Адкладзі мышку — вазьмі кніжку

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

Міжнародны дзень абароны дзяцей у антуражы бібліятэчных падзей
Сёння, 1 чэрвеня, хлопчыкі, дзяўчынкі і, канешне, іх бацькі змогуць пабачыць у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага цэлы россып цікавых “разыначак” — разнастайныя конкурсы, спектаклі, кніжныя квэсты, віктарыны, інтэрактыўныя гульні ды шмат чаго яшчэ. Усё гэта падрыхтавалі для сваіх маленькіх чытачоў супрацоўнікі Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска. Такім чынам яны ў чарговы раз адзначаць Міжнародны дзень абароны дзяцей.

/i/content/pi/cult/747/16208/21.JPG“Хаджэнне ў народ”

Натуральна, усе пералічаныя імпрэзы — толькі “вяршыня” айсбергу. Як адзначыла “К” дырэктар ЦСДБ Мінска Таццяна Швед, акцыі, прысвечаныя Дню абароны дзяцей, пройдуць на пачатку чэрвеня ва ўсіх 18 бібліятэках сістэмы.

— Што да галоўнай агульнагарадской імпрэзы, дык мы ладзім сваё мерапрыемства ў парку Горкага ўжо больш за дзесяць гадоў, — кажа суразмоўца. — І заўсёды да нас прыходзяць сотні людзей, прычым гэта як нашы сталыя чытачы, так і “неафіты”, якія са здзіўленнем даведваюцца, што ў іх родным раёне Мінска, аказваецца, працуе тая ці іншая дзіцячая бібліятэка.

Па словах Таццяны Швед, на гэтым свяце пастаянна распаўсюджваецца мноства рэкламных улётак і візітовак.

— Наш аддзел маркетынгу ў гэтым плане працуе проста на выдатна! Мы не толькі ладзім свята, а і паказваем сябе, свае магчымасці, напрацоўкі і паслугі, — адзначае візаві. — Усё гэта, натуральна, спрыяе росту наведвальнасці нашых бібліятэк, прыводзіць да нас усё новых і новых маленькіх чытачоў. Прычым разам з іхнімі бацькамі.

Варта дадаць, што гэта не адзінкавае “хаджэнне ў народ” супрацоўнікаў Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска. Па словах Таццяны Швед, бібліятэкары — частыя госці ў дзіцячых садках, у школах, у новых дамах ва ўсіх раёнах сталіцы. Акрамя таго, штогод у дзіцячых “кніжніцах” Мінска ладзяцца “бібліяночы” і “бібліяпрыцемкі”, на якія завітваюць сотні цікаўных наведвальнікаў. Але гэта, відаць, тэма для асобнага артыкула.

/i/content/pi/cult/747/16208/20.JPGУ колеры блакіту

Наведвальніка старонкі сталічнай Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя Мікалая Астроўскага ў адной з сацыяльных сетак сустракае такі слоган: “Адкладзі мышку — вазьмі кніжку”. Супраціўленне камп’ютарным “звяркам” сёлета будзе асаблівым: да Міжнароднага дня абароны дзяцей супрацоўнікі галоўнай дзіцячай “кніжніцы” Мінска падрыхтавалі спартыўна-гульнёвую праграму “Жыве на ўсёй планеце народ вясёлы — дзеці”, прысвечаную ІІ Еўрапейскім гульням, а таксама шэраг іншых цікавых мерапрыемстваў.

Спартыўную тэматыку напярэдадні свята ўзялі на ўзбраенне і ў дзіцячай бібліятэцы № 4, слоган якой на яе старонцы ў сацыяльнай сетцы досыць просты, але красамоўны: “Тут любяць кнігі”. Як адзначыла “К” загадчык установы Наталля Отчэская, 3 і 4 чэрвеня яны будуць ладзіць Фестываль дзіцячага чытання ў гонар ужо названай маштабнай падзеі.

— У праграме фестывалю, які, дарэчы, пройдзе ў нас ужо ў чацвёрты раз — шматлікія конкурсы, віктарыны, рухомыя гульні, спаборніцтвы, — кажа Наталля Дзмітрыеўна. — Можна будзе паспрабаваць свае сілы ў літаратурным футболе, незвычайным бадмінтоне з паветраным шарыкам, аэробіцы, паглядзець кніжную выставу “Сябры лісяня Лёсіка на старонках кніг”, а таксама размаляваць папяровых лісянятаў. Акрамя таго, падчас мерапрыемства дзеці змогуць даведацца пра гісторыю заснавання Еўрапейскіх гульняў.

Як і кожны сапраўдны прафесіянал, загадчыца бібліятэкі цяпер думае не толькі пра гэтае, але і ўжо пра наступнае мерапрыемства, якое пройдзе пад знакам блакіту. У гэты колер установа будзе аформленая ў самы бліжэйшы час. Натуральна, падчас імпрэзы таксама будзе валадарыць Яе Вялікасць Кніга.

— Мы зробім выставу “Сіні колер у жывапісе”, аформім тэматычныя кніжныя паліцы “Мора” і “Караблі”, дзе размесцім дзіцячыя выданні, у якіх асвятляюцца названыя тэмы, — кажа Наталля Отчэская. — Пра іншыя сакрэты пакуль расказваць не буду, каб для наведвальнікаў крыху захавалася таямніца і на адкрыцці ўсе толькі і чакалі сюрпрызы. І, натуральна, запрашаю ў госці “К”!

Я яшчэ не расказаў пра адметную акцыю супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі № 4 пад назвай “Слоўнікавы джэм” (для філолагаў і не толькі), пра разнастайныя майстар-класы, што ладзяцца ў сценах установы (апошні давалі мэтры кніжнай ілюстрацыі), прэзентацыі ў фармаце open-air і гэтак далей. Так што візіт у гэтую бібліятэку абяцае быць сапраўды цікавым і плённым.

І фішка, і “Пацешка”

Не магу таксама не згадаць і яшчэ пра адну крэатыўную ўстанову — дзіцячую бібліятэку № 6 імя Васіля Віткі. 1 чэрвеня яна таксама будзе “гастраляваць” у парку Горкага. Як кажа загадчыца бібліятэкі Тамара Патук, у рамках святочнай праграмы запланаваны гумарыстычны міні-спектакль “Доктар Нос” лялечнага тэатра “Пацешка”, музычнае тэатралізаванае прадстаўленне “Аб чым спяваюць дэльфіны” і інтэрактыўная гульня-віктарына з Буслікам “Няхай смяюцца дзеці”.

— Тэатральныя пастаноўкі — гэта сапраўдная “фішка” нашай установы, — кажа Тамара Анатольеўна. — Тэатр “Пацешка” паўстаў на базе бібліятэкі яшчэ гадоў 15 таму, і цяпер у нашым рэпертуары дзясяткі казак як беларускіх, так і замежных аўтараў.

За гады працы самадзейнага лялечнага тэатра бібліятэкары пабывалі ў многіх установах Мінска — ад школ да дзіцячых садкоў, —
прадэманстравалі свае дасягненні на розных фестывальных пляцоўках, і таму ведаюць дакладна, што маленькія гледачы заўсёды рады іхнім тэатральным імпрэзам. А сёння, у суботу, усе гэтыя цікавосткі тэатральна-бібліятэчнага жыцця можна будзе ўбачыць на свае вочы.

Да слова, у запасніках аматарскага тэатра — каля 70 адметных лялек. Набытых або пашытых бібліятэкарамі самастойна і за свае грошы. Вось і як тут не верыць у тое, што энтузіязм і рамантыка яшчэ не да канца зніклі на нашай зямлі? Маючы перад вачыма падобныя прыклады, канстатаваць адваротнае проста язык не павернецца... Прынамсі, у мяне — дык дакладна.

Іншая справа, што, як на мой погляд, для набыцця лялек ды неабходнага тэатральнага рыштунку бібліятэкарам няблага было б распачаць пошук партнёраў ці спонсараў. Бо набываць за свой, не такі ўжо і вялікі заробак, лялькі для тэатра могуць, натуральна, не ўсе. Ды і, скажам шчыра, так быць не павінна.

Тым больш, што ў справе паспяховага партнёрства далёка за прыкладамі хадзіць не трэба. Скажам, супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі № 10, якія прадэманструюць на свяце ў парку Горкага літаратурна-ігравое асарці “Дзеці — кветачкі жыцця” сумесна з часопісам “Топа”, нядаўна ўзялі сабе ў партнёры аднаго з айчынных мабільных аператараў .

— Спачатку мы адправілі ім запрашэнне да супрацоўніцтва, але яны не адгукнуліся, — кажа кіраўнік установы Людміла Лустава. — Давялося прасіць пасадзейнічаць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, падключаць сяброўскія сувязі, зацікаўліваць партнёраў у гэтай супрацы, паказваць усе станоўчыя бакі будучага сяброўства — і праз тры месяцы мы ўсё ж такі аб’ядналі свае намаганні. І цяпер абсалютна не шкадуем пра затрачаныя высілкі: напрыклад, менавіта дзякуючы партнёрству да нас у бібліятэку 17 мая прыйшоў вядомы тэлевядоўца і спявак Георгій Калдун, які правёў для дзяцей цікавы ўрок “мабільнай пісьменнасці”.

Па словах Людмілы Луставай, Георгій Калдун расказаў школьнікам сталічнай гімназіі № 22 пра тое, што трэба ведаць перад тым, як карыстацца Сусветным Павуціннем, як важна быць асцярожным пры выбары суразмоўцаў у чатах, чаму не трэба рабіць асабістую інфармацыю накшталт нумара тэлефона даступнай для ўсіх карыстальнікаў інтэрнэту ды многае іншае. А бліц-пытанні госця неаднойчы ставілі ў тупік не толькі дзяцей, але і дарослых.

І яшчэ. Ведаю не з чужых вуснаў, што ў некаторых дзіцячых бібліятэках сталіцы здаўна наладжана супрацоўніцтва з айчыннымі банкамі. Згадаю, напрыклад, акцыю “Дзіцячы заапарк”, якая адбылася не так даўно ў дзіцячай бібліятэцы № 14. Банк-спонсар выдаткаваў для яе не толькі дзясяткі набораў падарункаў, але і квіткі ў сталічны заапарк для пераможцаў конкурсу “Вандроўка з ільвом”.

Гэта я да таго, што супрацоўніцтва з арганізацыямі як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці — яшчэ адзін важны крок для рэкламы і раскруткі сваёй дзейнасці, дзейсная і рэальная дапамога бібліятэкарам у правядзенні імпрэз і рэалізацыі цікавых ініцыятыў без спадзяванняў на бюджэтнае фінансаванне. А самі здабыткі і напрацоўкі дзіцячых бібліятэк, мяркую, яшчэ неаднаразова будуць асвятляцца на старонках “К”. Дэманстраваць тут сапраўды ёсць што.

Прычым вопыт супрацоўнікаў Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска цалкам могуць узяць сабе на ўзбраенне як “дарослыя” сталічныя “кніжніцы”, так і бібліятэчныя ўстановы ў рэгіёнах Беларусі. Натуральна, крыху адаптаваўшы гэтыя набыткі да сваіх рэалій.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"