“Шлях Манюшкаў” і яго церні

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Рыхтуючы цыкл публікацый пра радавод вялікага беларускага — ці, кажучы мовай паліткарэтнай, беларуска-польскага — кампазітара Станіслава Манюшкі, 20 мая я пабываў у мясцінах, якія хоць і звязаныя з “памяццю” пра яго род, але прыцягваюць сёння вельмі мала ўвагі. Інакш не давялося б карыстацца спадарожнікавай навігацыяй, каб іх адшукаць. Ды і пісаць пра іх зараз бы не было сэнсу.

/i/content/pi/cult/746/16194/25.JPGПагорак жывых і пагорак мёртвых

Выправіцца ў гэтую вандроўку мяне натхнілі і размовы са Святленай Немагай — музыказнаўцай і адной з нешматлікіх у Беларусі папулярызатарак асобы кампазітара. Вырушылі мы разам з краязнаўцам Эдуардам Канановічам. А што з таго выйшла, паспрабую апісаць.

Першы пункт — колішні маёнтак Радкаўшчына, які з 1791 года належыў Манюшкам. У 1815-м яго ўласнікам стаў будучы дзядзька Станіслава — Дамінік. Ён праславіў свой род тым, што задоўга да афіцыйнага скасавання прыгону — яшчэ ў 1820-х — вызваліў сваіх сялян, раздаў ім землі, пабудаваў агранамічныя школы для адукацыі сельскай моладзі. Пасля смерці Дамініка, сядзіба перайшла ягонаму брату Чэславу — бацьку кампазітара. Даволі падрабязна пра лёс Радкаўшчыны напісаў прафесар Анатоль Федарук у кнізе “Старинные усадьбы минского края”, якая ёсць у Сеціве.

Знаходзіцца тое месца на поўнач ад Нацыянальнага аэрапорта, дзеля пашырэння якога недаўна высеклі ладны кавалак лесу і праклалі новую дарогу, чым заблыталі нават навігатар, які ўпарта скіроўвае аўтамабілістаў па старой — пакуль яна не знікае за металічнай брамай з калючым дротам.

Самой вёскі Радкаўшчына ўжо няма — голае поле. Але месца, дзе некалі стаяла сядзіба дзядзькі кампазітара Дамініка Манюшкі — “гуманіста ў поўным значэнні гэтага слова”, як аб ім напісаў гісторык Аляксандр Ельскі — добра праглядаецца. На невялічкім пагорку растуць дзве купіны дрэваў, сярод якіх пануе вельмі старая лістоўніца. Духмяны бэз, які таксама з’явіўся там не без дапамогі людзей, нібы шчыт прыкрывае рэшткі падмуркаў панскага дома. Што да лесу за сядзібай, то нехта высек там цэлы квартал ялінаў.

Калі стаць спінай да сядзібы, перад вачыма адкрыецца вельмі маляўнічы краявід. За схілам пагорка, па якім яшчэ ходзіць статак кароў — а гэта цяпер такая рэдкасць — за дарогай, за полем у нізінцы, на іншым пагорку, на ўзлессі хваёвага гаю можна ўбачыць старыя вясковыя могілкі. Дарэчы, вельмі дагледжаныя.

/i/content/pi/cult/746/16194/24.JPGВідаць, і месца для родавай капліцы-пахавальні Манюшкаў — “з відам на сядзібу” — было абранае на тых могілках невыпадкова. Адсюль глядзіш на віруючае жыццё, а адтуль — на канец канцоў.

Ніякага дарожнага знаку, інфармацыйнага шчыта або, скажам, памятнага камяню на ўзбочыне дарогі з надпісам, што тут жылі выбітныя прадстаўнікі беларуска-ліцвінскага шляхецкага роду, мы не заўважылі. Таму гэтае месца і ведаюць хіба нешматлікія “манюшказнаўцы”. Што недарэчна і недаравальна. Мабыць, мясцовым уладам варта аб тым падумаць. А мы дапаможам, бо гэта справа гонару Беларусі.

Зраблю нават канкрэтную падказку. Непадалёк ад паварота з бальшака на могілкі, акурат пры дарозе, ляжыць шэры гранітны валун, які выдатна падыходзіць да азначанай вышэй мэты. Аздобіць яго надпісам — што можа быць прасцей? Пагатоў, не так даўно быў ужо станоўчы прыклад — на Менцы.

Дарэчы, менавіта Эдуард Канановіч знайшоў блізу Менскага гарадзішча тое месца, дзе ў родавай капліцы-пахавальні ў свой час спачылі добра вядомы мінчукам Рудольф Пішчала (будаўнік адпаведнага “замка”) і ягоная жонка Сафія з Каменскіх. А каталізатарам пошуку той капліцы ў ваколіцах Гарадзішча стала публікацыя гісторыка-архівіста Змітра Дразда, які на гэты раз, на жаль, не змог паехаць з намі.

Унутры — зямля і смецце

Што ні кажы, але месца для могілак было абрана з густам. Пяшчаны пагорак, адкрыты сонцу і ветру, сосны... Пахаванні там ёсць і сучасныя, і другой паловы ХІХ стагоддзя. І памяць аб сваіх продках мясцовыя жыхары рупліва захоўваюць. Праўда, некаторыя старыя і важкія камяні нам давялося падняць ці падраўняць з дапамогай адпаведнага рыштунку.

Робячы гэтую справу, мы адшукалі і надмагілле Андрэя Кляніцкага. Хлопец з вёскі Кляннік не толькі старанна адвучыўся ў агранамічнай школе, якую пабудаваў у сваіх уладаннях Дамінік Манюшка, але пазней стаў там выкладчыкам. Цяжкае надмагілле ледзь паддалася нашым высілкам. Затое цяпер яно добра бачнае і не зарасце бадыллём.

Месца, дзе стаяла капліца-пахавальня, удалося вызначыць па густой парасці нейкага мясцовага гатунку хмызняка, крапівы і наваленых паверх іх старых дрэваў. Каб расчысціць падмуркі, спатрэбіліся сякеры і рыдлёўкі, якія ў абавязковым парадку павінны быць у паходным наборы любога журналіста-краязнаўца-гісторыка.

Пасля праведзенага добраўпарадкавання высветлілася, што капліца мела памеры прыкладна тры на пяць метраў, яе падмурак складзены з валуноў і камянёў, а муры былі з цэглы — ад якой амаль нічога ўжо не засталося. Унутры капліцы — зямля і смецце, што, на жаль, сустракаецца не так і рэдка.

Між тым, у гэтай спачывальні была пахавана маці кампазітара — Альжбета з Маджарскіх і, хутчэй за ўсё, ягоны бацька. З ростам цікавасці да асобы Манюшкі беларускай дзяржавы і простага люду, прыкметы якой ужо навідавоку, сюды распачнецца сапраўднае “паломніцтва”. У тым ліку, і высокіх гасцей. Зусім няцяжка спрагназаваць іх думкі і рэзананс у СМІ адносна такога важнага месца, якім з’яўляецца сямейны некропаль, калі яны ўбачаць яго ў сучасным стане.

Хочацца верыць, калісьці капліца будзе адноўлена. А пакуль жа зусім нескладана для пачатку хаця б надаць таму месцу належны выгляд — аб’яднанымі высілкамі (менавіта аб’яднанымі) дзяржавы, зацікаўленай грамадскасці і мясцовых жыхароў, дзеля продкаў якіх Дамінік Манюшка ахвяраваў сваім жыццём. З боку грамадскасці зацікаўленыя ёсць. Што на гэта адкажуць мясцовыя ўлады — як прадстаўнікі дзяржавы?

Камяні з эпітафіяй

Другім пунктам нашага маршруту было Алесіна, якое, таксама, як і іншыя манюшкавы маёнткі, спярша належыла вялікаму літоўскаму гетману Міхалу Казіміру Агінскаму. Як вядома, і ён не “чужы” ў гісторыі беларускай музыкі. Праз шлюбныя сувязі гэты багаты маёнтак перайшоў ад Манюшкаў да Ваньковічаў. З тых часоў тут засталіся ў выдатнай ступені захаванасці розныя гаспадарчыя пабудовы, сярод якіх вылучаецца бровар. Усе яны прыстасаваны пад нейкую справу і працягваюць служыць людзям.

Чаго не скажаш пра тое места, дзе стаяў сядзібны дом — на жаль, ён не захаваўся. Нейкія рэшткі падмуркаў пакуль праглядаюцца, як і рэшткі парку. Дарэчы, парк нядаўна яшчэ раз моцна “скарацілі”, на гэты раз дзеля будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу.

Калі на скрыжаванні ля бровара павярнуць у левы бок, то злева ад дарогі можна ўбачыць купіну дрэваў і маленькі жоўты плоцік, якім абгароджаны два камяні. Другая “талака” гэтага дня была праведзена менавіта там.

Камяні, адзін з якіх проста неверагодных памераў (ды, на жаль, пашкоджаны), былі ачышчаны ад імшаніку, а надпісы расчытаныя пры дапамозе пены для галення. Абодва яны прысвечаны Чэславам Манюшкам свайму знакамітаму ва ўсей “Літве” брату Дамініку.

Увогуле, постаць Дамініка як увасаблення ўсіх перадавых поглядаў таго часу патрабуе калі не помніка, то экранізацыі. А лепей і першага, і другога.

Алесіна даволі далёка ад сядзібы ў Радкаўшчыне, але з’яўляецца важным прыпынкам на “Шляху Манюшкаў”. Праўда, каб тым, хто па ім паедзе “самаходзь”, было зразумела, што гэта за камяні і якую гісторыю мае тутэйшы маёнтак, тут таксама не пашкодзіла б размясціць інфармацыйны стэнд.

Самі ж камяні варта з гарызантальнага стану вярнуць у вертыкальны, каб і ўзімку можна было расчытаць эмацыйную эпітафію, складеную бацькам кампазітара. І абавязкова трэба неяк іначай добраўпарадкаваць месца вакол. Напрыклад, прыбраўшы плот (які ўжо часткова спарахнеў) і выклаўшы ўчастак палявымі камянямі — але не казённай пліткай!

Думаю, такія нязначныя высілкі будуць мець добры эфект і стануць добрым прыкладам для іншых месцаў, звязаных не толькі з гісторыяй роду Манюшкаў, але і постацямі іншых нашых выбітных суайчыннікаў.

А, можа быць, калі-небудзь дойдзе і да аднаўлення бадай самага галоўнага пункту “Шляху Манюшкаў” — родавай сядзібы Убель. Менавіта там павінен па-сапраўднаму расквітнець адзіны ў свеце музей кампазітара! Падкрэсліваючы неабвержны факт: нарадзіўся ён на нашых землях.

Зміцер ЮРКЕВІЧ,
гісторык-архівіст