“Майскі вальс” і дзесяць імёнаў Казлоўкі

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Вельмі шмат навін назапасілася. Большая частка з іх, натуральна, пра святкаванне Дня Вялікай Перамогі. Даю самае галоўнае, каб нікога не пакрыўдзіць — і з мінімумам асабістых каментарыяў.

/i/content/pi/cult/745/16172/16.JPGБібліятэкар з Бераставіцкага раёна, мая даўняя знаёмая Зоя Хлебнікава піша, што ў вёсцы Гольні сабраліся яе жыхары і вяскоўцы з суседніх Верхаўлян. Прычына сустрэчы — аднаўленне помніка загінулым воінам. Значную фінансавую дапамогу ў гэтым аказаў дырэктар РСУП “Алекшыцы” Валерый Паўлюкевіч. Пагранічнікі з заставы “Сямёнаўка” далі залп з аўтаматаў. Паніхіду адслужыў настаяцель Гольніўскай царквы айцец Уладзімір. А колькі іх, яшчэ непахаваных, застаецца на палях мінулых баёў?

У Гродзенскім раёне бібліятэкары бралі ўдзел у рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Дарогамі вызваліцеляў”. Быў падрыхтаваны макет кнігі памяці. Яна з дапамогай бібліёбуса перадавалася ў бібліятэкі раёна і дапаўнялася новай інфармацыяй. Фініш марафону адбудзецца 24 ліпеня ў Навумовічах. Тут запланавана і прэзентацыя Кнігі памяці.

А Скідзельская бібліятэка сямейнага чытання стварыла лесвіцу вызвалення Гродзенскага раёна. Дакладней, лесвіца ўжо была. Проста на кожнай яе прыступцы пазначаны пачаргова даты вызвалення паселішчаў з 1944 года. Першым ідзе Скідзель (13 ліпеня ), апошняй — вёска Бяляны (25 ліпеня). Ідзеш па такой лесвіцы і згадваеш храналогію Подзвіга. Досыць незвычайная прыдумка.

Як і наступная: супрацоўнікі інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра і бібліятэкары Скідзеля аформілі “франтавую бібліятэку”. Тут ёсць ваенны міні-музей, сушка (выстава на вяровачцы) “Дзеці малююць Перамогу”, падборка матэрыялаў “Іх імёнамі названы вуліцы Скідзеля”.

Аўтаакцыя “Гваздзік” прайшла на Карэліччыне. Моладзь у чырвонаармейскай форме павіншавала ветэранаў вайны Пятра Шаўко з Краснага, Уладзіміра Пліско з Мінакоў, Вольгу Хіневіч з Кожава, блакадніцу Ленінграда Зінаіду Ляшчынскую з Загор’я… Будзем спадзявацца, што гэтыя асобы не абдзеленыя ўвагай мясцовага кіраўніцтва і ў будзень.

У Ашмянскім раёне засталося шэсць ветэранаў. Але толькі трое з іх — Браніслаў Шагідзевіч, Уладзімір Лашкевіч, Казімір Заблоцкі — змаглі прысутнічаць на святкаванні Вялікай Перамогі. Вось такая з’ява сённяшняга дня. Натуральна, наведалі кожнага. А ў сельскім клубе аграгарадка Станцыя Ашмяны канцэртную праграму назвалі “Вёрсты вайны, кіламетры Перамогі”. Гучалі песні таго трагічнага часу, а таксама неўміручы “Майскі вальс”. Канцэрты ў аграгарадках раёна сталі складнікамі абласной акцыі “У шэсць гадзін вечара пасля вайны”. У Кракоўцы старшакласнікі дзяліліся сваімі сямейнымі гісторыямі пра тое, як іх дзяды і бабулі адстаялі мір. Жупраны таксама падрыхтавалі праграму з назвай “Пой, гармонь, пра салдацкую славу!” А потым зноў гучалі ўспаміны…

А цяпер гаворка — пра творчы калектыў. Хор ветэранаў “Успамін” з Зэльвы падрыхтаваў новую праграму для марафону “Майстры творчасці з паклонам Гродзенскай зямлі”. Спачатку калектыў выступаў пад акампанемент баяна. А пару гадоў таму дапамагаць спевакам стала аркестравая група настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў. Хорам, як цудоўна ведаюць у вобласці, кіруе Марына Бусловіч.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч распавядае пра тое, што бібліятэкары прапанавалі навучэнцам гімназіі вечар ажылых біяграфій “Лёсы, абпаленыя вайной”. Гаворка ішла пра землякоў-ардэнаносцаў.

Паэтычны марафон і літаратурны парад ваеннай кнігі прайшлі ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. Яе метадыст Наталля Казарэз напісала, што падчас рэалізацыі праекта кожны ахвочы меў магчымасць пакінуць на мальберце словы ўдзячнасці ветэрану Вялікай Айчыннай вайны ці адправіць яму віншавальную паштоўку. На гэтым ваенная тэматыка сённяшняга агляду вычарпана.

Знакаміты “Юраўскі карагод” традыцыйна прайшоў у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Спрычыніліся да гэтага і салісты народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча” Пагосцкага клуба-бібліятэкі на чале з Кацярынай Панчэня — старэйшай носьбіткай мясцовых фальклорна-абрадавых традыцый. Пра гэта напісала загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, магістр мастацтвазнаўства і фалькларыст-практык Ірына Глушэц.

А вось рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч распавядае пра абрад “Юраўскі каравай”. Не першы год цэнтрам Юраўскіх гулянняў становіцца аграгарадок Блізніца. Гэтым разам абрадавая дзея разгарнулася на падворку сям’і Брылёвых. А дапамагаць узяліся творчыя калектывы Сільніцкага сельскага дома культуры і Вароніцкага сельскага клуба. Рэканструкцыя — заслуга мясцовай фалькларысткі Вольгі Чобат і яе гурта “Блізнянка”…

На Юр’ю ў нашага калегі, дыялектолага і журналіста Юрыя Чарнякевіча — дзень народзінаў. Яшчэ раз віншуем яго са святам!

Пачатак жніўня прыпадае на дзень нараджэння вёскі Казлоўка, што на Светлагоршчыне. 380 гадовы ўзрост паселішча — гэта не жартачкі. Напярэдадні свята бібліятэкар Валянціна Пятрова прапанавала аднавяскоўцам паўдзельнічаць у праекце “10 імёнаў Казлоўкі”. Для гэтага трэба пазначыць у сацыяльных сетках прозвішчы тых, хто пакінуў след у гісторыі аграгарадка. А можна і ў бібліятэку зазірнуць, каб запоўніць адпаведную анкету. І, трэба сказаць, людзі адгукнуліся на прапанову з энтузіязмам. Удзельнікамі праекта сталі амаль 70 чалавек рознага ўзросту і прафесій. А ў ганаровы спіс трапіла 18 землякоў. Найбольшую колькасць галасоў атрымалі краязнаўца Віктар Мураль і архітэктар Леанард Маскалевіч. Практычным вынікам праекта, сцвярджае Валянціна Пятрова, стане стварэнне электроннага рэсурсу “Партрэтная галерэя людзей, якія пакінулі заўважны след у гісторыі аграгарадка” з біяграфічнымі звесткамі і фотаздымкамі.

Слуцкая раённая цэнтральная бібліятэка запрашае на ХІІ Віткаўскія чытанні “Па закліку сапраўднай любові”. Адкрыццё адбылося 16 мая. У рамках літаратурнай кампаніі “Чытаем разам з пісьменнікам” прэзентавана кніга Уладзіміра Ліпскага “Мая Беларусь”. Удзельнікі рэспубліканскай акцыі “Культурны маршрут. Беларускія пісьменнікі дзецям” сустрэнуцца з чытачамі. Запланавана правядзенне свята вуліцы імя Васіля Віткі”, прэзентацыя кнігі Расціслава Бензерука “Жыў на свеце дзед Васіль”. Мерапрыемствы будуць доўжыцца да 22 мая.

20 мая ў аграгарадку Жыровічы пройдзе адкрыты фестываль “Жыровіцкі фэст”. Ён ладзіцца па традыцыі ў дзень з’яўлення цудатворнай іконы Божай Маці “Жыровіцкая”. Тысячы паломнікаў імкнуцца пакланіцца абразу і просяць пазбаўлення ад цяжкіх хвароб. За апошні час, распавядаюць супрацоўнікі Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў, дзень шанавання іконы дапоўнены народным святам, фестывалем духоўнай песні і народнай творчасці. Сёлета святочныя мерапрыемствы пачнуцца на фестывальнай пляцоўцы непадалёк ад старой крыніцы. Для ўдзелу ў фэсце запрашаюцца харавыя калектывы, аркестры, вакальныя і вакальна-інструментальныя гурты, трыа, дуэты, салісты, а таксама аўтары-выканаўцы, кампазітары і паэты. У праграме: выступленні ўдзельнікаў фэсту, выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, атракцыёны для дзяцей, работа гандлёвых кропак, майстар-класы рамеснікаў. Ад сябе дадам, што ў манастырскага печыва канкурэнтаў няма.

Пішыце пра цікавае! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"