Шмат абліччаў аднаго краю

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Арт-Мінск” і Культурнай праграмы да II Еўрапейскіх гульняў выстава “Наш край любімы — Беларусь” адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі. Там прадстаўлены творы асоб, чый аўтарытэт як творцаў падаецца знаўцам мастацтва непахісным. З разнапланавых твораў атрымалася гарманічная экспазіцыя, якая распавядае пра шматлікія вобразы нашага краю.

/i/content/pi/cult/749/16242/64216066_2445505812402333_5787884502021832704_n-S.jpgГэта і ўзноўленыя Тамарай Васюк архаічныя (і пры гэтым такія “хайтэкаўскія”!) формы даўняй керамікі; і старажытныя артэфакты ў графічнай версіі Рыгора Сітніцы — як сведчанне 1000-гадовай гісторыі беларускай дзяржаўнасці; роздум пра адвечныя каштоўнасці жыцця на палатне Леаніда Шчамялёва і пра месца рэлігіі і духоўнасці ў жыцці сучаснага чалавека — у жывапісным творы Уладзіміра Тоўсціка. Цудоўна дапасуецца вытанчанае ткацтва Алы Непачыловіч і абстрактныя металічныя пано Мікалая Кузьміча; габелены Наталлі Сухаверкавай, прысвечаныя зорнаму небу, і містыка беларускай зямлі на графічных аркушах Уладзіміра Васюка. Цэх скульптараў у экспазіцыі прадстаўляе Уладзімір Слабодчыкаў. Ягоная блізкая да абстракцыі пластыка мае рысы пазачасавасці, але ў ёй выразна выяўлена сучасная эстэтыка. А разам з творамі сучасных мастакоў на выставе прадстаўлены і музейныя артэфакты, якія ў кантэксце экспазіцыі набываюць сімвалічны сэнс — бы рэха мінуўшчыны.

Дарэчы, знаходзіцца Нацыянальны гістарычны музей непадалёку ад галоўнай арэны Гульняў.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"