“Прадаць карціну — нібы зрабіць сальта назад”

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Дзве галерэі, “Арт-Беларусь” і “Арт-Порт”, аб’ядналіся, каб зладзіць у Палацы мастацтва выставу Антона Шаппо “1+6” — праз гэтую матэматычную формулу мастак выбудоўвае карціну ўнутранага і навакольнага свету. Сума лічбаў у назве дае магічную сямёрку, якая тымі светамі ўладарыць і ўтрымлівае іх фундамент. Сем — і колькасць зямных кантынентаў, якія ўвасабляе кожная работа ў экспазіцыі, у тым ліку Еўропу і Азію па асобку. Раздзяленне гэтых частак свету, якія згодна даўняй традыцыі лічыліся адным мацерыком, дало філасофскі падмурак мастацкай серыі. Спалучэнне ж “1” і “6” утварыла яшчэ і асабістую вертыкаль, на якую нанізваюцца падзеі, што адбываліся ў жыцці аўтара. Пра магію лічбаў, таемства мастацтва і веру ў свае сілы — гутарка з Антонам ШАППО.

/i/content/pi/cult/748/16226/IMG_1175-04-06-19-09-55-S.jpg— Я і мой сын нарадзіліся ў 16-ты дзень месяца, у 16 гадоў я вырашыў, што буду займацца мастацтвам — можна шмат узгадваць, як гэтыя лічбы ўмешваліся ў жыццё, таму я адчуваю іх магію. Серыя “1+6” — мая разгадка гэтай таемнасці праз прымеркаванасць да падзелу зямлі на часткі свету і вылучэнне ў асобныя кантыненты Еўропы і Азіі, праз сувязь чалавека з наваколлем.

— Наша жыццё напоўнена лічбамі, а ці спрацоўваюць такія формулы ў дачыненні да мастацтва?

— Безумоўна. Я запомніў словы свайго сябра-матэматыка, сына дырэктара мастацкай школы ў Наваполацку, дзе я вучыўся. Ён сказаў, што самая блізкая да творчасці галіна, — гэта вышэйшая матэматыка, бо яна абсалютна авантурная, а ўсе лепшыя матэматычныя рашэнні нестандартныя. Творчы чалавек заўсёды рашае задачу нестандартна і таму выйграе.

— Ваша рашэнне займацца творчасцю з аднаго боку можна назваць прадказальным, паколькі бацька і два старэйшыя браты (Уладзімір, Аляксандр і Павел Шаппо — “К”) — мастакі, але з гэтай жа прычыны і нечаканым. Напэўна, цяжка канкурыраваць не толькі з усім мастацкім светам, але і са сваімі роднымі?

— Гэта, безумоўна, цяжар — прыняць такое рашэнне пасля трох мастакоў у сям’і. Кожны задаваў пытанне — навошта? І ніхто, акрамя самых блізкіх, не бачыў ува мне творчага патэнцыялу. Але мне тады было 16. А горад Наваполацк, дзе жыла наша сям’я, правакаваў на авантуры. Я іх мог знайсці ў мастацтве, а мог і на зусім іншым шляху, фіналам якога была б турма. Я абраў творчасць, тым больш, што мне вельмі падабаліся ўсе гэтыя выставы, на якіх п’юць шампанскае і размаўляюць пра мастацтва.

Што да канкурэнцыі, то яе няма, а ёсць вялікае супрацоўніцтва. Магчыма толькі ў юнацкім узросце канкурэнцыя жыве ў тваёй галаве, але яна не злая — проста ты хочаш цягнуцца ўверх і быць не горшым. Няма ніякай канкурэнцыі ў дачыненні і да іншых мастакоў, я шчыра радуюся ўдачы сваіх сяброў. І так цяжка жывецца ў наш каламутны час, калі вакол шмат ілжэмастацтва. Сёння ж кожны чалавек можа назваць сябе мастаком, але гэта не так.

— Хто, на вашу думку, усё ж можа назваць сябе мастаком?

— Той, хто ім сапраўды з’яўляецца і жыве як сапраўдны мастак. Гэта не пра берэт з пёрам, як у кіно. Гэта пра такую адданасць мастацтву, калі няма здрад, калі жыццёвыя каштоўнасці не канцэнтруюцца толькі на матэрыяльным складніку. Так, і быт трэба ўладкаваць. Я таксама хачу мець сям’ю і дзяцей і не хачу трагедый, таму мне трэба зарабляць грошы. Але галоўнае менавіта тое, што робіш выключна для сябе, што любіш больш за ўсё.

— Прадаваць мастацтва — гэта не значыць здраджваць мастацтву?

— Тут трэба раздзяліць мастацтва і майстэрства. Прадаваць сваё майстэрства не сорамна. Калі я раблю на заказ роспіс і атрымліваю грошы — гэта цудоўна. Я ж не прадаю машыны, не марную час як мастак, а набіваю руку. Прыватныя заказы мне падабаюцца менш, лепей рабіць інтэр’еры рэстаранаў, бо для іх можна прыдумаць маленькую гісторыю. Мне такі занятак цікавы, але я разумею, што проста так заказчыкі не даюць грошы. Маўляў, ты класны, рабі што заўгодна. Не. Ёсць давер, але ёсць і пэўная стылістыка, і канкрэтная замова. Ці, напрыклад, я займаюся татуіроўкай. Там гэтаксама — вам прыносяць заказны малюнак. Але хачу развеяць міф пра “мастакоў тату”. Мастак — гэта не рамеснік. Хаця такім сваім поглядам я заўсёды раздражняю татуіроўшчыкаў. Але, калі вы працуеце на заказ і бярэце за гэта грошы — гэта рамяство. Іншая справа, што адбываецца ў нейкім таямнічым пакоі, майстэрні, дзе вы робіце штосьці выключна для сябе. Толькі гэта мастацтва, а ўжо пасля можна ставіць за яго якія
заўгодна кошты. Маеце права.

— Рамяство дае пэўную стабільнасць. А ці патрэбна яна мастаку?

— Не ведаю, у мяне яе ніколі не было. Так, калі я пайшоў працаваць у салон татуіроўкі, з’явіўся заробак. Ён, безумоўна, падкупляе, трымае, выхоўвае пунктуальнасць, прымушае сачыць за знешнім выглядам і дае масу таго, што можна не рабіць і быць пры гэтым свабодным чалавекам. Але часам купляюць і мае карціны — гэта як зрабіць сальта назад, бо ў вас набылі тое, што вы любіце больш за ўсё. Гэта боль расстання і адначасова эйфарыя, што вы падабаецеся і патрэбныя яшчэ некаму, акрамя сябе.

/i/content/pi/cult/748/16226/pages-12-13-S.jpg

— Хапае жыццёвых сіл і на рамяство, і на мастацтва?

— Канешне, не. І тое, і другое моцна вымотвае. І бізнес, і дзеці патрабуюць шмат увагі. Часам пачынаеш губляць розум, літаральна выдзіраеш сабе час, каб толькі сесці памаляваць, хаця б дома, за сталом. Але я шчаслівы чалавек, і апошнія пяць гадоў шчаслівы, як ніколі раней. Мяне захапляе мая вялікая мастакоўская сям’я, мы сябруем, і гэта важнейшае за тое, чым мы займаемся. Хачу, каб гэты стан працягваўся як мага даўжэй. Тое, што цуды нараджаюцца ў трагедыі — вялікі міф. Гісторыя дэманструе, што лепшыя свае работы мастакі стварылі, калі адчувалі сябе добра.

— Сёння цікавае жыццё для мастака?

— Жыццё заўсёды цікавае.

— Але сёння такі час, што само жыццё становіцца мастацтвам. Неабавязкова зачыніцца ў майстэрні, можна выйсці на вуліцу, зрабіць перформанс, прачытаць тэкст, займацца стрыт-артам, відэа-артам, аўдыя-артам — чым заўгодна.

— Усё гэта ўжо сто гадоў як адбываецца.

— Толькі не на нашых вачах.

— Як сказаць. Напрыклад, я з сям’і мастака, вывучаў гісторыю мастацтва, шмат чытаў, гартаў альбомы. І калі я першы раз прыехаў у Парыж, мне падалося, што ў гэтым горадзе я ўжо быў. А што тычыцца жыцця як мастацтва, згодны. Напрыклад, у вас нараджаецца дзіця — і гэта быццам такая акцыя вар’яцкая. Лепш перформанса не прыдумаеш.

— Нараджэнне дзіцяці — працэс біялагічны.

— Але ж вы кажаце, што сёння што заўгодна можна назваць мастацтвам. Я і называю. На маю думку, мае права існаваць усё, акрамя паскудства і агіднасці. Але для мяне самы прыгожы перформанс — гэта спектакль. Лепей ніхто нічога не прыдумаў. Паглядзіце, напрыклад, спектаклі Кірыла Сярэбранікава: каб выказацца, не трэба ісці на плошчу ці выліваць на сябе фарбу. На сцэне можна рабіць усё тое самае, толькі належна, крута, дорага. А да сучаснага мастацтва я вельмі спакойна стаўлюся — яно аднаразовае, а я за тое, каб было штосьці на вякі.

— І тым не менш, відавочна, што яно змяняе наша жыццё.

— Так, прыйшла іншая моладзь, са сваімі глупствамі, але яна не такая страшная і шэрая, як у маім дзяцінстве ў Наваполацку, калі баішся адрознівацца адзеннем ці прычоскай. Сёння моладзь вельмі тэхнічная, на вастрыні IT. Я люблю з ёю паразмаўляць, калі раблю тату. На жаль, ёй бракуе фундаментальнай адукацыі, а таго ж Чэхава ніхто не адмяняў.

— Ці перамесціцца калі-небудзь мастацтва ў віртуальнае асяроддзе?

— Для некага гэта цікава, але я чалавек тактыльны. Там, дзе чалавек рабіў рукамі, мне таксама хочацца датыкнуцца.

— Існуюць для вас адвечныя тэмы ў мастацтве, да якіх хочацца час ад часу вяртацца?

— Не, тэмы могуць быць любымі. Нешта ўзгадалася, навеялася, з’явілася асацыяцыя — і пайшло... Раней я маляваў толькі з халста — ставіў кропку, рабіў мазок — і ад яго рухаўся далей, калі думкі ад рукі ідуць, ад нейкага імпульсу.

— Вы скончылі Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. На гэтым узроўні акадэмічнай адукацыі дастаткова?

— Адукацыя была выдатная, і яе дастаткова. Ёсць шмат людзей, якім увогуле ніякай адукацыі не трэба, яны малююць таму, што атрымалі боскі пацалунак. Але мастаку вельмі патрэбна творчае асяроддзе аднадумцаў, людзей, якія займаюцца аднолькавай справай, і гэтую ролю якраз і выконваюць мастацкія навучальныя ўстановы. У акадэмічнае асяроддзе я патрапіў праз брата, які там вучыўся. Сам жа пасля заканчэння вучылішча ў акадэмію не паступаў, думаў, што яшчэ паспею. Але потым прыйшло іншае пакаленне, скіраванае на бізнес. З ім мне было сумна — без разрываў, без ночаў. З майго курса на пальцах можна было пералічыць, хто сапраўды займаецца мастацтвам. Але так і трэба. Мастакоў не павінна быць шмат. Іх адсейвае само жыццё.

— Чаму такія важныя ночы малявання?

— Таму, што трэба максімальна ўкладвацца — і ноччу, і ўвесь час. Не думаць, ці патрэбны ты. Нельга задаваць сабе гэтае пытанне. Трэба працаваць, працаваць...

— І вы таксама сабе гэтае пытанне не задаеце?

— Розныя ёсць сумневы ў душы, канешне. Я не ўпэўнены ў сабе чалавек і не веру мастаку, калі ён кажа, што мае такую ўпэўненасць. Большасці патрэбна, каб іх цанілі — гэта дае вялікі стымул. Але ў мяне ёсць іншая якасць: баюся, але ведаю, што магу гэта пераскочыць праз сілу, як у дзяцінстве. Я быў маленькі і шчуплы, але біўся з самымі моцнымі. Проста казаў сабе, што падскочу і змагу. І гэта дапамагала.

Іна НАРКЕВІЧ