Архіў у лічбавую эпоху

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

27 — 28 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Архівы, бібліятэкі і музеі як інстытуты сацыяльнай памяці чалавецтва”. Арганізатарамі прадстаўнічага форуму выступілі галоўная кніжніца краіны і гістарычны факультэт БДУ.

Як распавёў “К” намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, у ходзе канферэнцыі былі абмеркаваны праблемы, з якімі сутыкаюцца архівы, бібліятэкі і музеі ў сувязі са змяненнем парадыгмаў інстытутаў сацыяльнай памяці.

— У сучасным свеце архівы, бібліятэкі і музеі перажываюць трансфармацыі, звязаныя з актыўным развіццём інфармацыйных тэхналогій і інтэрнэту, з захаваннем і вяртаннем тых ці іншых дакументальных помнікаў і гэтак далей, — кажа Алесь Суша. — Натуральна, што новыя тэндэнцыі закранаюць не толькі формы ўзаемадзеяння з карыстальнікамі, але і метады працы з тэкстамі дакументаў. Усе гэтыя і іншыя пытанні мы паспрабавалі абмеркаваць са спецыялістамі, і, як я лічу, канферэнцыя атрымалася для нас вельмі прадуктыўнай.

Удзел у ёй узялі навукоўцы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Францыі і нават Мальты — агулам каля 60 чалавек.

Цягам двух дзён у рамках форуму працягвалася работа чатырох секцый: “Дакументальная спадчына як інфармацыйны рэсурс грамадства”, “Захавальнікі і карыстальнікі інфармацыі: праблемы ўзаемаадносін і ўзаемадзеяння”, “Лічбавая трансфармацыя і інстытуты памяці”, “Архівы, музеі, бібліятэкі: агульнае і адрознае ў іх працы”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"