Магчымасці выхаду

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

58-я Венецыянская біенале: няўжо перамены — праклён?
“Выхад” — гэта назва беларускага павільёна (скульптар Канстанцін Селіханаў, куратар — Вольга Рыбчынская) на самай гучнай выставе сучаснага мастацтва свету. Са словамі “наш павільён” мы ў Венецыі сустракаліся і развітваліся з калегамі, у гэтым жа кантэксце абмяркоўвалі і праекты іншых краін. Адны выглядалі сапраўды “блізкімі суседзямі”, іншыя здаваліся больш складанымі для разумення — але ўсё ж партнёрамі ў мастацтве, трэція былі малазразумелыя, але ад гэтага не менш цікавыя. Літва і Украіна, Эстонія і Польшча, Расія і Грузія — постсавецкія краіны, якія ідуць вельмі рознымі шляхамі. Але, як сказаў на адкрыцці куратар Венецыянскай арт-біенале Ральф Ругаф, “галоўнае, што мы можам з усяго гэта вывучыць — гэта тое, як трэба вучыцца”.

/i/content/pi/cult/747/16211/25.JPGАдкрыццё новай выспы

У гэтым годзе ўдзельнікам і гасцям біенале прапанавалі тэму “Каб вам жыць у эпоху пераменаў”. Так ці інакш, у яе ўпісаліся 89 нацыянальных павільёнаў, 79 мастакоў, 21 праект у афіцыйнай паралельнай праграме і велізарная колькасць у неафіцыйнай. Не стамляюся паўтараць, што апошні статус — зусім не прыніжальны. У паралельнай праграме ёсць нават расійскі Пушкінскі музей і сусветныя імёны сучаснай арт-сцэны: проста іх праекты не такія доўгатэрміновыя, як тыя, што патрапілі ў асноўную праграму.

Паколькі праблематыка сучаснага мастацтва, арыентаваная на самыя актуальныя з’явы глабальнага ўзроўню (міграцыя, экалагічная небяспека, ідэнтычнасць, гістарычная памяць…), у цэлым год ад года не мяняецца, куратарская група вырашыла пашукаць абнаўлення трохі з іншага боку. А менавіта — лакацый. Да асноўных арт-тэрыторый “Арсенал — Джардзіні” дадаўся востраў Джудэка, дзе з’явіўся Giudecca Art District (GAD). А засвойваць новыя прасторы заўсёды цікава. Для пачатку ў GAD размясціліся 13 экспазіцый, у тым ліку два нацыянальныя павільёны. Таксама там запланаваная цэлая праграма перформансаў, сустрэч і воркшопаў.

І мой досвед падказвае, што на наступнай біенале туды будуць імкнуцца ўсе: вялікія і недарагія пакуль што памяшканні докаў, лодачныя майстэрні з каларытным антуражам, зручнае размяшчэнне і лагістыка недвухсэнсоўна сведчаць пра запатрабаванасць новай пляцоўкі гледачамі.

Напружанне перспектывы

На вернісажы мы з Канстанцінам Селіханавым абмяркоўвалі, як ішла праца над iнсталяцыяй, як “час пераменаў” можна асэнсаваць з дапамогай вобразаў, якія медыяфарматы аўтар лічыць найбольш для гэтага прыдатнымі. На мой погляд, беларускі праект атрымаўся змястоўным, канцэптуальна насычаным, і ў той жа час прывабным для гледача. Ён самадастатковы, і няма неабходнасці ўпісваць яго ў нейкія трэнды. І гэта кажа пра добры ўзровень аўтара, пра “якасць” яго мастацкай інтэнцыі.

— У 2015 годзе я ўдзельнічаў у беларускім павільёне “Архіў сведкі вайны” як запрошаны мастак. Мой унёсак быў “неабавязковым” і ні на што, па вялікім рахунку, не ўплываў. Засталося адчуванне недаказанасці, таму я і прыняў рашэнне паўдзельнічаць у сёлетнім конкурсе. У параўнанні з мінулай біенале для мяне змянілася многае: цяпер я за ўсё нясу адказнасць, лепей усведамляю мэты, разумею свае адчуванні ад праекта. Акрамя таго, з’явілася яснасць у саміх ідэях, у фармулёўках — усё ж, за два гады быў час падумаць.

Вытокі “Выхаду” — у селіханаўскім праекце “Рэканструкцыя героя” (2016), які быў паказаны ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура. Узятая адтуль скульптура стала асноўнай у цяперашняй інсталяцыі, але паўстаў іншы кантэкст, “выйсце” пачало развівацца.

— Паралельна для прасторы Оk16 я пачаў рыхтаваць больш маштабны праект, а для Венецыі вырашыў прапанаваць яго мабільную версію — у значнай меры дзякуючы куратару Вользе Рыбчынскай. Ад аднаго персанажа мы прыйшлі да драматургіі, да напружання паміж некалькімі кампанентамі — гэта не толькі чалавечыя фігуры ў поўны рост, але і тэкст, відэа, упаковачныя скрыні, якія маюць уласную назву — “Пасылка”. Неонавы лозунг — гэта нечытэльная фраза без пачатку і канца з “Капіталу” Маркса. Для мяне яна служыць напамінам пра незлічоныя дэкларацыі з тых часоў, калі ніхто не задумваўся над іх значэннем. Адтуль жа і шклянкі з малаком на падносе — вобраз, які мяне не пакідае з гадоў вучобы ў школе мастацтваў імя Ахрэмчыка. Для дзятвы гэтае малако было абавязковай працэдурай, свайго кшталту рытуалам.

У павільёне ёсць няшчыльна зачыненыя вароты ў задняй сцяне, і мы зрабілі там дадатковыя прарэзы: яны нібы нагадваюць пра магчымасці выйсця. Гэта таксама і паўнамёкі на стан свядомасці постсавецкага чалавека. У нашай паўсядзённай практыцы мы ўсё яшчэ знаходзімся ў сітуацыі “пасылкі”, магчымага транзіту — у іншыя каштоўнасці, краіны, у жыццёвыя перамены. Са збіўкамі і перашкодамі ідуць фрагменты з відэа “Лес” — гэта фільм, які я прадстаўляў у Венецыі мінулым разам. Чалавек у пошуках выхаду адчувае хаос, ён не хоча належыць свайму цяперашняму месцу. У гэтым я бачу напружанне перспектывы — і, спадзяюся, глядач таксама адчувае сябе ў стане пошуку. Агулам, для мяне гэта тэкст — аб’яднаны, аформлены візуальна і вербальна. Тэкст на розных мовах.

Пад штучным сонцам

Чым добры “Залаты леў — 2019”, дык гэта нечаканасцю. Літва перамагла з перфарматыўным праектам “Сонца&мора (Марына)”. У ліку аўтараў — кампазітар і мастачка Ліна Лапеліце, рэжысёр Ругіле Барзджукайце, драматург Вайва Грайна. Апроч іх над праектам працавалі куратар Люсія Петраюсці і больш за 20 выканаўцаў. Асноўная частка падрыхтавана ў 2016 годзе арт-калоніяй у Нідзе на Куршскай касе і папярэдне паказана ў Нацыянальнай галерэі мастацтваў у Вільні.

Такім чынам, гледачы назіраюць з размешчанага па перыметры залы балкона за тым, як на ніжнім паверсе людзі загараюць, чытаюць, спяць, слухаюць музыку. Ядуць, гуляюць у мяч з дзецьмі, размаўляюць — усё як на пляжы, але толькі пад штучным сонцам. І яшчэ спяваюць. Пра тое, што пітная вада ў дэфіцыце, клімат мяняецца, а жывёлы гінуць, наглытаўшыся пластыка. Пясок на пляжы — сапраўдны, балтыйскі, 35 тон прывезлі! На працягу ўсяго біенале спяваць (па суботах) будуць выканаўцы, якія прайшлі кастынг, а загараць з ежай і ўласнымі ручнікамі — валанцёры.

Калі раптам у біенальным цэйтноце вы на спевы не патрапіце, то настрой праекта адчуеце ўсё адно. Ён нібы пацешны, але ёсць у ім падтэкст — як быццам паўза, узятая перад бурай. Пераменамі, штормам? Канцэпцыя, вядома, прапануе шэраг розных інтэрпрэтацый. Першы пласт — пагрозлівы стан навакольнага асяроддзя, другі — апатыя чалавека і стомленасць Зямлі, трэці — непазбежнае бяссілле перад часам.

Штучны пляж як сукупнасць гэтых настрояў расслабляе, здзіўляе, падманвае і насцярожвае адначасова. Што можна сказаць пра Літву ў гэтым кантэксце — як правіла, такое пытанне задаюць сабе многія эксперты. Ды вось усё гэта і можна сказаць! І рэспект куратару, які здолеў канцэптуальна запакаваць перформанс.

І яшчэ адзін момант: біенальны фармат усё ж прадугледжвае не акадэмічны дыскурс, а ў большай ступені эксперыментальны і нават гульнявы. Гульня ідэй з Літвы і атрымала “Залатога льва” — цалкам заслужана.

Любоў ГАЎРЫЛЮК