Памяці Юрыя Блінова

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

30 мая былі саракавіны па Юрыю Блінову. Чытачам “К” без патрэбы тлумачыць, хто гэта. Большасць сваіх досыць частых канцэртаў піяніст праводзіў у канцэртнай зале “Верхні горад”: гістарычны цэнтр, скляпенні храма, адпаведная акустыка, добры раяль. Чарговы прызначыў на 29 красавіка. Канцэрт выпаў акурат на дзявяты дзень скону-адлёту музыканта ў невараць — па-хрысціянску.

/i/content/pi/cult/747/16212/27.JPGЗбліжэнне

Амаль штогод у свой дзень нараджэння — 6 студзеня, якраз на Куццю — я збіраю блізкіх на творчыя вечарыны: паказваю новы фільм, а потым мы доўга гутарым, стрымана падзынькваючы келіхамі.

Сярод запрошаных абавязкова бываў Уладзімір Кожух. Тры яго працы ў мяне ў гасцёўні: ствараюць настрой, натхняюць на роздум. Але недзе гадоў пяць таму мастак папрасіў прабачэння, што не зможа быць, і запытаў: “Ці можна, каб замест мяне вас павіншаваў мой сябра?” Чаму не: калі ласка!

Так мы і пазнаёміліся з Юрам.

Я адразу ж прапанаваў яму канцэрт на раялі — праўда, “кабінетным” — у тэатры “Зьніч”, што ў Чырвоным касцёле. Але Юрый ветліва адмовіўся. Пазней, калі я пачуў і ацаніў яго майстэрства, зразумеў: той раяль — не яго ўзровень.

І хутка пачалося збліжэнне: мы з жонкай адразу былі запрошаны на яго канцэрты ў залу “Верхні горад” і ў філармонію. Ад такіх запрашэнняў стараліся не адмаўляцца, нягледзячы на бясконцыя творчыя і побытавыя справы.

Пазнаёміліся перад адным з першых канцэртаў з Юрынай маці Ларысай Гаўрылаўнай.

Не памятаю, адкуль, але чуў: ці то Моцарта, ці то Ліста бацька ажно лупцаваў, каб той займаўся музыкай, — як ведаем цяпер, не без выніку. А ўжо на маіх вачах тата — сам інжынер аўтазавода — прымушаў сынка штодзённа гадзінамі “пілікаць” на скрыпцы. Так “атрымаўся” бадай лепшы на сёння малады скрыпач Беларусі Арцём Шышкоў.

Маці Юры таксама была ўважлівым радзінным “штурхачом” музычных дадзеных старэйшага сына. Яго апякункай, менеджаркай, дарадчыцай, ахоўніцай…

Цяпер яна ўжо і біёграф Юры.

Драгічынскі вундэркінд

Не было размовы, каб ён не ўзгадаў сваё месца нараджэння: “Мая Драгічыншчына”.

Нарадзіўся ў 75-м, першыя пяць гадоў жыцця пражыў на радзіме, у Драгічыне.

Бабуля Ганна — пані з адметным слыхам — несупынна напявала ўнучку песенькі: мясцовыя палескія, беларускія, польскія — Брэстчына ж некалі ўваходзіла ў Польшчу — рускія, украінскія...

У два гады і Юрык пачаў спяваць: тое, што чуў па радыё — а яно тады ў хатах не выключалася. У чатыры навучыўся ставіць на прайгравальнік улюбёныя кружэлкі.

Ужо ў Мінску маці ўзяла напракат старое піяніна, на якім малы пачаў падбіраць мелодыі. Затым адвяла ў дзіцячую музычную школу № 145, што на Паўднёвым Захадзе.

Але неўзабаве маладзенькая настаўніца прызналася маме:

— Я не магу яго далей вучыць: ён таленавіцей за мяне.

/i/content/pi/cult/747/16212/26.JPGУ ліцэі хлопчыка ўзяла “пад крыло” Інэса Іванаўна Барташэвіч — і Юра пачаў хутка засвойваць усё больш складаныя музычныя творы. Паколькі настаўніца была жонкай віднай партыйна-грамадскай асобы, Блінова бралі на ўрадавую дачу — у якасці, так скажам, заахвочвання да вучобы. І каб у вольны час не патрапіў пад якісь дурны ўплыў.

Калі ж выкладчыца адбыла разам з мужам у Карэю, 12-гадовага Юру яна “з рук у рукі” перадала Людміле Сяргееўне Шаломенцавай. Яна вяла курс піяністаў і ў кансерваторыі, куды Блінову была ўжо наканаваная простая дарога.

Чулай настаўніцы не стала праз пару тыдняў пасля скону Юры. Цяжка хворай, ёй так і не сказалі, што любімага вучня ўжо няма.

Крутыя чорна-белыя прыступкі

У 1992-м ліцэіст едзе ў Санкт-Пецярбург на Міжнародны конкурс у гонар Сяргея Пракоф’ева. Іграе там Канцэрт з аркестрам № 1 славутага кампазітара — і атрымлівае 1-е месца!

Заўвага: перамога была цяжкай, бо “прыбышам” супрацьстаяла піцерская фартэпіянная школа, прадстаўнікі якой, пэўна ж, “лабіравалі” сваіх.

Карэспандэнт газеты “Известия” напісала ў аглядзе: “Запомніце гэтае імя: Юрый Бліноў”.

Адразу ў юнака было вялікае турнэ з канцэртамі па Беларусі. Грандыёзны поспех!

Ларыса Гаўрылаўна жартуе:

— Я ў чэрвені паступала замест Юры.

Справа ў тым, што лаўрэаты конкурсаў прымаліся ў кансерваторыю без экзаменаў: заставалася адно падаць дакументы.

Тагачасны рэктар “консы”, цудоўны музыкант Міхаіл Казінец быў узрадаваны такім студэнтам.

За пяць гадоў замест шасці Бліноў скончыў Акадэмію і там жа магістратуру.

А далей — чорная паласа. Размеркаванне з гучным тытулам “саліст філармоніі”, але канцэрты адно па музычных школах і клубах. Ён часам скардзіўся маці: “Сёння іграў на стале”. Маючы на ўвазе якасць інструмента.

І быццам узнагарода за пакуты — белая прыступка: Міжнародны конкурс у ЗША.

У другім туры сыграў там Прэлюдыю і фугу Шастаковіча: фурор, запіс на радыё! І запрашэнне ў Тэхаскі хрысціянскі ўніверсітэт на музычны факультэт.

У нашых размовах Юра жартаўліва перайначваў назвы штатаў, дзе канцэртаваў у Амерыцы: “Аёўшчына”, “Айдахаўшчына”, “Тэхашчына”. Па аналогіі з роднай Драгічыншчынай.

Made іn Barysau

Гасцей у сваім доме, як прызвычаілі мяне бацькі, сустракаю я часта і з розных нагодаў. Таму з маладосці пазбег інтэлігенцкай хваробы скнарасці пад мудрагелістай назвай “экзістэнцыялізм”. А двойчы на год ладжу бяседы абавязкова: на свой дзень нараджэння і на Вялікдзень.

Упершыню запрасіў Юру. Прыйшоў ён з Настассяй — потым яна стане яго жонкай. Літаральна з парога новы госць запытаў:

— Піяніна ў доме ёсць?

— Так, — адказваю. — Але старэнькае, барысаўскае, недзе 53-га, здаецца, года выпуску. Пэўна, разладжана яно, мо і якія клавішы западаюць…

— Буду іграць! — і пайшоў у гасцёўню.

Юра асвоіўся, пачаў жартаваць. Урэшце, развярнуўся да піяніна, “для начала, для порядка кинул пальцы сверху вниз”, ухваліў:

— Усё ладзіць, нічога не западае.

І пачаўся канцэрт.

Паверхам ніжэй жыве бацька славутага гітарыста, які разбіраецца ў музыцы. Пры паслясвяточнай сустрэчы ён пазайздросціў:

— Ізноў у вас, Аляксандравіч, “віртуозы Мінска”.

Месца Юры за сталом у нашай звычнай кампаніі вызначылася неяк адразу і назаўсёды: побач з гаспадаром, побач з піяніна.

Ён іграў свае творы, якія ўжо былі знаёмыя нам па яго канцэртах, потым, “па просьбе працоўных”, — “Вялікі бліскучы вальс” Шапэна.

Пілі віно, якое ён прынёс: быў знаўцам гатункаў і марак.

І гэтак было заўсёды, два разы на год — хіба са зменай рэпертуару.

Неяк на чарговы Вялікдзень Юра пазнаёміўся ў нас з прафесарам медыцыны Вольгай Алейнікавай. Высветлілася, што ён аднакласнік яе сына Максіма — кампазітара, музычнага прадзюсара. Пайшлі агульныя ўспаміны.

Тэм для размоў і музычных пажаданняў маіх гасцей, якія Бліновым выконваліся, “падколак” і Юравых анекдотаў было — да запоўначы.

За морам, за акіянам

У ЗША маладога Блінова апекаваў вядомы ў свеце музыкант венгерскага паходжання Тамаш Унгар, які “на загнивающий запад” збег з радзімы пасля ўводу савецкіх войскаў у Будапешт.

На чарговым конкурсе піяніст з Беларусі ў якасці прыза атрымаў раяль лепшай у свеце фірмы “Стэнвэй”. З ім ён канцэртаваў па Амерыцы тры гады: інструмент вазілі за ім.

Само сабой, вывучыў англійскую — прычым так, што на іспытах па граматыцы пераўзышоў студэнтаў-амерыканцаў.

Пасля тытула “магістр” у Рочэстэры ў “Істмэн-скул” атрымаў у 2004-м званне доктара.

Шчыльны графік гастроляў па Штатах, Германіі, Швейцарыі, Кітаі, Японіі… Абавязкова ў канцэртах гучаў улюбёны Шапэн.

Бліноў — адзіны сола-піяніст, які ў 2002-м іграў на адкрыцці Зімовых Алімпійскіх гульняў у Солк-Лейк-сіці.

І ўрэшце — вяршыня замежнага поспеху. У верасні 2006-га — сольны канцэрт у славутай Карнэгі-хол. Гэта першы і, здаецца, пакуль адзіны прадстаўнік Беларусі, якому выпаў гонар там блішчэць!

Сямейныя абставіны, цяжкая хвароба бацькі, фінансавыя складанасці за мяжой — усё сведчыла пра тое, што трэба вяртацца на радзіму.

А тут — па законах жыцця — белая прыступка змяняе колер.

Шмат чаго я дазнаўся з успамінаў маці Юрыя Уладзіміравіча. Напрыклад, наступнае.

Чарговы “прарок” у сваёй айчыне

Аляксандр Апанасенка, Віктар Дуброўскі, Алег Янчанка, Ігар Сарокін, Марыя Гулегіна, Нінэль Ткачэнка, Алесь Адамовіч, Ігар Шклярэўскі, Валянцін Бадзьяраў, Леанід Барткевіч, Валерый Рубінчык, Уладзімір Бычкоў… Гэта сусветныя імёны нашага мастацтва! Але ў нас яны ў пэўны момант аказаліся незапатрабаванымі, таму і з’ехалі. Дык гэта толькі тыя, каго я здымаў ці ведаў асабіста і каго цяпер “на ўзлёт” узгадаў!

Мне могуць запярэчыць: маўляў, было тое даўно. Што ж, ёсць і больш блізкі па часе прыклад.

Ці прасачыў хтось лёсы выпускнікоў музычнага ліцэя 1993 года — бліскучай гронкі славутых цяпер у свеце музыкантаў, аднакласнікаў Блінова? Менш за палову з іх засталіся на радзіме. Астатнія даўно разносяць па свеце славу тых краін, якія далі ім магчымасць годна існаваць і плённа працаваць, у душы дзякуючы беларускім настаўнікам за грунтоўную школу майстэрства.

А што ж чакала на радзіме Блінова — выдатнага маладога піяніста ўжо з сусветнай славай? Прынялі ў кансерваторыю простым выкладчыкам — то і за гэта дзякуй.

Пра далейшае расказала мне Ларыса Гаўрылаўна.

Калі, аформіўшы адпачынак “за свой кошт”, ён паехаў на гастролі за мяжу замацоўваць музычны імідж Беларусі, яму пагражала звальненне: не па форме напісаў заяву, і маці за яго перапісвала. Вярнуўся — ізноў нараканні: не заўсёды запаўняў “журнал заняткаў”. Каб у фае кансерваторыі павесіць афішу канцэрта Юрыя Блінова, яго маці трэба было выседжваць, чакаючы дазволу…

Напісаў заяву аб звальненні — па форме.

Канешне ж, задаволілі. Пазбавіліся ад “сусветнай зоркі”.

У Камерны аркестр філармоніі прынялі простым піяністам, затым перавялі на паўстаўкі, потым — на чвэрць…

Уладкаваўся ў Мінскканцэрце “вольным музыкам” — пашанцавала.

Набор вышыні

Пайшлі канцэрт за канцэртам, праграма за праграмай — у зале “Верхні горад”.

Чайкоўскі, Шастаковіч, Шапэн, улюбёны з юнацтва Пракоф’еў.

Нараджалася свая музыка: цыкл для фартэпіяна “Задыяк”, “10 эцюдаў на розныя віды тэхнікі”, “Гісторыі пад Божае Нараджэнне”, “Зімовы вальс”, “Сінэгры”, “Песні Афеліі” з сапрана, “Кот Шрэдзінгера” са скрыпкай, “Канчэрта Крооса” (менавіта такое прысвячэнне спартсмену) з камерным аркестрам дый яшчэ шмат чаго. Пачаў пісаць оперу “Ладдзя роспачы” паводле Караткевіча. Быў эрудытам у сусветнай літаратуры.

Ларыса Гаўрылаўна мела вялікі спіс аматараў музыкі. Абзваньвала ўсіх. Хто даваў згоду, таго чакаў перад пачаткам сынавага канцэрта канверт з білетамі. Зала ніколі не пуставала.

Прыкмета: Юрый напачатку канцэрта кланяўся, вітаючы залу, потым, сядаючы за раяль, расшпільваў гузік смокінга. Пасля чарговага выканання, устаючы, такім жа незаўважным рухам гузік зашпільваў — і выходзіў на авансцэну… Калі я ўзгадаў тое над яго труной, прысутныя на развітанні з Юрам суладна заківалі: тыя маніпуляцыі з гузікам былі ўласцівыя толькі яму.

Перад кожным выступленнем сам правяраў работу здымачных камер. Неяк я прафесійным вокам заўважыў, што адна з камер чамусьці адключылася. На апладысментах з залы ўказаў на яе: Юра кінуўся са сцэны, нешта наладзіў, чырвоны агеньчык запісу загарэўся. Ён удзячна памахаў мне. І канцэрт працягнуўся.

Артыст запрашае на выступленне — і потым, канешне ж, чакае за кулісамі водгукаў, віншаванняў. Мы заўсёды пасля канцэрта заходзілі да яго за кулісы. Нешта заўсёды прэзентавалі: маю новую кніжку, пляшачку... І, канешне ж, дзяліліся шчырым захапленнем ад пачутага.

Сумесна з мясцовымі энтузіястамі ён наладзіў у Драгічыне раз на два гады фестываль дзіцячых талентаў “Палескі агеньчык”. Колькі ж здольных музыкаў-юнакоў там ужо адкрылася!

Аднаго чуў і захапіўся: баяніст Антон Маляёнак. Яго Юрый Уладзіміравіч літаральна сфармаваў як педагог, зрабіў адным з выдатных выканаўцаў краіны.

Абодва яны зламалі маё прадстаўленне пра “гармонік”: баян гучаў быццам арган! П’еса “Зачараванне” адкрыла і невядомага мне кампазітара Аляксандра Пажарыцкага. А як у праграме гучала спалучэнне баяна з раялем у п’есе “Элегія”!

Такімі вучнямі, як Антон Маляёнак або Глеб Папоў — адзіны хлопчык-выканаўца на арфе — ганарыўся Юрый, бы сваім сынком Міраславам.

Апошняя бяседа

“Дык шостага ў шэсць” — так звычна запрашаю на дзень нараджэння.

Студзеньскім вечарам гэтага года прыйшоў Юра.

Пад маю гітару заспяваў аксамітным барытонам Валерый Анісенка нашу з ім “каронку”: “Калі праходзіць маладосць”.

Кампанія ў чаканні, піяніст падсілкоўваецца.

Калі ўпершыню ён зайграў на нашым рэдка ўжываным піяніна, то ад тэмпераменту выканаўцы задрыжэлі сувеніры на паліцах, зазвінелі-ссунуліся бакалы, што стаялі на верхняй накрыўцы інструмента — сын тады ліхаманкава іх здымаў. У далейшым, чакаючы Юру, мы загадзя рыхтаваліся, пазбаўлялі піяніна ўсялякіх непатрэбных “вібруючых” рэчаў.

Пара-тройка тостаў — і Юра развярнуўся да клавішаў.

Сыграў сваё, потом Шапэна — на памяць.

Ні ў каго да таго не бачыў планшэта з электроннымі нотамі, якім карыстаўся Юра на канцэртах. Вось і цяпер паставіў планшэт перад сабой на пюпітр. Загучаў Сяргей Пракоф’еў… Іграў, як
заўсёды, натхнёна!

Уражанае застолле ў 15 чалавек бурліва заапладзіравала. Я ж не мог не “падкалоць”:

— Ну, Юра, іграў жа па нотах…

Ён “раскусіў” жартоўны падтэкст — маўляў, па нотах кожны зможа — і стаў голасна смяяцца.

Я паказаў яму паперку, на якой надрукаваны прозвішчы тых, хто іграў на хатнім піяніна: Уладзімір Солтан, Васіль Раінчык, Уладзімір Байдаў, Канстанцін Гарачы, Максім Алейнікаў, Генадзь Ермачэнкаў, Пётр Вандзілоўскі, Яфім Самсонаў, Арцём Шышкоў. Апошнім стаяла яго прозвішча. Падзякаваў “за такую годную кампанію”.

“Лістапад” па-бліноўску

Аказваецца, думка сабрацца выпускнікам 1993 года ўжо лунала між аднакласнікамі: як жа, 25 гадоў з дня сканчэння!

Ідэолагам, ініцыятарам, арганізатарам, “прабівалам” задумы стаў менавіта Бліноў. Энергічна дапамагала Наталля Котава.

Яны звязаліся з сябрамі, раскіданымі па ўсім свеце, загадзя сумясцілі іх канцэртныя графікі — і хто захацеў ды змог, з’ехаліся ў Мінск.

3 лістапада 2018-га ў філармоніі адбыўся гэты ўнікальны канцэрт.

У прыцемненай зале пад “Сумны вальс” Сібеліуса наплывалі на экран фота ліцэістаў і настаўнікаў… да некага ўжо не дагукацца.

Узносіліся анёльскія галасы хора хлопчыкаў-ліцэістаў, якім кіраваў Павел Шэпелеў.

Арган Таццяны Шчэрбы (Аўстрыя) зачараваў “Інтрадукцыяй” Марандзі.

Піяністка Таццяна Лях (Германія) прадставіла “Скерца” Шапэна.

Аляксей Бурдзелеў узбудзіў залу вакальнымі джазавымі стандартамі.

Наталля Котава з Марынай Русаковай на двух раялях сыгралі фрагменты “Карнавалу жывёл” Сен-Санса, партыю ксілафона выканаў Бліноў.

“Чатыры карціны Нью-Ёрка” Роберта Малінэллі прадставіў Зміцер Сарасек (Масква).

Вялі праграму Юлія Мельнікава і Данііл Шутко (Санкт-Пецярбург).

Сам Юрый у канцэрце выканаў 5-ю санату Скрабіна, а напрыканцы другога аддзялення іграў часткі з канцэрта Шастаковіча для фартэпіяна з аркестрам — яго сабраў таксама ён, сам жа перапісаўшы партыю трубы на саксафон, на якім іграў Зміцер Сарасек. Дырыжыраваў Пётр Глоба (Масква).

А ў заключэнне на двух фартэпіяна ў восем рук ігралі Астара Пьяцолу піяністы, якія ўжо папярэдне блішчэлі ў канцэрце.

Не ўсе аднакласнікі здолелі выбрацца з-за мяжы: імкнуўся, але не даехаў Зміцер Марозаў (Іспанія). Некалькі сядзелі ў зале: выдатны хормайстар Аляксей Клімовіч, кампазітар і прадзюсар Максім Алейнікаў, які напісаў для аднакласніка Блінова “Эцюд-фантазію”.

Ці варта ўдакладняць, што ўсе пералічаныя — выпускнікі ліцэя 1993 года.

Пэўна ж, падчас “неафіцыйнай часткі” музыканты сумна асэнсоўвалі, што такім колам ніколі больш не збяруцца… Тым больш, цяпер няма завадатара — Юры. Хто ж будзе шукаць іх па свеце?

Красавіцкая ёлка

Задумаўся Юрый: як бы яму патанней перавезці праз акіян са Штатаў прызавы “Стэйнвэй” у Мінск?

А пакуль іграў у матчыных пакоях на Petroff, вытрымліваючы дазволены ўзровень “зашумлення” ў гарадской кватэры.

Але гэта ўсё роўна выклікала незадавальненне суседкі: не раз яна выгаворвала яго і сыну, і маці.

Урэшце Юрый займеў студыю: пакой на першым паверсе дамка па вуліцы Чычэрына. У ваконныя праёмы ўставілі шклопакеты, уцягнулі стол, крэслы — і ўсё, нават раяля не было. Калі заставаўся начаваць, клаўся на падлогу.

І што вы думаеце? Неяк сустрэў ён на Чычэрына ў агульным калідоры тую ж суседку. Са здзіўленнем глянулі яны адно на аднаго. Яна тут не жыла, а здавала суседнія з “Бліноўскай студыяй” пакоі кватарантам. Вось табе і “выбрыкі” жыцця-драматурга!

Гэты Новы год вырашыў з сябрамі сустракаць тут, у студыі: паэт Віктар Шніп з жонкай Людмілай Рублеўскай, яе паплечніца па рэдакцыі Ірына... Стол быў традыцыйна “навагоднім”: шампанскае, ікра.

Мінуў Вялікдзень, стары Новы год, Вадохрышча, Стрэчанне. Растаяў снег… А ёлка ўсё стаіць і стаіць! “21 красавіка ўжо Вербная!” — нагадвалі гаспадару.

19 красавіка ў пятніцу сабраліся той жа кампаніяй за тым жа сталом адзначыць “вынас ёлкі”.

Расчынілі вакно. Піяніст падаваў некалі зялёнае пахучае дрэўца, паэт з вуліцы прымаў яго. Калі Віктар нёс ёлку на сметнік, суседзі азіраліся.

Па словах удзельнікаў, было вельмі весела.

А назаўтра, у ноч з
суботы на нядзелю, Юрый цягніком паехаў у Гомель, не сказаўшы маці, што дзеля ўдзелу ў марафоне.

Прабег 21 кіламетр, рухнуў за пяць метраў да фінішнай рысы.

Услед…

Тыдні за два да Вялікдня пачалі з жонкай складаць спіс: хто будзе за сталом на традыцыйным свяце, з кім цокнемся фарбаванымі яйкамі. Канешне, там было яго прозвішча…

Вольга Алейнікава прынесла запіс п’есы сына Максіма “Эцюд-фантазія”…

Юры роўна тыдзень ужо не было. Але музыка, якую ён меўся сыграць на велікоднай бяседзе, гучала…

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара