Бацькі чытаюць — чытаюць дзеці?

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

Яшчэ ў рамках міжнароднай выставы “СМІ ў Беларусі” ў мінулым месяцы давялося прысутнічаць на круглым стале, прысвечаным тэме “Дарослыя праблемы дзіцячага чытання”. Казалі шмат, прыгожа, яскрава, па тэме, але ў большасці — тэарэтычна. Практыкаў, якія штодзённа маюць зносіны з дзецьмі-чытачамі, чамусьці не было. Сама ж маю багаты вопыт, і як бібліятэкару мне хочацца шмат сказаць пра чытанне і малодшых школьнікаў, і старшакласнікаў, бо праблемы ёсць ва ўсіх групах.

/i/content/pi/cult/749/16231/7.jpgНе так даўно ў нашу восьмую дзіцячую бібліятэку Мінска прыйшоў раззлаваны мужчына з патрабаваннем выдаць яму літаратуру пра Вялікую Айчынную вайну, бо яго 11-гадовы сын нічога пра яе не ведае. Перабіраючы прапанаваныя кнігі, мужчына скардзіўся на настаўнікаў і адукацыйны працэс — нічога не расказалі, творы ваеннай тэматыкі не чыталі, у музей не вадзілі, на экскурсію ў Хатынь не звазілі... Я, праўда, вельмі сумняюся, што насамрэч так і было, але ў мяне пытанне да бацькі: што ён рабіў і дзе быў? Мужчына ж быў упэўнены, што гэтымі пытаннямі павінна займацца школа. На маю думку, гэта абавязак бацькоў. У кожным беларускім горадзе шмат помнікаў загінулым байцам і вуліц, названых у гонар герояў вайны. Інтэрнэт у дапамогу, калі лянотна лішні раз наведаць бібліятэку.

Тое ж самае і з чытаннем (і не толькі з ім). Любоў да кнігі павінны прывіць бацькі яшчэ ў дзяцінстве. На семінары прагучала слушная думка: школа не прывівае любоў да чытання. Цалкам згодная! Чытанне па школьнай праграме — гэта абавязак. Якая тут можа быць любоў? Што кажуць нашы чытачы пра школьную літаратуру: сумна, незразумела, цяжка, дэпрэсіўна, штосьці спадабалася, але не вельмі. Вядома, ёсць і станоўчыя водгукі, калі дзецям твор цалкам спадабаўся і яны атрымалі задавальненне ад прачытанага, але ж адмоўных больш.

Галоўнае адрозненне чытання “для душы” ад праграмнага — дзіця абярэ тое, што яно хоча чытаць менавіта сёння, з пэўным настроем, пачуццямі, жаданнямі, марамі. Школьная ж праграма навязвае тое, што палічылі вартым незнаёмыя дарослыя. А ці любіце вы, калі вам штосьці навязваюць і прапануюць сілком?

Адсюль і выцякае не любоў да кнігі, а прыхільнасць да электронных гульняў. Чытаць цяжэй, чым гуляць, чытанне — гэта праца. Якое стаўленне да працы ў чалавека, калі яна яму не даспадобы? І шмат дарослых не дачытваюць кнігу нават да сярэдзіны, калі яна не зацікавіла. Школьнік такой магчымасці не мае, хіба толькі двоечнік.

“Тут няма чаго чытаць, адны малюнкі”

Вяртаемся ў дзяцінства. На сёння кніг для самага маленькага ўзросту не адна сотня. Пачынаючы ўжо з першага году жыцця, дзяцей можна атачыць прыгожымі кнігамі-малюнкамі, дзе амаль што няма тэксту, але ёсць цудоўныя ілюстрацыі, праз якія можна пазнаваць наваколле. З узростам дзіцяці расце колькасць і складанасць тэксту.

Устойлівае меркаванне “бацькі чытаюць — дзеці чытаюць” часцяком не адпавядае рэчаіснасці. Нават прыводзячы сваіх дзяцей у бібліятэку, большасць з іх самі выбіраюць кнігі і не хочуць браць упадабаную кнігу самім дзіцём. Прычым такое становішча не толькі з малымі дзецьмі, але і з больш старэйшымі, амаль што самастойнымі школьнікамі. Рэплікі бацькоў у такіх выпадках здзіўляюць і абураюць: “тут няма чаго чытаць, адны малюнкі”; “табе не будзе гэта цікава”; “коміксы — не літаратура”, “я ў тваім узросце ўжо Верна чытаў”, “фэнтэзі не бяры, ты і так шмат фантазіруеш”, “ты такі мульцік глядзела, навошта табе яшчэ кнігу чытаць?”. І гэта ў бібліятэцы, дзе ўсе кнігі бясплатныя! Не дзіўна, што з такім падыходам дзеці ў хуткім часе перастаюць чытаць, а бацькі скардзяцца на іх, на тэлефоны, планшэты і інтэрнэт.

Наконт фэнтэзі — бацькоў не разумею. Народныя чароўныя казкі, што беларускія, што замежныя, — тое ж самае фэнтэзі. Змей Гарыныч, Баба Яга, дамавікі, лесуны, русалкі, гномы — менавіта яны аснова сучасных твораў у гэтым жанры. У той жа школьнай праграме казкі чытаюць да пятага класа — і нічога. А да сучасных аўтараў-казачнікаў бацькі ставяцца скептычна. Ды і не толькі да казачнікаў. Ёсць бацькі (і іх шмат), якія лічаць, што ў сучаснай літаратуры ўвогуле няма нічога прыстойнага, і прымушаюць сваіх дзяцей чытаць толькі тое, што чыталі ў сваім дзяцінстве.

На малюнкі, на маю думку, увогуле наракаюць бацькі дарма. Кніга пачынаецца з вокладкі, дзіцячая кніга прыцягвае ілюстрацыямі, а тэкст у ёй стаіць на трэцім месцы. “Візуалізацыя дапаўняе тэкст, выкарыстоўваецца як магніт”, — гучала падчас круглага. Гэта яшчэ б усвядоміць некаторым нашым выдаўцам. Расійскі дзіцячы кніжны рынак ужо даўно працуе па гэтым прынцыпе. Нашы кнігі значна прайграюць, таму часта і застаюцца на паліцах бібліятэк і кнігарняў.

Попыт на фэнтэзі і дэтэктывы

Зараз шмат кажуць пра кліпавае мысленне ў дзяцей (і ў дарослых таксама). На сустрэчы абмяркоўвалі і гэтую тэму. Дзецям цяжка засвойваць вялікія кавалкі пазнавальнага тэксту, асабліва без малюнкаў і графічных дадаткаў. Але ж дарослыя самі пераходзяць на такое мысленне і камунікацыю праз нейкія піктаграмы, смайлікі і стыкеры пры перапісцы ў мэсэнджарах. Дык чаго ж мы хочам? У дзяцей ёсць з каго браць прыклад.

Ад знешнасці кнігі пяройдзем да яе зместу. Што чытаюць дзеці? Па дадзеных сацыялагічнага апытання, якое праводзіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі, чытанне ў дзяцей стаіць на трэцім месцы сярод заняткаў у вольны час. На першым — гульні з сябрам, на другім — гульні на вуліцы. Атрымліваецца, дзеці ўсё ж чытаюць гэтак жа шмат, як і раней. І не трэба на кожным кроку казаць, што яны прыклеіліся да тэлефонаў. Тым больш адкуль у іх тыя самыя тэлефоны?

Па выніках таго ж самага апытання, дзеці ў чытанні аддаюць перавагу прыгодніцкай і забаўляльнай літаратуры на рускай мове сучасных аўтараў.

Аналізуючы кнігавыдачу ў нашай бібліятэцы, бачу, што дзеці любога ўзросту выбіраюць дэтэктывы, творы пра сяброўства, крыху старэйшыя — пра каханне, прыгоды, у тым ліку фэнтэзі. Класікаў не па праграме, але ж па рэкамендацыі бацькоў чытаюць толькі малодшыя школьнікі ды старшакласнікі, якія цікавяцца моднымі (то-бок раскручанымі ў інтэрнэце) аўтарамі. Як правіла, заходнееўрапейскімі і амерыканскімі.

Чаму сярод дзяцей у трэндзе так званае “лёгкае чытво”? Па тых жа самых прычынах, што і ў дарослых — за кнігай дзеці хочуць адпачыць, весела правесці час. А сур’ёзнай літаратуры хапае ў школьнай праграме.

Але хто сказаў, што сучасная літаратура для дзяцей пустая? Ёсць шмат твораў, дзе ўздымаюцца сур’ёзныя праблемы — і цяжкія хваробы, і смерць блізкіх, і наркаманія, і раннія палавыя сувязі, і шмат іншага, пра што не ўсе адважваюцца гаварыць са сваімі дзецьмі.

Па-беларуску ў сваё задавальненне чытаюць вельмі мала. Прычым сярод найбольш упадабаных твораў у той жа анкеце падлеткі называлі хіба праграмныя. Хутчэй за ўсё дзеці пісалі творы, якія ўспомнілі.

Складаючы апытанку, я сама папрасіла б падлеткаў напісаць творы сучасных беларускамоўных аўтараў, якіх яны чыталі ці хаця б чулі пра іх. Упэўнена, вынікі не былі б такія вясёлкавыя. Дарэчы, колькі беларускамоўных сучасных аўтараў і іх твораў для падлеткаў і пра падлеткаў зможаце назваць вы? Нагадаю, дзеці ў такім узросце хочуць чытаць пра сябе, пазнаваць суседа, сябра, аднакласніка. Як бы прыкра гэта ні гучала, але ў нас амаль няма сучаснай беларускамоўнай літаратуры для падлеткаў.

Госць круглага стала, пісьменнік Віктар Кажура агітаваў за калыханкі на роднай мове, за чытанне дзеткам самага маленькага ўзросту па-беларуску, дэкламаваў свае творы. Усё гэта цудоўна, аднак і тут мы прайграем расійскаму ці нават рускамоўнаму кніжнаму рынку. У нашай бібліятэцы на двух вялікіх стэлажах для дзетак гадоў да пяці-шасці стаіць каля тысячы кніг, беларускамоўных з іх добра калі паўсотні. Толькі для вучняў пачатковых класаў ніша беларускамоўнай літаратуры больш-менш запоўненая.

“Зрабіў справу — гуляй на славу?”

Падчас круглага стала абмяркоўваліся не толькі колькасныя паказчыкі чытання, але і яго якасць. Дзеці чытаюць больш простыя тэксты, чым раней, прачытанае не запамінаюць, пераказаць не могуць.

Не так даўно наша чытачка, вучаніца 11 класа, сказала мне: “Нас у школе вучаць ставіць крыжыкі. Мы вусна амаль што не адказваем”. Такія рэплікі кажуць ужо самі дзеці! Бо нават у малодшых класах вельмі папулярная форма кантролю ведаў — тэсціраванне. Але ж пытанне застаецца адкрытым: хто будзе вучыць дзяцей гаварыць — прыгожа і зразумела выказваць свае думкі?

Магчыма, на якасць чытання ўплывае хуткасць. Ужо не адзін год рэклама прываблівае вока на розныя курсы хуткаснага чытання для дзяцей, падлеткаў і дарослых, у інтэрнэце ёсць шмат парадаў. Так эканоміцца час, якога і так не стае. Падчас круглага стала выказваліся меркаванні, што хуткачытанне — гэта дрэнна, дзеці не задумваюцца над прачытаным, не суперажываюць герою. Толькі калі ж ім суперажываць, калі трэба рашыць некалькі задач па алгебры ці запомніць новых сто слоў на англійскай, адсядзець сем урокаў, схадзіць у спартыўную секцыю… І тут спрацоўвае “зрабіў справу — гуляй на славу”. З-за вялікай загружанасці ў школе, стомленасці і малой колькасці вольнага часу зніжаецца і колькасць прачытаных дзецьмі кніг. Ужо ад вучняў шостага-сёмага класаў даводзіцца чуць, што не хапае часу на літаратуру для сябе.

Канешне, ні круглы стол, ні гэты допіс, ні размовы праблемы дзіцячага чытання карэнным чынам не вырашаць. Трэба больш рабіць. Беларускім пісьменнікам — больш пісаць цікавых гісторый, выдавецтвам — прыгожа іх афармляць, бібліятэкарам (а таксама аўтарам, гандлярам, настаўнікам) — рэкламаваць, бацькам — чытаць разам з дзецьмі, прыслухоўвацца да іх меркаванняў і жаданняў. Але ж усе гэтыя меры ўсё роўна не дадуць ні аднаму дзіцяці дадатковую вольную гадзіну для кнігі для душы.

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ,
бібліятэкар