Некампетэнтнасць, схаваная пад гіпсакардонам

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Пабудаваны за савецкім часам сталічны Палац чыгуначнікаў не надта адрозніваецца ад мноства аналагічных аб’ектаў на велізарнай прасторы ад Брэста да Уладзівастока. У іх аснове — аднолькавая канструктыўная схема, вызначаная функцыянальнай мэтазгоднасцю і тэхналагічным патэнцыялам тае пары. Інакш кажучы, гэта тыпавы праект, крыху адаптаваны да канкрэтнага гарадскога асяроддзя. Адзінае, што надае яму ўнікальнасці, — мастацкая аздоба. У 1978 годзе Зоя Літвінава і Святлана Каткова ўпрыгожылі фае роспісам “Мая Радзіма”. Але на сёння ўнікальная адметнасць будынка ўжо можа лічыцца страчанай — роспіс хаваюць пад стандартны гіпсакардон. Пачуўшы пра гэтае, многія задаюцца пытаннем: як жа засцерагчы найлепшыя ўзоры паваеннага манументальнага мастацтва?

/i/content/pi/cult/748/16218/pages-4-5-copy-3.jpg

/i/content/pi/cult/748/16218/pages-4-5-copy.jpgТрэшчыны на шэдэўры

Была ў нас у савецкі час добрая завядзёнка: аздабляць тыповае і стандартызаванае чымсьці ўнікальным — роспісамі, вітражамі, габеленамі. Нават дыпломнікі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва нашага Тэатральна-мастацкага інстытута, калі яе ўзначальваў Гаўрыла Вашчанка, абараняліся пераважна на аб’ектах — аздаблялі інтэр’еры школ, дзіцячых садкоў, медычных устаноў.

“Мая Радзіма” — работа ўжо сталых творцаў. Зоя Літвінава на той момант мела вялікі аўтарытэт у прафесійным асяродку, а ў калямастацкіх колах увогуле лічылася постаццю легендарнай. Роспісам захапляўся Аляксандр Кішчанка. А гэта быў чалавек з бездакорным густам і здольнасцю безпамылкова вылучаць лепшае з наяўнага — як ювелір вылучае сапраўды каштоўны камень сярод нават удалых яго імітацый.

Але ўсе гэтыя акалічнасці на лёс твора не паўплывалі. У Палацы чыгуначнікаў, які сёння называецца Культурна-спартыўным цэнтрам, актыўна ідзе “еўрарамонт”. Дырэктар установы Аляксандр Кулыга кажа, што на рэстаўрацыю роспісу, якому летась споўнілася 40 гадоў, няма грошай. Маўляў, мікраклімат кшталту музейнага тут не прадугледжаны, вось на роспісе і з’явіліся трэшчыны, дзе-нідзе адвалілася фарба.

Як распавёў спадар Кулыга, ён звяртаўся да “асоб дасведчаных”, і тыя агучылі прыблізны кошт рэстаўрацыі — для чыгуначнікаў ён непад’ёмны. Папраўдзе падаецца дзіўным, што не спыталі найперш саму Зою Літвінаву — потым яна сцвярджала, што была гатовая зрабіць тую рэстаўрацыю задарма… Так ці інакш, роспіс ужо закрылі ад вачэй. Мо на час, мо назаўсёды.

Што застаецца рабіць?

Варта адзначыць, што фармальна закон тут не парушаны. Дадзены твор манументальнага мастацтва (як і большасць іншых) не мае ніякага ахоўнага статусу. Ці могуць асобныя грамадзяне або грамадскія арганізацыі абараніць культурную каштоўнасць, калі яе з нейкіх прычын не абараняе закон? Такое пытанне я адрасаваў старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгору СІТНІЦЫ.

— Сітуацыя, пра якую ідзе гаворка, выклікае ў мяне абурэнне, — адзначыў ён.— І наш саюз як творчая арганізацыя, і кожны чалавек, хай нават далёкі ад мастацтва, але калі ён лічыць сябе грамадзянінам, мусяць у гэтай сітуацыі ў меру сваіх сіл супрацьстаяць варварству.

Тым больш, што гэты выпадак, на вялікі жаль, не адзіны. У колішнім кінатэатры “Вільнюс” быў знішчаны роспіс Зоі Літвінавай, выкананы ва ўнікальнай для нас тэхніцы энкаўстыкі. Лічу, што па сваёй значнасці ён быў адным з найвыбітных узораў нашага манументальнага мастацтва. Затым у колішнім кінатэатры “Партызан”, які цяпер “Дом кіно”, зрабілі ступеньчатую столь, якая на два метры закрыла работу Мая Данцыга. Зноў жа, гэта ўнікальны твор, выкананы ў даволі рэдкай для Беларусі тэхніцы фларэнтыйскай мазаікі. Затым былі знішчаны два сграфіта на фасадзе Палаца культуры Камвольнага камбіната, які цяпер належыць гораду. Іх аўтары — Гаўрыла Вашчанка і Уладзімір Стальмашонак. Сёння на месцы сграфіта нейкі арнамент, які чамусьці падаўся лепшым за аўтарскую работу двух народных мастакоў Беларусі. Цяпер вось нішчыцца роспіс Зоі Літвінавай...

Калі я звярнуўся ў Міністэрства культуры, каб яны абаранілі роспіс, мне адказалі, што твор не ўключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Параілі звярнуцца да гарадскіх улад. Маўляў, гэта іхняя кампетэнцыя і адказнасць. У “горадзе” ж мне сказалі, што ў будынка ёсць канкрэтны гаспадар, вось хай ён гэта пытанне і вырашае. А як дырэкцыя Палаца вырашае, мы ўжо ведаем…

— І што застаецца рабіць?

— Неяк трэба давесці гаспадару будынка, што калі ён так ставіцца да твора мастацтва, тым больш твора ўнікальнага, дык з’яўляецца нікім іншым, як вандалам. Мы ж — і неабыякавыя грамадзяне, і арганізацыі — павінны закідаць сваімі зваротамі ўсе інстанцыі, якія адказваюць за культуру ў нашай краіне.

— Прыйдзе дзяржаўны чалавек і навядзе парадак?

— Хацелася б так думаць… Але я і пра другое магу сказаць. Вось мы бачым гэтыя дзікунскія жоўтыя вазы на праспекце на адрэзцы ад вуліцы Купалы да плошчы Перамогі. Гэтая безгустоўшчына не аднаму мне муліць вока. А ў горада нібыта ёсць людзі, адказныя за эстэтыку — і галоўны архітэктар, і галоўны мастак, ёсць розныя мастацкія саветы… І ніхто не не збіраецца рэагаваць: маўляў, зрабілі і хай будзе, абы нас не турбавалі.

Ці вось іншы прыклад. Стаіць помнік Якубу Коласу, а побач з ім з’явіліся дзве велізарныя светлавыя загагуліны, якія цалкам трапляюць у кантэкст помніка. Хоць бы іх метраў на 30 ад яго ўсталявалі. Але яны цалкам “па-высокамастацку”, як, мабыць, лічыць аўтар гэтай ідэі, “дапоўнілі” твор народнага мастака Заіра Азгура. Ніякіх саветаў па гэтых аб’ектах не збіралі.

— Наколькі эфектыўныя такія саветы?

— Ёсць гарадскі мастацкі савет, чальцом якога я з’яўляюся. Дык мы калі прымаем хоць якую мемарыяльную шыльду, спрачаемся за кожную літару. Паўсантыметра ўправа-ўлева, архітэктурная прывязка і гэтак далей. Вельмі строга праходзіць абмеркаванне! Але што адбываецца далей? Вешаюць гэтую шыльду — і праз
нейкі час з’яўляецца ледзь не на яе галаве рэклама нейкага стаматалагічнага кабінета! Гэта канкрэтны прыклад: шыльда народнаму мастаку Валянціну Волкаву на вуліцы Якуба Коласа. Фактычна рэкламшчыкі нікому непадкантрольныя. А мы тут мучымся, час свой час марнуем, спрачаемся, ці можна гэтую дошку на сантыметр у бок пасунуць. І такіх прыкладаў я безліч прывяду.

/i/content/pi/cult/748/16218/pages-4-5-copy-2.jpg

— А графіці на будынках, якія становяцца надзвычай папулярнымі, калі-нікалі праходзяць праз манументальныя саветы?

— Хто ўзгадняў гэтыя графіці? Хай паспрабуе прафесійны мастак зрабіць манументальны твор на тарцы дзевяціпавярховага дома! Гэта ж дзясяткі саветаў, узгадненняў, зацвярджэнняў і пераробак эскізаў. А тут прыязджаюць хлопцы з Бразіліі ці мясцовыя бяруцца — і робяць без усялякіх саветаў! Проста робяць і ставяць перад фактам. Дзеля чаго тады тыя саветы? Дзеля чаго збірацца? Я хутка ўжо не буду туды хадзіць, бо яны безвыніковыя.

— А ўсё ж такі: ці былі выпадкі, калі нейкі культурны аб’ект здолелі абараніць людзі паспалітыя?

— Можа, нешта і было за савецкім часам, на хвалі тае “перабудовы”… А ў суверэннай Беларусі — не памятаю. Вось, дарэчы, найноўшы прыклад. У Краснадарскім краі ёсць санаторый, які належыць нашай краіне. Там вітраж аграмадны, і неўзабаве ён будзе знішчаны. Мне гэта расправёў чалавек, які ўжо бачыў калькуляцыю на рамонт. Захаванне вітража там не прадугледжана.

— Як было і з роспісам Віктара Хацкевіча на аўтавакзале “Маскоўскі”?

— І аўтавакзала таго няма, і роспіс той нікому не патрэбны. Яго знялі, бо ён складаўся з сегментаў, якія на сцяне не маляваліся, а манціраваліся на ёй. Разрэзалі на кавалкі, і недзе ў нас на камбінаце ён ляжыць. Аднавіць яго наўрад ці будзе магчымасць, хоць спачатку здавалася, што калі-небудзь дзе-небудзь для яго знойдзецца месца. Ну, па-першае, каб зманціраваць па новай, трэба тая ж архітэктура ці падобная — гэта ж цэлая праблема падагнаць манументальны твор пад новы інтэр’ер. А па-другое, хто будзе гэтым займацца?

— Але ж ёсць і станоўчыя прыклады. Вось захаваліся ў Чырвоным касцёле вітражы Вашчанкі, хоць рабіліся яны для Дома кіно, а потым будынку быў вернуты статус храма.

— Тут мы маем руплівага гаспадара, які разумее каштоўнасць таго, што дасталося яму ў спадчыну. Выпадак сапраўды рэдкі. Я ўжо баюся, што ў колішнім Доме настаўніка можа знікнуць роспіс “Асветнікі”. Там трэба адсочваць сітуацыю, бо рамонт не за гарамі.

— Як я разумею, усё ўпіраецца ў культуру грамады. Ніякімі законамі не абараніць твор мастацтва, калі ў вачах грамады ён не з’яўляецца каштоўнасцю…

— Канешне! А яшчэ ў наяўнасці — інертнасць людзей, якія поводле свайго статусу і службовага абавязку мусілі б клапаціцца пра захаванне культурнай спадчыны.

— А ці не ёсць згаданыя вамі выпадкі — у тым ліку і сітуацыя з роспісам у Палацы чыгуначнікаў — праявай падсвядомага адмоўнага стаўлення да савецкай спадчыны?

— Я так не думаю. Ды і якая там ідэалогія ў роспісах Літвінавай? Гэта проста высокае мастацтва. Ніхто ж не замахваецца на мазаіку Кішчанкі на Юбілейнай плошчы, хаця там рэальна прысутнічаюць савецкія сімвалы. Гэта проста такое гаспадаранне... Гэта як у Драгічынскім раёне: адзін святар “палепшыў” — ён у гэтым упэўнены! — драўляную царкву XVIII стагоддзя. Васямнаццатага! Помнік архітэктуры, прычым шэдэўральны! Ён змяніў форму вежаў, абшыў царкву сайдынгам, пакрыў металадахоўкай. І цёпла стала, і “красіва”.

— І тым не меней… Хто можа абараніць аб’екты культурнай спадчыны, калі нават помнікі з Дзяржспісу гістарычна-культурных каштоўнасцяў часам выглядаюць безабароннымі?

— Асобы і грамадскія арганізацыі, якія маюць палітычную вагу.

Адказныя за захаванасць

Дарэчы, у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь мне нагадалі, што ёсць Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 года № 1372 “Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва”, дзе ў раздзеле 7, пункт 34 чорным па белым напісана: “Арганізацыі, на баланс якіх перадаюцца творы манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, нясуць адказнасць за іх захаванасць”.

З гэтага можа вынікаць, што калі на роспісе ў Палацы чыгуначнікаў з’явіліся трэшчыны, абсыпалася фарба ці абваліліся кавалкі жывапіснага слою, дык гэта недагляд таго, хто паводле закону “нясе адказнасць за захаванасць твораў”.

Той відавочны факт, што роспіс “Мая Радзіма” — выдатны мастацкі твор, ніхто не аспрэчвае. Таму калі кіравацца згаданай пастановай і логікай, яго ратаванне — гэта праблема не грамады і ўладных структур, а непасрэднага ўласніка. У такім святле “пахаванне” роспісу пад гіпсакардонам выглядае як спроба схаваць… не будзем гаварыць “злачынства”, але, відавочна, прафесійную некампетэнтасць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"