Аўдыя & Відэа

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Майскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць прадзюсар Уладзімір ШАБЛІНСКІ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/749/16236/Groove-66666666666_opt.jpegГурт Groove Dealers, альбом Motherfunk

А.: Нямногія айчынныя музыканты спецыялізуюцца на фанку, таму кожная такая праява ўжо заслугоўвае ўвагі. Ну а калі гэта сыграна смачна, якасна, прафесійна, з веданнем тэмы, то такога выканаўцу застаецца толькі вітаць. Што я з задавальненнем і раблю! Цікава будзе паназіраць за гэтым калектывам у яго далейшым развіцці: куды, на якія музычныя вышыні выведзе яго любоў да дадзенага кірунку?

B.: Пераважна цяжкі фанк, трошкі электронікі на гарнір і рэчытатыў, у якім слухачу транслююцца перажыванні герояў кампазіцый. Некаторыя мне незразумелыя абсалютна — столькі слоў у іх нагрувашчана, што з нейкага моманту зусім перастаеш урубацца ў агульны сэнс. Але вельмі добрыя трэкі “Карыда”, у якім смачна ўсё, пачынаючы з аранжыроўкі і заканчваючы тэкстам, і танцавальны, практычна інструментальны “B-Side Funk” — безумоўныя хіты. У цэлым жа — моцны гурт, моцны альбом.

/i/content/pi/cult/749/16236/5555555555_opt.jpegГурт “Союз”, альбом II

A.: Яшчэ адна якасна выкананая работа. Нічога лішняга, нічога выдуманага, наноснага. Можна было, вядома, наварочаць у гэтым альбоме ультрагармоній і іншых нечаканых музычных хадоў — стыль дазваляе, але артысты абышліся тым, што палічылі неабходным на гэтым этапе сваёй творчасці. Прадбачу папрокі, што камусьці матэрыял можа здацца сумнаватым. Я б сказаў інакш — ён настраёвы, з маім унутраным станам на момант праслухоўвання рэлізу супаў.

B.: Усё гэта, вядома, прыгожа, можа, для кагосьці вельмі прыгожа. Краўт-рок ці нават, калі такі кірунак існуе, краўт-поп. Альбо так яшчэ — моцна спрошчаны сінці-поп. Чылаўт, адным словам. (Спадзяюся, даходліва растлумачыў?) Музыка для рэлаксацыі — гэта ўжо калі трыма. (Ну, цяпер дакладна зразумелі.) Увечары, за куфлем добрай прахалоднай гарбаты, зойдзе выдатна. Рамантыка і яшчэ раз рамантыка. Але ў сон уганяе канкрэтна, і гарбатай цалкам можна заліць сабе парадна-выхадное хатняе адзенне — на трэку пятым, а то і чацвёртым, калі вочы канчаткова зліпнуцца, усё ад гарбаты зліпнецца…

/i/content/pi/cult/749/16236/Steal-7777777775454_opt.jpegПраект Stealurmind, альбом Fake Memories

A.: Не занадта мяне чапляюць такія “музыкі”, але галавой я разумею, што ўсё зроблена на ўзроўні. Сам бы я пад прапанаваныя трэкі на танцпляцы адрывацца не стаў — ні ў павольным, ні ў хуткім кружэнні — гады ўжо не тыя, але частцы моладзі гэтыя кампазіцыі “зайсці” павінны. А што яшчэ трэба артысту, як не поспех у публікі?

B.: Цалкам сабе прыстойнага ўзроўню трып-хоп, мінімалісцкі па гучанні і зусім недэпрэсіўны — у клубах такая музыка зойдзе “на ўра”. І на фэстах электроннай скіраванасці гэтыя трэкі поспех мелі б — як разагрэў перад выступам якога-небудзь гучнага па імені і саўнду хэдлайнера. Практычна ўсе кампазіцыі рэлізу маглі б прэтэндаваць і на траплянне ў чарты, складайся яны ў нас для гэтага.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/749/16236/Untitled-1-88887656_opt.jpegГурт Drezden, кліп на песню “Каалы”

А.: Гурт выпусціў цудоўны, настальгічны, стылізаваны пад электроніку, постпанк і новую хвалю 1980-х дэбютны поўнафарматнік. І кожная песня з яго так і прасілася быць увекавечанай у кліпе. Аднак відэа здалося мне мо і злёгку, але перагружаным усялякімі асацыяцыямі і паралелямі. “Простасць” альбома, як мне здаецца, не адпавядае па большай частцы карцiнцы ролiка. Зразумела, што асабліва апошнія творы Міхалка не такія легкаважныя, як гэта можа камусьці здацца, але часам мы залішне пераціскаем, укладваючы ў іх настолькі глабальныя сэнсы.

B.: Можа, адзіная песня з дэбютнага альбома крайняга праекта Сяргея Міхалка, якая мне хоць неяк спадабалася цалкам — тэкстам, мелодыяй, аранжыроўкай. Аб чым яна? Пра тое, што застаецца разам з чалавекам у гэтым свеце, які кудысьці развіваецца і ў якім няма месца плюшавым каалам. Але моцна засмучацца гэтаму факту не трэба, хіба толькі дапускаецца засумаваць услед нават не ўласнаму мінуламу, а наогул нялічбаваму часу. Уласна, у прыватнасці, як я зразумеў, пра тое ж і кліп (злёгку, на мой погляд, перагружаны эфектамі) — калі людзі сярэдняга пакалення ўжо ўраслі ў іншае, а тое даўняе яшчэ іх не адпускае. Кагосьці так і не адпусціць.