Апсары прынеслі прыгажосць і дождж

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

З 28 па 31 мая прайшлі Дні культуры Каралеўства Камбоджы ў Рэспубліцы Беларусь. Тысячы кіламетраў, якія распасцёрліся паміж нашай і гэтай азіяцкай краінай, і неверагодная розніца ў ментальным сэнсе ды ладзе жыцця беларусаў і кхмераў не сталі перашкодай для іх культурнага збліжэння і нават яднання ў адзіным эмацыйным парыве на канцэртах камбаджыйскіх майстроў мастацтваў у Беларусі.

/i/content/pi/cult/747/16196/5.JPGІ гэта, дарэчы, не першы такі досвед супрацоўніцтва беларусаў і камбаджыйцаў пад патранажам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры і прыгожых мастацтваў Каралеўства Камбоджа. Два гады таму ў Пнампені ўжо праходзілі Дні культуры Беларусі, падчас якіх камбаджыйскія гледачы цёпла прымалі выступы Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі і салісткі Маладзёжнага тэатра эстрады Вікторыі Алешка, экспазіцыю “Беларусь і беларусы”, падрыхтаваную Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, і персанальную выставу нашага мастака Васіля Ясюка.

Камбаджыйцы не засталіся ў даўгу, і ў нечым іх культурны адказ быў сіметрычным. У рамках Дзён культуры Камбоджы беларусам таксама паказалі вялікі харэаграфічны калектыў — дзяржаўную трупу артыстаў дэпартамента мастацтва Міністэрства культуры і прыгожых мастацтваў Камбоджы, асобных салістаў-інструменталістаў з гэтага дэпартамента і дыхтоўную фотавыставу, якая красамоўна расказала пра культуру і гісторыю краіны кхмераў.

28 мая з камбаджыйскай дэлегацыяй на чале з міністрам культуры і прыгожых мастацтваў Камбоджы Фаерунг Сакона сустрэўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, а на наступны дзень у Белдзяржфілармоніі адбыліся ўрачыстае адкрыццё Дзён культуры Камбоджы ў Беларусі і канцэрт — праграма якога, дарэчы, назаўтра парадавала жыхароў Маладзечна.

Пасля прыгожай танцавальнай прэлюдыі ў выкананні знакамітага ансамбля “Харошкі” словамі ўдзячнасці і павагі абмяняліся першы намеснік міністра культуры Беларусі Наталля Карчэўская і міністр культуры і прыгожых мастацтваў Камбоджы Фаерунг Сакона. “Беларуская публіка ўпершыню атрымлівае магчымасць пазнаёміцца з традыцыйным мастацтвам Камбоджы”, — адзначыла Наталля Карчэўская. Правядзенне дзён нацыянальнай культуры, падкрэсліла яна, з’яўляецца агульным унёскам у пашырэнне і ўмацаванне сяброўства паміж народамі, ствараючы спрыяльную глебу для паляпшэння супрацоўніцтва і ў іншых сферах.

/i/content/pi/cult/747/16196/6.JPGПадзякаваўшы за цудоўную арганізацыю Дзён культуры Камбоджы ў Беларусі і зрабіўшы невялічкі экскурс у гісторыю дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі (яны былі ўсталяваныя ў 1995 годзе), спадарыня Сакона прызналася, што меладычнасць беларускай музыкі, прыгажосць і дынамічнасць танца, прадэманстраваныя два гады таму ў Камбоджы Дзяржаўным ансамблем танца Беларусі, да гэтага часу выклікае ў яе самыя глыбокія пачуцці. Высокая госця пажадала ўсяму беларускаму народу бласлаўлення на даўгалецце, высакародства, шчасце і сілу — паводле бласлаўлення самога Буды.

Цудоўны канцэрт, які зладзілі камбаджыйскія артысты для беларусаў, быў з любоўю і акуратнасцю сатканы з экзатычных для нас кхмерскіх фальклорных танцаў, кожны з якіх звязаны з тым ці іншым міфам ці звычаем або ўяўляе з сябе харэграфічнае ўвасабленне кхмерскага варыянта таго ці іншага сюжэта з Рамаяны. Перад вачыма беларусаў ва ўсёй сваёй красе і неспасціжнай для нас азіяцкай гнуткасці ды грацыёзнасці разгарнулася сапраўдная танцавальная феерыя, дзе галоўную ролю гралі то залатая русалка, то какосавая ракавіна, то кардамон, то багіні аблокаў і дажджу апсары — дарэчы, вельмі ласкавыя і добразычлівыя да людзей… А танцы чаргаваліся з інструментальнымі сола: гучалі зробленыя з бамбука камбаджыйскія габоі (пей-пок і пей о), камбаджыйская флейта (кхлой), камбаджыйскія літаўры (ско-тхом)…

Прынамсі, адно з пажаданняў-бласлаўленняў Буды — шчасце — публіка, якая сабралася ўвечары 29 мая ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі, атрымала. А пасля шчаслівых наведвальнікаў канцэрта літаральна на прыступках філармоніі сустрэў майскі дожджык.

Мікола ЧЭМЕР