Леанід БАРТКЕВІЧ: “Я быў правай рукой Мулявіна”

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Леаніду БАРТКЕВІЧУ сёння споўнілася 70! Жадаючы яму здароўя, новых творчых поспехаў і ўсяго самага-самага, “К” віншуе любімага многімі артыста і сваімі пытаннямі, разбіўшы іх на два блокі. У першым мы паспрабавалі раскрыць унутраны свет знакамітага выканаўцы яшчэ больш поўна. А другі склалі пытанні, якія маюць дачыненне да вялікага калектыву.

/i/content/pi/cult/746/16185/10.JPGПытанні “з барадой”…

— Леанід Леанідавіч, давайце пачнём з пытанняў, якія ўвайшлі ў адну анкету. Што гэта быў за апытальнік, я вам пазней паведамлю. Згодныя?

— Згодны.

— Якасць, якую вы больш за ўсё шануеце ў людзях?

— Дакладнасць і сумленнасць. Не трываю, калі людзі кажуць спачатку адно, потым — іншае, а то і зусім парушаюць дадзенае імі слова. Калі чалавек схільны да хлусні, ён ніколі не будзе і дакладным — і наадварот.

— Якасць, якую больш за ўсё шануеце ў мужчыне?

— Добрая ганарлівасць. Калі чалавек не будзе любіць і паважаць сябе, яго і іншыя шанаваць не будуць. Дрэнная ганарыстасць? Гэта зайздрасць. Або пыхлівасць яшчэ.

— Якасць, якую вы больш за ўсё шануеце ў жанчыне?

— Прыгажосць. Дабрыня. Вернасць. Калі ў сям’і будзе панаваць узаемапавага, калі жанчына створыць для свайго мужчыны адпаведныя камфортныя ўмовы, ён ад яе ніколі не сыдзе.

— Адметная рыса Леаніда Барткевіча?

— Нелюбоў да сябе. Ненавіджу свой голас. Ненавіджу ўсе тыя свае “песняроўскія” хіты, якія спяваю — стаміўся ад іх бязмерна. Але даводзіцца любіць тое, што я раблю ў музыцы... Напэўна, гэта яшчэ можна назваць залішняй самакрытычнасцю. І я самаіранічны чалавек. Але пры гэтым ніколі не іранізую над людзьмі — жыццё само ім пакажа, чаго яны заслугоўваюць, ды паставіцца да іх з гумарам.

— Ваша ўяўленне пра шчасце?

— Шчасце ёсць ужо тое, што мы з’явіліся на свет, а як хто здолеў распарадзіцца гэтым — на ўсё воля Божая. Трэба задавольвацца тым, што ёсць, і імкнуцца быць лепшымі. Тым самым лепшага і заслужым.

— А пра няшчасце?

— Тое, што ўсё рана ці позна канчаецца. І добрае, і дрэннае. Проста трэба заўсёды захоўваць спакой, ведаць, што пасля дрэннага абавязкова прыйдзе добрае. Ну, так у мяне, напрыклад. Праўда, і пасля добрага ідзе дрэннае. Таму і не варта мітусіцца. Страшна, вядома, калі сыходзяць блізкія, сябры, але на тое нам выпрабаванні Божыя і дадзены.

— Недахоп, які вы хутчэй за ўсё схільныя выбачыць?

— Усе. Нешта дарую хутка, нешта — праз доўгі час. Але — усе. Чалавеку ўласцівыя памылкі, часам вельмі сур’ёзныя, але пакараць смерцю яго можа толькі Бог.

— Недахоп, які выклікае найбольшую агіду?

— Лянота. Абыякавасць. Брыдка, калі чалавек прыгожы і таленавіты, а нічога вартага не робіць, плыве па плыні, задавольваецца малым, але ставіць сябе вышэй за іншых.

— Ваша антыпатыя?

— Не люблю, калі знакамітасці лезуць у тэлевізар. Менавіта лезуць. Не разумеючы, што тым самым ствараюць сабе антырэкламу, губляючы людскую павагу.

— Любімы занятак?

— Пісаць карціны. Думаю, што ўсё-такі я нарадзіўся мастаком. Можа, і архітэктура была маім пакліканнем. Але паколькі ўсе мае сваякі — і блізкія, і далёкія — спявалі, прычым добра, то гены гэтыя перадаліся і мне. А карціны засталіся як хобі.

— Любімыя паэты?

— Каб самыя-самыя, такога няма... Купала, Колас, Пушкін. Я калісьці і сам складаў вершы.

— Ваш любімы празаік?

— Караткевіч, мабыць. І Быкаў, вядома. У Гродне мы з Вольгай жылі ў адным доме з Васілём Уладзіміравічам. Здаралася, разам выводзілі на шпацыр нашых сабак, і ён часам такія рэчы распавядаў, што памятаю і па сёння. Надзвычайнай сумленнасці быў чалавек. Наогул без адмоўных рысаў.

— Ваш любімы герой?

— Героі Дзюма. Вядома, граф Монтэ-Крыста. Вельмі я любіў у дзяцінстве глядзець французскі фільм, дзе ролю Дантэса выконваў Жан Марэ. Ды і да гэтага часу з задавальненнем гляджу, калі паказваюць па тэлевізары.

— Любімая гераіня?

— Каця з “Двух капітанаў”. Вельмі мне падабалася старая экранізацыя гэтага рамана Веніяміна Каверына. Любіў усіх гераінь Насты Вярцінскай. І самой Настай быў захоплены. Тады я і пачаў пісаць вершы…

— Любімая кветка?

— Напэўна, ружа. Я неяк захацеў напісаць карціну з кветкамі, і чамусьці напісаў з ружамі. Нешта падспудна мне падказала, што яны павінны быць на палатне. Дарэчы, тую карціну я падарыў Пугачовай... Палявыя кветкі, можа, таксама. Але на першым месцы ўсё ж ружа.

— Любімы колер?

— Чырвоны, вядома. Чаму? Не ведаю. Як і тое, чаму я люблю няцотныя лічбы і лікі. Кажуць, што ён — для індыкоў, быкоў. Для дурняў. Не, ён самы яркі. Любімы.

— Ваша любімае імя?

— Крыстафор, Крыстафер, Крысціян — у мяне малодшага сына так клічуць. Іван... У нас з Вольгай мог быць сын, і мы яму ўжо імя прыдумалі — Іван.

— Любімая страва?

— З дзяцінства — бульбяное пюрэ з селядцом. Селядцовы паштэт. Мама яго выдатна рабіла.

— Любімае выслоўе?

— Быць або не быць. Для мяне прамежкавага ніколі не існавала. І заўсёды было “быць”. Вось у гэтым сэнсе я шчаслівы чалавек. А пра кульбіты ў маім жыцці можна зняць такое кіно... Столькі цудаў у iм было, раптоўных паваротаў. З Мулявіным звязаныя два — калі ён мяне ўзяў у 1970-м у “Песняры” і калі прыехаў за мной у Штаты.

— І — любімы дэвіз?

— Той жа.

— А цяпер адкрываю вам сакрэт анкеты. Яе, па просьбе дачок, некалі запоўніў Карл Маркс…

— Не ведаў гэтага.

— Як да Маркса ставіцеся?

— Лічачы яго вялікім чалавекам, скажу крыху пра іншае. Перакананы, што камунізм — гэта перадавое вучэнне. Чаму яно застаецца нерэалізаваным у жыцці? Напэўна, таму, што людзі не саспелі яшчэ, складана ім яму адпавядаць. А я, можа, адзін з нямногіх артыстаў, хто ніколі не бэсціў савецкае мінулае. Мне шкада распаду СССР. Так, ён меў патрэбу ў трансфармацыі, але людзей, якія змаглі б зрабіць гэта правільна, не знайшлося. Аднак я мяркую, што эксперымент па нараджэнні, развіцці і росквіце папраўдзе справядлівага грамадства яшчэ не скончыўся. Нават прытым, што з душамі ў людзей стала горай. Ні да чаго добрага ў пагоні за грашыма яны не прыйдуць. Веру, калісьці яны гэта зразумеюць, і тады — усё ў Божых руках…

...і іншыя пытанні

— Ці ёсць у вас пытанні да “Песняроў” любых гадоў, да таго, што з імі адбывалася?

— Ёсць. Адно. Як так здарылася, што ў 2003-м годзе — пасля смерці Мулявіна — быў зменены дырэктар “Песняроў”, калі на месца чалавека, якому давяраў і Мулявін, і астатнія музыканты ансамбля, устаў той, каму даверу не было? А пасля гэтага ўсе 22 удзельнікі, уключаючы тэхперсанал, пакінулі калектыў.

— А я даўно хацеў спытаць вас аб наступным. На вядомым тэлезапісе падчас выканання “Песнярамі” “Волагды” вы з іроніяй, пакусваючы вусны, пазіраеце на Анатоля Кашапарава, які ў ёй саліраваў. Аб чым жа думалася ў той момант?

— Гэта запіс з маскоўскай Калоннай залы Дома саюзаў з творчага вечара паэта Міхаіла Матусоўскага, калі “Волагда” і прагучала ў новай аранжыроўцы. А ў Толю я і сапраўды чамусьці ўпёрся поглядам, але думаў пра нешта старонняе: можа, пра тое, што здарылася ўчора, або пра дзяўчынку якую. Аднак выглядае гэта так, быццам я на самай справе нешта ўзгадваю пра Толю.

— Не надта добрае…

— Што вы, Толя і па гэты дзень мой верны сябра! Калі не браць у разлік Мулявіна, сярод музыкантаў “Песняроў” сваімі сябрамі я б яшчэ назваў Юру Дзянісава, якога, на жаль, ужо няма ў жывых. І, напэўна, Лёню Тышко. На сцэну нельга выходзіць ненавідзячы таго, хто стаіць там з табою побач — у зале гэта адчуюць. Публіка — яна ж як рэнтгенаўскі апарат, умомант усё “скануе”. Бяда, што аднойчы ў “Песнярах” з’явіліся тыя, хто за кулісамі меў звычку перамываць костачкі сваім калегам па ансамблі. Я тады якраз і падумаў, што, калі, не дай Бог, такія тут затрымаюцца, у нас могуць наступіць нялёгкія часы, калі калектыў пачне раз’ядаць іржа міжусобіцы. На жаль, так і адбылося.

— Вы сыйшлі ў 1980-м з “Песняроў”, скончылі ГИТИС, з’ехалі за акіян, вярнуліся ў Беларусь… Але чаму праз нейкі час вы сталі працаваць ва Украіне, а не зноў прыйшлі ў родны калектыў?

— Пасля ГИТИСа я хацеў у Мiнску арганізаваць тэатр. Мне ўжо давалі пад яго памяшканне, я хадзіў па інстанцыях, насіў нейкія дакументы, чагосьці дамагаўся — пакуль адзін рэжысёр не сказаў мне: “Навошта табе гэта трэба? У цябе ж ёсць любімая праца — “Песняры”. А чаго ты дасягнеш на рэжысёрскай ніве? Лаўраў не здабудзеш, вядомасці не даб’ешся, толькі інфаркты з інсультамі”. Пераканаў, карацей кажучы. Праўда, ён не ведаў, што ў “Песняры” я вярнуцца ўжо не мог, паколькі, даведаўшыся пра маё паступленне, Мулявін мне абвясціў: “Выбірай — або “Песняры”, або ГИТИС”. Ён не верыў, што на піку славы ансамбля я пайду з яго. Але, калі я нешта вырашыў, то пераканаць мяне практычна немагчыма. Увогуле, тыя словы Валодзі былі мною не забытыя, а пазней ён мне і сам прызнаўся, што палічыў мой сыход ледзь не за здраду.

— Вы былі адным з салістаў “Песняроў”. Кім бы яшчэ мог назваць сябе Леанід Барткевіч у кантэксце жыццядзейнасці ансамбля?

— Я заўсёды быў правай рукой Мулявіна, нават застаючыся па-за “Песнярамі”. Ён заўсёды са мною раіўся, па самых розных пытаннях. Я быў яго ўлюбёнцам. Быў верным сябрам. І ён мяне такім лічыў. Ніколі ні па якіх пытаннях у нас з ім не было разыходжанняў. (Наш “канфлікт” на глебе ГИТИСа і я, і ён лічылі дробным непаразуменнем.) Мы — людзі адных поглядаў на жыццё, аднаго густу, і значную частку вось гэтага аднаго цэлага Валодзя ў мяне выхаваў.

— Вяртаючыся ў “Песняры” з ЗША па яго закліку, ці доўга разважалі над запрашэннем? Бо жыццё ў Амерыцы ў вас было ўладкаванае, а тут у музыцы трэба было ўсё пачынаць практычна спачатку…

— Вельмі лёгка пагадзіўся на прапанову Мулявіна. Яны з жонкай з месяц у мяне жылі. Прывезлі з сабой газеты, паказалі ўвесь гэты “паліў”. “Лёшка, прыязджай, дапамажы, — ён мне сказаў. — Што ты тут робіш? Тваё месца на сцэне”. І з 2000 года я зноў на пастаяннай аснове стаў працаваць у “Песнярах” — ажно да смерці Валодзі. А потым быў той масавы сыход, аб якім я казаў. З 2003-га ў мяне “Песняры” ўжо свае, іх я лічу сапраўднымі прадаўжальнікамі справы Мулявіна. Безумоўна, лічу такім і сябе — заслужанага артыста Беларусі з 1979 года. Мне Міхаіл Якаўлевіч Фінберг неяк сказаў: “Калі ты не народны артыст, то хто ў нас народны тады?”

— Ці можаце ахарактарызаваць Мулявіна толькі парай слоў?

— Хопіць і аднаго — Ге-нiй!

— А толькі пара слоў для “Песняроў” у вас ёсць?

— Трошачкі па-іншаму адкажу. Калі не памыляюся, Біл Клінтан, узгадваючы Беларусь, сказаў, што каб нашу краіну ведалі ў свеце яшчэ больш, трэба, напрыклад, у спорце быць такой, як Вольга Корбут, а ў музыцы — “Песнярамі”.

— Я такога не чуў. Але веру, што падобныя словы маглі прагучаць.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"