Парасткі, якія могуць даць плён

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

У Мінску прайшоў ІІ Рэспубліканскі адкрыты конкурс юных і маладых кампазітараў імя Юрыя Семянякі. Журы на чале з заслужаным артыстам Беларусі Віктарам Войцікам імкнулася “вылічыць” будучых стваральнікаў нацыянальных і сусветных шэдэўраў. Ці атрымалася?

/i/content/pi/cult/746/16180/4.JPGНягледзячы на парадкавую лічбу два, гэты конкурс мае багатую перадгісторыю. Калісьці ён пачынаўся ў Гродне — па ініцыятыве тамтэйшага кампазітара Віталя Радзівонава і шмат у чым трымаўся на энтузіязме
педагогаў, якія займаюцца з дзецьмі сачыненнем музыкі. Але на пэўным этапе гэтае творчае спаборніцтва пераехала ў сталіцу. Цяпер яно праходзіць пад эгідай не мясцовых уладаў, а Міністэрства культуры нашай краіны — што адразу ўзвысіла яго статус і дало пераможцам перавагу пры паступленні ў адпаведныя навучальныя ўстановы: лаўрэаты маюць магчымасць атрымліваць далейшую музычную адукацыю ў Беларусі без уступных іспытаў.

Гэта, дарэчы, ускладае на журы дадатковую адказнасць. Аднак у яго складзе былі сапраўдныя прафесіяналы вышэйшага ўзроўню, якія маюць багаты вопыт у галіне не толькі кампазіцыі, але і педагогікі. Сярод іх — старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, загадчыца кафедры кампазіцыі, заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар Галіна Гарэлава, адна з найвядомых музыказнаўцаў Беларусі і СНД Радаслава Аладава…

— Кампазітарскія конкурсы, у адрозненне ад больш відовішчных выканальніцкіх, не зусім звычайныя, — распавёў старшыня журы Віктар Войцік, які многа гадоў пільна сочыць за творчасцю нашай моладзі і пачаткоўцаў. — Разглядаючы дасланыя творы, мы імкнёмся распазнаць у іх творчую індывідуальнасць. Зрабіць гэта бывае няпроста, бо трэба аддзяліць фантазіі вучня і працу настаўніка. Роля выкладчыкаў, дарэчы, таксама вельмі важная, таму мы адзначаем лепшых і ў гэтай “катэгорыі”.

Намецілася пэўная тэндэнцыя. Раней першымі педагогамі па кампазіцыі былі тыя, хто выкладае ігру на якім-небудзь інструменце. Яны заўважалі, што дзіця схільнае да імправізацыі, што яму цікава не столькі выканаць, колькі “дасачыніць” нейкі твор, перайначыць яго на свой манер. І пачыналі хто заахвочваць, а хто і забараняць (здараліся і такія выпадкі). Сёння класы кампазіцыі з’явіліся не толькі ў музычных каледжах, але і ў дзіцячых музычных школах мастацтваў. І што вельмі радуе, працуюць там нашы выхаванцы — кампазітары-выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. На мінулым такім конкурсе вельмі ярка паказалі сябе вучні Аліны Безенсон і Вольгі Падгайскай. Цяпер да іх далучыліся Вячаслаў Пяцько, які разам з вядомым Валерыем Карэтнікавым выкладае ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры нашай Акадэміі музыкі, Дзмітрый Лойка, які працуе ў каледжы імя Глінкі, Яўген Ларыёнаў з педагагічнага складу 10-й школы імя Яўгена Глебава.

У іх на гэтым конкурсе, што праходзіў, як заўжды, па розных узроставых групах, адразу па некалькі лаўрэатаў: чацвёра, двое і трое адпаведна. Асабліва хацелася б вылучыць Любу Сыцько. Яна магістрантка нашай кафедры, займаецца ў класе прафесара Уладзіміра Дарохіна. І адначасова выкладае ў 7-й школе. Яе вучаніца атрымала трэцюю прэмію ў малодшай групе, а сама Люба стала бясспрэчным і абсалютным пераможцам у старэйшай. Так адбываецца пераемнасць пакаленняў, ствараецца неабходная для юных кампазітараў атмасфера, пачынаючы з дзіцячага ўзросту, на ранніх этапах станаўлення асобы закладаюцца тыя творчыя парасткі, якія могуць у далейшым даць плён. Нават калі дзіця і не вырасце ў прафесійнага кампазітара, усё роўна застанецца той творчы імпульс, які дапаможа ў любой справе.

Слухаючы Віктара Антонавіча, думалася яшчэ і пра іншае — пра шлях новых твораў да публікі. Бо конкурсныя праслухоўванні былі закрытымі і ладзіліся ў адной з вучэбных аўдыторый Акадэміі музыкі. Дый калі б іх перанеслі ў Беларускі саюз кампазітараў, гэта не выратавала б сітуацыю, бо там пакойчык з раялем не большых памераў. Чаму б не праводзіць такія спаборніцтвы на дзіцячую публіку? Да прыкладу, у той жа 10-й школе, што насупраць Акадэміі музыкі. Дарэчы, у Гродне конкурсы збіралі даволі шырокае кола прыхільнікаў, якія запаўнялі залы і тамтэйшага музычнага каледжа, і нават тэатра лялек.

Дый і правядзенне майстар-класаў не перашкодзіла б. Бо члены журы літаральна разрываліся на часткі: і дасланыя творы разглядалі, і кансультавалі тых педагогаў, што звярталіся да іх пасля падвядзення вынікаў, і парады юным удзельнікам давалі для далейшых творчых спроб.

Нарэшце, галоўнай праблемай, на думку многіх выкладчыкаў (асабліва з рэгіёнаў) з’яўляецца нерэгулярнасць гэтага конкурсу. Калісьці ён ладзіўся штогод, потым быў вызначаны тэрмін раз у тры гады, але з мінулага конкурсу прайшло ажно чатыры. Ці ж спрыяе гэта таму, каб планамерна адсочваць юныя таленты?

Дый аб’яўлены сёлетні конкурс быў у сціслыя тэрміны, незадоўга да правядзення — таму, мабыць, не ўсе змаглі належным чынам да яго падрыхтавацца. Агульная колькасць дасланых заявак склала 34 (твораў было значна больш, бо некаторыя прапаноўвалі адразу па некалькі).

Каб крыху “змікшыраваць” апошнюю праблему, было вырашана актывізаваць дзейнасць Беларускага саюза кампазітараў у дачыненні да юных музыкантаў: у прамежак між конкурсамі ладзіць майстар-класы і агляды. І сапраўды, патрэба ў жывых стасунках паміж творцамі розных пакаленняў была, ёсць і будзе.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"