Ці месца скокам побач з Востравам слёз?

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Аўтары “Соцыуму” закранулі гэтым разам пытанне музычнай аздобы сапраўды іміджавай дамінанты сталіцы — плошчы Незалежнасці, якая з’яўляецца і пачаткам аднайменнага праспекта. Але ці толькі там узнікаюць пытанні пра адпаведнасць зместу мерапрыемстваў той унутранай для мінчан сутнасці і атачэнню пэўнага гарадскога кутка?

Яшчэ адна сталічная магістраль — праспект Пераможцаў — на працягу ўсёй сваёй трасы багатая на адметнасці. Тут і арыгінальныя архітэктурныя збудаванні, і памятныя мясціны, і досыць вольная прастора для адпачынку.
На безыменнай плошчы каля Палаца спорту, якая на электроннай карце сталіцы сціпла названа “газонам”, традыцыйнымі сталі і святочныя мерапрыемствы з нагоды дзяржаўных святаў, і спартыўныя ды культурныя падзеі, і… разнастайныя кірмашы.
Прычым, у залежнасці ад сезону, непадалёк ад ажыўленай трасы ў даўжэзных шэрагах палатак прадаюць то школьныя прылады, а то садавіну-гародніну, адкрыўшы поруч яшчэ колькі “фаст-фудаў” пад ненадзейным дахам брызентавага тэнта. Ненадзейным, бо няцяжка ўявіць той аб’ём выхлапных газаў, які нават за гадзіну асядае ці працінае прадукты харчавання. Між тым пра небяспеку “прыдарожнага” гандлю нам нагадваюць з дня ў дзень праз СМІ дзяржаўныя санітарныя службы.
Сёлета для правядзення чарговага мядовага кірмашу быў выбраны напаўадкрыты манеж каля Палаца спорту. Адчуванне свята падтрымлівалі і музыкі з бубнамі й гармонікамі, і апранутыя ў гарэзлівых пчолак студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, і нават своеасаблівае “мядовае радыё”, што няспынна паведамляла на добрую адлегласць спажыўныя і лекавыя ўласцівасці гэтага прадукту. Склаўшы ў адзіны шумавы паток гэты размаіты гармідар, дадаўшы сюды таксама гук трансляцыі на плазменным экране са спаборніцтваў Алімпіяды і аўтамабільныя шумы з праспекта, можна ўявіць, якой какафоніяй гэта ўсё гучыць у офісных шматпавярховіках насупраць. А там установы дзяржаўнай значнасці — міністэрствы культуры і інфармацыі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, цэлы шэраг выдавецтваў ды шмат іншых арганізацый.
Зрэшты, іміджавы бок таксама нельга абмінуць. Ці ж на праспекце Пераможцаў рэгулярна праводзіць кірмашы харчовых тавараў? Ці ж насупраць Вострава слёз наладжваць вясёлае прадстаўленне са скокамі-танцамі? Мусіць, пара вызначыць сталыя пляцоўкі для гэтых імпрэз. Чым тая ж спрадвеку гандлёвая пляцоўка перад Камароўскім рынкам не пасуе для сезонных кірмашоў? Зрэшты, тое пацвердзіць яшчэ адно: у кожнай мясціны свой імідж. Там, дзе згадваецца пра Перамогу народную, там, дзе помніцца пра слёзы народныя, — нам трэба быць гранічна карэктнымі. 

Сяргей ТРАФІЛАЎ