Пчолкі, што ніколі не джаляць

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

23 мая ў расчыненае акно нашага рэдакцыйнага кабінета заляцела пчала. Зрабіла круг над нашымі камп'ютарамі і знікла ў сталічнай паднябеснай гарачыні. “У Клімавічы памчалася”, — пасмяяліся мы. Акурат у гэты дзень там распачаўся XVIII Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”. З 1996 года крылатая працаўніца стала сімвалам рэгіянальнага мерапрыемства. З 2001-га фэст набыў міжнародны статус, аб’ядноўваючы тысячы ўдзельнікаў з многіх краін свету.

/i/content/pi/cult/746/16178/1.jpgЧаму пчолка? Ды таму, што яна ўвасабляе стараннасць і настойлівасць, без якіх немагчыма дасягнуць істотных вынікаў у творчасці. Клапатлівая крылатая працаўніца — заўжды з паўнацэнным залатым даробкам.

У рамках фестывалю — святы “Мы разам”
і “Клімавіцкі гасцінец”. У гарадскім парку выступаюць лепшыя творчыя сілы раёна, а рамеснікі мясцовага РДР прадстаўляюць сваё майстэрства.

Пятніца стала днём дзіцячай творчасці. Распачаліся конкурсныя прагляды харэаграфічнага і выяўленчага мастацтваў. Прэзентаваліся фестывалі Магілёўскай вобласці. Увечары адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця “Залатой пчолкі”.

Сёння працягваецца конкурсная праграма. Журы выбірае лепшых вакалістаў і рамеснікаў. Субота стане днём нацыянальных культур. А нядзеля прызначана для ўзнагароджання фестывальных лаўрэатаў.

Заснавальнікамі фестывалю дзіцячай творчасці сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Клімавіцкі райвыканкам.

Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў распавядае “К”, што прадстаўніцтва “Залатой пчолкі” з кожным годам пашыраецца. Пра наш фестываль добра ведаюць у Кыргызстане, Казахстане, Малдове, ва Украіне, у Польшчы, Кітаі, краінах Балтыі…

Па яго словах, сёлета ў скульптурную кампазіцыю фестывальнага знака, што ўладкавана ў гарадскім парку, будзе дададзены новы сот. Ён будзе сімвалізаваць Славакію — новую краіну-ўдзельніцу “Залатой пчолкі”.

Яшчэ адна функцыя шматграннага фестывалю палягае ў тым, што ён з’яўляецца стартавай пляцоўкай для далейшай творчай рэалізацыі юных талентаў. У розныя гады школу “Залатой пчолкі” прайшлі Ксенія Сітнік — уладальнік Гран-пры дзіцячага конкурсу Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” і пераможца Міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне — 2005”, Андрэй Кунец — другое месца на “Еўрабачанні — 2006”, Ганна Мушака — уладальнік Гран-пры Міжнароднага фестывалю “Залаты шлягер”, лаўрэат конкурсу маладых выканаўцаў “Славянскага базару”, Міхаіл Ліла — лаўрэат дзіцячага конкурсу гэтага ж фэсту. Многія беларускія ўдзельнікі “Залатой пчолкі” сталі стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Такім чынам, палёт “Залатой пчолкі” доўжыцца.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"