“Мінск глядзіць” на карту арт-скарбаў

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

Каля чатырох соцень твораў на 17 пляцоўках, аўтары ад 8 да 78 гадоў з Беларусі, Латвіі, Эстоніі… Міжнародны фестываль мастацтва “Арт-Мінск — 2019”, які адкрыўся днямі ў сталіцы, зноў ператворыць горад у вялікую мастацкую галерэю. Летась ён ладзіўся ўпершыню і арганізатары адразу ж расставілі ўсе кропкі над “і”: па-першае, гэта ні ў якім разе не копія нейкіх замежных арт-кірмашоў, па-другое, праект аб’ядноўвае мастакоў незалежна ад іх узросту ды грамадзянства, і па-трэцяе — фэст імкнецца адкрыць наведвальнікам як мага болей выставачных прастораў у горадзе. Невыпадкова на яго афішах выяўлена менавіта вока — слоган фестывалю “Мінск глядзіць”. Пра тое, што і дзе прапануюць убачыць у бліжэйшы месяц, распавядае “К”.

/i/content/pi/cult/747/16195/1.jpg— Мінск — гэта ў першую чаргу людзі, якія тут жывуць і сюды прыязджаюць. Але не кожны з іх ведае, дзе знаходзіцца мастацкая галерэя, — кажа дырэктар Цэнтра выяўленчага і медыямастацтва “Новыя культурныя ініцыятывы” Аляксандр Зіменка. — Таму мы разам з Мінгарвыканкамам спрабуем паказаць, што гэта горад, дзе ёсць шмат мастацкіх твораў на любы густ і месцаў для іх паказу.

Галоўнай пляцоўкай фестывалю па-ранейшаму застаецца Палац мастацтва. Таксама на карце “Арт-Мінска” (якую спецыяльна друкуюць для наведвальнікаў як запрашэнне наведаць усе выставы) — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей, Музей гісторыі беларускага кіно, Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура, выставачныя залы “Акадэмія” і Kodex Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, галерэі “Арт Хаос”, “Беларт”, “ДК”, “Арт-порт”, “Мастацтва”, “Універсітэт культуры”, культурны хаб Ok16, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, галерэя Беларускага саюза дызайнераў, арт-гасцёўня “Высокае месца”.

/i/content/pi/cult/747/16195/2.JPG— Сёлета мы атрымалі 840 зваротаў ад мастакоў, затым журы адабрала з іх амаль чатыры сотні. У галоўнай экспазіцыі ў Палацы мастацтва прадстаўлены 250, а таксама яшчэ 60,
адабраных нашым запрошаным куратарам з Расіі Іллём Шыпілоўскіх, — распавядае спадар Зіменка. — Раней ён ніколі не працаваў з беларускімі мастакамі, таму, можна сказаць, для яго гэта было адкрыццё. І мы ўжо абмяркоўваем працяг супрацоўніцтва.

Ілля Шыпілоўскіх — вядомы расійскі арт-крытык, куратар, дырэктар Арт-галерэі “Ельцын Цэнтра” ў Екацярынбургу.

— Праглядаючы дасланыя заяўкі, я згрупаваў іх па некалькіх тэмах. Атрымалася своеасаблівае кола, на процілеглых баках якога апынуліся прырода і лічбавы свет, структурнасць і абстракцыя. У цэнтры — чалавек. Экспазіцыя пабудавана суадносна з гэтымі тэмамі, — патлумачыў спадар Шыпілоўскіх.

/i/content/pi/cult/747/16195/3.JPGА вось склад нацыянальнага журы, якое вядзе адбор заявак ад мастакоў, не агалошваецца.

— Гэта наша прынцыповая пазіцыя, — тлумачыць Аляксандр Зіменка. — Мы не хочам, каб на гэтых асоб якім-небудзь чынам аказвалі ціск. Аўтары, якія не прайшлі, часта крыўдзяцца, пішуць лісты. Я прымаю ўдар на сябе. Магу толькі сказаць, што ніводнага выпадковага чалавека ў журы няма — гэта прадстаўнікі прыватных і дзяржаўных ініцыятыў, прычым не толькі з Мінска, якія маюць розныя погляды на мастацтва. Мы не збіраем іх усіх разам на абмеркаванне — заяўкі дасылаем кожнаму асобна, і члены журы ставяць свае адзнакі кожнай з іх. Пасля ўсё сумуецца і лічыцца, колькі галасоў хто набраў.

Нам даводзіцца пастаянна паўтараць: фестываль — гэта не конкурс і мы не апошняя інстанцыя. Але пры гэтым мы маем права на ўласнае меркаванне. Сёлета мне было прыемна ўбачыць новыя імёны, якія не сустракаліся ні на “Восеньскіх салонах”, ні на мінулым “Арт-Мінску”. З задавальненнем адзначаю, што цяпер мы маем два праекты ў жанры відэа-арт, хаця ў мінулым годзе не было ніводнага. У той жа час, шмат студэнтаў працягваюць дасылаць нам свае працы кшталту вучэбных нацюрмортаў з бутэлькай. Не трэба крыўдзіцца, што яны не праходзяць — трэба працаваць далей. Прычым у нас няма патрабавання, каб усё было выканана на найвышэйшым тэхнічным узроўні. Самым важным па-ранейшаму застаецца тое, што мастак укладвае ў свой твор.

/i/content/pi/cult/747/16195/4.JPGЛетась за час фестывалю яго выставы пабачылі больш за 15 тысяч чалавек. Сёлета гледачоў чакаюць яшчэ больш. Акрамя выстаў, у цікаўных ёсць магчымасць таксама наведаць шматлікія дадатковыя мерапрыемствы ў праграме “Арт-Мінска” — лекцыі, творчыя сустрэчы і дыскусіі пра мастацтва цяперашняга і будучага.