Неўтаймоўны

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

5 чэрвеня сваім 75-гадовым юбілеем у сталічнай філармоніі будзе “дырыжыраваць” Валерый Анісенка — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі нашай краіны, прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта РБ, кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар, акадэмік, уладальнік безлічы фестывальных узнагарод, ініцыятар і заснавальнік шматлікіх творчых праектаў.

/i/content/pi/cult/747/16200/9.JPGДарэчы, слова “дырыжыраваць” можна ўжываць і без двукосся: у праграме вечарыны — адзін з яго нядаўніх монаспектакляў “Дырыжор”, які атрымаў замежнае прызнанне. А яшчэ прэзентацыя новай кнігі — “Неўтаймоўны”, назва якой дакладна акрэслівае няпісанае (а цяпер, атрымліваецца, яшчэ і напісанае) творчае крэда майстра. Чаго-чаго, а новых ідэй і палкасці ў іх ажыццяўленні Валерыю Данілавічу не займаць.

Куды ні кінеш вока ў нашай тэатральнай прасторы — да ўсяго ў свой час ён спрычыніўся. І папраўдзе роднымі можа назваць многія творчыя калектывы, якія ён арганізоўваў, у якіх працаваў, выводзячы іх на шырокую фестывальную арэну. Сярод іх — Тэатр-студыя кінаакцёра, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску, Мінскі абласны драматычны тэатр у Маладзечне, які ён апошнім часам узначальвае ў якасці мастацкага кіраўніка і галоўнага рэжысёра. За паўтара сезоны на гэтай пасадзе — адразу чатыры спектаклі: акрамя “Дырыжора”, гэта яшчэ “Час сэканд-хэнд”, які ўвайшоў у шорт-ліст намінантаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі, “Любовь. Собак@ Точка. RU” і нядаўняя прэм’ера, уключаная ў праграму Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна — 2019” — “Не пакідай мяне” паводле Аляксея Дударава. У гэтым спектаклі мэтр сабраў маладзёжны склад удзельнікаў, літаральна студэнтаў-пачаткоўцаў.

Усіх яго рэжысёрскіх і акцёрскіх прац папросту не злічыць. На адным толькі радыё — больш за сотню аўдыёспектакляў! Больш за сотню падрыхтаваных ім драматычных артыстаў.

Дый філарманічная прастора для яго — самая што ні ёсць родная. Як і многія музыканты і асабліва кампазітары. Менавіта ягоным голасам Чытальніка (усё правільна, з вялікай літары) загаварылі практычна ўсе беларускія араторыі апошніх пяці дзесяцігоддзяў. Уключэнне ў праграму юбілейнай вечарыны вершаў у яго выкананні — бы працяг той традыцыі.

Дый кніга гэтая для Анісенкі не першая: што ні кажыце, а літаратар ён — выдатны. З уласным не толькі стылем, але і паэтыкай. Бо “трэніруецца”, лічыце, штодня: цягам многіх гадоў вядзе дзённікі, якія і становяцца асновай захапляльных мемуараў. Усяго такіх кніг ён выдаў пяць. У цяперашнюю, шостую, падрыхтаваную Уладзімірам Ліпскім, які выступіў складальнікам і аўтарам прадмовы, увайшлі найбольш цікавыя вытрымкі з дзённікаў, а таксама разнастайныя матэрыялы пра самога юбіляра.

Шкада, канешне, што ў зале імя Рыгора Шырмы немагчыма будзе перадаць атмасферу яго спектакляў на адкрытым паветры. А гэта і чэхаўская “Чайка” на ўласным лецішчы (з наўмысна вырытым для гэтай мэты “возерам”), і шэкспіраўскі “Макбэт” у Музеі-сядзібе Іллі Рэпіна ў Здраўнёве ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”. А колькі яшчэ новых ідэй! Пажадаем Валерыю Данілавічу іх плённага ажыццяўлення. Паболей здароўя, натхнення, пераможных творчых таймаў — і паменей перашкод. З юбілеем!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"