцыю, каб захаваць аўтэнтычны выгляд гэтага ўнікальнага некропаля.

/i/content/pi/cult/749/16247/pages-4-5-copy-2.jpgСакратар Грамадска-назіральнай камісіі па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры краіны і каардынатар валанцёраў Павел Каралёў адзначыў шэраг фактараў, якія вызначаюць асаблівае значэнне Вайсковых могілак для Мінска і ўсёй краіны. Па-першае, разам з Кальварыйскімі могілкамі, гэта адзін з двух гістарычных гарадскіх некропаляў Мінска, якія захаваліся да нашых дзён. Па-другое, менавіта гэтыя могілкі ў 1920—1950-я гады былі фактычна нацыянальным некропалем, дзе хавалі дзяржаўных дзеячаў, літаратараў, мастакоў, музыкаў, артыстаў, вайскоўцаў і гэтак далей.

На думку валанцёраў, Вайсковыя могілкі ўяўляюць з сябе ўнікальны гістарычны ансамбль, па якім можна вывучаць сацыяльна-дэмаграфічную структуру насельніцтва, развіццё пахавальных традыцый, развіццё мовы (паводле надпісаў на надмагіллях). Менавіта таму гэты комплекс варта захаваць цэласным, па магчымасці — у тым стане, у якім ён дайшоў да нашых дзён. Паралельна з прыборкамі і добраўпарадкаваннем пахаванняў валанцёры займаюцца даследаваннем могілак, збіраюць і ўдакладняюць звесткі аб пахаваных. Так, напрыклад, нядаўна адшукалі забытую магілу Івана Макаравіча Хозерава — вядомага мастацтвазнаўца і гісторыка архітэктуры. Яго пахаванне яшчэ трэба ўшанаваць належным чынам.

Гісторыя добраўпарадкавання і абароны

Упершыню аб планах добраўпарадкавання стала вядома ў 2015 годзе, калі на многіх магілах з’явіліся інфармацыйныя шыльды з паведамленнямі пра тое, што пахаванні трэба прывесці ў належны выгляд — іначай надмагіллі і агароджы дэмантуюць. Па выніках інвентарызацыі, колькасць надмагілляў, якія нібыта знаходзіліся ў занядбаным стане, дасягала 3882 (агулам — 8250).

Павел Каралёў распавёў, як летась у чэрвені стаў выпадковым сведкам работ па добраўпарадкаванні могілак, якія пачынаў праводзіць Спецкамбінат камунальна-бытавога абслугоўвання. Тады Паўлу ўдалося дамагчыся, каб рабочыя не дэмантавалі каваную агароджу на магіле прафесара медыцыны Максіма Львовіча Выдрына. Яго пахаванне першым і ўзялі пад апеку валанцёры. Агароджу на магіле ўмацавалі і пафарбавалі, але пра леташнія падзеі яшчэ нагадвае след, пакінуты на метале пілой-балгаркай. Як адзначыў Павел Каралёў, паводле словаў намесніка дырэктара Спецкамбіната КБА па ідэалагічнай рабоце Сяргея Тура, толькі за першы тыдзень чэрвеня 2018 года былі дэмантаваныя агароджы і надмагіллі з каля сотні пахаванняў, агулам дэмантаваныя і замененыя на падгалоўнікі надмагіллі з 300 пахаванняў. Яшчэ каля 150 здолелі ўратаваць ад такога лёсу валанцёры, якія даводзілі да ладу надмагіллі і фарбавалі агароджы.

У красавіку 2018 года трое грамадзян, чые сваякі пахаваныя на Вайсковых могілках, паводле рашэння суда атрымалі ад Спецкамбіната КБА кампенсацыю за знішчаныя надмагіллі і агароджы на магілах іх родных. Напрыканцы ліпеня 2018 года работы па добраўпарадкаванні Вайсковых могілак былі спыненыя па патрабаванні Генеральнай пракуратуры, якая адзначыла, што былі выяўленыя парушэнні, бо насамрэч патрабаваліся толькі работы па фарбаванні і ліквідацыі нязначных пашкоджанняў агароджаў і надмагілляў, а не дэмантаж.

Спрэчныя пытанні рэканструкцыі

Тым не менш уладкаванне Вайсковых могілак мусіць быць працягнутае. Напрыканцы 2018 года была зацверджаная канцэпцыя добраўпарадкавання могілак. Цяпер на яе аснове мусіць з’явіцца праект, які рыхтуецца “Мінскпраектам” на замову Упраўлення капітальнага будаўніцтва Савецкага раёна Мінска.

Канцэпцыя прадугледжвае пэўнае заніраванне могілак, прычым, як адзначаюць валанцёры, усё ж штучнае. Калі ў зоне вакол царквы, дзе засяроджаныя пахаванні дарэвалюцыйнага перыяду, альбо ў зоне вайсковых пахаванняў у заходняй частцы могілак запланаваная рэстаўрацыя надмагілляў, то на астатняй тэрыторыі прадугледжаная перадусім рэканструкцыя — то-бок замена надмагілляў, што знаходзяцца ў неналежным стане, на падгалоўнікі і крыжы. Валанцёры лічаць, што падыход да добраўпарадкавання могілак мусіць быць цэласным, без такога заніравання.

У адпаведнасці з канцэпцыяй мяркуецца, што могілкі будуць уяўляць з сябе партэрны газон, на якім размешчаны надмагільныя камяні. Аднак валанцёры адзначаюць, што гэта парушыць гістарычны ландшафт могілак і зменіць іх візуальны вобраз, што недапушчальна, бо могілкі з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-й катэгорыі. Таксама абаронцаў турбуе праблема высячэння дрэваў: калі раней планавалася ссекчы 18 з 51, то цяпер пад пагрозай знаходзяцца і іншыя дрэвы, якія могуць быць палічаныя “неэстэтычнымі”. Бо зараз мяркуецца разбіць клумбы, уздоўж галоўнай алеі высадзіць пірамідальныя туі, а ўздоўж агароджы з боку вуліцы Казлова — блакітныя яліны.

Валанцёры таксама звярнулі ўвагу, што ў тэксце канцэпцыі засталася нязменнай лічба пахаванняў, якія Спецкамбінат КБА аднёс да занядбаных яшчэ ў 2015 годзе (3882 з 8253). Але ж насамрэч многія з такіх пахаванняў на момант прыняцця канцэпцыі ўжо былі добраўпарадкаваныя валанцёрамі альбо самім Спецкамбінатам. Валанцёры падкрэсліваюць і тое, што паводле дзейнага заканадаўства лічыцца, што надмагілле немагчыма аднавіць, калі канструкцыя разбураная цалкам альбо часткова да стану, які пагражае падзеннем, або калі разбураная напалову (тое самае тычыцца і агароджаў). Толькі такія надмагіллі і агароджы падлягаюць дэмантажу, а гэтая ўмова Спецкамбінатам не выконвалася.

Калі аднаўленне ў гістарычным выглядзе ўваходнай брамы на алею да царквы з боку вуліцы Казлова валанцёры лічаць адным з найбольш удалых рашэнняў, прадугледжаных канцэпцыяй, то ўзвядзенне аналагічнай брамы на супрацьлеглым баку могілак (ад вуліцы Чырваназорнай) яны не надта ўхваляюць, бо яе там раней ніколі не існавала. Атрымаецца нічым не апраўданы муляж у неўласцівым для яго месцы. Сумнеўнай выглядае і патрэба замяняць цалкам агароджу могілак, якая ўсё ж не пакідае ўражання настолькі састарэлай ці нетрывалай.

/i/content/pi/cult/749/16247/pages-4-5-copy.jpgНе толькі воінскі мемарыял

Валанцёры адзначаюць, што, на іх думку, прынятая канцэпцыя скіраваная перадусім на тое, каб стварыць з Вайсковых могілак пампезны воінскі мемарыял. Адметна, што рэалізаваць праект добраўпарадкавання могілак даручана архітэктару Мікалаю Дзятко, які з’яўляецца аўтарам падобнага праекта для мінскіх Брацкіх могілак на вуліцы Чарвякова, дзе пахаваныя салдаты Першай сусветнай вайны. Канцэпцыя добраўпарадкавання Вайсковых могілак выяўляе пэўнае падабенства з вобразам тэрыторыі Брацкіх могілак і дазваляе ўявіць, што работы будуць весціся ў такім жа кірунку. Але валанцёры занепакоеныя тым, што калі Брацкія могілкі за доўгі час да пачатку ўпарадкавання былі цалкам знішчаныя (на іх тэрыторыі размяшчаўся рынак) і іх давялося аднаўляць “з нуля”, то на Вайсковых могілках сітуацыя цалкам іншая, і аналагічны падыход не можа да яе пасаваць. Тут ансамбль гістарычных могілак у значнай ступені захаваўся, і гэта неабходна ўлічваць, каб не страціць яго адметныя рысы канчаткова.

Наогул валанцёры не пагаджаюцца з падыходам, у адпаведнасці з якім Вайсковыя могілкі прапаноўваюць успрымаць перадусім як вайсковы мемарыял. Пахаванні вайскоўцаў, паводле падлікаў Спецкамбіната КБА, складаюць 745 з 8253 — то-бок толькі каля 9%. Вядома, воінскім пахаванням трэба аддаваць належную пашану, але не варта забываць, што могілкі, нягледзячы на сваю гістарычную назву, не з’яўляюцца выключна вайсковым мемарыялам і маюць усе рысы, уласцівыя для гарадскіх цывільных некропаляў.

Музей пад адкрытым небам

Валанцёры лічаць, што перадусім варта паспрабаваць выправіць сітуацыю, якая склалася на ўчастку могілак, дзе Спецкамбінат КБА ўжо ўсталяваў падгалоўнікі — тут іх можна замяніць на аналагічныя альбо, калі магчыма, вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы і надмагіллі. А вось ад падгалоўнікаў у будучыні валанцёры прапаноўваюць наогул адмовіцца, бо яны неўласцівыя для беларускай пахавальнай традыцыі і часам выкарыстоўваюцца толькі на воінскіх пахаваннях. Устаноўка падгалоўнікаў на пахаваннях цывільных таксама прыводзіць да нівелявання розніцы паміж імі, скажаюць традыцыйны ландшафт могілак і змяняюць яго ўспрыняцце. Больш за тое — пасля дажджу на падгалоўніках немагчыма разабраць нанесены тэкст з імёнамі пахаваных, а ўзімку пад снегам такіх надмагільных знакаў наогул не відаць, і могілкі пакідаюць уражанне пусткі.

Валанцёры звяртаюць увагу, што некарэктна лічыць пэўныя помнікі “невыразнымі” ці “неэстэтычнымі” — такія азначэнні наогул дужа сумнеўныя і спрэчныя. На думку валанцёраў, маюць каштоўнасць нават адметныя помнікі ручной работы, якія сваякі пахаваных выраблялі ў небагатыя паваенныя гады з падручных матэрыялаў — напрыклад, крыжы і агароджы, звараныя з трубаў і шасцярэнь. Такія артэфакты таксама могуць выклікаць зацікаўленасць даследчыкаў і турыстаў, бо даюць уяўленне аб адпаведным перыядзе гісторыі, аб тагачасных рэаліях і традыцыях пахавання.

Валанцёры падкрэсліваюць, што стаўленне да старадаўніх могілак паказвае ўзровень сталасці і адказнасці грамадства. Яны прапануюць стварыць на могілках музейную прастору, на якой можна будзе збіраць артэфакты, што ў працэсе рэканструкцыі могілак не змогуць быць пакінутыя на ранейшых месцах. Таксама ёсць прапановы ўключыць могілкі ў агульнагарадскія экскурсійныя маршруты і папулярызаваць іх як турыстычны аб’ект.

Як пазбегнуць ранейшых памылак

Прадстаўнік беларускага камітэта ICOMOS Цімафей Акудовіч у сваім выступе адзначыў, што ў Беларусі, на жаль, не выпрацаваны адзіны падыход да работ па добраўпарадкаванні могілак наогул і гістарычных у прыватнасці. Ён падзяліўся рэкамендацыямі, складзенымі беларускім камітэтам ICOMOS у супрацоўніцтве з адмыслоўцамі, якія займаюцца даследаваннем праблем могілак. Між іншага было адзначана, што на прыкладзе Вайсковых могілак варта звярнуць увагу на традыцыю ўсталявання на магілах агароджаў. Яна паступова знікае, таму асабліва важна зафіксаваць яе на такім некропалі. Абмяркоўвалася і вертыкальная скіраванасць элементаў ландшафту могілак у беларускай традыцыі і неабходнасць захавання як крыжоў і вертыкальных надмагілляў, так і дрэваў. Цімафей Акудовіч адзначыў, што рэканструкцыя Вайсковых могілак — першы прыклад маштабных работ па добраўпарадкаванні такога гістарычнага аб’екта, і ён будзе вызначаць кірунак далейшых дзеянняў на іншых могілках.

Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юлія Латушкова распавяла аб аналагічным прыкладзе добраўпарадкавання ў 2012 годзе Крупецкіх могілак у Мінску на праспекце Пераможцаў ля скрыжавання з Вясёлкавай вуліцай. Сярод недахопаў, дапушчаных тым разам, яна адзначыла тое, што работы праводзіліся без належнага ўзгаднення як са сваякамі пахаваных, так і з гісторыкамі ды іншымі адмыслоўцамі. Таму сёння важна імкнуцца пазбегнуць падобных памылак пры добраўпарадкаванні Вайсковых могілак ды іншых пахаванняў у Мінску і па ўсёй Беларусі.

Падчас сустрэчы слова таксама ўзяў былы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі, які падкрэсліў, што работы па добраўпарадкаванні Вайсковых могілак мусяць адбывацца перадусім паводле законаў аб ахове спадчыны, а не Закона аб пахаваннях, бо гэтыя могілкі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Падсумоўваючы парады валанцёраў і адмыслоўцаў, Цімафей Акудовіч паведаміў, што беларускі камітэт ICOMOS створыць камісію, якая мусіць заняцца выпрацоўкай канцэпцыі захавання гістарычных могілак Беларусі і супрацоўнічаць у гэтай справе з дзяржаўнымі органамі, адказнымі за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Хочацца спадзявацца, што наладжванне такога дыялогу дазволіць палепшыць сітуацыю на гістарычных могілках і пазбегнуць ранейшых памылак і недахопаў, дапушчаных пры іх уладкаванні.