Кніжны open-air у замку

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

Прыемная навіна: неўзабаве ў нас паболее яшчэ на адзін культурны фэст. 15 чэрвеня ўпершыню пройдуць “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”. Гучыць спакусліва. Але ці не паўторыць новая ініцыятыва такія традыцыйныя ўжо дзеі, як Дзень беларускага пісьменства або Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, толькі на больш сціплы мірскі лад? Ці стане адметнай рэгіянальнай традыцыяй?

/i/content/pi/cult/747/16197/7.JPGНе, не паўторыць! — запэўнілі надоечы на прэс-канферэнцыі арганізатары фэсту. Па словах дырэктара Гродзенскага філіялу РУП “Белсаюздрук” Паўла Скрабко (гэтая структура разам з міністэрствамі інфармацыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Гродзенскім
аблвыканкамам, Карэліцкім райвыканкамам і музеем “Замкавы комплекс “Мір” выступаюць арганізатарамі фестывалю), асноўным лейтматывам дзеі стане менавіта гістарычная кніга, якая будзе ўтульна пачуваць сябе ў антуражы старога замка, а прэзентацыі выданняў на галоўнай сцэне будуць чаргавацца з канцэртнымі нумарамі пераважна старадаўняй музыкі (ансамблі “Пастараль”, “Кантраданс” і іншыя). Усё гэта і абумовіць адмысловы фармат фэсту — гэтакі кніжна-музычны гістарычны open-air.

Мяркуецца, што на свята прыедуць каля 60 літаратараў, у тым ліку з Расіі і Украіны. Вядомыя ўжо і хэдлайнеры: украінская пісьменніца Ірына Данеўская з кнігай “Багуслаў Радзівіл, нямецкі прынц”, расіянін Мікалай Ефімовіч (“Мая Плісецкая. Рыжы лебедзь”), наша Людміла Рублеўская са зборнікам гістарычных папулярызатарскіх эсэ “Рыцары і дамы Беларусі” і кнігамі серыі “Аванцюры Пранціша Вырвіча” (здымкі кіно паводле адной з іх нядаўна якраз праходзілі ў Мірскім замку, які з гэтай нагоды на час пераўтварыўся ў Слуцкі), Уладзімір Місевіч з кнігай успамінаў пра ансамбль “Песняры”, Віктар Хурсік з гістарычным даследаваннем, прысвечаным Магдалене Радзівіл, Уладзімір Лякін з манаграфіяй “Апошнія абаронцы Вялікага Княства Літоўскага”.

Высадзяцца ў Міры і дэсанты ад асобных выдавецтваў, у прыватнасці, “Беларускай Энцыклапедыі імя П.Броўкі” — з кнігамі да юбілею вызвалення Беларусі і выдавецтва “Беларусь” — з гістарычнымі выданнямі альбомна-падарункавага кшталту. Шырока будзе прадстаўлена і дзіцячая літаратура — Валерый Гапееў, Ірына Токарава, Ліна Багданава.

У якасці адмысловай “разынкі” фэсту будзе працаваць выстава самаробных кніжак, лялек, герояў літаратурных твораў, арганізаваная Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Яўхіма Карскага.

Цэнтральнай падзеяй для гісторыкаў, пісьменнікаў, краязнаўцаў і выдаўцоў стане круглы стол “Гістарычная кніга ў сучасным грамадстве”, які пачнецца ў малой канферэнц-зале а 12-й гадзіне. Там жа, унутры замкавага комплексу, можна будзе азнаёміцца з выставай экслібрысаў і іншымі экпазіцыйнымі праектамі, толькі за ўваход паспалітым людзям трэба ўжо будзе заплаціць — у той час, як праход на тэрыторыю і ў дворык Мірскага замка будзе бясплатным.

Беларуская гістарычная кніга і старадаўняя музыка цяпер у трэндзе, замкі і палацы — таксама. Зоркі абяцаюць сысціся.

Мікола ЧЭМЕР