Капірайт на неасязальную спадчыну

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

29 — 30 красавіка на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прайшоў рэспубліканскі семінар “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь”, зладжаны Міністэрствам культуры краіны. У падзеі ўзялі ўдзел каля ста кіраўнікоў і спецыялістаў упраўленняў культуры абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, а таксама ўстановаў культуры. Першы дзень семінара быў прысвечаны пытанням аховы матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў (пра гэта “Культура” пісала ў мінулым нумары). У другі дзень на семінары абмяркоўвалі праблемы аховы нематэрыяльных каштоўнасцяў.

/i/content/pi/cult/747/16201/10.jpgПапулярызацыя і прафанацыя

У спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі на сёння знаходзіцца крыху больш за сотню элементаў нематэрыяльнай спадчыны, што складае толькі два працэнта ад агульнай колькасці (зрэшты, яшчэ ў 2015 годзе іх было ўсяго 76). Прытым каля 50 элементаў з агульнага ліку — гэта выявы гербаў беларускіх гарадоў.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір распавяла пра міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы аховы нематэрыяльнай спадчыны. Міністэрствам культуры Беларусі падпісаныя пагадненні з Літвой, Польшчай і ЗША (прычым у апошнім выпадку гэта адзінае міждзяржаўнае пагадненне, заключанае паміж дзвюма краінамі).

Супрацоўніцтва з літоўскім бокам прадугледжвае падрыхтоўку дасье на ўключэнне ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва спадчыны татар у колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, а беларуска-польскае ўзаемадзеянне накіравана на сусветнае прызнанне традыцый ляснога бортніцтва. Дарэчы, адметна, што наданне ім статусу элемента НКК было ініцыятывай саміх бортнікаў — носьбітаў і пераемнікаў гэтага ўмельства. Цікава таксама, што калі ў Польшчы традыцыя ляснога бортніцтва ў свой час перарвалася і сёння аднаўляецца энтузіястамі, то на паўднёвым усходзе Беларусі ў некаторых мясцінах яно захавалася да сённяшняга часу — пра што не так даўно пісала “К”.

Вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ Алена Каліноўская распавяла аб вядзенні і ўдасканаленні інвентару “Жывая спадчына Беларусі”, які змяшчаецца ў інтэрнэце ад 2012 года, і заклікала ўдзельнікаў семінара захоўваць і актуалізаваць звесткі пра элементы нематэрыяльнай спадчыны, каб можна было прасачыць развіццё традыцый.

Па словах дакладчыцы, больш увагі варта надаваць і супрацоўніцтву са СМІ. Як адзін з найбольш маштабных
падобных праектаў была згаданая серыя тэлеперадач “Жывая культура”, якая выходзіць на канале “Беларусь 3”. У той самы час, папулярызуючы спадчыну, важна не дапусціць яе прафанацыі, якая часта спадарожнічае пашырэнню гэтай інфармацыі аб тых ці іншых традыцыях.

Алена Каліноўская звярнула ўвагу і на праблему дэградацыі элементаў спадчыны: часта пры ўзнаўленні абрадаў са спісу нематэрыяльных каштоўнасцяў замест сакавітай мясцовай гаворкі гучыць руская мова — што прыводзіць да нівеліравання адметнасці традыцый. Таксама выклікае пытанні выкарыстанне падчас абрадаў неадпаведных форм адзення — напрыклад, пластыкавых вяночкаў пры святкаванні гукання вясны.

Дакладчыца звярнула ўвагу на патрэбу не толькі выяўлення і фіксацыі нематэрыяльных каштоўнасцяў, але і забеспячэння іх пераемнасці. Як удалы яе прыклад былі згаданыя традыцыйныя ткацкія тэхнікі аграгарадка Пагародна, унесеныя ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў на пачатку гэтага года. У Пагародне жыве народны майстар Рэспублікі Беларусь Станіслава Міхно, якая перадае сваё ўмельства ўдзельнікам ткацкага гуртка пры мясцовым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Як таксама адзначыла Алена Каліноўская, у справе захавання традыцый спеву ці танцаў варта клапаціцца аб перадачы майстэрства і належным узроўні выканання — іначай такія нематэрыяльныя каштоўнасці могуць папросту знікнуць.

Традыцыйная страва і аўтарскае права

Дырэктар фонду “Культурная спадчына і сучаснасць”, член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях UNESCO Ала Сташкевіч выступіла з дакладам аб паспяховых практыках захавання нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў. Яна нагадала прысутным пра тое, што варта засяроджвацца не толькі на выяўленні і інвентарызацыі нематэрыяльнай спадчыны, але і на захаванні і актуалізацыі, забяспечваючы яе жыццядзейнасць і адаптуючы да сучасных форм культуры.

Ала Сташкевіч таксама распавяла пра рызыкі і пагрозы, з якімі сёння можа сутыкацца нематэрыяльная спадчына. Галоўная з іх — ігнараванне культурнага кантэксту, якое вядзе да дэградацыі элементаў спадчыны. Тыповы прыклад — традыцыя прыбіраць магілы на Радаўніцу і пакідаць пасля сябе на могілках безліч пластыкавых штучных кветак — а яны, як вядома, засмечваюць прыроднае асяроддзе і не перапрацоўваюцца на працягу доўгіх гадоў, што зусім не на карысць экалогіі. Таксама як прыклад экалагічнай і адначасова культурнай праблемы была згаданая сітуацыя з Блакітнай крыніцай у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці, якая пачала прыцягваць увагу вялікай колькасці наведвальнікаў, а яны не заўжды паводзяцца належным чынам.

Дакладчыца звярнулася да ўдзельнікаў семінара з просьбай засяродзіць увагу на захаванні не толькі абрадаў, але і традыцыйных ведаў і практык —
медыцыны, кулінарыі, промыслаў, рамёстваў, будаўнічых тэхнік і гэтак далей, многія з якіх знаходзяцца на мяжы знікнення.

Існуе таксама праблема захавання аўтарскіх правоў носьбітаў нематэрыяльных каштоўнасцяў. На думку Алы Сташкевіч, элементы спадчыны могуць і павінны сертыфікавацца і патэнтавацца. Асабліва гэта тычыцца традыцыйных прадуктаў харчавання і страў. Спецыялісты на месцах мусяць перадусім дбаць не аб унясенні ў спісы як мага большай колькасці элементаў нематэрыяльнай каштоўнасці, а аб забеспячэнні ўстойлівага развіцця і жыццядзейнасці традыцыйных практык — а для гэтага важна падключаць да ўдзелу ў іх захаванні мясцовую супольнасць. Першачарговай задачай сёння з’яўляецца стварэнне стратэгіі ўстойлівага развіцця гісторыка-культурнай спадчыны.

Важнасць інвентарызацыі

Старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Кухаронак выступіла з дакладам аб сучасных формах актуалізацыі традыцыйнай культуры, звярнуўшы асаблівую ўвагу на патрэбу далучэння моладзі да захавання нематэрыяльнай спадчыны праз удзел у фестывалях, экспедыцыях, гістарычных рэканструкцыях. Як адзін з найбольш удалых прыкладаў была згаданая “Берагіня”, правядзенню якой заўжды папярэднічае вялікая падрыхтоўчая праца па выяўленні і фіксацыі розных відаў спадчыны. Падчас экалагічных фестываляў адбываюцца прэзентацыі традыцыйных практык і ўменняў, мясцовых страў — у іх ліку, напрыклад, “Журавы і журавіны” ў Мёрах альбо фэст журавін у вёсцы Альманы Столінскага раёна.

Кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Генадзь Ходар даў удзельнікам семінара (а ў іх ліку было нямала работнікаў культуры з рэгіёнаў) рэкамендацыі па падрыхтоўцы прапаноў аб наданні статусу нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў. Ён падкрэсліў, што тыя элементы НКК, якія з нейкіх прычын не ўвайшлі пакуль у Дзяржаўны спіс, тым не менш, павінны папаўняць вышэйзгаданы інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Мармыш распавяла пра досвед польскіх калег у захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, адзначыўшы моманты, вартыя пераймання. Так, летась у Польшчы быў запачаткаваны Нацыянальны рэестр найлепшых практык па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які дазваляе абменьвацца досведам у гэтай галіне.

Праца па выяўленні і інвентарызацыі элементаў НКК у Беларусі набірае хаду. І варта спадзявацца, што веды, здабытыя на рэспубліканскім семінары, дапамогуць яго ўдзельнікам прасякнуцца яшчэ большай увагай і павагай да нематэрыяльных каштоўнасцяў Бацькаўшчыны, захоўваць іх, развіваць ды рабіць вядомымі як у сваіх паселішчах, так і па ўсёй краіне ды за яе межамі.