Гран-пры ў Баку для “Янкі Купалы”

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Наша краіна ўжо 16 гадоў удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дзяржаў СНД “Мастацтва кнігі” і за гэты час яшчэ ніводнага разу не абыходзілася без узнагародаў. Больш за тое, Беларусь упэўнена займае першае месца па колькасці дыпломаў у гэтым кніжным спаборніцтве — 151 за ўсю гісторыю. Сёлета ж у нашым кніжным невадзе проста фантастычны ўлоў! Як паведамілі надоечы журналістам на прэс-канферэнцыі ў сталічным Доме прэсы, на XVІ Міжнародным конкурсе СНД “Мастацтва кнігі”, які ладзіўся 30 — 31 мая ў Баку, нашыя кнігі атрымалі 20 узнагарод, сярод якіх і ўжо дзявятае па ліку Гран-пры.

/i/content/pi/cult/749/16241/pages-2-3-copy-2.jpgКанкурэнцыя, між іншым, была больш чым сур’ёзная. Па словах начальніка ўпраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алены Паўлавай, у конкурсе сёлета ўдзельнічалі больш за 80 выданняў з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана. Няцяжка падлічыць сёлетні каэфіцыент паспяховасці беларускай кніжнай прадукцыі — фактычна кожная чацвёртая ўзнагарода XVІ Міжнароднага конкурсу СНД “Мастацтва кнігі” дасталася менавіта нашым выданням! Калі быць дакладным, то ў нас Гран-пры (персанальная энцыклапедыя “Янка Купала” ў трох тамах выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”), восем першых месцаў, два другія і дзевяць спецыяльных дыпломаў, у тым ліку, мабыць, самы каштоўны з іх — дыплом “Жамчужына культурнай спадчыны”, які атрымала выданне ў трох кнігах “Першы буквар. Факсімільнае ўзнаўленне”.

Папраўдзе, прэс-канферэнцыя з нагоды трыумфу нашых выданняў на XVІ Міжнародным конкурсе СНД “Мастацтва кнігі” больш нагадвала не справаздачу, а круглы стол, многія ўдзельнікі якога спрабавалі аналізаваць сітуацыю поспеху ды ўздымаць надзённыя пытанні. Прыкладам, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак адной з галоўных прычын паспяховасці беларускай кнігі на міжнародных кніжных конкурсах назваў тое, што ў нас захавалася школа прафесійнага афармлення, дызайну і мастацтва кнігавыдання. Кнігі “Мастацкай літаратуры” ўзялі на конкурсе ў Баку дзве ўзнагароды: “Гімн святлу” Ай Цына — дыплом 1 ступені ў намінацыі “Арт-кніга” і “Чарадзейны пярсцёнак” — спецыяльны дыплом у намінацыі “Мастацтва ілюстрацыі”.

— Сёння, калі прыходзіш у кнігарню, ты бачыш вельмі шмат кніг, у тым ліку выдадзеныя вялікімі тыражамі, але яны аднадзённыя. Вось трэба чытачу жаночы раман — і яны выдаюцца, чытаюцца і забываюцца. Такое ж забыццё чакае і мастацкае афармленне гэткіх кніг — кідкае, разлічанае на масавага чытача, але часта абсалютна безгустоўнае. Што ж да беларускай кнігі, то гэта ў першую чаргу прафесійнае афармленне. З аднаго боку, традыцыя, якую важна захоўваць, а з другога — ужо ХХІ стагоддзе са сваімі новымі трэндамі ў кніжным дызайне, — адзначыў Алесь Бадак.

Генеральны дырэктар РУП “Белпошта” Уладзімір Матусевіч (кніга “Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь 2017” атрымала дыплом 1 ступені ў намінацыі “Аддрукавана ў Садружнасці”) заўважыў, што паштовая марка сёння перастала быць толькі сродкам перадачы інфармацыі. Цяпер яна мае і не менш важную функцыю адмысловага пасланніка нацыянальнай культуры і гістарычнай спадчыны, расказваючы пра іх усяму свету. Ва ўнісон з гэтымі развагамі прагучаў выступ старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, які падкрэсліў, што выдавецкая справа ўжо многія гады з’яўляецца адным з адметных брэндаў Беларусі і, безумоўна, гэта вельмі важна для прэзентацыі нашай краіны ў міжнароднай супольнасці.

Сярод кніг-пераможцаў Тадэвуш Іванавіч асабліва адзначыў выданне “Арганы Беларусі” “Беларускай энцыклапедыі Петруся Броўкі” (дыплом 1 ступені ў намінацыі “Дыялог культур”), якое імгненна разышлося і ўжо стала рарытэтам. “Арганізатары і журы конкурсу “Мастацтва кнігі” невыпадкова выяўляюць павышаную цікавасць да кніг, прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыны, бо менавіта яна найбольш дакладна характарызуе нацыянальную ідэнтычнасць кожнай краіны. У выпадку ж з кнігай “Арганы Беларусі” нам адкрыўся зусім невядомы пласт нашай культуры. Для мяне як аднаго з ініцыятараў гэтага праекта было вельмі важна прыцягнуць увагу спецыялістаў, Беларускага Касцёла і грамадства ў цэлым да гэтай праблемы, каб рэалізаваць у будучым праграму адраджэння старадаўніх арганаў Беларусі. Бо, па-першае, самі арганы з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны і многія з іх могуць быць уключаны ў адпаведны рэспубліканскі Спіс, а па-другое, у сувязі з адраджэннем арганаў можна гаварыць і пра фарміраванне сеткі выдатных канцэртных залаў у перспектыве — дзеля папулярызацыі класічнай музыкі”, — распавёў старшыня Беларускага фонду культуры.

Сярод іншых дыпламаваных кніг хацелася б адзначыць такія выданні, як “Пан Тадэвуш. Адам Міцкевіч” выдавецтва “Беларусь” (дыплом 1 ступені ў намінацыі “Мастацтва ілюстрацыі”, аформленае народным мастаком Беларусі Васілём Шаранговічам), “Вялікі гістарычны атлас Беларусі” ў 4 тамах РУП “Белкартаграфія” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь (спецыяльны дыплом у намінацыі “Мая краіна”), серыю кніжак, прысвечаных трагедыі і гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” (дыплом 1 ступені ў намінацыі “Перамога”).

Кнігі-пераможцы XVІ Міжнароднага конкурсу СНД “Мастацтва кнігі” будуць шырока прадстаўлены ў рамках Дня беларускага пісьменства ў Слоніме ў верасні, а некаторыя з іх — ужо сёння, 15 чэрвеня, на фестывалі “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”.

Фота аўтара