Скразнякі папсы і шансону, або Роздум сярод дэцыбелаў

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Уявіце сабе, музычная паштоўка з выявай абноўленай плошчы Незалежнасці “вяшчае” не знакамітую нацыянальную мелодыю, а нешта з неакрэсленага гатунку папсы. Ці не будзе вам сорамна падарыць камусьці такую мінскую “адметнасць”?.. Задумалася пра гэта, калі, здзяйсняючы вячэрні праменад, завітала на плошчу Незалежнасці паслухаць непадробныя пералівы фантанаў, а пачула — рознагалоссе, што вывяргаецца з дынамікаў над візітнай карткай сталіцы. Мікс з шансону, электроннай і папсовай музыкі для гасцей сталіцы і жыхароў Мінска запамінаецца як музычнае аблічча горада. Але ці такім яно павінна быць?

 /i/content/pi/cult/171/1619/Papsa.jpg

Крыху патлумачу: калонкі вывяргаюць гукавую лавіну ў сэрцы не так даўно абноўленай плошчы Незалежнасці на яе невялічкім пятачку, межамі якога сталі летнія рэстаранчыкі і кавярні, што замялі сабой і частку лавачак. За некалькі гадзін свайго шпацыру паспела пагаварыць з многімі людзьмі, якія прыйшлі напрыканцы спякотнага працоўнага дня адпачыць ля галоўнага фантана. Каля 60 працэнтаў з іх складала моладзь, 30 — людзі сярэдняга веку, 10% — сталага. У восем гадзін вечара блізу трэці тых, хто затрымліваецца тут, — госці сталіцы. Большасці з апытаных падабаецца, што на гарадскіх вуліцах і плошчах гучыць музыка: маўляў, яна падымае настрой, адцягвае ўвагу ад гарадскога шуму і стварае атмасферу свята. Дзяўчатам-марожаншчыцам спевы з дынамікаў нават дапамагаюць працаваць, падвышаючы ўзровень продажаў.
Але былі і тыя, хто прынцыпова не прымае ідэю музычнага дапаўнення да выдатных архітэктурных форм. Прыкладна 20 працэнтаў апытаных лічаць, што галоўнай адметнасцю цэнтральнай плошчы з’яўляецца фантан, і яны прыходзяць сюды менавіта для таго, каб пабыць сам-насам з сабой, паслухаць журчэнне вады, а не музыку.
Дзве дзяўчыны ўвогуле абурыліся: “Як можна круціць тут розныя забаўляльныя трэкі! Побач жа — касцёл!” І праўда: гандлёвыя палаткі з піўнымі брэндамі ды навала шансону ці папсы не вельмі пасуюць храму побач.
Наогул, колькасць аб’ектаў для захаплення ў адным месцы на плошчы Незалежнасці ўражвае. Ды і канцэнтрацыя гукаў з нядаўняй пары таксама.
Калі ж усё-такі пагадзіцца з меркаваннем большасці, што музыка — арганічная акраса плошчы, паўстае наступнае, не менш складанае пытанне: а якой яна павінна быць менавіта тут? Мне пашчасціла трапіць у эпіцэнтр сталічнага жыцця ў добры час — дзве гадзіны запар гучала клубнае дыска. Як запэўнілі мяне афіцыянткі летніх кавярань, такая фонавая музыка — сучасная, мілагучная, неназойлівая — паляпшае настрой, кліентам за столікамі ўздымае апетыт.
“Урэшце, пад яе зручна дэфіляваць на высокіх абцасах!” — усміхнулася на мой запыт адна з наведвальніц рэстаранчыка. Дзявочае замілаванне дыска падтрымалі многія з апытаных, што пастаянна прыходзяць сюды менавіта паслухаць музыку. Заўсёднікі засведчылі, што плэй-ліст мяняецца штодня, прычым складаецца ён па жанравай прыналежнасці: сёння можна паслухаць тое самае дыска, заўтра — шансон, а пасля дойдзе чарга і да айчынных папулярных выканаўцаў. “Нам падабаецца ўся без выключэння музыка: пад клубную мы проста адпачываем, папсу таксама часам можна паслухаць, пад шансон задумваемся над сэнсам жыцця, над тым, што зрабіў не так…”, — шчыра дзяліліся са мною трое сяброў. Такіх “усеядных” слухачоў назбіралася працэнтаў пад 60. Праўда, старэйшае пакаленне дадавала да спісу народныя песні ці кампазіцыі легендарных “Песняроў”.
Дарэчы, шансон — дакладней “рускі шансон” у спісе “музычнага аблічча сталіцы”, на дзіва, узнікаў не аднойчы. Тыя ж сяброўкі-афіцыянткі аказаліся гарачымі прыхільніцамі шансону наогул і творчасці Стаса Міхайлава ў прыватнасці. Часцяком яны нават заказваюць мясцоваму дзі-джэю песні сваіх любімых выканаўцаў — “для душы”. Што ж, пра густы сапраўды спрачацца не варта: тое, што адны лічаць безгустоўшчынай, іншыя, наадварот, выносяць на першыя радкі рэйтынгу. Як жа паміж гэтымі крайнасцямі знайсці кампраміс?
Тут пагаджуся з грунтоўнай канцэпцыяй паляпшэння музычнай атмасферы плошчы Незалежнасці сустрэтага на ёй супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў: “Музыка павінна быць у першую чаргу рознай: ад класікі — да папулярнай. Аднак падаваць яе трэба цягам дня блокамі, каб адным не надакучвала, а іншым, можа, і пачала б падабацца. Галоўнае — стварыць настрой плошчы, які б адчуў кожны чалавек і быў ім запалонены”.
Ніхто не будзе аспрэчваць, што плошча Незалежнасці з’яўляецца душой нашага горада і “магнітам” для гасцей сталіцы. Кожны дзень яна сустракае сотні турыстаў і, выконваючы іміджавую функцыю, дапамагае зрабіць пазітыўнае ўражанне пра Мінск.
Тут кожная дробязь павінна працаваць на адметны каларыт, адмыслова створаны праектыроўшчыкамі. А хіба ж музыка плошчы не з’яўляецца складнікам гэтага каларыту? І, мусіць, наспеў час усур’ёз заняцца ім.
Бо пакуль пытанне пра тое, што павінна спяваць душа сталіцы, застаецца адкрытым. Але адно ўжо ясна дакладна: хопіцьганяць скразнякі папсы і шансону, выклікаючы масавыя музычныя захворванні. 

Настасся КУР’ЯН