Прыўкрасны дылетант

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Гэты чалавек увасобіў у жыццё нямала знакавых тэлепраектаў. Нагадаю вам хаця б пару з іх, каб вы адразу зразумелі маштаб яго творчай асобы: “Усё нармальна, мама!” і “Падарожжы дылетанта”. Слова “дылетант” у маёй гутарцы з Уладзімірам МАКСІМКАВЫМ, якому ў мінулую сераду споўнілася 55, гучала неаднаразова. У адной з песень гурта “Аквариум” спяваецца: “Прыўкрасны дылетант на шляху ў гастраном — ці таго ты чакаў, ці таго ты чакаў?..” Давайце і паспрабуем разабрацца, чаго ж чакаў на сваім шляху юбіляр і да чаго прыйшоў...

/i/content/pi/cult/745/16174/19.JPGПерамагчы самазванца

— Ці правільна прадстаўляць цябе чытачам “К” толькі тэлевізійшчыкам?

— Яшчэ пяць — сем гадоў таму я б сябе ім і назваў — з дамешкам рэкламіста. Але з таго моманту час вельмі паскорыўся. Тэлекампанія “Карамболь”, прадзюсарам якой я з’яўляюся знаходзіцца ў стадыі трансфармацыі — як, зрэшты, і я. Мы заўсёды былі класічным вытворцам тэлевізійнага кантэнту, але сёння тэлебачанне ў нашых паслугах па розных прычынах мае патрэбу ўсё меней. Таму кампанія пераключаецца на вытворчасць відэакантэнту для іншай аўдыторыі і іншых каналаў распаўсюджвання. Я займаюся прыдумваннем і вытворчасцю відэакантэнту, ідэй для прасоўвання брэндаў і людзей, розных акцый і праектаў — але ўжо з дапамогай інтэрнэту. Магчыма, у найбліжэйшай будучыні запушчу два каналы на Юцьюбе. Адзін адукацыйна-навучальны, а другі, так скажам, абібоцкі — для тых, каму не падабаецца тэлебачанне. Любы чалавек зможа нам прапанаваць свае ідэі і праекты любога жанру, зместу і якасці. Калі трэба, мы іх дадумаем, адшлiфуем, дапаможам з мантажом. Упэўнены, што сярод лухты знойдзецца і мноства вартых работ. Ну а яшчэ я сябе пазіцыяную як незалежны медыякансультант: адукацыя, вопыт і магутны розум дазваляюць.

— Усе гэтыя складнікі, вядома, маюць пад сабой базу, якую Уладзімір Максімкаў напрацаваў да сваіх 55. Такім чынам, што пакладзём у скарбонку тваіх дасягненняў?

— Я з дзяцінства адчуваю сіндром самазванца — гэткае пастаяннае прыніжанае стаўленне да сябе. Маўляў, усе навокал робяць вялікія справы, а які ж мой унёсак у лёс чалавецтва? Але паступова навучыўся пераадольваць гэты комплекс і, адказваючы на тваё пытанне, магу сказаць — так, шмат чаго наварочана. Дзясяткі тры паспяховых тэлевізійных фарматаў. Наўпрост ці ўскосна я атрымаў прыкладна 12 дыпломаў “Тэлевяршыні”, некалькі маіх даробкаў былі запатрабаваныя замежнымі кампаніямі. Асаблівы гонар як рэжысёра і прадзюсара — праграма “Падарожжа дылетанта”, важная і патрэбная для беларускай культуры і краіны наогул. Мы паказалі нашу глыбінку такой, якая яна ёсць на самой справе. Знайшлі вядучага — выдатнага Юрыя Жыгамонта. Я адвёў гэтай перадачы тры — чатыры гады жыцця, а яна пратрымалася на тэлебачанні больш за дзесяць! Ды і сёння працягвае выходзіць у інтэрнэце.

Нейкі час я прапрацаваў на тэлебачанні чыноўнікам — на розных высокіх пасадах кшталту генпрадзюсара Першага нацыянальнага. У заслугу сабе і сваёй камандзе стаўлю дастаткова шмат новаўвядзенняў: напрыклад, стварэнне інстытута прадзюсавання, больш-менш навукова-метадычнага падыходу да фарміравання сеткі канала, наладжванне зваротнай сувязі, вывучэнне патрэбаў аўдыторыі. У нечым тады, у 2000-х, мы нават апярэдзілі час: некаторыя нашы задумкі сталі ўкараняцца на беларускім тэлебачанні адносна нядаўна.

Не ведаю, да плюсаў ці да мінусаў аднесці тое, што першы ўдзел Беларусі ў “Еўрабачанні” адбываўся пад маім непасрэдным кіраўніцтвам. Я кантактаваў з Еўрапейскім вяшчальным саюзам, мы прадумвалі фармат адбору, займаліся падрыхтоўкай усёй юрыдычнай базы. Тыя напрацоўкі існуюць і па сёння. Але, на жаль, уся гэтая гісторыя стала развівацца не так, як яна мне бачылася — хоць як прадзюсар і бізнесмен магу сказаць, што створаны ў той час прадукт дасюль прыцягвае і гледачоў, і рэкламадаўцаў.

— Некалькі гадоў таму Павел Ізотавіч Якубовіч узяў нас з табой на сустрэчу з высокапастаўленым чыноўнікам, каб мы маглі выкласці свае погляды на ўдзел нашай краіны ў “Еўрабачанні”. Ты тады казаў пра неабходнасць стварэння ў Беларусі буйнога прадзюсарскага цэнтра, у якім “Еўрабачанне” стала бы паравозам, а вагонамі — іншыя міжнародныя конкурсы. У цэнтры гэтым тварылі б кампазітары, паэты-песеннікі, выканаўцы, кіпела б сучаснае музычнае жыццё краіны...

— ...і ён спрыяў бы яе прасоўванню за мяжой. І, нарэшце, цяпер пра гэта загаварылі на высокім узроўні. Але спачатку трэба прыйсці да таго, каб наша музыка стала па-сапраўднаму папулярная ў нас саміх. Меркавалася пад “Еўрабачанне” зрабіць свой круглагадовы тэлепраект, які б паказваў самых розных артыстаў — і вопытных, і пачаткоўцаў — з усіх куткоў Беларусі, з самай рознай музыкай. Можа, тады б да нашай папулярнай музыкі і прыйшла б любоў гледачоў. І гэтыя адборы, пачынаючы з раёнаў і дакаціўшыся да Мінска, давалі б нам выканаўца на “Еўрабачанне”. Сёння ж удзел у адборах ператварыўся ў нейкае рэсурсавае спаборніцтва — хто хітрэйшы, больш паспяхова скарыстаецца гэтай пляцоўкай для свайго асабістага прасоўвання. Адсюль і з’яўленне “варагаў”, і ўкладанне грошай не ў індустрыю, а ў канкрэтныя імёны, у чыйсьці прыватны бізнес, і нездаровы ажыятаж, і падазрэнне ў непразрыстасці адбораў. Мне ж здавалася, што ўдзел у іх павінны быў падштурхнуць аўтараў, аранжыроўшчыкаў, артыстаў на стварэнне мноства новых песень. Чаго, на жаль, не адбылося. Мне бачылася, што адборы будуць спрыяць культурнаму абмену, навучанню, а ўдзел у самім конкурсе дапаможа развіваць сувязі з еўрапейскай музычнай індустрыяй. На жаль, не здарылася.

— Нешта мы на скарбонку забыліся...

— Мала хто памятае, што я быў рэжысёрам і аўтарам першых двух каманд КВЗ БДУ — папярэднікаў таго складу, які стаў першым беларускім чэмпіёнам Вышэйшай лігі ў 1999 годзе. Можна мяне, вядома, назваць “падносчыкам снарадаў”, але вось нядаўна я даведаўся, што ў якасці музычнай застаўкі да адной з перадач тэлеканала “КВЗ ТБ” гучыць мая песня “Мы гуляем у КВЗ” — у выкананні гурта “Леприконсы”. Яна некалі была гімнам беларускага. У мяне, дарэчы, захаваўся варыянт, дзе яе спяваюць Ягор Хрусталёў, Ларыса Грыбалёва, Наташа Тамела і я. Мала хто ведае, што менавіта я прыдумаў папулярны конкурс “Біятлон”, а потым ужо яго запазычыла КВЗ Аляксандра Васільевіча Маслякова.

— Стоп, ты і песні пісаў?

— І вершы. Сотні тры, напэўна, ёсць. І пішу — музыку і тэксты. Але стварыць уласны праект пад іх па розных прычынах так і не атрымалася. Можа, усё-такі што-небудзь і вынесу на суд шырокай публікі. Хачу сімфонію напісаць. Ну як сімфонію — не ў кананічным сэнсе, а вялікі твор. Не разумею, навошта мне гэта трэба, але хачу.

— З кіно ты таксама нейкім чынам звязаны...

— Палову фільма Максіма Носава “Каін” адздымаў як аператар. Гэта вельмі складаная філасофская карціна — асэнсаванне вядомай біблейскай гісторыі. Вельмі рады, што яна нарадзілася і пры маёй дапамозе і заняла сваё месца ў наасферы.

Прыдумаў першы фестываль альтэрнатыўнага незалежнага малабюджэтнага кіно — “КиноVарка”, які існаваў на мае грошы і грошы маіх сяброў. Па гамбургскім рахунку, большасць карцін форуму была шлакам. Але ідэя фэсту была ў тым, каб сярод вось гэтага смецця адшукалася і нешта цікавае, незвычайнае. І яно знайшлося. Гэтым фестывалем мы разварушылі людзей, далі ім зразумець, што можна тварыць па-ўсякаму, як душа просіць. Што і атрымалася. І, трэба заўважыць, нас падтрымалі вядомыя кіна- і тэатральныя дзеячы: Аляксандр Яфрэмаў некалькі гадоў узначальваў журы, у розныя гады ў яго склад уваходзілі Анатоль Кот, Вера Палякова, Алег Гарбуз, Андрэй Кудзіненка, Андрэй Курэйчык, Мікалай Пінігін...

Ад фізіка да лірыка

— Слухаю цябе і паралельна думаю: так, Максімкаў рэалізаваўся як творчая асоба (на паласе месца проста няма, каб расказаць пра цябе яшчэ як і пра кліпмэйкера, і пра партнёра фестывалю маркетынгу і рэкламы “Белы квадрат”, і пра былога музычнага прадзюсара кампаніі Vigma...). Але ці не шмат ён раскідваўся? Можа, варта было ў адну кропку дзяўбсці? І вынік быў бы яшчэ больш адчувальным?

— Цалкам справядлівы аналіз. Я — дылетант. Але слова гэтае для мяне — не лаянкавае. Калі трохі перайначыць Даля, то ён вызначае такога чалавека як натхнёнага аматара. Які робіць нешта не за грошы, не дзеля выніку, а таму, што гэта яму падабаецца. Так, калі б я дзёўб у адну кропку, можа, дасягнуў бы большага. Але мне хацелася паспрабаваць шмат усякага рознага. Падабалася прыдумляць, а ў якой вобласці — гэта ўжо не мае значэння. І ідэі гэтыя можна будзе ажыццявіць. Гэта значыць, я яшчэ і тыповы творца — або, прынамсі, крэатыўны дырэктар.

— У навуцы ты мог бы дасягнуць таксама шмат? Ты ж “тэхнар” па адукацыі — скончыў БДУ па спецыяльнасці “радыёфізіка і электроніка”.

— І дасягнуў! Як навуковец я цалкам адбыўся (ну, амаль), прапрацаваўшы ў Акадэміі навук пяць гадоў. У мяне нават тры аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы ёсць! Але абстрактнае мысленне ўва мне перамагло канкрэтнае, сістэмнае. Хоць я і дагэтуль перакананы, што кожны чалавек абавязкова павінен мець якую-небудзь тэхнічную адукацыю. Аднак асабіста ўва мне творчае нутро ўзяло верх. Можа, гены: мая сястра піяністка, муж яе спявак-тэнар, мой стрыечны брат — Андрэй Максімкаў — тэлевізійны прадзюсар, другі брат, Сяргей — кіношнік-дакументаліст, тата хоць і быў вайскоўцам, але граў на фартэпіяна, меў абсалютны слых, складаў літаратурныя творы. А яго брат — дырыжор.

— Пачакай, піцерац Андрэй Максімкаў — твой брат?

— Так. Ён некалі складаў гумарыстычны дуэт з Андрэем Ургантам...

— ...бацькам небезвядомага Івана. Выдатны дуэт быў! Тааааак, ну ў цябе і сваякі! А сам ты ў беларускай культуры гадоў 30, напэўна?

— Калі не больш.

— Што, на твой погляд, за гэты час у ёй змянілася?

— Я пра апошнія гады скажу. Відавочна, што змянілася стаўленне да нацыянальнай культуры: нейкае ажыўленне тут назіраецца. Пакуль гэта не масавая з’ява, не трэнд, не мода, але цэлыя пласты насельніцтва з куды большай зацікаўленасцю пачалі ставіцца да мовы, фальклору. Раней такая ўвага была больш фармальнай, а сёння гэта ўжо ўнутраная патрэба. Калі тэндэнцыя працягнецца, то многае ў нас стане яшчэ больш цудоўным... Некалькі гадоў таму я хацеў зняць фільм пад назвай “Пахаванне мовы”. Разумееш? Сёння я куды большы аптыміст.