Без шляхты сумна

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Звычайна шляхта складала ўсяго некалькі адсоткаў ад насельніцтва краіны. Зыходна гэта ваярскае, рыцарскае саслоўе. За свой высокі статус і прывілеі яно плаціла крывёю ў самым што ні ёсць літаральным сэнсе. Дэвізам нашай шляхты ва ўсе часы было “Павінен — значыць можаш!” Нагадаць пра час, калі эліту беларускай дзяржавы складалі людзі такога гарту, мяркую, і было мэтаю выставы “Рыцарскі раман” у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пляцоўка на вуліцы Някрасава)

/i/content/pi/cult/748/16224/pages-8-9-SS.jpg

/i/content/pi/cult/748/16224/pages-8-9-S.jpgЗразумела, уплішчыць у камерную экспазіцыю панараму беларускага Сярэднявечча — а гэта шэраг дзяржаўных утварэнняў, сярод якіх вылучаецца Полацкае княства, на грунце якога паўстала Вялікае Княства Літоўскае, што ў сваю чаргу далей развілася ў Рэч Паспалітую, задача абсалютна нерэальная. Арганізатары выставы гэта разумелі. Яны зрабілі так, каб гледачы адчулі настрой той эпохі, эстэтычныя і маральныя каштоўнасці тае пары, калі людзі не надта адрозніваліся ад нас цяперашніх, але гонар і абавязак ставілі куды вышэй за дабрабыт і прывілеі. Кажуць, што ў кожнага стагоддзя сваё сярэднявечча, укладаючы ў гэта выслоўе адмоўны сэнс. Я ж дазволю сабе дадаць: у кожным сярэднявеччы свая шляхта. Людзі гонару былі, ёсць і будуць.

У выставе бяруць удзел мастакі, што ў сваёй творчасці так ці інакш закранулі тэму “Беларускай Атлантыды”, якая адышла ў нябыт, як прынята лічыць, не вытрымаўшы націску мацнейшых суседзяў, а насамрэч — не здолеўшы ўпісацца ў рэаліі новага часу. Спецыяльна да выставы аўтары не рыхтаваліся. Прынамсі, большасць з іх. Значную частку экспазіцыі складаюць творы, якія дасведчаныя гледачы ўжо маглі бачыць у іншых выставачных праектах: графічныя аркушы Рыгора Сітніцы, прысвечаныя Мірскаму замку і гісторыі Нясвіжскіх муроў; метафарычны жывапіс Уладзіміра Тоўсціка, да якога так і просіцца паэтычны радок з Адама Міцкевіча ці Міколы Гусоўскага; палатно Уладзіміра Стальмашонка, прысвечанае “некаранаваным каралям” Беларусі — Радзівілам; фігуратыўная пластыка Мікалая Байрачнага, што ўражвае гістарычнай дакладнасцю і ювелірнай прапрацоўкай дэталяў, ды іншыя экспанаты выставы ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. Узнікае поліфанія, у якой кожны наведвальнік пачуе штосьці сваё.

Хоць, як вынікае з самой назвы выставы, на ёй дамінуе рамантычнае ўспрыманне рыцарскай эпохі, арганізатары выставы не абмінаюць і тую акалічнасць, што гэта быў час, калі тое, што зараз мы лічым прымхамі, з’яўлялася часткай светапогляду нават
адукаванай часткі грамадства. Час, калі людзі шчыра верылі ў светлых багоў і ў наяўнасць нячыстай сілы. Калі язычніцтва лёгка спалучалася з хрысціянствам, а ў свядомасці людзей ад зямлі нават і пераважала. Таму невыпадкова ў экспазіцыю трапілі графічныя аркушы Валерыя Славука паводле беларускай міфалогіі.

Варта згадаць і вытанчаную графіку Уладзіміра Васюка, Юрыя Якавенкі, Рамана Сустава. Падрабязна распавядаць у гэтых нататках пра асаблівасці творчага почырку такіх слынных майстроў патрэбы няма — іх імёны на слыху, а з творамі абавязкова сутыкаўся кожны, хто цікавіцца нацыянальным мастацтвам. Адно нагадаю, тэма выставы адкрывае шырокія магчымасці для рознага прачытання адных і тых жа з’яў і падзей. Работы ж згаданых графікаў якраз і з’яўляюцца сведчаннем гэтай акалічнасці.

Бадай, самая відовішчная частка экспазіцыі — гэта рэканструкцыя ліцвінскага шляхецкага ўбрання. Калекцыя “Барбара” — сучасны погляд на свецкі касцюм магнатаў і шляхты Вялікага Княства Літоўскага (XVI — XVII стагоддзі). Вельмі эфектна глядзяцца лялькі Алены Байрачнай, якія даюць дакладнае ўяўленне пра тое, што лічылася высокай модай у Заходняй Еўропе пры канцы Сярэднявечча і на якую эстэтыку арыентавалася наша шляхта.

Для мяне галоўная выснова з тае выставы ў тым, што шляхты насамрэч шмат не бывае. Бо цяжкая гэта праца — быць элітай. І яшчэ — без шляхты сумна. І ў даўняй гісторыі, і ў сённяшняй рэчаіснасці.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"