Каласы, што пад сярпамі нашымі

№ 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г

Пра навуковую музейную дзейнасць і не толькі распавядае Галіна НЯЧАЕВА
Нагода для гэтага інтэрв’ю — даволі незвычайная. Падчас адной з апошніх камандзіровак даведаўся, што ў маёй роднай Ветцы музейная зорка Галіна НЯЧАЕВА, з якой мы знаёмыя з дзяцінства, перастала кіраваць Музеем стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава. Дырэктарам стаў Пётр Цалка, які раней узначальваў гомельскі філіял веткаўскага музея. Сітуацыя для свету рэгіянальнай культуры, прама скажам, нестандартная. Таму і звярнуўся да Галіны Нячаевай, каб зразумець, што ж здарылася. Гутарка, натуральна, выйшла далёка за межы наменклатурнай, так бы мовіць, тэматыкі.

/i/content/pi/cult/745/16168/10.jpg— Галя, скажы, калі ласка, усе гэтыя змены адбыліся пад дэвізам “падрыхтавала годную змену і сышла”?

— Не, я не сышла, а засталася намеснікам дырэктара па навуковай рабоце… У ліпені споўніцца 40 гадоў, як я працую ў Веткаўскім музеі. Фёдар Шкляраў некалі сказаў: “Нячаева разумная, вось няхай і працуе” — і гэтым вызначыў усё маё жыццё. Сёння наша ўстанова мае салідны рэйтынг, канцэпцыю развіцця, яна павінна быць гатова ў любы момант прыняць гасцей. Ёсць і шэраг гаспадарчых пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. А я пастаянна выконвала функцыю “трэнера-гульца”: займалася яшчэ і навукай. Разумееш, што сумяшчаць вельмі цяжка. І прыйшло ўсведамленне вось яшчэ чаго: мы назапасілі вялізны патэнцыял запісаў, знаходак, закрытых пакуль для свету… А раптам не паспеем усё гэта разабраць, прааналізаваць і раскласці па паліцах? Вельмі захацелася паспець. І настроіць на гэта ўсю маладую музейную каманду. У яе хопіць сіл і на экскурсіі, і на даследчую дзейнасць.

/i/content/pi/cult/745/16168/11.jpg— У чым унікальнасць сабраных матэрыялаў?

— Мы жывём у шыкоўным рэгіёне Беларусі, дзе сутыкаюцца магутныя культуры, суіснуюць розныя архетыпічныя імпульсы. Напрыклад, стараабрадніцтва і беларускія традыцыі. Лічу, што наша калекцыя арнаментаванай тканіны — гэта з’ява сусветнага маштабу! У ёй сабрана некалькі тысяч тканых узораў. Да ўсяго, мы даўно і вельмі сур’ёзна
займаемся семіётыкай і семантыкай арнаменту: імкнёмся глыбока ўнурыцца ў паходжанне ўсіх гэтых сістэм і зразумець прыгажосць традыцыйнага мыслення… Наперадзе — сістэматызацыя асобных арнаментальных элементаў. Спрабавалі гэта рабіць двойчы: пры падрыхтоўцы такіх выданняў, як “Арнаменты Падняпроўя” і “Галасы зніклых вёсак”. Прысвячаліся гэтаму і навуковыя запіскі музея. Калі б не фінансавыя пытанні, мы выпускалі б іх часцей. Іншая справа, што няма ў рэспубліцы музейнага часопіса…

Паралельна даследуецца і стараабрадніцкая культура. Я займаюся іконамі, кандыдат мастацтвазнаўства Святлана Лявонцьева — кніжным арнаментам. Яна выйграла сёлета Прэзідэнцкі грант і цяпер працягвае вывучаць веткаўскую кнігу.

На карце Беларусі мы недзе ўнізе, ледзь не на палях. У цэнтры кнігі — тэкст, прыгожая застаўка, але на палях заўжды ёсць невялічкае расліннае ўпрыгожанне, у цэнтры якога пазначаны самыя галоўныя літары, на якія трэба звярнуць увагу ў агульным наборы слоў. Гэтае бакавое ўпрыгожанне называюць маргінальным. А маргінал заўжды валодае магутнай энергіяй, не запатрабаванай цэнтрам. Дарэчы, сцябліну таго ўпрыгожання заўжды трымае на малюнку Божая рука…

— Па раёнах ужо жарт пайшоў, што Пётр Цалка — якому, падаецца, і 30 няма — “дарос” да таго, каб перабрацца з Гомеля ў Ветку. Што можаш сказаць пра маладую змену?

/i/content/pi/cult/745/16168/12.jpg— Прыйшлі людзі якім я магу спакойна пакласці на плячо руку — і адчую моц асоб, якія не здольныя на здраду, якія пастаянна развіваюцца. Наш сённяшні шлях удасканалення звернуты ў першую чаргу на моладзь. І працаваць для маладых павінны ў першую чаргу маладыя. Гомельскі філіял, якім кіраваў Пётра, даўно пачаў рэалізоўваць праект “Моладзь і традыцыйная культура”… Не хачу нікога перахвальваць, але гэты хлопец, які прыйшоў да нас на палову стаўкі яшчэ студэнтам, вельмі вырас за апошні час прафесійна. Як і Алена Бартноўская. Увогуле, той, хто трапляе ў наш музей,
заўжды мае жывы страсны прыгожы характар. А Пётр Міхайлавіч — паляшук, ды яшчэ школай нашага семіятычнага мыслення авалодаў. Маладыя — цікавыя ды цікаўныя…

Чакаем на працу і Аляксандра Нікіціна, які з шостага класа наведваў філіял (у нас там дзеці нават з травы ткуць!), а цяпер заканчвае Універсітэт культуры і мастацтваў, паспяваючы па выхадных працаваць у нас на чвэрць стаўкі. Таксама натура цікавая. Па-першае, адзін з лепшых студэнтаў факультэта, які мэтанакіравана збірае ўсё, што звязана з беларускай культурай — па адной галіне роду. Па-другое, ён стараабрадзец па паходжанні, ягоныя продкі — з вёскі Радунь. Бачыш, які сімбіёз.

— Словазлучэнне “навуковая дзейнасць” выклікае ў многіх музейшчыкаў шок непрыняцця. Маўляў, грошай на яе няма. Вас жа, веткаўцаў, пішчом цягне ў экспедыцыі, дыскусіі, выдавецкую дзейнасць. Стараверская ўпартасць?

— Веткаўскі музей прызвычаіўся перамагаць.

— Ведаю. Але чаго не стае іншым установам, каб шчыра займацца навукай?

— Не магу не паўтарыць, што маргіналы мы. Для экспедыцый у музея ёсць машына, і каб адправіцца ў вандроўку, музейшчыкі становяцца па яе ў чаргу… Я аднойчы запыталася ў дасведчаных чыноўнікаў, чаму мы не можам загадзя запланаваць фінансаванне музейных экспедыцый? Адказ быў такі: калі вы не здаяце справаздачу па форме нумар такі, вы — не навуковая ўстанова і толькі музейнай справай павінны займацца. Што ж атрымліваецца: навуковыя супрацоўнікі ў штаце ёсць, а навукай займацца нельга? Да нас заўжды дзяржава літасціва ставілася і Бог не крыўдзіў, так што і на гэты год намецілі некалькі экспедыцый.

Што да іншых… Калі ў штаце раённага музея — два чалавекі, дык не справяцца яны з навуковай работай. Ім трэба развіваць платныя паслугі, сачыць за станам гаспадаркі, займацца арганізацыяй турызму — сіл на іншае не застанецца. У нас такая магчымасць ёсць. Яшчэ за савецкім часам мы закладвалі “свае” навуковыя асновы: гэта падыход да з’яў традыцыйнай культуры як да тэкстаў, яны кадзіруюцца другаснымі мадэлюючымі сістэмамі, і я вельмі хачу працягнуць гэтыя традыцыі. Сутнасць тут вось у чым: цягам дзясяткаў гадоў мы застаёмся палявой лабараторыяй комплекснага вывучэння энергіі нашай культуры. Гэта, вобразна кажучы, калі пры даследаванні ўраджаю мы разглядаем пад павелічальным шклом не кожны вусік ці кожнае зярнятка паасобку, а адразу ўвесь колас як з’яву, адчуваем яго ўнутранае дыханне. Каласы пад сярпом тваім…

— Што трэба зрабіць, каб музей наведвалі не толькі госці, але і мясцовыя жыхары?

— А яны нас наведваюць. І не толькі школьнікі раёна. Адселеныя калісьці веткаўцы, вяртаюцца і заходзяць да нас сем’ямі. Ладзім шмат праектаў кшталту “Ночы музеяў”. І наша музейная моладзь тут — далёка не на апошнім месцы. Ім лягчэй перадаць равеснікам “унутранае дыханне” нашай культуры. Але залішняй тэатралізаванасці, як мне падаецца, тут рабіць не трэба. Рэканструкцыю вельмі лёгка ператварыць у пародыю.

— Ад настальгіі пазбавіцца немагчыма. Памятаю бабулек, што размаўлялі на ідыш, і сівыя бароды дзядоў-стараабрадцаў на прысожскіх вуліцах. Памятаю, як маё прозвішча і дарослыя, і дзеці трансфармавалі па-стараабрадніцку — у “Рагінаў”. Кожны раз наведваю ў Ветцы той сожскі бераг, дзе калісьці хадзіў паром, працаваў рэстаранчык — а цяпер толькі “выратавалка” засталася. Вось бы паставіць тут на пастаменце якар — бо непадалёк і якарны завод быў, які славіўся і за мяжой. Але хто пра гэта сёння ведае? А старасвецкі парк на Краснай плошчы? Раней таямнічы і непраходны, а сёння — прарэджаны і пусты да такой ступені, што ўпотай там і не пацалуешся. І тут для меня не стае нашых сімвалаў: самавара, знакамітых ліштваў і аканіц, ручнікоў… Скульптурныя кампазіцыі — гэта затратна, але чаму б хаця б білбордамі іх не замяніць? Словам, я пра брэнды і рэкламу. Па прычыне адсутнасці другой, мала хто ведае пра першыя.

— Я пагаджаюся. Сайт у нас ёсць, нават і на ангельскай мове. Ёсць аўдыёгіды, іншыя электронныя музейныя навінкі. А вось вулічнай рэкламы — мала.

— Якар дабыць можна, але толькі ў “чорных ныральшчыкаў” і каштуе ён ад 500 долараў.

— Недастатковае фінансаванне пастараемся кампенсаваць грантамі. Да прыкладу, летась пабывалі за іх кошт у старавераў (менавіта старавераў) Эстоніі. Аказваецца, заснавальнік тамтэйшай паўночнай школы іканапісу — з нашых месцаў. Але гэта зусім іншая гісторыя.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"