Быў і застаўся ў музыцы

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Ён усё жыццё аддаў музыцы — і ў музыцы застаўся, нават пайшоўшы з жыцця. Без Міхаіла Солапава — заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ганаровага прафесара Акадэміі музыкі, уладальніка ордэна Францыска Скарыны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ушанаванага безліччу ўзнагарод, — будзе цяжка ўявіць музычна-канцэртную прастору Беларусі.

/i/content/pi/cult/748/16217/IMG_0834-S.jpgАпошнія некалькі гадоў Міхаіл Рыгоравіч, які ўвосень мог бы адзначыць 95-годдзе, ужо не выкладаў у Акадэміі музыкі. Але ў гэта было немагчыма паверыць. Здавалася, зараз пройдзе па калідоры — як заўжды, падцягнуты, ураўнаважаны, з амаль вайсковай выпраўкай, нягледзячы на паважаны ўзрост, з разлётам вялізных сівых броваў, якія, здавалася, неслі яго па жыцці, бы тыя анёлы-выратавальнікі. Так, пэўна, і панеслі ў завоблачныя вышыні, каб ён глядзеў на нас адтуль — з гістарычнай, часавай дыстанцыі вечнасці.

Прайшоў вайну, сустрэў перамогу, некалькі разоў быў на мяжы жыцця і смерці — і захаваў стаўленне да музыкі як да бясконцага сусвету, які трэба спасцігнуць, ды скарыць да канца немагчыма ніколі. Ён выхаваў некалькі пакаленняў таленавітых, адданых музыцы баяністаў і акардэаністаў, якія працуюць па ўсёй краіне. Пакінуў шматлікія артыкулы, якія друкаваліся ў самых розных выданнях і былі прысвечаны філарманічным падзеям. Ён папросту не мог пакінуць больш ці менш значнае выступленне без свайго водгуку — зацікаўленага, дасведчанага, строгага і адначасова добразычлівага, зробленага на папраўдзе высокім музыказнаўчым узроўні і пафарбаванага ў суцэльную палітру светлых, сонечных эмоцый. Ён пісаў не для таго, каб кагосьці ўпікнуць, размазаць, у чарговы раз канстатаваць: маўляў, няма таго, што раньш было (усё ж каму-каму, а яму і сапраўды было з чым параўноваць). Не, ён пісаў, каб падтрымаць. Натхніць. Акрыліць. Асабліва моладзь, якая заўжды больш, чым хто іншы, мае патрэбу ў падтрымцы. Было ў яго нейкае псіхалагічнае адчуванне,
разуменне тых, хто сумняваецца ў сабе і сваіх сілах, хто
больш за іншых пакутуе над сваімі пошукамі, шляхам “у невядомае”. І быў сапраўдны “нюх” на адоранасць і працавітасць, што ў суме даюць талент: ён бачыў іх яшчэ на тым узроўні, калі яны не надта заўважныя.

Вядома, ён шмат расказваў пра вайну. З болем і горыччу. Асабліва пра тых хлапчукоў, што гінулі, ледзь апынуўшыся на фронце. Таму, мабыць, і жыў з такой інтэнсіўнасцю, быццам за сябе і за іх. І так апекаваў маладых, разумеючы іх часам лепей, чым самога сябе.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА


Родным і блізкім Міхаіла Рыгоравіча Солапава

Калектыў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь смуткуе ў сувязі са смерцю Заслужанага дзеяча культуры БССР, Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Ганаровага прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, цудоўнага чалавека, таленавітага музыканта і педагога Міхаіла Рыгоравіча Солапава.

Гэта незаменная страта для Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі — Акадэміі музыкі, якой ён прысвяціў амаль паўвека жыцця, і для ўсяго музычнага мастацтва Беларусі. Найвядомейшы ў краіне дзеяч народнага выканальніцкага мастацтва, дырыжор і педагог, Міхаіл Рыгоравіч прыклаў шмат намаганняў да справы адкрыцця ў Беларусі сельскіх музычных школ, нястомна працаваў дзеля развіцця ўсёй сістэмы прафесійнай музычнай адукацыі ў рэспубліцы. Калегі і шматлікія вучні прафесара вучыліся ў яго не толькі Музыцы, але і выключнай самадысцыпліне, каласальнай працавітасці, духоўнаму пранікненню ў таямніцы мастацтва.

Мы аддаем даніну павагі яго гераічным франтавым заслугам. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён камандаваў танкавым узводам 1-га Беларускага фронту. Быў цяжка паранены. За баявыя і працоўныя заслугі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

У нашай памяці Міхаіл Рыгоравіч Солапаў назаўжды застанецца сімвалам эпохі, моцнай і таленавітай асобай, духоўна магутным чалавекам. Пайшоў выбітны музыкант і настаўнік, але яго майстэрства будзе жыць у музычнай спадчыне Беларусі.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый БОНДАР