Кошт і каштоўнасць статусу

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Беларусь багатая на архітэктурныя помнікі. Бадай у кожным кутку краіны ёсць будынкі, далейшы лёс якіх можа хваляваць неабыякавых аматараў гісторыі і патрыётаў сваіх мясцін. На жаль, у грамадстве часта ўвагу на такія будынкі звяртаюць, толькі калі ім пачынае пагражаць разбурэнне — і тут раптам высвятляецца, што яны не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а значыць, абараніць іх ад знікнення даволі складана. Але ці ўсе аб’екты могуць прэтэндаваць на атрыманне такога статусу, як правільна гэта зрабіць і з чыёй дапамогай? Пра гэта “К” пагутарыла з прадстаўніцай моладзевага грамадскага аб’яднання “Гісторыка” Таццянай ПЯТРОВАЙ і занатавала яе парады.

/i/content/pi/cult/749/16246/pages-4-5-copy-4.jpg

Што такое статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і якія перавагі ён дае аб’екту спадчыны?

Далёка не кожны архітэктурны аб’ект можа прэтэндаваць на атрыманне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці — для гэтага ён мусіць адпавядаць пэўным крытэрыям, пра якія згадаем ніжэй. Будынкі, што не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, падпарадкоўваюцца агульнаму заканадаўству аб архітэктурнай дзейнасці — а значыць, іх магчыма зруйнаваць, перабудаваць, неяк змяніць іх выгляд. Тыя ж помнікі, якія маюць статус каштоўнасці, бярэ пад ахову дзяржава. Для іх таксама могуць быць вызначаныя зоны аховы, што забяспечваюць лепшае захаванне будынкаў і ўспрыманне іх адметнасцяў.

Хто можа падаць прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці?

Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб
культуры, падаваць прапанову могуць дзяржаўныя навуковыя арганізацыі, іншыя юрыдычныя асобы, а таксама грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прафесійна выявілі культурную каштоўнасць і ёй можа быць нададзены такі статус. То-бок ініцыятарам прапановы можа быць любая асоба альбо грамадская арганізацыя, чыя прафесійная дзейнасць звязаная з гісторыяй, архітэктурай, мастацтвам і гэтак далей. Але і тыя грамадзяне, якія не звязаныя па родзе дзейнасці з гэтымі галінамі, могуць звярнуцца да адпаведных спецыялістаў — архітэктараў, гісторыкаў, музейшчыкаў, — каб яны выступілі пасярэднікамі паміж грамадзянінам і органам улады, у які падаецца прапанова.

Пры падрыхтоўцы прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці трэба кіравацца артыкуламі 90—93 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь, што рэгламентуюць парадак унясення прапаноў, фіксацыю, апрацоўку і навуковую ацэнку культурных каштоўнасцяў, а таксама крытэрыі надання статусу каштоўнасці.

Як вызначыць, што можа з’яўляцца каштоўнасцю, а што — не?

Каб вызначыць, ці можа аб’ект прэтэндаваць на статус, таксама варта звярнуцца да Канвенцыі аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны (артыкулы 1—5), Міжнароднай хартыі па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў і славутых мясцін (артыкулы 1, 11 і 14), Прынцыпаў Валеты па захаванні і кіраванні гістарычнымі гарадамі і ўрбанізаванымі тэрыторыямі (артыкулы 1 і 4). У гэтых міжнародных дакументах даволі ясна і даступна апісана, што можа з’яўляцца каштоўнасцю, а што — не, і гэта дапамагае пазбегнуць многіх непаразуменняў і дарэмнай працы.

/i/content/pi/cult/749/16246/pages-4-5-copy-3.jpgНайчасцей узнікаюць пытанні да аўтэнтыкі помніка — моцна перабудаваныя аб’екты прэтэндаваць на статус каштоўнасці ўжо не могуць. Таксама пры падачы прапановы варта прадугледжваць далейшыя кірункі развіцця аб’екта і яго атачэння пасля надання статусу каштоўнасці. Так, напрыклад, калі ў наваколлі помніка ёсць іншыя цікавыя аб’екты, гэта можа павысіць верагоднасць таго, што прапанова будзе прынятая.

Перадусім варта ўлічваць узрост будынка: на статус каштоўнасці ён можа прэтэндаваць, толькі калі старэйшы за 40 гадоў. Таксама ёсць шэраг іншых крытэрыяў, якім мусіць адпавядаць аб’ект. Напрыклад, ён можа адлюстроўваць традыцыі ці ідэалагічныя прынцыпы сваёй гістарычнай эпохі, альбо з’яўляцца цэнтрам гістарычнай падзеі ці быць звязаным з жыццём і творчасцю пэўнай выбітнай асобы. Таксама могуць прэтэндаваць на статус каштоўнасці будынкі, якія ўяўляюць з сябе выдатныя ўзоры пэўнага архітэктурнага стылю, значныя з пункту гледжання мастацтва, горадабудаўніцтва, навукі і тэхнікі, збудаваныя з аўтэнтычных матэрыялаў і гэтак далей. Помнік можа быць прапанаваны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, калі ён адпавядае хаця б двум з гэтых крытэрыяў.

Звярнуцца па кансультацыю за звесткамі аб аб’екце і яго гістарычных ці архітэктурных вартасцях можна ў такія ўстановы, як Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускі саюз архітэктараў. Таксама такой інфармацыяй могуць валодаць супрацоўнікі гістарычных і краязнаўчых музеяў.

Як падрыхтаваць прапанову?

Прапанова складаецца з матэрыялаў фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі, а таксама абгрунтавання неабходнасці надання статусу каштоўнасці. Фіксацыя ўключае тэкставае апісанне: што аб’ект уяўляе з сябе, як выглядае, з чаго складаецца, з якіх матэрыялаў збудаваны, як аздоблены, у якім стане захаваўся. Таксама прапанова мусіць уключаць фотаздымкі, прытым фатаграфаваць будынак пажадана так, каб фасад не закрывала ні лісце, ні снег. Адметныя элементы аздаблення фасадаў варта фатаграфаваць асобна. На здымках мусяць быць зафіксаваныя ўсе фасады будынка — звычайна стае двух фота, на кожным з якіх відаць па два фасады. Таксама аб’ект мусіць быць адлюстраваны на картаграфічным матэрыяле ў маштабе 1 : 10 000 — так, каб было відаць яго межы і месцазнаходжанне.

Навуковая апрацоўка ўключае гістарычныя звесткі аб характары каштоўнасці ў параўнанні з аналагічнымі аб’ектамі — дзе яшчэ яны існуюць, чым прапанаваны помнік вылучаецца на іх тле. Тут таксама даецца характарыстыка архітэктурных элементаў будынка, адзначаецца, наколькі і дзе яны распаўсюджаныя, якія з іх агульныя для падобных аб’ектаў, а якія робяць прапанаваны помнік адметным.

Таксама ў навуковую апрацоўку ўваходзяць звесткі аб уплыве помніка на развіццё краіны ці рэгіёна - чым ён быў важны, якія працэсы ў грамадстве былі з ім звязаныя. Неабходна падаць інфармацыю аб аўтары аб’екта альбо датычнасці да яго выбітных гістарычных асоб, аб перыядзе, калі будынак быў збудаваны, і аб усёй яго гісторыі.

Напрыканцы мусяць змяшчацца дакладна сфармуляваныя вывады аб прычынах, па якіх аб’екту прапаноўваецца надаць статус каштоўнасці. Мастацкая ацэнка ж, у сваю чаргу, мусіць утрымліваць аналіз асаблівасцяў пэўных архітэктурных стыляў, якія мае помнік, а таксама змяшчаць суадносіны гэтых прыкмет аб’екта з пэўным этапам развіцця архітэктуры і мастацтва.

Нарэшце, абгрунтаванне неабходнасці надання статусу каштоўнасці мусіць змяшчаць асноўныя звесткі, выяўленыя падчас навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі, паказваць асноўныя вартасці аб’екта і крытэрыі, якім ён адпавядае. Тут таксама павінны прысутнічаць звесткі аб уласніку аб’екта, магчымасцях і перспектывах яго выкарыстання — каб было відаць, што пасля атрымання статусу каштоўнасці будынак не застанецца стаяць без гаспадара, а будзе прыносіць карысць грамадству.

Куды трэба падаваць прапанову?

Калі раней пастановы падаваліся ў Міністэрства культуры краіны, то ў адпаведнасці з дзейным сёння заканадаўствам іх трэба падаваць у мясцовыя органы ўлады — на разгляд камісіі па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пры абласных выканаўчых камітэтах. Прытым можна прадубліраваць прапанову, даслаўшы яе таксама ў раённы выканаўчы камітэт. Прапанову неабходна дасылаць не толькі ў электронным, але абавязкова яшчэ і ў папяровым варыянце.

Такім чынам, унесці прапанову аб наданні архітэктурнаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можа любая асоба, але ўсё ж займацца складаннем дасье мусіць спецыяліст з адпаведнай адукацыяй, бо зрабіць належную навуковую апрацоўку і даць мастацкую ацэнку помніка без пэўнай падрыхтоўкі даволі складана.

Тэрмін падрыхтоўкі прапановы можа складаць ад некалькіх месяцаў да года, таму падыходзіць да гэтай справы варта адказна і грунтоўна. А самае галоўнае — не трэба чакаць, пакуль узнікне пагроза руйнавання помніка ці ягоны стан значна пагоршыцца. Каб захаваць гісторыка-архітэктурную спадчыну, лепш падбаць пра яе захаванне загадзя.