Эксперты адзначаюць дынаміку

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Галоўныя высновы маніторынгу рэалізацыі Беларуссю канвенцыі UNESCO
Ці становяцца ўмовы дзейнасці ў сферы культуры больш спрыяльнымі для культурнай разнастайнасці і самавыражэння? Наколькі адпавядае прыняты Кодэкс аб культуры актуальным патрэбам гэтага сектару? У якіх сферах культура робіцца ўплывовым фактарам? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, зробленыя на падставе экспертных ацэнак і статыстычных паказчыкаў, былі прадстаўленыя і абмеркаваныя 17 мая на міні-канферэнцыі па выніках другога Маніторынгу рэалізацыі ў Беларусі Канвенцыі UNESCO “Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення”.

/i/content/pi/cult/746/16182/IMG_20190523_124131_opt.jpegЦі кожны — Малевіч?

Першы маніторынг Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі праводзіўся не так даўно, у 2015 годзе. Менавіта тады былі распрацаваныя асноўныя тэхнікі вымярэння і зроблены першы замер стану сферы культуры Беларусі ў адпаведнасці з мэтамі і каштоўнасцямі Канвенцыі UNESCO. Сёлета адбыўся другі замер, і даследчыкі прадставілі свае папярэднія высновы на суд грамадскасці.

Стан сферы культуры аўтары дыягнаставалі на падставе самых розных дадзеных — Міністэрства культуры краіны, Нацыянальнага статыстычнага камітэта, міжнародных індэксаў, аналізу “Кодэкса аб культуры”, а таксама праз апытанне 26 экспертаў і прадстаўнікоў культурнага асяроддзя.

Што ж атрымалася ў выніку? Калі прадставіць супастаўныя характарыстыкі змяненняў у сферы культуры ў рамках мэт і задач Канвенцыі, дык сфера культуры прадэманстравала за апошнія чатыры гады пазітыўную дынаміку, хай і не надта значную.

— Сярод агульных трэндаў варта назваць моцны ўплыў глабальных тэндэнцый і тэхналагічных інавацый на культурную разнастайнасць і развіццё, перавагу “нішавых” ініцыятыў у магчымасцях самавыражэння і некаторыя іншыя фактары, — заявіла адзін з аўтараў маніторынгу, кандыдат сацыялагічных навук Таццяна Вадалажская. — Сярод пазітыву хачу таксама адзначыць з’яўленне новых суб’ектаў у публічнай прасторы культуры ды пашырэнне магчымасцяў для непрафесійнай творчасці і ўдзелу ў культурным жыцці.

Дарэчы, у ліку станоўчых зрухаў эксперты адзначылі і з’яўленне небезвядомай выставы “Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч”, у якой можа паўдзельнічаць літаральна кожны і без ніякага цэнзу — абы твор праз дзверы пралазіў.

Эксперты станоўча ацэньваюць і новы нарматыўныя дакументы — напрыклад, прынятыя ў 2017 годзе Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 364 “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамесніцкай дзейнасці” і № 337 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання дзейнасці фізічных асоб”. Гэтыя дакументы значна спрасцілі працу і зменшылі час уваходжання ў прафесію рамеснікам і дызайнерам, вытворцам і наладчыкам музычных інструментаў. Адсюль і павелічэнне колькасці ды маштабаў выставаў і фестываляў, дзе можна было прадэманстраваць сваю hand-made прадукцыю.

Талакою можна многае

/i/content/pi/cult/746/16182/7.jpgУ якасці яшчэ адной пазітыўнай тэндэнцыі эксперты адзначылі паступовае пашырэнне рынкавых мадэляў у сферы культуры. Гаворка тут вядзецца пра краўдфандынг і тыя пляцоўкі ды платформы, з дапамогай якіх ён пашыраецца ў Беларусі, а таксама збор сродкаў на правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў праз сацыяльныя сеткі. На думку аўтараў маніторынгу, гэта рэальна дзейсны механізм, які стаў устойлівай практыкай у атрыманні рэсурсаў і “раскрутцы” шматлікіх кніг, дызайнерскіх
прадуктаў і асветніцкіх мерапрыемстваў.

Да таго ж, падобная практыка адкрыла новыя магчымасці для аўтараў, выдавецтваў і дызайнераў ды істотна пашырыла разнастайнасць прапанаванага культурнага прадукту. Акрамя таго, пазітыўным з’яўляецца і засваенне кіраўнікамі краўдфандынгавых праектаў рынкавых механізмаў, вывучэнне попыту і метадаў прасоўвання таго ці іншага культурнага прадукту. Для многіх творчых праектаў ды іх аўтараў мадэль продажу, заснаваная на зборы мінімальнага ліку перадзамоваў праз інтэрнэт, сталася адзінай рэальнай магчымасцю спраўдзіцца і “выйсці ў людзі”.

Самае галоўнае, што многія з гэтых праектаў былі паспяхова рэалізаваны — пра тое неаднойчы пісала “К”. Мяркую, у 2019 годзе такі яскравы трэнд абавязкова працягнецца, а інтэрнэт-платформы займеюць яшчэ большую колькасць цікавых ініцыятыў, сярод якіх, натуральна, будуць і на культурную тэматыку.

І тут вельмі важна, каб да гэтай дзейнасці больш актыўна падключыліся ўстановы культуры Беларусі, а таксама асобныя супрацоўнікі сферы. Крэатыву ў айчынных бібліятэкараў, клубнікаў, музейшчыкаў заўсёды было даволі. А сёння з’явілася рэальная магчымасць не толькі спланаваць, але і ажыццявіць задуманае. Так што ўсім рупліўцам варта пацікавіцца вопытам тых, хто сабраў грошы на свой праект з дапамогай краўдфандынгу, улічыць іх
заўвагі і выходзіць “у народ” з уласнымі культурнымі ініцыятывамі.

Індустрыя ці форма?

Натуральна, аўтары маніторынгу не маглі пакінуць без увагі Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які ўступіў у дзеянне ў пачатку 2017 года.

— Несумненна, Кодэкс часткова запазычвае пэўныя палажэнні з Канвенцыі UNESCO, — адзначыў падчас свайго выступлення дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. — Але, на наш погляд, калі Канвенцыя арыентавана на стварэнне ўмоў для развіцця розных формаў культурнага самавыяўлення, то айчыннае заканадаўства разглядае культуру як асаблівы тып вытворчасці, галіну сацыяльнай дзейнасці, што ў тэрміналогіі Канвенцыі вызначана як індустрыя культуры.

Таксама, як заўважылі эксперты, у Кодэксе не адлюстраваны такія ключавыя паняцці як “культурнае самавыяўленне” і “культурная разнастайнасць”, а замест тэрмінаў “культурная палітыка” ў дакуменце прысутнічаюць палажэнні аб “дзяржаўнай палітыцы ў сферы культуры”.

Акрамя таго, палажэнні шэрагу падзаконных актаў (Указаў Прэзідэнта Беларусі, пастановаў Савета Міністраў краіны, Міністэрства культуры Беларусі) не ўвайшлі ў Кодэкс або былі ўключаны ў яго ва ўрэзаным выглядзе. Гэта, па словах Андрэя Ягорава, прывяло да з’яўлення пэўных прабелаў у заканадаўчым рэгуляванні. І мушу адзначыць, што падобную думку не раз даводзілася чуць і ад работнікаў культуры.

Напрыклад, Кодэкс не ў поўнай меры рэгулюе дзейнасць у галіне гісторыка-культурнай спадчыны, у ім не прапісаныя неабходныя механізмы для вяртання культурных каштоўнасцяў. Гэты дакумент ускладніў дзейнасць навуковага кіраўніка праектнымі работамі на аб’ектах спадчыны і спецыяліста, які займаецца іх аховай.

У той жа час, у якасці пазітыўнай змены ў галіне прававога рэгулявання эксперты адзначылі прыняцце заканадаўчых актаў па спрашчэнні
падаткаабкладання для некаторых творчых прафесій, якія не патрабуюць рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў (напрыклад, для дызайнераў).

Кіно і прэферэнцыі

Гэта, натуральна, не ўсе праблемы сферы культуры, якія заўважылі эксперты, аналізуючы айчыннае прававое поле. Напрыклад, як адзначалася падчас прэс-канферэнцыі, сёння беларускае заканадаўства, на жаль, не скіраванае на стварэнне ўмоў для пашырэння вытворчасці і спажывання нацыянальнага культурнага прадукту.

— У прыватнасці, не прапісаны магчымасці і прэферэнцыі для пракату беларускага кіно, асабліва на ўзроўні рэгіёнаў, — кажа Андрэй Ягораў. — Такім чынам, няма наладжанай камунікацыі і лагістыкі для прасоўвання нацыянальнага
прадукту, знятага за бюджэтны кошт.

— Акрамя таго, эксперты адзначылі і значную зарэгуляванасць спонсарскай падтрымкі і фінансавых укладанняў у сферу культуры з боку прыватнага сектара, — адзначыў Андрэй Ягораў. — Сярод галоўных абмежаванняў для выкарыстання спонсарскай падтрымкі можна назваць дадатковую фінансавую справаздачнасць, якая кладзецца перш за ўсё на плечы спонсараў, а таксама строгі кантроль за мэтавым выкарыстаннем аказанай дапамогі, які ўключае высокія штрафныя санкцыі.

Натуральна, у падобных умовах у прадстаўнікоў айчыннага бізнесу адсутнічае матывацыя да фінансавання нацыянальных культурных праектаў. На думку экспертаў,
выйсце з гэтай сітуацыі бадай адно: унясенне змяненняў і дапаўненняў у адпаведнае заканадаўства з улікам меркаванняў і прапаноў як дзяржаўных органаў, так і прадстаўнікоў бізнес-супольнасці Беларусі. Як было адзначана падчас прэс-канферэнцыі, гэтая праца ў адпаведных інстанцыях ужо праводзіцца і блізкая да завяршэння.

Натуральна, пра вынікі папярэдняй версіі даследавання можна гаварыць яшчэ доўга, і “К” абавязкова працягне гэтую тэму ў сваіх наступных нумарах. Балазе, распрацоўшчыкі дакумента паабяцалі дапрацаваць праект маніторынгу з улікам заўваг і прапаноў грамадскасці ды даслаць яго канчатковую версію ва ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя органы і арганізацыі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"