Флейта як чароўная палачка

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

23 — 26 мая ў Мінску ўжо ў другі раз пройдуць “Беларускія флейтавыя дні”. Знаёмцеся, адна з арганізатараў — Дзіяна ГАНТАРЭНКА. Не проста прыгожая ды стыльная дзяўчына, а лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят фонда Уладзіміра Співакова, салістка аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. А яшчэ — маці трох сыноў і ініцыятар не толькі згаданага фестывалю, а адразу некалькіх адметных канцэртна-адукацыйных праектаў, уключаючы Флейтавы цэнтр. І ўвогуле — чалавек, які фантануе шматлікімі ідэямі, як зрабіць нашы канцэртныя афішы яшчэ больш насычанымі, а жыццё — больш музычным.

/i/content/pi/cult/745/16175/20.JPG— Цікава, адкуль у вас такое захапленне?

— Флейта — гэта космас! Выхад у іншае вымярэнне. Калі пераадольванне тэхнічных складанасцей адбываецца на ўзроўні рэфлексу, гэта дае свабоду. І ты ляціш у нейкі іншы сусвет. Я адказала на ваша пытанне, што для мяне флейта?

— Лепшыя музыканты сапраўды бачаць у сваім інструменце самага надзейнага, але ранімага сябра, якога нельга крыўдзіць. Сваё другое “я”. Сэнс свайго жыцця… Эпітэты можна працягваць да бясконцасці! Але пры гэтым многія прафесіяналы згадваюць, што маленства ў іх практычна не было. Затое потым!

— Не ведаю, у мяне — было. І флейтай я пачала займацца толькі з дзесяці гадоў.

— Дык, мабыць, у вас сям’я была немузычная, таму бацькі так позна спахапіліся?

— Усё акурат наадварот! Бацька — трубач, маці — музыказнаўца. Я расла ў атачэнні музыкі, з дзяцінства ў доме гучаў джаз, але мяне ніколі не прымушалі гэтым займацца “ў абавязковым парадку”. І ў тры гады не давалі ў рукі інструмент: маўляў, лепей грай, каб не бадзяцца па вуліцы. Я абрала флейту сама! Неяк мне прыснілася, што я хачу на ёй іграць. З тае пары я ніколі не пашкадавала пра свой выбар. А тады прачнулася, бы штосьці такое мне “стрэльнула”, і пабегла маму будзіць: “Я хачу іграць на флейце!”

— І яна адвяла вас у дзіцячую музычную школу?

— Не, паказала прафесару, купіла флейту, і я стала рыхтавацца да паступлення ў спецыялізаваную школу пры Гнесінцы —
Расійскай акадэміі музыкі. Я ўвогуле лічу, што дзіця павінна рабіць выбар самастойна і цалкам свядома — тады не будзе ні расчараванняў, ні сапсаваных лёсаў.

— Сваіх сыноў, зразумела, таксама не прымушаеце.

— Платону дзевяць гадоў, ён добра грае джаз на фартэпіяна: яму гэта цікава. Стэфан і Ян Патап — пяцігадовыя, ім пакуль бліжэй футбол.

— А вам — Беларусь. Як вы ўвогуле тут апынуліся? Нарадзіліся ў Германіі, вучыліся ў Маскве, потым — у Ізраілі, канцэртавалі ў розных краінах. І раптам — Мінск. Звычайна бывае наадварот.

— Ды нічога тут няма звышнатуральнага. Нарадзілася ў ГДР, бо тата быў вайсковец. А ў Мінск мы пераехалі па запрашэнні маці майго мужа: калі двайняткі нарадзіліся, яна прапанавала дапамагчы дзяцей гадаваць. І тут якраз Вялікі тэатр аб’явіў конкурс. Я прайшла праслухоўванне і ўжо пяты сезон працую ў аркестры. Там такія цудоўныя музыканты! Можна ўсіх пералічваць пайменна, бо іграць з імі — адно задавальненне.

— У вас неяк усё — з дакладнасцю наадварот. І свякроў не грызе, а дапамагае, і калегі — “белыя ды пухнатыя”, і яма аркестравая вас, уладальніцу безлічы прэмій і ўзнагарод, не прыгнятае.

— Іграць адныя і тыя ж спектаклі, здараецца, надакучвае. Думаеш, ну колькі можна сваю партыю паўтараць? А зірнеш на калег, пачуеш першыя гукі — і натхняешся. Ды папросту “кайфуеш” іграць з імі ў ансамблі!

— Мабыць, таму вы так часта музіцыруеце яшчэ і па-за тэатрам. Як знаходзіце пляцоўкі?

— Калі хочацца іграць, заўсёды знойдзеш, дзе. Залы ёсць, ды арэнда паўсюль высокая. Таму даводзіцца шукаць нейкую альтэрнатыву…

— … да прыкладу, на сметніку.

— А вы ведаеце? Так, я сапраўды іграла на адкрыцці той нашумелай выставы ў Маладзечне, што была два гады таму на сметніку. Мастак Базіната, які ўсё гэта прыдумаў і быў куратарам, мяне запрасіў — і я пагадзілася. А чаму не? Гэта быў нейкі новы вопыт — і публікі хапала, усім было цікава, што з гэтага атрымаецца. Шкада толькі, што ўночы ўсе карціны скралі. Але мастакі паставіліся да гэтага па-філасофску: значыць, спадабалася. Я і на даху іграла! У праекце VondelRoof, што ўжо некалькі гадоў ладзіцца наверсе аднаго з будынкаў у раёне Нямігі. Атмасфера там была — невымоўная! І на пленэры колькі канцэртаў было. І ў “Корпусе 8” я таксама іграла.

— На Захадзе гэта даўняя практыка — прыстасаванне дахаў пад зоны адпачынку, а закінутых завадскіх карпусоў ці іншых збудаванняў — пад мастацкія галерэі ці канцэртна-тэатральныя залы. У нас жа гэты працэс яшчэ толькі набірае абароты. І стымулююць яго, у тым ліку, самі артысты! Вось вы — зладзілі праект “Музыка і зоркі” ў Мінскім планетарыі.

— Ды не я адна! Мне шанцуе на “каманду” аднадумцаў. Так і з планетарыем склалася. Гэтым так цікава было займацца! Бо акрамя ўласна музыкі, было і адпаведнае відэа. Дый музыку мы абралі тую, што рэдка выконваецца. Ледзь толькі выклалі інфармацыю ў інтэрнет, квіткі разляцеліся імгненна! І засталіся тыя, хто вельмі хацеў патрапіць — але як? Дадатковыя крэслы там не паставіш: памяшканне не дазваляе. Слухаць стоячы? Немагчыма. Бо ад відэа зверху — нават калі сядзіш, галава кружыцца. Але мы не маглі расчараваць тых, хто хацеў бы прыйсці, і дазволілі наведаць рэпетыцыю, аб’явіўшы на яе вольны ўваход. Там гучала не ўсё цалкам, але людзі былі задаволены. Новыя пляцоўкі — гэта новая публіка. І навыкі стасункаў з ёй вельмі неабходныя, у тым ліку, і для саміх музыкантаў. Бо наша прафесія — пераважна маўклівая.

— Пры такім “паслужным спіску” выступленняў на непрыстасаваных сцэнах няма чаго здзіўляцца, што вы прыйшлі да ідэі “Беларускіх флейтавых дзён”, якія ладзяцца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і зале “Верхні горад”.

— Зноў-такі, не я адна. Я ж казала: мне шанцуе на добрых людзей. Трэба было адрамантаваць флейту — і я пазнаёмілася з майстрам Святланай Піліпенка. Я адна ніколі не рашылася б! Нам вельмі дапамагае — і маральна, і фінансава — беларускі праект “Свет класічнай музыкі”. У іх столькі задумак! На Ноч музеяў ладзяць інтэлектуальны квіз, працягваюць лекцыі Варвары Царук “Загадкавая гісторыя вялікіх кампазітараў” у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, да Еўрапейскіх гульняў арганізоўваюць 22 чэрвеня “Вялікі фартэпіянны марафон” у сталічнай філармоніі, дзе поруч з прафесіяналамі будуць выступаць аматары.

— “Флейтавыя дні” вабяць не менш. За чатыры дні — пяць канцэртаў, з іх два — канцэрты-лекцыі. А яшчэ тры майстар-класы, інтэрактыўная лекцыя. І якія імёны! З Германіі прыедзе нашчадак Тэабальда Бёма — легендарнага стваральніка флейты сучаснай канструкцыі. З Венгрыі — Бенедэк Чалаг, які спецыялізуецца на музыцы барока. З Масквы — дацэнт кансерваторыі Вольга Івушэйкава. Плюс іншыя выбітныя музыканты з Расіі і Польшчы. І суцэльны парад беларускіх флейтыстаў, а таксама салістаў на іншых інструментах — з усіх вядучых аркестраў нашай краіны. Як вам удалося сабраць гэтакі зорны россып?

— Ніводны, да каго звярталіся, не адмовіўся, хаця мы не ў стане плаціць шалёныя ганарары: сума фарміруецца з прададзеных квіткоў, і ўзнімаць іх кошт не выпадае, бо іначай — для каго ўсё гэта будзе? Мы звярталіся ў розныя структуры, у буйныя фірмы, але нам паўсюль казалі: ваш фестываль вузкаскіраваны, таму нам нецікавы. Але што дрэннага ў скіраванасці менавіта на флейту? Затое падтрымала Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Рэктар Кацярына Дулава адразу ўхапілася за нашу ідэю і прадаставіла памяшканне для правядзення майстар-класаў: нам не давядзецца плаціць арэнду.

— Дык майстар-класы, лекцыі — гэта ж дадатковая адукацыя!

— Сапраўды, у кожнай прафесіі, а тым больш творчай, вельмі важна развівацца і ўдасканальвацца ўсё жыццё. Замежныя выкладчыкі спецыяльна адпраўляюць сваіх выхаванцаў паездзіць па майстар-класах, ды і самі туды выпраўляюцца. Шырока практыкуюць і абмен класамі, калі на пэўны часавы прамежак студэнты аднаго прафесара займаюцца ў другога — і наадварот. Тут вельмі важна, што новыя веды будуць атрыманыя з першых рук і вуснаў, што можна будзе пра нешта запытацца, абмеркаваць, падыскутаваць. Усё гэта надае больш упэўненасці, дапамагае выпрацаваць уласныя падыходы і да выкладання, і да выканальніцтва, знайсці свой стыль, сваю методыку, адкрыць тое, што раней здавалася тайнай.

— Адкрыйце апошнюю тайну: як пры такой бурлівай дзейнасці (што ні дзень — канцэрт, паездка, не кажучы ўжо пра рэпетыцыі-спектаклі ў тэатры) вас муж трывае?

— Дык ён сам музыкант — скрыпач Алег Яцына.

— І ніякай рамантычнай гісторыі знаёмства? Як у паданні пра флейту Пана: “і ператварылася яна ў трысцінку чарота”. Вельмі вашай фігуры пасуе — сапраўдная трысцінка. Дык што наконт рамантыкі? Ці вы толькі пра эпоху рамантызму любіце распавядаць?

— Мы разам вучыліся ў Маскве. Сябравалі гадоў восем — дзевяць. Разам ігралі ў панк-клубах, сачынялі, імправізавалі. Усё — разам. А эпохай рамантызму ў пэўны момант я перастала цікавіцца. Люблю сучасную музыку — ХХ і ХХІ стагоддзяў. Калісьці захаплялася Стравінскім. А потым, гадоў у 14, ехала на конкурс, і там у якасці абавязковага твора на другім туры трэба было выконваць Voice Тору Такэміцу з Японіі. І пачалося! Я стала ўнікаць у японскую філасофію, у асаблівасці флейты сякухаці, вывучаць сучасныя прыёмы выканання, новыя заканамернасці тэмпарытму. Сучасную музыку нельга прачытаць “з ліста”, трэба паглыбляцца ва ўсе дэталі. Але гэта дорыць столькі адкрыццяў! Беларускую музыку я не ведаю так добра, як, пэўна, тыя, хто тут нарадзіўся. Але мне вельмі падабаецца творчасць Галіны Гарэлавай.

— У канцэрце да 85-годдзя Беларускага саюза кампазітараў вы ўдзельнічалі ў выкананні “Слязы анёла” для флейты, арфы і альта — твора Ніны Сіняковай, якая нядаўна стала пераможцай Усерасійскага адкрытага конкурсу кампазітараў імя Андрэя Пятрова за свой Канцэрт для дзвюх скрыпак з аркестрам.

— Рыхтую яшчэ адну яе п’есу. Апошнім часам пішацца столькі цікавай, незвычайнай музыкі — а мы яе амаль не ведаем. Ці ж гэта правільна?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"