Маладзечна спявае

№ 23 (1410) 08.06.2019 - 14.06.2019 г

Учора ў горадзе на Ушы стартаваў XIX Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна — 2019”. І хоць яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ўвечары, калі, у тым ліку, былі абвешчаныя лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, а Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі выканаў праграму “Песні вайны”, афіцыйныя мерапрыемствы форуму пачаліся ўжо днём.

/i/content/pi/cult/748/16215/pages-2-3-copy.jpgУ Палацы культуры прайшлі II і III туры рэспубліканскага этапу ўжо згаданага мною конкурсу, у Дзіцячай школе мастацтваў запрацавала паэтычная пляцоўка “Мой родны кут, як ты мне мілы”, у Палацы культуры — музычна-паэтычная гасцёўня “Пад небам бацькаўшчыны роднай”, на Цэнтральнай плошчы — канцэртная пляцоўка “Фэстывальная талака”, у Парку Перамогі — забаўляльная пляцоўка для дзяцей “Тэрыторыя дзяцінства”. У Палацы культуры адкрылася выстава Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, а ў Мінскім абласным драматычным тэатры паказалі спектакль “Не пакідай мяне” па п’есе Аляксея Дударава.

Наогул, праграма фэста як заўсёды шырокая і разнастайная. На прэс-канферэнцыі, што папярэднічала фестывалю, дырэктар маладзечанскага Палаца культуры Святлана Сарока распавяла, што ў паэтычнай частцы фэста занятыя аж 24 вядомых беларускіх паэта, а ў Палацы культуры можна пазнаёміцца з песеннай дзіцячай творчасцю — падчас гала-канцэрта “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў VІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок — 2019”. У малой зале Палаца культуры пройдзе творчая сустрэча з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Надзеяй Мікуліч, а ў канцэртнай Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіць спектакль “Янка Купала: жыццё ў свеце маланак”. У Мінскім абласным краязнаўчым музеі свае вырабы прадэманструюць мастакі па шкле Таццяна і Пётр Арцёмавы. На Цэнтральнай плошчы адбудуцца раённы конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вытокі майстэрства” і арт-фэст “ЛянОК” — з дэманстрацыяй прамысловых і дызайнерскіх калекцый мадэляў жаночай, мужчынскай, маладзёжнай, дзіцячай вопраткі і аксесуараў з лёну.

На сустрэчы з журналістамі ўзяла слова і кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Манакова. Яна нагадала, што сёлета фестываль прысвечаны 75-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы. Адпаведна, гэтыя тэмы знойдуць сваё адлюстраванне ў шматлікіх мерапрыемствах форуму. Народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг спыніўся на двух з іх, да якіх мае дачыненне яго калектыў: гэта канцэрт у Дзіцячай школе мастацтваў, прысвечаны кампазітару Яўгену Глебаву, і выступ часткі аркестра з джазавай праграмай у гарадскім пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна. Завяршала прэс-канферэнцыю Сняжана Цімчык — памочніца мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі Валянціна Дудкевіча, якая раскрыла падрабязнасці выступу свайго калектыву.

Менавіта яму прадастаўлены гонар завяршыць сёння XIX Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна — 2019”. Да таго ж, сёлета калектыў справіць сваё 60-годдзе. У юбілейнай праграме “Зорны карагод” разам з ансамблем выступяць Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, Алена Ланская, Юлія Быкава, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, вакальная група “Чысты голас”... І зноў, як на адкрыцці, фестывальнае неба над Летнім амфітэатрам упрыгожаць феерверкі. А мы, з сумам праводзіўшы форум, будзем чакаць ужо наступнага, юбілейнага. Чым ён нас здзівіць і парадуе?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"